Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Ну што? Няма? — заклапочана спытала ў яго дзяўчына.
— Няма.
— А ты што?.. Ідзі сюды. Прыйдуць — пастукаюць.
— Баюся, не прыйдуць.
Ён адразу згледзеў тую кашолку, што адзінока ляжала на смецці сярод непатрэбнага рыззя і ламачча. Гэта была старая, прадаўгаватая пляцёнка з рысавай саломы, пляскатая, з прадраным дном. Але дно можна было чымсьці закласці, а ручкі былі добрыя — дзве тугія почапкі, мабыць, для зручнасці абматаныя чырвоным матузом. Сумка была самы раз — звычайная гаспадарчая рэч, у якой можна было насіць што хочаш: рэчы і прадукты, з кірмаша і на кірмаш. Нядоўга памацаўшы яе, Агееў рашуча страсянуў з яе смецце.
— Во для мыла.
— Правільна! Вось я і аднясу, — рашыла Марыя і падхапілася з-пад коўдры. — Калі, зараз аднесці?
Агееў разгубіўся. Яна проста здіўляла яго гэтай легкадумнай гатоўнасцю, хоць і разам вырашала галоўнае ў ягоным клопаце — нічога ёй не трэба было тлумачыць ці тым болей прасіць. Можа, так будзе і лепей, падумаў ён. Аднак усё марудзіў, бавіў час, адсоўваючы той самы апошні момант, калі перадумаць ужо будзе позна. Доўга цягнуць, аднак, было нельга, трэба было карыстацца ранкам, калі на кірмаш і назад ішлі людзі.
— Марыя, тут такая справа, — нерашуча пачаў ён, апусціўшы кашолку. — Мабыць, ты здагадваешся, што гэта такое?
Яна, падобна, здзівілася — не гэтак ягоным словам, як голасу, якім яны былі сказаны — з пакутным пераадоленнем сябе, няпэўным намёкам на штосьці.
— А што? — наіўна запытала яна.
— Гэта не мыла. Гэта — узрыўчатка.
— Узрыўчатка?..
Па яе мілым, такім дарагім цяпер яму твары мільгануў цень кароценькага недаўмення ці нават спалоху, але Марыя хутка авалодала сабой і прасветлена, лёгка ўсміхнулася.
— Ну што ж, я паняла. Каму перадаць?
— Марыя, ты ж разумееш, калі пападзешся...
— Усё разумею, не маленькая, — сказала яна і, стаўшы на пальчыкі, пацягнулася да яго, пацалавала тры разы — у абедзьве шчакі і ў лоб. Пасля ўраз адхінулася, узялася за чырвоныя почапкі кошолкі, якую ён усё яшчэ трымаў у сваіх руках. — Дык каму перадаць?
Гэтая кароткая і пакутная размова кінула яго ў жар. Пасля ён марудна змакрэў ад сцюдзёнага поту. Каб толькі ён ведаў, куды пасылаў яе і што будзе за тым... Пасля сотні разоў ён прыпамінаў гэтае расставанне і паспешлівую размову з ёй, яе пацалункі і пагляды, шукаў, што зрабіў не так, што не растлумачыў, забыўся сказаць галоўнае. Ён ужо адчуў, як штосьці ў ягоных намерах пайшло наўкось, нібы пад адхон, незразумелай фатальнай хадой, але змяніць нічога не мог. Падганялі няўмольны час, хваляванне, і ён аддаўся на волю выпадку, на лёс і... на Марыю.
— Ведаеш, дзе качагарка?
— Ну, за пакгаўзам, здаецца?
— Во там працуе такі Малаковіч. Паклічаш яго.
— Добра. Гэта я мігам. За якую гадзіну, мабыць, упраўлюся. Ты пачакай.
Трошкі дрыготкімі рукамі ён наладзіў кашолку, вокладкай ад старой кніжкі з куфра затуліў дзіравае дно. Пасля пераклаў туды тол. Атрымалася амаль даверху, і Марыя акуратна прыкрыла яго нейкай знойдзенай на гарышчы клятчастай анучкай. Агееў падняў кашолку, паважыў у руцэ — было цяжкавата, але несці можна. Яны злезлі на кухню, трэба было расставацца. Усё ўнутры ў Агеева дробна трэслася, нібы ў гарачцы, душа яго заходзілася ў нямым плачы, і ён ледзьве стрымліваў сябе. Марыя ж, наадварот, знешне была спакойная, трошкі заклапочаная, але жвавая і поўная так нечакана знойдзенай рашучасці.
— Ты як — па вуліцы? — глухім, перацятым голасам запытаўся ён.
— He, цераз роў. А там у поле і — на станцыю.
— А паліцаяў не стрэнеш?
— Яны больш у мястэчку. Зноў жа, кірмаш сёння.
— Ну, глядзі. Перадасі і адразу сюды. Я чакаю.
— Дзякуй, мілы!
— Чуеш, я цябе чакаю!
Яна зноў пацалавала яго — у куточкі вуснаў — і падхапіла кашолку. Агееў адразу ўбачыў: цяжкаватая ўсё ж была ёй тая кашолка, але ўжо нічога мяняць не стаў, амаль разгублены выпусціў яе з кухні на двор. Хуткім дробненькім крокам яна пайшла ўздоўж хлява, ля прыбудовак, каля дрывотні азірнулася, махнула яму незанятай рукой і кораценька ўсміхнулася — развіталыіа-самотнай усмешкай, якую ён запомніў да скону сваіх дзён.
Калі яна схавалася за вуглом хлеўчука, ён марудна, губляючы рэшту адабраных бяссоннем сіл, пратупаў да вуліцы, агледзеўся. Нікога быццам паблізу нідзе не было. Тады, трохі счакаўшы, вярнуўся на кухню і цяжка ўсеўся на скрыпучае крэсла каля стала. Ягоны позірк слізгануў па карціне на сцяне насупраць, якую любіла Марыя, спыніўся на вымытым ёю і прыбраным посудзе акрай стала, што, здавалася, яшчэ хаваў цеплыню трапяткіх яе рук, і яму зрабілася невыносна горка. Ён сядзеў так доўга, невідушчым позіркам тупа ўставіўшыся ў чыста падмеценую Марыяй падлогу, слухаў. Час адмерваў свае хвіліны — апошнія яго хвіліны спакою ў гэтым доме, у якіх было чаканне і — надзея. Аднак чаканне яго стала непамерна расцягвацца, нібы пухнуць у часе, запаўняючы сабою свядомасць, паралізуючы волю, і, па меры яго разрастання, меншала, вузела надзея. Мабыць, мінула ўжо абяцаная Марыяй гадзіна, затым скончылася і другая. Аднекуль з-пад стала вылез ягоны Гультай, выйшаў на сярэдзіну кухні, пацягнуўся і сеў, выпрабавальна пазіраючы на Агеева. Што ён хацеў сказаць, гэты стары і мудры кот? I што ён разумеў з таго, што рабілася на душы ў Агеева? Яшчэ праз гадзіну Агееў пачаў ужо думаць, што зрабіў недаравальную памылку, што не
трэба было пасылаць Марыю, што ён проста не меў права на тое — ні боскага, ні чалавечага, што трэба было пачакаць або ісці самому. Калі ўжо рызыкаваць, дык рызыкаваць сабой і нікім іншым — гэта была самая сумленная рызыка. А так... Але даўно сказана, што чалавек заўсёды багаты на свой задні розум, калі справа зроблена і дапушчаную памылку ўжо не паправіць, і застаецца адно — прымаць на сябе заўжды суровы і не заўжды справядлівы ўдар лёсу. Часам, калі чаканне Агеева перапынялася асабліва вострым прыступам нецярпення, ён ускокваў з крэсла і пачынаў хадзіць па кухні — ад парога да дзвярэй у кладоўку — пяць крокаў туды і пяць назад. Балела нага — у сцягне і калене, мабыць, трэба было паправіць павязку, але ён ужо не звяртаў увагі на боль і на рану — ён хадзіў да знямогі, не перастаючы ўслухоўвацца ў гнятлівую цішыню сядзібы. Часам яму здавалася: ідзе, быццам бы чутныя рабіліся крокі ў двары, але дзверы не адчыняліся, і ён разумеў, што памыліўся. I зноў пачынаў чакаць — напружана, нервова, насуперак прадчуванням, а затым і наперакор усякаму сэнсу. Ён не заўважыў, як мінуўся ранак і хмарны восеньскі дзень неўпрыкмет перайшоў у яшчэ болей пахмурны вечар, і чакаць чаго добрага ўжо было недарэчы. Але ён чакаў. Яшчэ ён мог бы, напэўна, уцячы з сядзібы, схавацца ў рове, наогул пакінуць мястэчка, але ж ён сказаў ёй, што будзе чакаць тут. I ён чакаў. Ён перадумаў рознае: і спадзяваўся, і развітваўся з ёю, і зноў аддаваўся надзеі, і сам ужо расставаўся з усім белым светам. Але — чакаў.
Дзіўная справа, калі яна была побач усе гэтыя дні, тыдні і нават апошнюю ноч, праведзеную разам, ён больш перажываў за свае шматпакутныя справы, сувязь, заданні. Цяпер жа, з тае хвіліны, як разлучыўся з ёю, ён ні пра што іншае, як пра яе, не мог і падумаць, падобна, ён толькі цяпер і зразумеў, якую бяду наклікаў на яе галаву, а ўсё астатняе, што тыднямі дапякала яму, адышлося на другі, задні план. He тое каб стала другарадным, але адсунулася, здрабнела ў сваёй значнасці, затуленае яе мілым абліччам, яе развітальнай усмешкай — яе бядой.
Надвячоркам ён ужо выразна адчуў, што прайграў, што
дапусціў фатальную памылку, і толькі той факт, што ўсё ж да скону дня да яго ніхто не з’явіўся, даваў яму нейкае апраўданне — не перад Марыяй — перад сэнсам барацьбы, у якую ён быў уцягнуты. Усё ж, мабыць, трэба было праявіць ініцыятыву, паклапаціцца даставіць тол куды было трэба, дзе чакалі яго. Тут сваю задачу ён зразумеў правільна і пастараўся яе выканаць.
Вось толькі якімі сродкамі?
Калі ў кухні нарэшце зусім запанавала вечаровае цемрыва, хваляванне яго дасягнула мяжы. Ён ужо з рашучасцю прыкідваў, куды падацца — на станцыю па яе слядах ці яшчэ раз паспрабаваць знайсці Кіслякова. Можа, трэба было ўзяць пісталет? Усё ж са зброяй было зручней, а галоўнае, болей звыкла. Але ён яшчэ не рашыў, куды ісці, як раптам ад вуліцы пачуліся крокі — тупаценне многіх мужчынскіх ног па камянях падворка, пад клёнам матлянуўся доўгі і вузкі, бы нямецкі цясак, прамень з ліхтара. Гэты прамень затым ударыў праз аконнае шкло на кухню, рэзка высвеціў стол і прыкрыты на ім посуд, чорны цень ад яго лёг на аблезлую шпалеру сцяны. Агееў інстынктыўна падаўся да кладоўкі, але спыніўся і стаў. Дзверы ўжо расчыняліся, дыхнуўшы на яго вулічнай сцюжай, і два пукі электрычных прамянёў зусім асляпілі яго з парога.
— Во ён! I не хаваецца, сука!..
Па голасе ён пазнаў адразу: то быў Драздзенка. Аднак, зусім аслеплены скіраваным у вочы святлом, Агееў нічога не бачыў там, і люты знянацкі ўдар у левае вуха змусіў яго адляцець убок. Ён наткнуўся на паваленае крэсла, але паспеў ухапіцца рукой за рог пліты і ўстаяў на нагах.
— Ах ты б...! Здраднік! Ану, перавярнуць усё дагары нагамі! Абшукаць кожную дзірку! Пахом, дзействуйце! — з лютасцю распараджаўся Драздзенка. — А гэтага — марш у падвал! Ужо я пагавару з ім!..
Усё слепячы яго промнямі з двух ліхтароў, яны таропка аблапалі яго ватоўку, кішані брыджаў, пад пахамі, пасля злосна піхнулі ў насцеж расчыненыя дзверы, і ён з амаль заплюшчанымі ад святла вачамі слепа патупаў знаёмым падворкам да вуліцы...
Раздзел шосты
Пасля пахавання Агееў у сумнай адзіноце сядзеў над сваім абрывам, аддаваўся малавясёлым думкам, як раптам згледзеў на дарозе ля могілак Шурку з Артурам. Апранутыя ў летнія безрукаўкі з моднымі лацінскімі надпісамі на грудзях, у кароткіх штанах, хлапчукі, яўна спяшаючыся, кіравалі да яго на пагорак, і Агееў зразумеў: на гэты раз у іх была справа. Яно так і сталася.
— Вас там просяць прыйсці, — яшчэ здалёку задыхана паведаміў Шурка.
— Хто просіць? — здзівіўся Агееў.
— Ну там, на памінкі.
— Ага. Дзядзька Еўсцігнееў сказаў, — пацвердзіў Артур.
«Во як!» — трохі здзіўлена падумаў Агееў. Гэты адстаўнік, які нядаўна яшчэ на цэлы дзень сапсаваў ягоны настрой, цяпер запрашаў яго на памінкі. Канечне, лішні раз сустракацца з ім у Агеева не было вялікага жадання, але ўсё ж памінкі былі па Сямёну, і ён падумаў, што трэба пайсці.