Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Яшчэ яго турбаваў лёс Малаковіча, ці не праваліўся і ён на гэтай перадачы, калі, не дай бог, Марыю схапілі на станцыі, ля качагаркі. Тады маглі ўзяць абаіх. Можа, і яго зачапілі праз Малаковіча, усё ж пранюхаць аб іхняй сувязі было няцяжка. Маглі і здагадацца. Але дзе Малаковіч? Яшчэ на волі ці таксама сядзіць? Ці, можа, забілі? Усё ж у яго быў пісталет, і калі не пры сабе, дык, мабыць, бліжэй, чым у Агеева. А рашучасці ў гэтага лейтэнанта хапала, Агееў гэта ведаў даўно.
Неяк, аднак, неўпрыкмет для сябе задрамаў на падлозе — знерухомеў у скурчанай, нязручнай паставе і тут жа прахапіўся, пачуўшы невыразны рух за дзвярыма. He было сумнення — ішлі да яго, і ён сеў, асільваючы сутаргавы боль у нагах, з натугай расплюшчыў вочы. У камеры ўжо стала
відней, аднекуль праз маленькае акенца пад столлю цадзілася цьмянае святло першага ранку. Дзверы расчыніліся, але ён усё сядзеў, яшчэ не разумеючы, што трэба рабіць.
— Ну!
Гэта прагучала спакойна і ў той жа час са стрыманай злой пагрозай, якая дала Агееву зразумець, што трэба ўставаць і ісці. Праз цёмны падземны праход яны выйшлі да замшэлых каменных прыступак, і ён аслабела і паволі стаў паднімацца са склепа.
Тут ужо было відна, мабыць, толькі што настаў ранак. У сцюдзёным небе хутка мчалася шызае клочча аблокаў, дзьмуў моцны вецер — дробна трымцела паверхня дзвюх лужын ля сцежкі. Воддаль, за чорнымі надмагільнымі крыжамі, высілася некалькі магутных клёнаў з парадзелай рудой лістотай; такой жа лістотай была абсыпана дробная зялёная траўка ў куце мураванай агароджы царквы. Хістаючыся ад слабасці, Агееў пратупаў крайком лужын да вузенькіх веснічак пад цаглянай стральчатай аркай. Праседзеў ноч у царкве, не без іроніі падумаў ён, і не памаліўся... Усё ж шкада, не ўмеў, не навучылі. А можа, было б дарэчы ў ягоным становішчы...
За варотцамі адкрывалася шырокая, уся ў дробных лужынах і гразі, мабыць, кірмашовая плошча з плямамі конскіх круглякоў і рэштаю натрэсенага пасля кірмашу сена. Насупраць ля тэлеграфнага слупа з падпорынай стаяла фурманка, у якой нерухома сядзела старая цётка, а побач, мабыць, месцячыся, каб зручней сесці, корпалася цёпла і тоўста апранутая чырванашчокая маладуха; яна ўбачыла іх у варотцах і пужліва знерухомела, разявіўшы рот. Агееў азірнуўся на канваіра — то быў, здаецца, той самы рупны, ціхманы паліцай, што прывёў яго сюды ноччу, — танклявы малады хлапец са смуглявым усходнім тварам і вусікамі, апрануты ў паношаны чарвонаармейскі шынель са слядамі ад пятліц на каўняры, ён неяк загадкава — з затоеным страхам або трывогай — зірнуў на Агеева, і той ціха спытаў:
— Куды цяпер?
— Прама, — кіўнуў канваір, для пэўнасці ткнуўшы перад сабой ствалом рускай вінтоўкі.
Прама — значыць цераз плошчу і невялічкі сквер з маладых, амаль ужо голых тапалькоў да прысадзістай драўлянай будыніны — якой установы ці раённай бальніцы. Цяпер там, канечне, ужо не бальніца...
Сапраўды, гэта была не бальніца, да вайны тут хутчэй за ўсё размяшчалася школа, а цяпер, мяркуючы па мностве мужчын са зброяй, сталявалася паліцыя. На Агеева тут не звярнулі вялікай увагі, хаця ўсе, хто сустракаўся яму на двары ці з цыгаркаю ў зубах бавіў час у калідоры, з нядобрым халадком у вачах праводзілі яго, пакуль ён ішоў наперадзе канваіра, за рог калідора, дзе было цішэй і жаўцелі асобныя дзверы ў сцяне. Перш чым увайсці ў іх, канваір нямоцна пастукаў.
— Можна, начальнік?
— Давай сюды, Чарамісін, — пачулася з пакоя, калі дзверы адчыніліся. — А сам пачакай там...
Агееў ступіў у пакой і спыніўся. Мяркуючы па ўсім, тут быў кабінет дырэктара, мабыць, выкладчыка геаграфіі — з зашклёнай шафай у куце, глобусам на ёй. У прасценку паміж двума вокнамі вісела вялізная карта Эўропы, на фоне якой, грозна настырчыўшыся, стаяў начальнік паліцыі Драздзенка. Ён курыў і, як увайшоў Агееў, нервова пажаваўшы цыгарэту ў зубах, кінуў яе на падлогу.
— Ну, давай дамовімся. Будзем гуляць у жмуркі ці адразу папраўдзе? Падумай, што для цябе выгадней?
— Мне няма чаго думаць, — знарок пакрыўджана сказаў Агееў. Усё ж яму не было вядома, што яны дазналіся пра яго, у чым падазраюць.
— Ах, няма чаго думаць? — злосна здзівіўся Драздзенка. — Вельмі нават дарма. Я б на тваім месцы моцна задумаўся. Ёсць над чым.
Ён узяўся за спінку крэсла, але перш чым падсунуць яго і сесці, са сначэннем паглядзеў на канец вялікага стала, дзе сярод папак і розных папер ляжалі нейкія рэчы. Зірнуўшы туды, Агееў адразу сцяміў, што ноччу яны, мабыць, папрацавалі няблага, добра перавярнулі сядзібу Бараноўскай. На стале ляжала акуратна, па-вайсковаму складзеная яго гімнасцёрка з трыма кубікамі ў чырвоных пятліцах, зверху на ёй — шы-
рокі рамень, дакументы, паперы, камандзірскае пасведчанне і кандыдацкая картка, нейкая кніга без вокладкі. Пісталета, аднак, там не было. Драздзенка кіўнуў галавой.
— Ну, пазнаеш? Твае рэчы?
Агееў спакойна цепнуў плячмі.
— Гімнасцёрка мая. Дакументы, напэўна, таксама.
Драздзенка пасунуў з-пад стала крэсла і дэманстратыўна прыпадняў з яго злашчасную кашолку з чырвонымі ручкамі.
— А сумачка во гэтая?
Агееў амаль шчыра здзівіўся:
— 3 якой нагоды? Упершыню бачу.
— Значыць, не прызнаеш?
— He прызнаю, — сцята сказаў Агееў.
— Добра, добра. Прызнаеш! — лёгка паабяцаў Драздзенка і, схапіўшы сумку, выдраў з яе каляную чорную вокладку, якую Агееў учора паклаў на дно. — А вот гэтую абложку?
Цераз стол ён кінуў яму складзеныя кардонкі вокладкі, Агееў, пра нешта ўжо здагадваючыся, пакруціў іх у руках, разгарнуў, склаў зноў.
-He!
— Сукін ты сын! — злосна аб’явіў Драздзенка. — Можа, ты і гэтую кнігу тады не прызнаеш? Вось гэтую! 3 ададраным пераплётам! Во!
Дрыготкімі ад злосці рукамі ён торкаў яму цераз стол трэці том Дзікенса, і Агееў зразумеў, што прапаў. Яны параўналі гэтую вокладку з кніжкамі на гарышчы, і, хоць на вокладцы не значылася ніякае назвы, падабраць да яе кнігу, мабыць, было няцяжка. Трэба было яе ўчора спаліць ці кінуць куды далей з падворка. Але во не дадумаўся. А цяпер...
— Дык што? Будзеш і далей адмаўляцца ці пачнём дзелавы разгавор?
Ён прамаўчаў, і Драздзенка, счакаўшы, уклаў кнігу ў вокладку, кінуў да кучы на гімнасцёрку.
— Чаго вы ад мяне хочаце? — нервова запытаўся Агееў. Здаецца, з кнігай адмаўляцца было бескарысна, але і не прызнавацца ж яму ва ўсім.
— Узрыўчатку Марыі ты даў? — запытаўся Драздзенка і ва ўпор пранізаў яго цяжкім злым позіркам.
— Якую ўзрыўчатку? Якой Марыі?
— Ах, ты не ведаеш, якой Марыі?! Чарамісін! — гаркнуў начальнік паліцыі і, калі дзверы з калідора адчыніліся, загадаў: — Прывядзі тую!
Сэрца ў Агеева па-здрадніцку страпянулася, у вачах прыцьмела, і ён увесь сцяўся ў прадчуванні найгоршага. Аднак Чарамісін марудзіў, мабыць, бегаў куды, і Драздзенка з непадробнаю асабістай крыўдай пачаў лаяць Агеева:
— Эх ты, сука! А я цябе пакрываў! Намеснікам хацеў зрабіць. А цяпер ты здохнеш, і пашкадаваць не будзе каму.
— Гэта магчыма, — марудна авалодваючы сабой, сказаў Агееў. — Калі вы так... без разбору.
— Без разбору? Мы разбярэмся, не думай...
Дзверы ціха адчыніліся, і ў кабінет ціха ўвайшла мілая яго Марыя, адзін толькі позірк на якую прымусіў Агеева ўнутрана здрыгануцца. Цёплай вязанай кофты на ёй ужо не было, з-пад разадранага на спіне сарафаніка востра тырчалі голыя плечы, усе ў драпінах і сіняках ад пабояў, на левай шчацэ пад вокам цямнелася сіняя пляма, распухлыя вусны сачыліся крывёй. Хуткім позіркам яна слізганула па кабінеце, ледзь-ледзь затрымала позірк на Агееве, нічым, аднак, не адзначыўшы свайго да яго пачуцця, і ўставілася ў Драздзенку.
— Ну, пазнаеш? — запытаўся ў яго начальнік паліцыі.
— He памятаю.
— He памятаеш!.. А ты? — кіўнуў ён Марыі.
— Я памятаю. Гэта сапожнік, што ў Бараноўскай жыў, — слабым, з дрыготкай голасам сказала Марыя і змоўкла, уся ў насцярожанай пакутнай увазе.
— Сустракаліся?
— Аднойчы рамантавала туфлі. Во гэтыя, — Марыя варухнула запэцканымі ў гразь наскамі яму добра знаёмых лодачак.
— Ну, ці мала каму я рамантаваў! Усіх не прыпомню. Можа, і ёй рамантаваў, — з робленай лёгкасцю сказаў Агееў.
— Рамантаваў і завербаваў! Вот гэтую дуру! — вызверыўся на абаіх Драздзенка. — Толу ёй нагрузіў! Нясі на станцыю. Падумаў, куды пасылаў? На смерць пасылаў!..
— Я нікуды не пасылаў, — спрабаваў пакрыўдзіцца Агееў.
— А хто пасылаў? Хто?
— Я ж вам сказала, — хуценька ўставіла Марыя. — Дзядзька адзін папрасіў на базары аднесці, сказаў — мыла, што я ведала...
— Маўчаць! — зароў Драздзенка.
Але было позна. Агееў ужо зразумеў, да каго былі звернуты гэтыя словы Марыі, і радасна адзначыў сабе ў думках: малайчына, значыць, не выдала!.. Значыць, Марыя не выдала, цяпер гэта для яго было важней за ўсё іншае. Драздзенка тым часам падскочыў да Марыі, дужым вялікім кулаком памахаў перад разбітым тварам дзяўчыны.
— Ты мне памаўчы! 3 табой мы яшчэ разбярэмся, блядзюшка!
— А са мной няма чаго разбірацца! Будзеце біць, я вам не скажу нічога! — крыкнула яна з нянавісцю і такім гневам у вачах, што Агееў спалохаўся: будзе і горш.
— Скажаш! — проста паабяцаў Драздзенка. — Скажаш!
— Падонак! — толькі і крыкнула яна ў адказ.
— Чарамісін! — роўным голасам паклікаў Драздзенка. — Вядзі!
3 дзвярэй выскачыў Чарамісін і ўхапіў Марыю за руку. Агееў бачыў, як яна пахіснулася і, ступіўшы два крокі, схавалася ў калідоры — назаўжды знікла з яго жыцця і, магчыма, з жыцця наогул. Агееў марудна, пакрысе ачуньваў, галоўнае ён ужо зразумеў: Марыя яго не выдала, сталася He­rnia іншае. Ці выдаў хтось іншы.
— Ну, прадоўжым размову, — нібы нічога не здарылася, спакойна сказаў Драздзенка і зайшоў за стол. — Як салдат з салдатам. Без нерваў і істэрыкі. Скажы, чаму ты мяне вадзіў за нос? Я ж хацеў для цябе дабра. Ці ты, дурная твая башка, не сцяміў! Ці ты прывык за Саветамі адказваць подласцю на дабро? Што маўчыш, гавары!
Агееў маўчаў. Для таго, каб прадаўжаць гэтую размову, трэба было супакоіцца, а ўнутры ў яго ўсё хваравіта трымцела, яго душылі крыўда і гнеў — ад сваёй бездапаможнасці, ад немагчымасці абараніць Марыю. Яны яе білі, калечылі, зневажалі і ганьбілі амаль на яго вачах, а ён павінен быў напускаць на сябе абыякавасць, нічым не могучы памагчы
ёй. Усё тое зневажала яго і было падобна на подласць. A гэты канавал яшчэ клікаў на дурную размову пра няўдзячнасць за ўсё добрае.