Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Драздзенка зноў закурыў сваю цыгарэту, плюхнуўся ў крэсла за сталом.
— Ты ўлічы, у мяне няшмат часу. У нас наогул мала часу. Пакуль у гэтую справу не ўмяшалася СД, мы яшчэ можам штось згладзіць. Але пры ўмове поўнага прызнання з вашага боку. А калі ўмяшаецца СД, дык ваша песня цю-цю! Будзе скончана. Тады вас ніхто не ўратуе.
«Панятна, — падумаў Агееў. — Закідвае кручок з надзеяй».
He, мабыць, спадзявацца ўжо не было на што, з гэтай кніжкай яны яго злавілі грунтоўна. Тут ён спудлаваў грандыёзна і, здаецца, заплоціць за тое жыццём. Але і Марыя таксама. Хоць бы ўдалося як-небудзь працягнуць час...
— Такая справа... Ці нельга сесці? У мяне ж нага...
— Сядай. Вунь бяры стул і сядай.
Агееў прысеў на адно з двух крэслаў, што стаялі ля шафы збоч ад стала начальніка.
— Тут такая справа, — напружана згадваючы, пачаў ён. — У мяне аднаго разу начаваў чалавек. Я ж жыў у застаронку, мабыць жа, вы бачылі — на тапчане. А ён палез на гарышча. Сказаў, што знаёмы гаспадыні...
— Так, так... Ну? — прыспешыў яго Драздзенка. — Які чалавек? Як прозвішча?
— He назваўся. Сказаў, што з вёскі.
— 3 якой вёскі?
— He сказаў. Я не пытаўся.
— He пытаўся, а пусціў! Ды ты ведаеш, што ёсць загад палявога каменданта? За прадстаўленне начлегу без ведама ўлады — расстрэл!
— He ведаю. Я ж нідзе не бываю. Загадаў не чытаў.
— Ну, а далей?
— Ну што далей... Ён раніцай пайшоў. Можа, ён і браў кнігу.
— Лжэш! — выцяў кулаком па стале Драздзенка. — Лжэш! — крыкнуў ён і ўскочыў з крэсла. — Дарослы мужчына, ся-
рэдні камандзір, а выкручваешся, бы подлая сука! Сумлення ў цябе няма! Простай салдацкай мужнасці. Трусіш, як пёс! Ты ж звязаны з лесам, прымаў адтуль агентуру. Адтуль і тол. Для дыверсій на станцыі!
Агееў спакойна выслухаў усё тое і ўсміхнуўся. Гэты нягоднік папракае яго ў несумленнасці. Гэта ж трэба! Агееў нават здзівіўся. Ён пачаў быў ужо спакайнець і адчуў, што, не зважаючы на паказную злосць, усё ж у Драздзенкі не было грунтоўнай упэўненасці ў яго крыклівых словах, усё ж у ягонай душы, здаецца, стаілася сумненне. Для пачатку гэта было нядрэнна, і ён сказаў, усміхнуўшыся:
— Канечне, ты можаш думаць як хочаш. Як табе прасцей. Але наўрад ці так будзе лепш для справы.
Драздзенка, падобна было, здзівіўся.
— Для якой справы?
— Для вашай жа справы. У мяне якая справа? Я — шавец.
Драздзенка ўсеўся за стол, вялікай пяцярнёй нервова ўскудлаціў цёмныя валасы на галаве.
— Скажы, дзе ты з ёй знюхаўся?
— 3 кім?
— 3 Марыяй.
— Нічога я з ёй не знюхаўся. Я нават не ведаю, што яе клічуць Марыя.
— А сумка? — зноў утаропіўся ў яго Драздзенка.
— He ведаю я гэтай сумкі. Першы раз бачу.
— Тэ, тэ, тэ! — перадражніў начальнік паліцыі. — Во на гэтай сумачцы яна і пагарэла. I ты разам з ёй тожа. Адкруціцца вам не ўдасца.
— Што ж, — уздыхнуў Агееў. — Калі вы так рашылі...
Драздзенка з цыгарэтай у роце перабраў нейкія паперы на стале, знайшоў спісаны аркуш.
— Апішы знешнасць таго, хто начаваў.
«Ага! — радасна падумаў Агееў. — Усё ж клюнуў! He мог не клюнуць...» I, напружваючы ўяўленне, ён пачаў апісваць:
— Значыць, так. Быў вечар, марасіў дожджык. Ён і пастукаў. Я адчыніў. Сказаў: ад Бараноўскай.
— Так і сказаў: ад Бараноўскай? — недаверліва, праз дым пакасіўся на яго Драздзенка.
— Так і сказаў. Я яшчэ запытаўся: як яна? Ён кажа: у парадку.
— А дзе — у парадку?
— Таго не сказаў.
— Якога прыкладна ўзросту?
— Ну, так, сярэдняга, — разважна гаварыў Агееў, раптам сцяміўшы, што, магчыма, яны пачнуць дабівацца ад Марыі звестак пра дзядзьку, што даў ёй кашолку з «мылам». Вось калі б яе паказанні супалі з ягонымі... Мабыць, для таго трэба апісваць начлежніка як мага няпэўна. — Ведаеш, было цёмна. Але, здаецца, сярэдняга.
— У што апрануты?
— Апрануты быў у нейкую куртку, можа, паддзёўку, ці, не выключана, — у плашч...
— Дык у плашч або куртку? — не стрываў Драздзенка. Той ужо ўзяўся запісваць яго паказанні і, мабыць, не ведаў, што запісаць.
— Чорт яго, цяжка было згледзець. Калі б ведаць...
— А абуты як?
— Абуты наўродзе ў боты. Ці, можа, у гамашы...
— He ў лапці?
— Можа, і ў лапці... Хаця не, не ў лапці.
— Дык у боты, гамашы ці ў лапці? Што запісаць?
— Наўродзе ў бацінкі. Было кепска відаць.
Драздзенка шпурлянуў аловак на стол.
— Гаўно ты, а не сведка! Нічарта запомніць не мог. Ці сказаць не хочаш, выкручваешся?
— Я не выкручваюся.
— Ну, а гаварыў ён як? Па-руску па-беларуску?
— Мешана, — падумаўшы, сказаў Агееў. — Слова так, слова гэтак.
— Май на ўвазе, — строга папярэдзіў Драздзенка. — Дапусцім, ты некага выгарадзіш, выручыш ад пятлі. Але тым самым паставіш пад пятлю іншага. Можа, невінаватага. Ты думаў пра тое, даючы свае паказанні?
— Я нікога не выгароджваю. Мне няма каго выгароджваць, — сказаў Агееў і змоўк.
Тут, мабыць, Драздзенка гаварыў праўду: такая небяспе-
ка была. Сам таго не жадаючы, ён мог кагось і загубіць. Але як тады яму вывесці з-пад пятлі тую, на якой гэтая пятля павісла так блізка? Вось жа свалачная сітуацыя, думаў Агееў: не загубіўшы аднаго, не ўратуеш другога.
— Вось што! — памаўчаўшы, сказаў Драздзенка. — Мы будзем капаць. Але ты дужа не радуйся — на табе пятля! Толькі яшчэ не зашморгнутая. Яшчэ з яе можна выслізнуць, калі ва ўсім чэсна прызнацца. I ўсіх выдаць. Усіх вашых супольнікаў. Якіх ты пакрываеш. I якія цябе пакрываць не будуць, можаш быць упэўнены. Яны не дурні. Асабліва там, у СД. Там пераламаюць косці, і ўсё адкрыецца. Як на далоні. А пасля ўсіх — у яму.
— Што ж, дзякуй і за тое, — паныла ўздыхнуў Агееў. — Толькі я ні пры чым. Ды і Марыя тожа.
— Думаеш, і Марыя тожа?
— Канечне, ні пры чым! Абдурылі на базары, а яна што — дзяўчо!
— Дзяўчо?
— Дзяўчо, канечне! — сказаў ён і зірнуў у вочы Драздзенкі, якія раптам узгарэліся нядобрым агнём. Начальнік паліцыі жвава ўскочыў з крэсла.
— Ага! Во! Во! Во гэтага я і чакаў! Калі ты пачнеш яе выгароджваць. Значыць, яна з табой! I ты яе выдаў. I сябе таксама!
— Ды я нічога, — зразумеўшы, што дапусціў промах, з робленым спакоем сказаў Агееў. — Што мне Марыя...
— He, не што! Ты з ёй быў звязаны. Ты спаў з ёй! Дзе, скажы, яна месяц хавалася? — на ўсё горла крычаў перад ім Драздзенка, і Агееў чакаў: ударыць. Але не ўдарыў. Агееў сутаргава праглынуў сліну.
— Дарма разараешся, начальнік, — аднак цвёрда заўважыў ён. — He там капаеш.
— Я ведаю, дзе капаць! Цяпер мне шмат што адкрылася. Астатняе сам скажаш. Мы з цябе выцягнем. Чарамісін! — закрычаў ён на ўвесь кабінет. — На качэлі!
Гэтыя яго словы пра качэлі Агееў успамінаў пасля доўга, некалькі дзён лежачы на баку ў сваім цёмным закутку і адхаркваючы згусцелае ашмоцце крыві. Здаецца, яны яго
добра знявечылі ў школьным склепе, выбілі два верхнія зубы, падобна, адбілі печань — так тупа і моцна балела ў баку. Але дзе цяпер не балела? Усё яго цела было цяпер суцэльным увасабленнем болю, ён не мог без болю нават крануцца, уздыхнуць хоць бы на палову лёгкіх і дыхаў толькі ледзьледзь, аднымі іх верхавінамі. Твар яго быў разбіты ў кроў, левае вока заплыло пухлінай, і ён нічога не бачыў ім, з раны, якая адкрылася на назе, чутна было, плыла ў штаніну кроў. Вельмі балела ў другім баку, дзе селязёнка і куды яго дужа ўдарыў мардаты паліцай з пудовымі кулакамі. Лётаючы тады ў склепе на падвешаным да столі рамяні, ледзьве чапляючы за бетонны дол наскамі ботаў, Агееў хутка зразумеў, што самых балючых удараў трэба чакаць менавіта ад таго паліцая ў суконным саматканым фрэнчы з шырокімі накладнымі кішанямі. Пасля кожнага яго ўдару Агееў ляцеў далёка ў бок, дзе, стоячы ў цяні пад высокім акенцам, яго сустракаў наступны. Рукі Агеева былі звязаны ззаду, падвесіўшы да столі, паліцаі пусцілі яго, бы маятнік ці качэлі, з той толькі розніцай, што маятнік ці качэлі мелі нейкі парадак, рытм руху — яго ж кідалі, як валейбольны мяч — ад аднаго да другога. Паліцаяў там было ўсяго чацвёра — дбайных добраахвотнікаў з тых, што, чакаючы нейкае справы, сноўдалі ў калідоры, і іхні начальнік Драздзенка строгімі выкрыкамі кіраваў гэтай расправай:
— Так, Равуноў, сільней! Сільней бей, чаго далікатнічаеш, як з дзеўкай! Во, правільна! Прымай, Смутчык!.. Так! Ану, Пахом, развярніся!.. Ну, ты — так сцяну праламаеш!
Гэты мардаты Пахом магутным баксёрскім ударам пасылаў Агеева далёка наперад, і ён, бы рыбіна, хапаючы ротам паветра, выкручваўся на рамяні, з усяе сілы імкнучыся ўхіліцца ад удараў у жывот і паміж нагамі. У наступным куце яго сустракаў Сутчык, субтыльны хлапчук, на выгляд яшчэ падлетак, той болей стараўся, аднак, выцяць у твар; два ці тры ўдары яго не зрабілі Агееву вялікае шкоды, затое наступны трапіў у вока, і тое адразу пачало заплываць балючай пухлінай. Перастаўшы ім бачыць, Агееў абвіслым мяхом зігзагамі лётаў па склепе і прагнуў толькі аднаго — каб усё хутчэй скончылася.
— Стоп! — раптам уладарна скамандаваў Драздзенка, і ён, абвяўшы, павіснуў на рамяні. — Маўчыш? Ці што-небудзь скажаш?
Паліцаі з увагаю замерлі на сваіх месцах, Драздзенка, гучна працокаўшы па бетоне калісь падбітымі ім касячкамі, падышоў да Агеева.
— Ну?
Рукі ў Агеева былі заламаны назад, сілы засталося няшмат, але ён сабраў у роце перамешаную з крывёю сліну і плюнуў у твар начальніка паліцыі. Тут жа, аднак, зразумеў, што няўдала, Драздзенка вёрстка адхінуўся, а ён у той жа момант загойдаўся на рамяні ад дужага ўдару ў сківіцу. 3 рота хлынула кроў, і ён праз разбітыя вусны выпхнуў языком калючыя абломкі зубоў.
Дайсці да царквы ён ужо не меў сілы, і два паліцаі пацягнулі яго пад пахі. Свядомасць яго нібы растваралася ў туманным мроіве, і ён запомніў толькі свежы вецер на плошчы і трывожны варанячы вэрхал на дрэвах каля царквы. Ватоўку з яго садралі ў склепе, тонкая сацінавая кашуля была ўся падрана, правы рукаў адарваны зусім, усім сваім скрываўленым целам ён востра адчуваў сцюжу, яго біла дрыжака. Больш-менш выразна ён стаў адчуваць, як яго валаклі ў царкву і ён слізгаў па каменных прыступках, але паліцаі не далі яму ўпасці і хутка піхнулі кудысь у цёмны, здаецца, пусты закутак. Па крайняй меры, ён тут вольна выпрастаўся і, здаецца, страціў прытомнасць.
Апрытомнеў ці не ад жудаснай пякельнай смагі, усё ў ім смылела ўнутры, паліла адбітыя вантробы, але вакол панавала цішыня, мабыць, ён быў тут адзін. Ён застагнаў, слаба паварушыў рукой, наткнуўся пальцамі на штось ліпкае — кроў, можа, ці што? Тонкая саламяная падсцілка, здавалася, уся набрыняла гэтаю ліпкасцю — сырызнаю ці крывёй, ён перавярнуўся на бок і спрабаваў падняцца на локці. 3 грудзей вырваўся прыглушаны хрып.