Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Яйкі! — усхапіўся Жалудкоў і нават прыўстаў на каленях. — Вось бы цябе ў стралковы ланцуг. Ды пад кулямётны агонь! Ты ведаеш, што такое кулямётны агонь? Ты не ведаеш...
— Навошта мне ведаць? Ты ж усё ведаеш...
— Я-та ведаю. Я ж камандзір кулямётнай роты. Кулямётны агонь — гэта агняны тайфун! Гэта канец свету! Во што такое кулямётны агонь! — выпаліў Жалудкоў і павёў над галовамі слухачоў нейкім дзіўнаватым, амаль адсутным позіркам.
Нязгодна паёрзаўшы на сваім месцы, Еўсцігнееў сказаў:
— Ну, дапусцім, ёсць рэчы, страшнейшыя за твой кульагонь.
— Няма нічога страшней. Я заяўляю!
— Ёсць.
— Напрыклад?
— Напрыклад, бамбёжка.
Жалудкоў амаль па-дзіцячы свіснуў.
— Я думаў, ты скажаш — начальства! Для штабнікоў, мабыць, самы вялікі страх на вайне — начальства.
— He! — рашуча махнуў рукой Еўсцігнееў. — Калі афіцэр дысцыплінаваны і дбае пра сваю службу, яму няма чаго баяцца начальства. А во бамбёжка — сапраўды...
Утаропіўшы позірк у Еўсцігнеева, Жалудкоў зноў прыўстаў на каленях.
— А што, апроч бамбёжкі, ты бачыў там, у сваіх штабах? Артылерыя да вас не даставала, мінамёты таксама. Снайперы вас не турбавалі. Шасціствольныя не дакідвалі. Адно што — бамбёжка.
— Ты гэтак кажаш, нібы сам вайну выйграў, — знарок расцягваючы словы, загаварыў Скараход. — Падумаеш, герой!
— А я i герой! — з прастадушным здзіўленнем сказаў Жалудкоў. — Я ж пехацінец. А вы ўсе — і ты, і ты, і вунь ён, вы ж усе толькі забяспечвалі. I скажу вам — кепска забяспечылі...
— Гэта чаму кепска? — настырчыўся Еўсцігнееў.
— Ды таму, што я шэсць разоў паранены! Вы дапусцілі. He падавілі, не забяспечылі. А павінны былі забяспечыць. Як у статутах запісана.
Стаяць на каленях яму было, мусіць, нязручна, і ён сеў бокам, падкурчыў кароценькія ногі. Прыкметны цень нязгоды прабег па і без таго маларадасных тварах ветэранаў, і першы на яго адрэагаваў, як і трэба было чакаць, Еўсцігнееў:
— Таварыш Жалудкоў, у арміі кожнаму палагаецца выконваць ускладзеныя на яго абавязкі. Я выконваў свае. Таварыш Скараход свае. I выконвалі нядрэнна. Інакш бы не атрымалі баявыя награды.
— Гэта яму так здаецца, што дасталося болей за ўсіх, — яўна пакрыўджана гаварыў Скараход. — Я хоць не ранены, затое я ў дзеючай арміі прабыў ад званка да званка. Іншы раз наматаешся да знямогі і думаеш: хаця б параніла ці кантузіла, каб паваляцца з тыдзень у санчасці. Дзе там! Працаваць трэба. Трэба рыхтаваць матэрыял, пісаць, правіць. Ды і па матэрыял часцяком трэба было самому ехаць. У акопы, на перадок, у баявыя парадкі. На розныя аэрадромы. А дарогі!.. He, знаеш, Жалудкоў, калі шэсць раненняў, дык гэта колькі ж месяцаў ты ад перадавой сачкануў?
— А я табе зараз скажу, колькі. Два цяжкія раненні па тры месяцы і чатыры лёгкія па паўтара-два месяцы. Ітаго прыкладна чатырнаццаць месяцаў.
— О, бачылі! — нечакана ўзрадаваўся Скараход. — Чатырнаццаць месяцаў у тыле, калі на фронце кровапралітныя баі! Мне б палову твайго хапіла за ўсю вайну. Ужо выспаўся б!..
— Во, во, — без ранейшага, аднак, запалу сказаў Жалудкоў. — Ды табе б трох месяцаў маіх хапіла. Тых, што я ў гнойным аддзяленні праваляўся. Калі лёгкія выгнівалі ад асколачнага ранення, павесіцца на спінцы койкі хацеў.
Бландзін з абгарэлым тварам, які дагэтуль моўчкі сядзеў
ля Агеева, працягнуў руку да паваленай у траве шклянкі і сказаў з папрокам:
— Ды хопіць вам! Знайшлі з-за чаго сварыцца. Давайце яшчэ нальём. Хаміч, чаго спіш?
— Я заўжды, калі ласка, — страпянуўся Хаміч.
— He адны мы ваявалі. Во і таварыш, напэўна, тожа. Прабачце, не ведаю вашага імя па бацьку, — ветліва сказаў сусед Агееву, і левая шчака яго скасабочана нацягнулася скурай.
— Ды проста — Агееў.
— Былі на фронце ці ў партызанах?
— I на фронце, і ў партызанах, — сказаў Агееў. — Усюды патроху.
— На гэтай вайне і патроху можна было добра ўхапіць. Я вунь за паўгода чатыры танкі змяніў. Пасля чацвёртага ўжо не паспеў: вайна скончылася.
— Гарэлі?
— I гарэў, і падрываўся. Усё было.
— Камандзірам ці механікам? — пацікавіўся Агееў.
— Ён у нас па мехчасці, — сказаў Жалудкоў. — I цяпер шафёрыць у Сельгастэхніцы.
— Значыць, пайшла на карысць франтавая вывучка, — сказаў Агееў.
Жалудкоў падхапіў:
— I Скараходу вунь таксама прыгадзілася. Ды яшчэ як! Да рэдактара газеты дайшоў. I цяпер яшчэ няштатны ў абласной нашай.
— А табе зайздросна? — зыркнуў на яго Скараход.
— А мне што! Мая спецыяльнасць пасля вайны кату пад хвост. Я — куды пашлюць. Дзе толькі не быў...
— А цяпер дзе? — запытаўся Агееў.
— Цяпер бандарным цэхам камандую. У прамкамбінаце. У мяне ж і Сямёнаў рабіў. Да апошняга свайго дня. За станком і сканаў — клёпкі спушчаў.
— Знаю, — сказаў Агееў. — Тожа чалавек нялёгкага лёсу. Трохі расказваў.
— Мабыць, не ўсё расказваў. А як восем гадоў белых мядзведзяў пасвіў, не расказваў?
— Гэтага не.
— Гэтага ўжо не раскажа... Панёс з сабой.
— Кожны чалавек нешта ўносіць з сабой, — глыбакадумна зазначыў Скараход. — Чалавек — гэта цэлы свет, пісаў Хемінгуэй.
— Можа, і добра, што ўносіць, — буркнуў Жалудкоў.
Побач незадаволена заварушыўся Еўсцігнееў.
— He, я не згодны. Няма чаго ўнасіць. Калі ты чалавек чэсны, прыйдзі і раскажы. Калектыў зразумее. I паможа.
— А што, калі на душы такое, што не зразумее? I не паможа? — упарціўся Жалудкоў.
— Тады пракурор зразумее, — заўсміхаўся Хаміч. — Гэты самы панятлівы.
Еўсцігнееў надзьмуўся і раздражнёна загаманіў:
— Ты не скалься, Хаміч! Я дзела кажу, а ты свае жарцікі. Харошы калектыў заўжды зразумее. Нават калі ў чым і памыліўся. I паможа выправіцца.
— Вунь як Сямёну, — ціха кінуў Хаміч.
— А што — Сямёну? Сямён і не думаў спраўляцца. Ён знаў сваю соску сасаць.
— Во таму і сасаў, — сказаў Жалудкоў, — што ніхто не памог, калі трэба было. Ён жа ў цябе рэкамендацыю прасіў? Прасіў. Ты яму даў?
Еўсцігнееў, здавалася, шчыра здзівіўся.
— Як я мог яму даць? Ён з забягалаўкі не вылазіў, скандаліў з жонкай. На грамадскасць не рэагаваў, а яму — рэкамендацыю?
— Э, гэта пасля ўжо — забягалаўка і ўсё іншае, — сказаў Жалудкоў. — А тады ж ён яшчэ і не піў. Тады ён хату стаўляў, во гэтую самую. I ты не даў таму, што ў яго там, у дзеле, нешта значылася. 3 вайны.
— Ну, хоць бы і так. Хоць бы і значылася. Тым болей я не мог даць.
— Надта пільны!
— А як жа! Як жа інакш? Гэта мой абавязак.
— Аднак жа Шаравараву даў. Малады, актыўны. Пад судом і следствам не быў, на акупіраванай тэрыторыі не пражываў. He п’е, не курыць. Ліха камандуе райзагам. А што ён
ужо тады спекуляцыяй займаўся — пра гэта ж у дзеле не напісана. Во ты і даў. А праз год яго выключылі і судзілі. I што ты? Счырванеўся?
— Ведаеце, таварыш Жалудкоў, вам болей піць сёння нельга. Я забараняю, — падумаўшы, холадна сказаў Еўсцігнееў і рашуча згроб бутэльку з рэштай гарэлкі. — Хопіць! Вы шальмуеце старшага афіцэра. Усё ж я падпалкоўнік, a вы — капітан.
— Ужо зняты з уліку, — нечакана ўсміхнуўся Жалудкоў. — Так што спазніўся.
— 3 чым спазніўся?
— 3 павучаннем!
— Во дае! — шчыра рагатнуў Хаміч. — Во дае!
— Нічога падобнага! Гэта ўжо п’янка. Вы забыліся, нашто сышліся.
Сказаўшы тое, Еўсцігнееў з натугай падняўся на ногі і з бутэлькай у руках патупаў да плота.
— Пакінь хоць бутэльку, будзь чалавек! — крыкнуў Жалудкоў, але Еўсцігнееў не азірнуўся нават. Трохі пасядзеўшы, моўчкі ўскочыў і Скараход, пабег за падпалкоўнікам. Жалудкоў паморшчыўся і перасеў на яго, мабыць, болей зручнае месца.
— Ну, і чорт з імі! Пакурым на прыродзе. Прахарэнка, дай цыгарэту, — сказаў ён амаль спакойна.
Яны закурылі ўтрох, памаўчалі. Хаваючы ў кішэню цыгарэты, Прахарэнка памяркоўна заўважыў:
— He трэба было яго чапаць. Даваў, не даваў, каму даваў — якое нам дзела.
— Яму ж да ўсяго ёсць дзела. Надта актыўны.
— Ды ён няшкодны, — уставіў дабрадушна Хаміч. — Шабуршыць, ды ўсё без толку. Цяпер сядуць са Скараходам у шахмацікі.
— Ды ну іх, гэтых шчалкапёраў, — зноў нервова загаманіў Жалудкоў. — He паважаю такіх! I на вайне не паважаў. За што іх паважаць? Бывала, калі якая аперацыя намячаецца, тэрміны ж заўсёды малыя, дык гэтыя штабы ўвесь час на сябе і сцягнуць. Месяц з паперамі возяцца, графікі малююць, перарабляюць, утрасаюць і ўзгадняюць. Пасля ніжэй
спускаюць, зноў чэрцяць і малююць, дакладваюць і ўзгадняюць. А прыйдзе нарэшце такі план да таго, каму яго крывёю выконваць — у полк, батальён, — тэрмін і скончыўся. Камбату няма калі на мясцовасць зірнуць, дзе наступаць будзе, — да атакі гадзіна засталася. Ну, гэта правільна?
— Паперы, яны і на вайне — немалаважнае дзела, — задумліва сказаў Прахарэнка.
Яны, аднак, супакойваліся. Жалудкоў ужо не зыркаў вакол напружаным паглядам. Прахарэнка быў наогул спакойны, а на старэчым, у зморшчынах твары Хаміча раз за разам з’яўлялася амаль дураслівая дзіцячая ўсмешка.
— I гэты Скараход, ужо два гады на пенсіі, а глядзі ты, гонару колькі! У паветранай арміі ваяваў! — успомніў Жалудкоў.
Прахарэнка сказаў:
— Цяпер што! А во паглядзеў бы ты на яго, як ён дэмабілізаваўся ў пяцьдзесят пятым! Блакітны кант, фуражка з крабам над казырком, усё лётчыкам называўся. Аўтарытэт быў, ого! На ўсё мястэчка адзін лётчык. Уладкаваўся ў абласную газету сабкорам. Усё пра дасягненні пісаў. I загалоўкі якія: «На фронце ўборачнай страды», «Бітва за ўраджай», «Атака на безгаспадарчасць»... Ці бачыў ён хоць раз за вайну атаку...
— Ладна, ну іх! — махнуў рукою Хаміч.
Але цяпер, хоць і спазнела, мабыць, захацелася выказацца і Прахарэнку.
— На фронце пад Сандамірам адзін такі прыехаў у брыгаду. Далі яму ў штабе спісы перадавікоў, і ён кажа: «Хачу сам у танку паехаць». У атаку, значыць. Ну, камбат кажа: «Прахарэнка, возьмеш карэспандэнта». А ў нас быў некамплект, радыста параніла. Праўда, і рацыя не працавала, толькі кулямёт. Так што вольнае месца. Надзеў ён шлем, усеўся, паехалі. Немцы як пачалі балванкамі лупіць, толькі акаліна ад сцен ляціць, пасажыр наш сцяўся, разгубіўся, бадай што «мамачка» закрычыць. А пасля нас падбілі на мінным полі, каля першай траншэі. Добра, не загарэліся, але маторную групу раскурочыла здорава. I гэты друг першы — у ніжні люк. Лейтэнант Агурцоў крычыць: «Стой,
сядзі!» Бо куды ж лезці, з траншэі адразу падстрэляць. A так, можа, яшчэ што-небудзь і выседзім... Яшчэ па нас некалькі разоў балванкамі ўрэзалі, праламалі браню, здорава башнёра ранілі. Башнёр крывёю сплывае, а мы сядзім. Таму што няма куды лезці — верная смерць пад такім агнём, ды і гэтага друга ледзь стрымліваем. Башнёр надвячоркам памёр. Дасядзелі да ночы, па адным выбраліся, з горам напалам дапаўзлі да сваіх, і пасажыр наш наўпрасткі ў санбат — нервовае патрасенне. А мяне ранічкай у другую «трыццацьчацвёрку» перасадзілі, зноў рычагі ў рукі і — упярод, за Радзіму.