Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Пан шэф раёна пытаецца, хто вас прымусіў шкодзіць германскім войскам?
— Ніхто мяне не прымушаў, — буркнуў Агееў, і тады немец зноў, надта картавячы, сказаў доўгую фразу.
— Чаму вы, рускі афіцэр, не здаліся ў палон, калі ўбачылі, што супраціўленне бескарыснае і вайна прайграна? — чужым, цвёрдым голасам перакладаў Кавешка. Неяк аддалена слухаючы яго, Агееў падумаў: во пачаў цягаць каштаны яго землячок.
— Яшчэ невядома, кім яна прайграна, — сказаў Агееў, і немец, выслухаўшы пераклад, ціха кінуў: «Варум?»
— Чаму вы лічыце, што невядома?
— Таму што кішка тонкая ў вашага Гітлера.
Кавешка шматслоўна пераклаў. Немец памаўчаў, хмыкнуў і зноў сказаў доўгую фразу, выслухаўшы якую Кавешка згодна пацвердзіў: «Я, я».
— Пан шэф раёна кажа, што дурная ўпартасць не робіць
гонару цывілізаванаму чалавеку. Што ж да славяніна, дык, хаця гэтая якасць у ягонай крыві, яна яму надта шкодзіць. Куды болей разумна цвяроза пра тое падумаць і зрабіць свой выбар.
— Свой выбар я ўжо зрабіў.
— Вы памыліліся з выбарам, — сказаў Кавешка.
— А гэта мая справа.
Немец зноў штось загаварыў сваім ціхім голасам.
— Калі вы патрыёт, — пачаў перакладаць Кавешка, — што ў дадзеных абставінах можна зразумець, дык вы павінны быць нам удзячны. Папярэдзіўшы ваш бандыцкі замах, мы пакараем некалькі вінаватых. Іначай былі б расстраляны сто заложнікаў.
— Гундэрт цывільмэншэн! — са значэнне паўтарыў шэф раёна.
— Гэта вы ўмееце, — ціха сказаў Агееў і запытаўся: — Дык калі вы мяне расстраляеце?
— Яны абмеркавалі штось па-нямецку, і Кавешка холадна вытлумачыў:
— Гэта будзе ў зручны для ўлады час. Паводле рашэння СД і паліцыі бяспекі.
— Даволі няпэўна, — сказаў Агееў. — Але і за тое дзякуй...
Кавешка, аднак, пакінуў ягоныя словы без адказу, цяпер усю сваю ўвагу ён перанёс на немцаў. Электрычны прамень з ліхтарыка, які ўвесь час сляпіў Агеева, слізгануў убок, пад ногі, на парог, — боты сталі паварочвацца наскамі да выхада. Агееў адразу расслабіўся, уздыхнуў. Толькі цяпер ён заўважыў, у якім напружанні быў увесь гэты час, унутры ў яго, бы напятая струна, усё балюча трымцела, і ён сціскаўся ад болю ў баку, чакаючы невядома чаго. Хаця чаго ўжо было чакаць ці чаго баяцца, чаго сцерагчыся? Ён быў раздушаны, скатаваны, скалечаны і чакаў апошняга, чаго мог дачакацца; нічога, здавалася, не магло яго ні ўзрадаваць, ні засмуціць. He зважаючы на ўсе захады Кавешкі, надзеі ў яго не прыбавілася, і ён добра адчуваў, што час яго скончаны. Вядома, яны жывым яго адсюль не выпусцяць. Ну, а калі б і надумалі выпусціць, куды б ён пабег? Следам яны ж бы пусцілі слых, што ён іхні агент Непанятлівы, і ад яго адхіснуцца
ўсе. Той жа Малаковіч першы запатрабуе расправы над ім, і гэта зразумела. Мабыць, на яго месцы Агееў паводзіў бы сябе таксама. Зрэшты, можа, так будзе і лепш, жывым яму заставацца нельга, цяпер для яго адзінае выйсце — пагібель, і найхутчэй. Ён трапіў у бязлітасныя жорны вайны, гэтыя жорны змелюць яго на муку. Дзесь ён дапусціў памылку, зрабіў не тое, збочыў не ў тым напрамку на крывавым раздарожжы вайны, і вось вынік. Вынік — абсалютны нуль.
Так думаў Агееў, але бязлітасны ваенны лёс, мабыць, і яшчэ рыхтаваў яму нешта са сваіх пачварных сюрпрызаў.
Пасля, як пайшоў шэф раёна, ён расслабіўся і, перасільваючы боль у знявечаным целе, страціў адчуванне. Можа, страціў прытомнасць ці забыўся ў мутным прывідным сне. Ён не ведаў, колькі часу доўжыўся той яго замутнёны стан, але апрытомнеў ён ад нейкай валтузні, побач паявіліся новыя людзі. Калі ён прыўзняў галаву, дзверы ўжо зачыніліся з таго боку, было па-ранейшаму цёмна, але побач, хваравіта стогнучы, хтось шавяліўся і хтосьці яго суцяшаў:
— Ну ціха, ну ціха... Во так, ляж на бачок... На бачок ляж, во так...
Голас быў незнаёмы Агееву, і ён зноў упаў плячмі на волглую салому падсцілкі, не ведаючы, як зручней уладкаваць галаву — левая палавіна твару балела ад скроні да падбароддзя, у роце балюча пухнуў язык, які ўжо ледзьве ўмяшчаўся ў пабітых пашчэнках.
— Піць! — раптам знаёма прастагнаў чалавек насупраць, і другі, што быў з ім, пачаў ціха яго ўгаворваць:
— Дык няма ж вады. Панімаеш, няма... Пацярпі, сынок. Пацярпі...
«Які сынок? Чаму сынок? — прамільгнула ў свядомасці ў Агеева. — Гэта што — бацька з сынам?..» Штосьці знаёмае здалося яму ў тым стогне, і Агееў насцярожыўся. Аднак ён маўчаў, не хочучы выдаваць сваю тут прысутнасць. Цяпер яму не быў патрэбны ніхто, ён хацеў застацца сам-насам з сабой і сваім несціханым болем. Але гэтыя новыя арыштаваныя трывожылі ягоны спакой сваім яшчэ, можа, болын бязлітасным болем.
— Таварыш, вы гэта самае... жывы, можа? — ціха загава-
рыў да яго адзін з двух, і Агееў, крыва ўсміхнуўшыся, адказаў:
— Трошкі жывы...
I ўхапіўся рукою за сківіцу, якую адразу скрывіла ад болю.
— Тут во хлопцу кепска. Каб вады папрасіць.
— Ніхто не пачуе, — сказаў ён, перамагаючы боль, і падумаў: хто гэта? Чорт бы яе ўзяў, тую цемру, якая нічога не давала згледзець у гэтым сутарэнні.
— А нас заўтра будуць расстрэльваць. Ведаеце? — даверліва паведаміў чалавек.
— Вас? — вырвалася ў Агеева.
— Дык і вас тожа, — уздыхнуў чалавек. — Вы ж той ваенны, што ў Бараноўскай жыў?
Агееў збянтэжыўся, не ведаючы, што сказаць.
— А вы адкуль знаеце? Немцы сказалі?
— Паліцай знаёмы адзін.
Як Агееў ні рыхтаваўся да сваёй смерці і як ужо ні зжыўся з думкаю пра яе непазбежнасць, гэтыя словы перуном выцялі па яго свядомасці, і ён ледзьве зноў не страціў прытомнасць. Але ўсё ж ён намогся, сабраў у адно нешматлікія свае сілы і пастараўся пераканаць сябе, што нічога нечаканага не адбылося, усё ідзе, як і павінна ісці. Можа, так яно будзе і лепш. Усё ж расстрэл для салдата заўжды лепш, чым вісельня, — не трэба будзе гойдацца на пацеху ворагам, адразу ляжа ў зямлю, і ўсё. А смерць — яна справа імгненная.
— Во, ведаеце, ні за што ўзялі, нічога я не зрабіў, а цяпер — расстрэл. Дзіўна ў іх неяк... Заб’юць, а за што? — скардзіўся ў цемры чалавек, і Агееў падумаў, што ўвогуле гэта зразумела. Напэўна, тут кожны лічыць, што пакутуе без віны. Можа, і ён павёў бы сябе гэтак жа, калі б быў выпадак каму паскардзіцца.
— А вы хто? 3 мястэчка? — запытаўся Агееў,
— Ды я са станцыі, знаеце. Зыль, счэпшчык. I во трэба ж, пайшоў у мястэчка солі купіць, а на пераездзе гэтая дзяўчына з кашолкай. Ёй паліцай: стой! Давай правяраць, і я тут. Ну, абаіх і ўзялі.
Агееў, падобна было, нібы кудысь праваліўся ад здзіўлен-
ня, пачуўшы такое, і зноў вынырнуў, уражаны сэнсам сказанага.
— Якая дзяўчына? — прахрыпеў ён.
— А хто ж яе ведае? Незнаёмая. Я яе ў вочы ніколі не бачыў, а яны кажуць: звязаны. Ды ні з кім я не звязаны.
«Марыя! Гэта Марыя!» — пранеслася ў свядомасці Агеева. Во як яна папалася! Бедная, няшчасная дзяўчынка!.. Ён быў збянтэжаны ад тых слоў счэпшчыка, які, мабыць, не падазраваў нават, як растрывожыў яго сваім паведамленнем. Але Агееў маўчаў, не ведаючы, як трэба паводзіць сябе перад гэтым Зылем. Ды і хто ён такі, ці не падсаджаны сюды паліцай? I ў той жа час вельмі хацелася дапытацца ў яго падрабязней, можа б, ён болей расказаў пра Марыю.
— Піць... Дзядзька, папрасі ў іх вады, — прастагнаў другі ў доле, і ў яго кволых словах Агееву зноў пачуліся знаёмыя інтанацыі. Хутка пра штось здагадаўшыся, ён запытаўся амаль спалохана:
— А гэта хто з вамі?
— Гэта Пеця, старэйшы Кіслякова сынок. Плямяш мой. Яны ж яго тожа... Два тыдні тут во мутузяць...
«Божа мой, дык гэта ж Кіслякоў! Ну во, а я столькі часу дабіваўся з ім сувязі, чакаў яго кожную ноч. А Кіслякоў во дзе! I ўжо два тыдні...»
Прыўстаўшы на локці, Агееў бокам падаўся туды, цягнучы за сабой нягнуткую левую нагу, рукамі намацаў на саломе нерухомае цела.
— Кіслякоў, ты?.. Гэта я, Агееў, што ў Бараноўскай...
— Я ведаю... Толькі... Кепска мне дужа, — ледзь чутна прастагнаў Кіслякоў.
I Зыль растлумачыў:
— Яны яго так знявечылі... Жывога месцейка не пакінулі.
— Паліцыя ці немцы?
— Спярша паліцыя. Пасля немцы, — прастагнаў Кіслякоў. — Усё дабіваліся...
— Чаго дабіваліся? — насцярожыўся Агееў.
— Рознага. I пра вас...
— Ну, а ты ж стрываў? He сказаў?
— Як стрываеш? Калі б адразу памёр, a то... — прастагнаў Кіслякоў і сціх.
— Да-а, — выдыхнуў з сябе Агееў.
Штосьці ў іх справах прымала іншы, яшчэ больш кепскі характар. Хаця, здавалася б, што магло быць горш для іх, асуджаных на хуткую пагібель, калі ўжо не мілы стаў увесь белы свет і сваё знявечанае цела, і ўсё іх няўдалае жыццё. Але ж во і яшчэ рабілася горш. Агееў ведаў, што сам стрывае ўсё, не запэцкаўшы нічыйго сумлення, але бяда ў тым, што ён адпраўляўся на той свет не адзін, а з іншымі, і гэтым іншым, можа так здарыцца, перапала болей. Во Кіслякоў і не вытрымаў, штось выдаў паліцыі або немцам, і на душы ў Агеева зусім спахмурнела. Ад чаго толькі не залежыць яна, гэтая тонкая і далікатная штуковіна — сумленне, як яе цяжка зберагчы, каб не збэсціць. Ды яшчэ на гэткай вайне.
— Яны яго катавалі, бы звяры, — сказаў Зыль. — Пальцы ў дзвярах раструшчвалі. А пасля, знаеце, калі ён упаў... Ну, палавы орган абцасам раструшчылі. Начальнік іх... Бедны пляменнічак! — бядотным голасам скончыў Зыль.
«Чорт вазьміі — бязрадасна, аднак, падумаў Агееў. — Значыцца, мне шчэ пашэнціла. Можа, таму, што нядаўна ўзялі? Ці што хутка перадалі ў СД? Ці Драздзенка сцяміў, што не на таго напаў? Ці мае ўлікі былі ўсе ў наяўнасці і яму іх хапіла, каб падвесці мяне пад расстрэл? А Кіслякоў?..»
— Зыль, а вы пасля тую дзяўчыну не бачылі? — запытаўся Агееў і сцяўся, чакаючы адказу.
— Бачыў. Вочную стаўку рабілі з ёй. Але што я скажу? Я першы раз убачыў на пераездзе. Яна мяне тожа.
— Ну, а пасля? Што з ёй?
— Дык невядома. Можа, перадалі немцам? А можа, застрэлілі...
— А вас што — не білі? — раптам падумаўшы пра іншае, запытаўся Агееў, і Зыль з гатоўнасцю адказаў:
— Білі! I, ведаеце, знаёмыя паліцаі. Але што я скажу? Я ж нічога не ведаю.
Хвалюючыся, Агееў не мог сцяміць, як яму паводзіць сябе з гэтым гаваркім Зылем, ці варта давяраць яму. Шчырасць яго падабалася, але... Яна магла быць і фалыпывай, гэтая
яго шчырасць. Вельмі карцела пагутарыць з Кісляковым, каб хоць даведацца, за што яго ўзялі. Але прысутнасць гэтага Зыля ўвесь час стрымлівала яго. Абапёршыся на руку, Агееў сядзеў каля распластанага на саломе Кіслякова і не ведаў, як загаварыць з ім. I ці можна было з ім загаварыць наогул? Хлопец быў у гарачцы, гэта адчувалася нават у цемры, ліхаманкавае дыханне яго часам зусім знікала.