Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Ну, дабіўся, чаго хацеў?
— Даб’ешся і ты. Таго ж, — у тон яму адказаў Агееў. — Падлюга!
— Ну, ну, не вельмі! Ці забыўся, што ў мяне? У блакноціку...
Агееў хацеў крыкнуць штось бруднае і зняважлівае, каб прынізіць гэтага начальніка хоць бы перад немцам, які стаяў на ўзбочыне і чуйна прыслухоўваўся да іх сваркі. Але не крыкнуў. Сапраўды, даў д’яблу распіску, цяпер той ёю распарадзіцца. Да самай магілы. A то і пасля магілы. Сволач прадажная...
Марудна, нібы на пахаванні, яны пераехалі роў, мінулі
могілкі. Вараннё ўсё крычала — ад свайго беспрытульнага мноства, неўладкаванасці, сварліва змагаючыся за кожнае месца на дрэве, і гэты варанячы вэрхал замест пахавальнай музыкі доўга суправаджаў іх уначы. Зрэшты, Агееву было ўсё роўна, ён думаў толькі: ну, што яму гэтая дурная распіска цяпер, на апошнім хляху туды, адкуль ніхто не вяртаецца? Але ж во стрымлівала. Адбірала волю. Паралізавала бяздзеяннем. Ашаламляла і нейтралізавала...
За могілкамі яны спыніліся і пастаялі нядоўга, чакаючы, пакуль Драздзенка з немцам кудысь хадзілі — уздоўж каменнай агароджы, вышэй, на пагорак. Агееў ужо ўвесь здранцвеў, унутры ў яго ўсё балела — ад катаванняў і сцюжы; шчаку і ніжнюю частку твару ён зусім перастаў адчуваць. Валасы зліпліся пад дажджом, і сцюдзёныя кроплі сцякалі за вушы, па шыі, па халоднай, здранцвелай спіне між лапатак.
— Так і захварэць можна, — са слязьмі ў голасе пажартаваў гаваркі Зыль.
— Ага, прастудзіцца, — з’едліва пагадзіўся Малаковіч, які ўвесь час ішоў ззаду, здаецца, знарок пазбягаючы суседства Агеева. I Агееў падумаў: хай! Можа, так яно і лепш для абодвух. Злосці на лейтэнанта ён ніякай не меў, той жа чагось не мог дараваць яму нават у такую хвіліну.
Фурманка збочыла з дарогі і па гразкай траве павалаклася ля могілак на пагорак. Іх пагналі следам. Дзесь там наперадзе маячылі постаці Драздзенкі і немца ў даўгім плашчы. Калі яны ўсе наблізіліся, іхняму позірку адкрыўся край высокага абрыву і шырокі кар’ерны правал унізе, добрую палову якога займала лужына. «Значыць, так — у лужыну», — здагадаўся Агееў. А ён думаў... Яму хацелася думаць, што ў зямлі будзе зацішней. I цяплей. У лужыне цяплей не будзе...
Неразумныя гэтыя думкі, аднак, устрывожылі Агеева, які зусім ужо задубеў на сцюжы, і ён не мог пазбавіцца ад іх, пакуль фурманка не спынілася на пагорку. Драздзенка падаў каманду стаць усім у рад, тварам да абрыву. Агееў стаў паслухмяна, амаль з гатоўнасцю, як гэта рабіў мноства разоў у арміі, — каб толькі хутчэй усё скончыць. Побач настырчыўся зусім знявечаны сцюжай Малаковіч — плоскі, бы
дошка, з запалым пад майкаю жыватом. Зыль замарудзіў выканаць каманду, і адзін з паліцэйскіх нагадаў яму аб тым, пхнуўшы ў спіну прыкладам. Той жа паліцай затым ціха гукнуў штось Драздзенку, які спярша злосна вызверыўся, a затым падабрэў і дазволіў:
— Ладна! Давай па-быстраму...
Паліцай падскочыў да Агеева — гэта быў усё той жа крутаплечы старанны Пахом.
— Скідывай боты!
Агееў памарудзіў, напаўняючыся гатовым прарвацца гневам, пасля, нібы баючыся не стрымацца, наском аднаго таропка падчапіў заднік другога, лёгка прасунуў ступню ў халяву і, не выцягваючы яе зусім, нагой шпурлянуў бот да абрыву.
— На, бяры, на...
Ён адкінуў і другі бот — далёка на траву, застаўшыся ў расхлёстаных брудных анучах. Паліцай пабег па боты, а побач нервова затузаўся Малаковіч.
— Можа, возьмеш і мае, Пахом? Ці пакінеш у знак былой дружбы? За тое, што даваў табе кантрольную спісваць?
— Ага, даваў! — пакрыўджана забурчаў паліцай, хапаючы боты. — А помніш: даў спісаць з памылкай. Па алгебры. Сам пяць палучыў, а мне два паставілі.
Малаковіч шчыра здзівіўся:
— Ідыёт! А я пры чым? Ты ж без памылкі і спісаць не мог, падлюга!
— Да-а. Ну і набраў ты падонкаў, Драздзенка, — сказаў Агееў. — Па сабе мераў?
— Ты яшчэ не заткнуўся!.. — крыкнуў Драздзенка, зрабіўшы да яго пагрозлівы выпад, але спыніўся: ззаду яго клікнуў немец. Тры паліцаі сцягвалі з фурманкі Кіслякова, і той слабым голасам выціснуў:
— Прашчайце, браточкі... He абіжайцеся, калі...
— Нічога, нічога, сынку, — адказаў яму адзін Зыль. Агееў і Малаковіч маўчалі.
Разгоністым крокам Драздзенка падскочыў да іх кароценькага строю, рукой аддзяліў ад усіх Зыля.
— Так! Давай ты, з племяшом у пары.
«Няўжо застрэляць? — з недаверам падумаў Агееў. — Яно і сапраўды падобна, што Зыль тут ні пры чым. Выпадкам трапіў у гэтую гісторыю...»
— Паслухай, Драздзенка, — сказаў ён з папрокам у дрыготкім голасе. — А гэтага нашто? Ён жа тут выпадкова. Я знаю...
Драздзенка крута павярнуўся і замахаў рукой.
— Ты знаеш? А ты знаеш, што ён дванаццаць вагонаў на станцыі падпаліў?
Паліцаі ўжо пхалі Зыля да абрыву, куды прывалаклі Кіслякова, і счэпшчык, пачуўшы тыя словы Драздзенкі, непаслухмяна тузануўся ў іхніх руках.
— He дванаццаць, начальнік! Семнаццаць! Семнаццаць вагонаў спаліў! Хай там запішуць — семнаццаць...
Яны яго ўдарылі. Зыль войкнуў і болей ужо не выкрыкваў, не тузаўся.
Агееў дробна дрыжаў — ад сцюжы і нервовага напружання, гледзячы, як за трыццаць крокаў на абрыве сталі дзве постаці — рослы счэпшчык Зыль і ягоны пляменнік — мілы, сарамлівы Кіслякоў. Стаяць Кіслякоў ужо не мог і абвяла віснуў на руках у Зыля, які з натугай трымаў яго, прыгаворваючы нешта за крок да абрыву. Перад імі, рашуча лязгаючы затворамі вінтовак, станавіліся ў шарэнгу некалікі паліцаяў.
— Фоер! — нечакана зычным голасам скамандаваў немец, і ў вушы Агееву ўдарыў разрознены вінтовачны залп. Агееў хіснуўся ад яго паветранае хвалі, міргнуў адным вокам (другога ён ужо не расплюшчваў), і, калі зноў паглядзеў туды, ні Зыля, ні Кіслякова на абрыве ўжо не было. Паліцаі заставаліся ў шарэнзе, і Драздзенка з немцам падбеглі да абрыву, зірнулі ў кар’ер. Пасля пачулася некалькі нямоцных удараў — пісталетных стрэлаў, — для пэўнасці яны пасылалі апошнія кулі ў расстраляных.
— Наступныя! — крыкнуў начальнік паліцыі, павярнуўшыся да іх з пісталетам у руцэ.
— Пайшлі, Валодзя, — ціха сказаў Агееў і, не азірнуўшыся, застыргікаў да абрыву.
Яму паступова і ўсё болей адкрывалася ўнізе вялізная,
уся ў ветранай рабізне бліскучая лужына. 3 цёмнага неба пасыпаў мокры сняжок, асядаючы на апратцы, валасах, далікатна кранаючы яго разбітыя да крыві вусны. На душы ў Агеева было пуста, як, мабыць, можа быць пуста толькі перад пагібеллю, калі ўсё жыццё пражыта дарэшты і пражыта не так, як хацелася, — бязладна, не ў згодзе з сумленнем, з шэрагам няўдач і памылак. Ён ужо нічога не памыкаўся і нават нічога не хацеў сказаць ні свайму саратніку Малаковічу, ні іхнім катам. Хай забіваюць...
Ён яшчэ ўчуў грымотны перуновы залп ва ўпор, як дужы, разгоністы ўдар у грудзі кінуў яго назад. Ён паляцеў кудысь у прастору — з шумам і звонам увушшу, штосьці абрушваючы сваім целам, разам з сабой валячы ў прадонне...
Памалу, аднак, усё пачало сціхаць, аддаляцца, і нарэшце ўсё ўціхамірылася.
3 ветранага неба церусіў мокры сняжок...
Раздзел сёмы
Работы ў кар’еры засталося няшмат — апошні, бліжні ад могілак кут, зрэдку парослы асотам ды свежым пырнікам, і на тым усё можна б лічыць скончаным. Але Агееў не спяшаўся брацца за справу з раніцы ён сядзеў над слабенькім, распаленым са смецця і папяровых абрыўкаў цяпельцам, якое смярдзюча дыміла, — грэў рукі. Раніца выдалася хмарная, без пробліску сонца; расы на траве не было, з поля дзьмуў свежы халаднаваты вецер, трывожна шумелі дрэвы на могілках. Накінуўшы на плечы сінюю балонневую куртку, Агееў прыпамінаў свой сённяшні сон.
Сон быў просты, амаль элементарны па вобразнасці, але ён уразіў Агеева сваім загадкавым сэнсам, загадкавым нават для яго, які заўжды ўмеў амаль пэўна расшыфроўваць свае начныя шарады.
Зусім без якіх-небудзь подступаў да галоўнага, сон пачаўся з таго, што ён, Агееў, мяркуючы па ўсім, аднекуль незнарок выпаў, з якога іншага свету ці іншага часу, і апынуўся адзін у вялізнай, страхавітай, пустой прасторы. Цяжка было зразумець характар тае прасторы і нават здагадац-
ца, што ёю з’яўляецца — мора, зямля ці, можа быць, космас. Зрэшты, усё ляжала па-за зрокавым вобразам, хутчэй адносілася да сферы пачуццяў і ўвасаблялася адчуваннем абсалютнай, гнятлівай адзіноты. Па меры таго, як доўжыўся сон, тое адчуванне ўсё большала, а прастора шырэла, запаўнялася трывогай, бояззю, страхам. Ён дужа пакутаваў, і тыя яго пакуты былі хутчэй за ўсё душэўныя, таму што цялесны Агееў сам па сабе быццам адсутнічаў, у гэтым загадкавым асяроддзі было толькі яго абстрактнае Я, пазбаўленае плоці і тым не менш надта балючае. Падобна, аднак, гэтае яго бясплотнае Я між тым увесь час сціскалася, меншаючы ў аб’ёме па меры разрастання загадкавай прасторы. I вось нарэшце настаў такі момант, калі Я зусім знікла, растварылася, пакінуўшы толькі ўяўленне пра сябе, успамін ці невыразны адбітак свае прысутнасці дзесьці, што ўжо не было ні асяроддзем, ні вобразам. Засталіся хіба што яго пакуты, у якія ён пераўвасобіўся ўвесь, без рэшты, і за якімі нічога больш не было.
Дзіўна, але гэты сон нейкім аддаленым пачуццём напомніў яму тую, даўно перажытую ім пагібель, калі ён у непрытомнасці, з вінтовачнай куляй у грудзях падаў у кар’ер. Тады выпадак ці круты, недастаткова навіслы над вадой схіл не далі яму зваліцца ў лужыну, у якой апынуліся толькі ягоныя ногі, і праз гадзіну ці больш ён апрытомнеў. Навокал было ціха, паліцаі вярнуліся ў мястэчка, з цёмнага неба сыпаў густаваты сняжок. Ён пачаў выбірацца з вады на сухое, доўга поўз па адхоне ля лужыны, пакуль не выбраўся з кар’ера на выездзе. Тут ён зноў страціў прытомнасць, доўга ляжаў у стылай гразі, папоўз зноў. На дарогу ён выпаўз перад світаннем, і яму там пашэнціла. Выпадак узнагародзіў яго сваёй нячастай міласцю: першы ж яздок з мястэчка аказаўся чалавекам добрым, ён моўчкі ўсцягнуў скрываўленага Агеева ў фурманку, і ранкам яны былі ўжо далёка. Зіму ён пластом праляжаў у нямогласці, поўнай безнадзейнасці, пасля захварэў на тыф, двойчы яго перахоўвалі на хутарах. Але вясной, на ўласнае здзіўленне, падняўся на ногі. Усё тое было даўно і, здаецца, перастала хваляваць яго — быццам было не перажыта ім, а ўбачана ў кіно ці прыснілася. I цяпер вось
сённяшні, падобны па сэнсу і адчуваннях сон, які ўсё вярнуў з забыцця, усхваляваў яго знясіленыя пачуцці.