Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Гэта што, танк — усё ж браня, — паказваючы нездаровыя зубы і зганяючы з твару наіўную ўсмешку, пачаў Хаміч. — А во як у нас, у партызанах... Вясной сорак чацвёртага, як прарыў быў, ага... Вырваліся, ды на ўсе. Некаторыя не паспелі — захлопнуў ён той калідор. I ўзяў у кальцо. Ды як пачаў па пушчы ганяць, разрыўнымі хрысціць, толькі трэск стаіць. Ну, адстрэльваліся, бегалі, кідаліся сюды-туды, і засталося нас з гулькін нос, два дзесяткі хлопцаў, амаль усе параненыя. Ноччу, як трохі ўціхла, перасядзелі ў балоце, раніцай вылезлі — куды дзявацца? А ён ланцугамі пушчу прачэсвае, усё абстрэльвае, куды не дастане — аганьком! Ну, знайшліся ў нас некаторыя, кажуць: на елку ўзлезці. Елкі густыя, знізу нічарта не відаць, во хлопцы і паўзлазілі, дзягамі да ствалоў папрывязваліся, каб не зваліцца, значыць, — доўга сядзець сабраліся. Я тожа ўзлез высока, прывязаўся, сяджу, гойдаюся на ветры — любата! Але чую: ужо затрашчала, ідзе ланцуг, значыць. I тут чую — аўчаркі! Э не, думаю, ад гэтых не схаваешся. Каменем уніз, яшчэ бок да крыві абадраў, і — дай бог ногі! Бегаў ад тых ланцугоў і так і сяк, зноў ноч на балоце адседзеў, пад выварацінай хаваўся, ля дарогі ў пыльнай канаве паўдня праляжаў, усё ж неяк выкараскаўся. Калі ачапленне знялі. Затым на фронт трапіў, ва Ўсходняй Прусіі адваяваўся. Восенню сорак пятага па першай дэмабілізацыі прыходжу дамоў (я ж з Ушацкага раёна), чую, нехта расказвае: у Селіцкай пушчы шкілеты на елках вісяць. Неяк выпадкам заехаў. Сапраўды, вараннё каркае, кружыць, прыгледзеўся, знаё-
мыя мясціны. А на елках белыя костачкі праз голле блішчаць, рамянямі папрывязваныя, некаторыя з вінтоўкамі нават. Знімалі пасля, хавалі...
— Ну, а як жа ён іх усё ж згледзеў — на елках? — запытаўся Агееў.
— У тым-та і справа, што ён нічарта не згледзеў — аўчаркі! Тая сцерва ўчуе, падбягае да елкі і брэша. Ну, аўтаматчык падыходзіць і — чаргой угару, па голлі. Ну, і крышка! Каторыя адразу забітыя, каторыя параненыя, самі пасля даходзяць. Але ж прывязаны, не ўпадуць. За паўтара года вараннё абгладала...
— Да-а, — сказаў Жалудкоў. — Было дзела! Ды ну яго к д’яблу! Во нахлынула праз Сямёна гэтага. А так я і ўспамінаць не хачу... Харошае надвор’е, рыбалка. Хутка грыбы пачнуцца.
— А па грыбы туды і дагэтуль не ходзяць — усё замініравана. Колькі пасля вайны пападрываліся! — не мог спыніць успаміны Хаміч.
Агееў ціха сядзеў на траве, пакорліва слухаючы то ўсхвалявана-зласлівыя, то ўціхаміраныя і невясёлыя, аднак, размовы ветэранаў, і ўнутры ў яго ўзнімалася трошкі нават зайздроснае пачуццё да іх — яму такой вайны не дасталося. Яму выпала іншая, пра якую і расказаць гэтак вось шчыра, як расказвалі гэтыя людзі, не адразу наважышся. Ён і не расказваў нікому, доўгія гады насіў усё ў сабе. Хіба штоколечы сказаў жонцы пра сваё нядоўгае партызанскае жыццё, у якім для яго было мала цікавага, бо на заданні ён не хадзіў — плавіў на базе тол, рыхтаваў узрыўчатку. Пасля вызвалення ў сорак чацвёртым яго як спецыяліста паслалі ў артзабеспячэнне, дзе ён свету не бачыў за штабелямі мін, снарадаў, патронаў, гранат, пагрузкай і выгрузкай, справаздачамі і ўлікам. А колькі клопату было з транспартам, якога заўжды не ставала. Але гэта звычайныя клопаты, якіх процьма ў кожнага забеспячэнца або гаспадарніка. Хоць бы і на вайне,
— Вы ўжо на пенсіі? — запытаўся Агееў у Хаміча, які тут здаўся яму самым старым, апроч хіба Еўсцігнеева. Хаміч нязгодна смыкнуў рэдкімі брывамі.
— Раблю. Ваабшчэ мог бы ісці, але, ведаеце... Грошы трэба.
— Ён у нас многасямейны, — сказаў Прахарэнка. — Бацька-герой!
— Ну. Пяць дачок, восем унукаў. Мусіш рабіць, памагаць трэба.
— А што, у дачок мужыкоў нама? — запытаўся Агееў.
— Ёсць, чаму! Адна толькі ў разводзе. А так зяці, усё як мае быць. Калі ўлетку наедуць — цэлы ўзвод. Аж гул у хаце стаіць. Ну, і трэба даць кожнай: сальца, кілбас, вясковага масліца — гарадскія цяпер падабаюць. Гародніны таксама. Ну, яблыкаў, грыбкоў, варэння. А затым трэба і паслаць! Адна кааператыўную кватэру будуе, другая машыну купляе. Трэцяя прадаўшчыцай у Мінску рабіла, недастача выйшла, трэба пакрыць, бо ў турму сядзе. Усё трэба.
— Панятна, — задуменна сказаў Агееў, а Жалудкоў растлумачыў проста:
— Паразіты яны ў цябе, Хаміч. I дочкі, і зяці твае.
Цень заклапочанае нязгоды прабег па добразычлівым Хамічовым твары.
— Ну, чаму — паразіты? Цяпер ва ўсіх так. Валакуць з вёскі ў горад. Што толькі можна. Во ў Прахарэнкі адзін сын, а што — ён меней за маіх дачок цягне?
— He меней, — трасянуў сівой галавой Прахарэнка. — Трэцяя жонка, аліменты, што ж застаецца. Прыходзіцца.
— Нам хто калі так дапамагаў?
— Ну, мы — іншая справа, — адразу пазмрачнеў Прахарэнка. — У нас іншае жыццё было. Можна сказаць — не было ніякага. Адна пагібель! Хай цяпер гэтыя жывуць. Пакуль вайны няма.
— Во-во! Пакуль няма вайны, — падхапіў Хаміч. — А то як лясне гэты атамны грыб, дык нічога і не застанецца. Кажуць, што адны мурашы толькі выжывуць. I то яшчэ невядома, навука сумняваецца.
— Ну, лясне, дык лясне, тут ужо нічога ад нас не залежыць, — загаварыў Прахарэнка. — Але я так думаю, пакуль мы таго дачакаемся, палавіна з глузду з’едзе. Хаця б ад гэ-
тага жывадзёрства ў эфіры. I яшчэ ад гарэлкі. Вы чулі, учора Грыбанаў сына з ружжа застрэліў — шафёра з нашай аўтабазы.
— Гэты пенсіянер? Што ў райфо працаваў?
— Той самы. Сын выпіць не даў, без апахмелкі пакінуў, бо сам выпіў. Ну, і той у яго — з ружжа. А затым і сябе з другога ствала.
Яны ўсе змоўклі, уражаныя гэтай навіной, і Агееў хвіліну самотна пазіраў на аўражныя зараснікі. Роў быў развалісты, глыбокі і маляўнічы, як і сорак гадоў назад, а можа, і яшчэ больш, чым тады, — густое, ужо кранутае восеньскай жаўізной голле кашлатых дрэў знерухомела ў вечаровай цішы — кожнае дрэва асобна ад іншых, сярод маладняку і драбналесся; сонца свяціла збоку і ярка высвечвала той, другі схіл рова да абрывістай крутой павароткі; гэты ж, аўражны бок — высокі і стромкі — амаль увесь цямнеўся ў засені. Угары, у дубовым суччы над імі, шорхнуўшы жорсткай, бы бляшанай, лістотай, пырхнула нейкая пташка, піскнула раз-другі і паляцела ў роў. Нядоўга падумаўшы, Прахарэнка сказаў:
— Я так мяркую, не дажывём мы да гэтага грыба, і на тым вялікае дзякуй. Вось лёг у зямлю Сямён, там жа хутка ляжам і мы. Усе гэтыя жахі будуць без нас. Яшчэ нам пазайздросцяць.
— Яно-та так, — журботна ўздыхнуў Хаміч. — Унукаў шкада!
— Гэта праўда, гэта канечне...
Жалудкоў раптам падхапіўся, далоняй абтрос на каленях штаны.
— Ладна! Ну вас з вашымі размовамі. Паслухаеш — ужо цяпер гатоў пазайздросціць Сямёну. Трэба яшчэ выпіць.
Hi з кім не развітаўшыся, ён палез цераз плот у гарод, і Прахарэнка з Хамічом пераглянуліся.
— А, знаеш, праўду кажа, што значыць — кулямётчык! — падміргнуў Хаміч і таксама падняўся. За ім устаў даўганогі Прахарэнка, мякка сказаў Агееву:
— Можа, пойдзем? Шчэ прымем па адной за Сямёнаву памяць.
Агееў развёў рукамі.
— Ды не... знаеце. Я не таго... He ў каня корм.
—	Ну, як хочаце.
—	Дзякуй, — сказаў ён. — I дай бог вам здароўя, добрыя людзі. I трошкі яшчэ пажыць на гэтым свеце. Я тут, ведаеце, па ўзроўку прайдуся. Надвор’е харошае...
—	Ну што ж, яно можна, — пагадзіўся Хаміч.
Пасялкоўцы развіталіся, таропка падаўшы Агееву шырокія рукі з цвёрдымі вузлаватымі пальцамі, і палезлі ў гарод. Агееў праводзіў іх раптам затуманеным паглядам і нетаропка пабрыў па ўзроўку пад суцэльнай сцяной драбналесся, шукаючы якой-небудзь сцежкі. Павінна ж яна недзе быць, гэтая сцежка, якая, думалася яму, яшчэ раз выведзе яго да пустога падворка Бараноўскай — застаронка, гарышча і Марыі — да яго даўняга страшнага мінулага...
Ляжаць было жахліва нязручна — мала, што цвёрда на няроўным каменным доле, дык яшчэ і не было куды выпрастаць ногі, якія ўвесь час упіраліся ў сцяну. Агееў не ведаў, што гэта было — карцэр, які ізалятар ці проста цесны закутак у царкоўным склепе, куды яго прывялі ноччу два маўклівыя канваіры з ліхтарыкам. Тут нікога болей не было чуваць, не далятала ніводнага гуку знадворку, і Агееў падумаў, што ён тут адзін. Спярша ён сядзеў, прыхінуўшыся спіной да сцюдзёных камянёў сцяны, потым устаў, пастаяў, зноў сеў. Пасля ўсяго перажытога за дзень уладарна даймала стома, хацелася легчы, ды ляжаць можна было хіба падкурчыўшы ногі. Але ў такім стане ногі нясцерпна нылі ў каленях, асабліва левая, хворая нага, ён увесь час варочаўся, вырушыў імі, хваравіта шукаючы лепшага месца, якога тут не было. Пакутуючы, ён чакаў, што яго павядуць на догіыт або расправу — усё ж павінен Драздзенка спрабаваць з яго нешта выцягнуць перш, чым яго расстраляюць або павесяць. Але ішоў час, пакутна нылі на камянях яго косці, ад стомы звінела ўвушшу, а па яго ніхто не ішоў. I ён думаў, пакутаваў у неспакойным чаканні, шукаў прычыны свайго правалу, хоць шукаць ён мог, толькі мяркуючы і згадваючы без жаднае пэўнасці.
Галоўнае і самае жахлівае для яго было, аднак, зразумела: Марыя папалася. Яны яе ўзялі, мабыць, з яе ношай. Але
як яны даведаліся пра яго? Выдала Марыя — прагаварылася, назвала? Канечне ж, магчымасцей дамагчыся, чаго ім хацелася, у іх хапала, тым больш ад такога нявопытнага, зялёнага дзяўчаці, напэўна ж, сілы для таго яны не шкадавалі. Але ўсё ж... Усё ж ён не хацеў верыць, што яна так хутка выдасць яго. Яна не магла яго выдаць, бо яна кахала яго, і такі ўдар з яе боку быў бы для яго страшней за правал, горш за пагібель.
Аднак і нічога іншага ён прыдумаць не мог — пра іхнія адносіны не ведала ніводная душа ў мястэчку — ні суседзі, ні паліцыя, ні нават свае. Як паліцыя магла звязаць яе з ім? Ды ўжо праз некалькі гадзін пасля яе арышту?
Напэўна, там, на сядзібе, яны рабілі вобыск — пераварочвалі ўсё дагары нагамі, як сказаў Драздзенка. Для таго, аднак, ім трэба пастарацца нямала — сядзіба вялікая. Але што яны знойдуць? Хіба парожнюю торбу ад толу, ягоныя дакументы... Ды яшчэ пісталет. Пісталет ён, канечне, дарма схаваў так блізка ад застаронка, усё роўна той не спатрэбіўся, а знойдуць — будзе ўліка. Хаця, як ні дзіўна, цяпер ён не надта перажываў за ўлікі, чамусьці ўсё зрабілася яму абыякавым, ён адчуваў, што галоўнае і самае страшнае ўжо адбылося і нічога паправіць нельга. Цяпер толькі б не дужа білі, толькі б хапіла сілы і волі па-людску скончыць жыццё.