Поўны збор твораў. Том 6
Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Памер: 560с.
Мінск 2006
— Дзякуй! — сказаў ён, цалуючы ў цемры мяккія яе далонькі. — Але я цябе папрашу: не хадзі болей нікуды! He трэба! Як-небудзь. Пойдзем разам...
— Куды? — з наіўнай паспешнасцю запытала яна, быццам гатовая зараз жа бегчы разам з ім.
— Куды? Пойдзем куды-небудзь. Настане час — і пойдзем.
— Настане час! Я веру, што настане час, павінен настаць. I скончыцца гэтая ноч. I ніхто не будзе нам пагражаць. Ой, як я хачу дажыць да таго часу... Мілы, Алежка мой!..
Яна апусцілася долу каля яго калень, абедзьвюма рукамі абняла іх, і яны лашчыліся так, ледзьве стрымліваючыся, каб не плакаць. I ён моўчкі выціраў яе мокрыя шчокі, напружана думаючы, як уратаваць яе і сябе ад бязлітаснай калясніцы знішчэння. Можа быць, менавіта ў той вечар ён адчуў тое, што раней неяк не даходзіла да яго свядомасці — што ён кахае яе, — насуперак сваім намерам, насуперак вайне і нават здароваму сэнсу. Напэўна, яму трэба было сказаць ёй пра тое, але хіба і без слоў не было зразумела ўсё...
Надвор’е рэзка павярнула на восень, зачасцілі нудныя слотныя дажджы, а калі яны пераставалі, асабліва ўранні, напаўзалі туманы, у якіх патаналі дамы, гароды, платы і дрэвы. Аднаго разу, устаўшы на світанні, Агееў не пазнаў двара — усё, што было перад варотамі, знікла ў стылай шэрамалочнай навалачы. Сядзіба сціхла, неяк дзіўна, затоена, вуліца нібы вымерла, змоўкла і ўсё мястэчка.
Той ноччу Агееў з Марыяй заснулі толькі перад світаннем, усю ноч праседзеўшы ў застаронку ад незразумелай трывогі, якая падняла на ногі местачковыя ўлады і паліцыю. Пачалося ўсё са здзічэлага крыку дзесь на ўскраіне, у раёне могілак, пасля раздаліся стрэлы ў ваколіцы, і па іх Зялёнай вуліцы прабегла некалькі чалавек — усё туды ж, у бок могілак. Тупаценне іх ног глуха аддалося ў начы, але галасоў не было чуваць, быццам гэта прабег строй салдат ці паліцыі.
Пасля на суседняй, болей наезджанай вуліцы застукалі фурманкі, там жа пачуліся галасы, нават крыкі, а недзе ля цэнтра і царквы прагырчэлі цяжкія машыны, і святло ад іх фар жоўтымі плямамі мілыанула ў тумане над дахамі местачковых хат. Сцяўшы дыханне, Агееў слухаў, спрабуючы зразумець, што адбываецца ў мястэчку, але зразумець было не так лёгка. Марыя, прыпаўшы да яго і абхапіўшы ягоныя плечы рукамі, дробна дрыжала, нібы ў гарачцы, ён хутаў яе ў кажушок і думаў, як бы не давялося ратаваць яе ў гэтую трывожную ноч. Ніжнюю адарваную дошку ў сцяне застаронка ён паказаў ёй даўно, дзяўчына магла пралезці ў гарод, але што далей? Куды ратавацца з гарода, яны так і не вырашылі.
Яны не вырашылі шмат чаго ды так і заснулі пад ранак у пяшчотных абдымках, калі гэтая малазразумелая трывога неяк сама па сабе ўляглася і ўсё навокал паступова заціхла.
У волглым застойным тумане ўсё на падворку было настылае, золкае і няўтульнае. На змакрэлым голлі віселі празрыстыя кроплі, сцякалі па мокрых камлях дрэў; туман ціха ахутваў рыжае лісце клёна і, чапляючыся ў суках, ціха клубіўся там, марудна спаўзаючы на чорны, набрынялы вільгаццю дах хаты. Агееў схамянуўся ад сцюжы і перш за ўсё падышоў да дзвярэй на кухню — клямка звечара некранутай ляжала на прабоі, значыць, Бараноўскай усё не было. Ён перастаў ужо лічыць дні і тыдні, што мінулі пасля яе ад’езду; мабыць, сапраўды ягоная гаспадыня прапала назаўжды і без знаку. Яны з Марыяй ужо з’елі паўагарода бульбы, падабралі, што можна было падабраць з ежы ў кладоўцы, але з маёмасці нічога не чапалі, абыходзіліся пакуль кажушком ды стракатаю ватнай коўдрай, што была на гарышчы. Кожны раз, прачынаючыся ў застаронку, Агееў чакаў, што хто-небудзь з’явіцца ў двары і скажа: «Ад Волкава». Але ішлі дні, а ніхто не прыходзіў, мех з адрамантаваным абуткам паранейшаму ляжаў пад сенам. He паявіўся і Кіслякоў. Агееў адчуваў сябе абсалютна закінутым і забытым, і адзінаю BroHaft уцехай была Марыя.
Ён не мог даўмецца чаму, але Марыя ўжо ўладарна і без рэшты захапіла яго пачуцці, запоўніла сабой ягоную
істоту — яго памяць, увагу, думкі — і, здаецца, ужо стала яго каханнем. He перастаючы, ён думаў пра яе і пра іхні няўдалы лёс. Наяве ці ў марах яна штодзень была з ім, і ён заўжды бачыў перад сабой яе мілае аблічча, слухаў яе асаблівую, парывістую манеру гаварыць, гатовы быў глядзець і глядзець, як яна ў размове адкідвае з ілба светлую пасмачку валасоў ці, трошкі схіліўшы галаву, прычэсваецца маленькім празрыстым грабеньчыкам, які заўжды блішчэў у яе на патыліцы. Яе тонкія трапяткія рукі былі ўвасабленнем клопату і руху, калі яна гаварыла пра што і нават калі маўчала, папраўляючы кароткі сарафанік на каленях, ці парывіста абдымала яго за плечы, прыціскаючы маленькія далонькі да яго лапатак, ці лахмаціла яго валасы. Асаблівае задавальненне для яе рабіла барада, якую ён разы два падстрыгаў нажніцамі, але пагаліць якую ў яго не было чым. Марыя лахмаціла яе рукамі, цалавала і цёрлася шчокамі, гарэзліва прыгаворваючы: «Якая ў цябе барада! Якая калючая! А ты адпусці яе, як у дзеда, во здорава будзе!»
— Што — да твару?
— Пытаешся! I кашуля гэтая дужа табе да твару. Вышытая! Ну, проста былінны герой! Ілья Мурамец!..
— Які Мурамец! Можа Салавей-разбойнік...
— He, не... Ты такі... Праўда! Адразу відаць — камандзір. — Во гэта і кепска, што адразу відаць.
— Ну і нічога, ну і нічога... Ну і добра! — горача пераконвала яна, цалуючы яго ў бараду, у шчокі, у вусны...
У такія хвіліны ён чуўся расслабленым, размораным, але амаль шчаслівым, калі б толькі не яго турботныя думкі, якія не пакідалі яго ні на імгненне, і ён усё думаў і думаў бясконца — лежачы з ёю пад кажушком, седзячы побач на коўдры, калі яна спала, на адзіноце ў двары, слухаючы гукі з вуліцы, імкнучыся заўважыць сярод іх тыя, што былі яму так патрэбны. Гаротная думка тачыла ягоную душу ўдзень і ўначы — дабром гэта не скончыцца! He можа гэта скончыцца добра ў такі бязлітасны час, на краі прадоння, за два крокі ад паліцыі, немцаў, СД. Будзе бяда! Але ён нічога не мог зрабіць з сабой і сваім непаслухмяным пачуццём, нібы ведаючы, што іншага часу для іх не будзе — што такое
не паўторыцца болей. Сапраўды, цудоўнае не доўжыцца і не здараецца часта, яно — шчаслівая рэдкасць, што выпадае чалавеку як узнагарода. Вось іх узнагародзіў лёс — добры жартаўнік ці крывадушны д’ябал, як бы ён хутка не паздзекаваўся з іх.
Яны стараліся не марыць пра будучае, не меркаваць нават, што чакае іх заўтра, a то і сёння, увечары, ноччу. Яны жылі кожным імгненнем зараз, бо толькі гэтае імгненне належала ім. Заўтра магло для іх не наступіць ніколі, учора было даўно і таксама належала не ім, хаця яны і ўспаміналі пра яго. Абуткам Агееў больш не займаўся, мястэчка, падобна, ігнаравала яго няпэўнае шавецкае майстэрства, і ён, некалькі разоў нядоўга пастаяўшы ў альтанцы, болей там не паказваўся. Харчаваліся бульбай. Апошнім часам налаўчыліся пячы яе ў прыску — печаная бульба здавалася смачнейшай, а галоўнае, была больш сытная, чым звараная. Неяк Марыя напарыла буракоў з градкі, і яны елі іх два дні — спярша гарачыя, а пасля астылыя. Удзень звычайна сядзелі на гарышчы пад дахавым акенцам, даючы волю неспатольным абдымкам і пацалункам. Размаўлялі шэптам ці напаўголасу. Зрэшты, ён болей маўчаў, Марыя ж здольная была шчабятаць, не перастаючы, і ён зрэдзьчасу перапыняў яе: «Ціха!» Рана ў Агеева амаль загаілася, толькі з ніжняга канца разрэзу сачылася брудная сукровіца, павязка трохі макрэла. Ён даўно ўжо ўпэўнена ступаў на левую нагу, хаця, калі спяшаўся, трохі кульгаў, што было прыкметна, і ён стараўся ісці цішэй; часам браў кій.
У той дзень, як заўжды ранкам, яны перабеглі з застаронка на гарышча, паелі ўчарашняй бульбы. Можа, з прычыны бяссоннай ночы Марыя была менш разгаворлівая, чым заўжды, бульбу амаль не ела, болей падкладвала яму і часта ўздыхала. Яны сядзелі на разасланай пад дахавым акном коўдры, ражком якой яна прыкрывала азяблыя ногі, і раптам запыталася ў яго без усялякай сувязі з тым, пра што яны размаўлялі:
— Алежка, а мы загінем?
Ён здзіўлена зірнуў на яе, у яе вялікія вочы, у якіх застылі боль і надзея.
— Чаго ты? Чаму ты так?
— Я хачу ведаць, што нас чакае.
— Што нас чакае — хто ж табе скажа? Я хіба ведаю? Але мы будзем жыць. Інакш і быць не можа.
— А немцы?
— Што немцы?
— Немцы нас перамогуць?
Во дзівачка, падумаў ён, пра што яна непакоіцца! Зрэшты, хіба не тым самым быў занепакоены і ён? Але ён нават на хвіліну не мог дазволіць сабе пагадзіцца, што іхняе існаванне безнадзейнае, што перамога будзе за Гітлерам. Ён адганяў ад сябе гэтыя чорныя думкі — незалежна ад таго, як яно будзе далей, ён павінен быў верыць у нашу перамогу. Канечне, абое яны могуць не дажыць да перамогі, але гэта ўжо другое пытанне, і на яго павінен быць інакшы адказ.
— Вось што, Марыя, — сказаў ён рашуча. — Ніколі немцы нас не перамогуць...
— Чаму?
— Хоць бы таму, што... Што Расію ніхто і ніколі не перамагаў. Гэта немагчыма.
— А ты ўпэўнены?
— Абсалютна.
— Ну, дзякуй, — сказала яна, падумаўшы, і адхінулася на локаць. — A то... Ты ведаеш... Здаецца, я зацяжарала.
— Во як!
He ведаючы яшчэ, узрадавацца яму ці апанурыцца, ён абняў яе за плечы, прыцягнуў да сябе, ціхенька пагладзіў яе па валасах. Пачуццё яго не было гатовае да такога павароту справы, але цвярозы, заўжды напружаны розум ужо вынес свой хуткі прысуд, які быў падобны на трудны і сумны ўздых — ох, не на добрае гэта. Яно і сапраўды не на добрае, але што ў гэтае лета і восень было на добрае? Усё на бяду, на пагібель у горы і роспачы...
— Ладна, — сказала яна, далікатна вызваляючыся з ягоных абдымкаў. — Ты толькі не перажывай. Калі што — я сама вінаватая. Лепш раскажы пра сябе.
— Што расказаць?
— Ну, як ты жыў. Раскажы пра сваю маму. Дзе яна? Жывая?
— Была жывая. I бацька таксама жывы быў. Але што расказваць — калгаснікі.
— А як ты камандзірам стаў? Напэўна, вучылішча скончыў?
— Вучылішча, вядома. Але гэта проста. У мяне, бачыш, дзядзька вайскоўцам быў. Зрэдзьчасу прыязджаў у вёску. Во я нагледзеўся на яго і падаўся ў вучылішча. Вайсковая служба цяжкая, але падабалася. Ды што там... Лепш ты раскажы пра сябе. Ты ў Мінску і нарадзілася?
— У Мінску. Панімаеш, я расла паміж бацькам і маці — можаш сабе ўявіць такое? Справа ў тым... Справа ў тым, што болей нясхожых людзей, чым мае бацькі, цяжка сабе і ўявіць. Бацька паходжаннем з сялян, некалі скончыў настаўніцкую семінарыю, доўга настаўнічаў, пасля перайшоў у Інбелкульт — быў такі ў Мінску. Бацька заўжды жыў у народнай стыхіі — фальклоры, гісторыі Беларусі. Заўжды даследаванні, летапісы, старая літаратура, пасля пайшлі экспедыцыі. Размаўляў дома ці там на вуліцы, у трамваі, у магазіне толькі па-беларуску. Некаторыя на яго азіраліся, у горадзе ж яно не прынята, каб так, па-вясковаму. А ён прынцыпова. А вось мама мая, хоць таксама паходзіла з вёскі, але пажыла ў горадзе, і так, ведаеш, палюбілася ёй усё гарадское, што ўсё ранейшае, вясковае, зненавідзела. Яна таксама прынцыпова не магла прыняць нічагусенькі, што хоць бы трохі нагадвала вёску. He прызнавала ні песняў, ні казак, ніякага фальклору, не любіла мужыкоў, вясковай гразі ў разводдзе, нават вясковай жывёлы. Ну, а ўжо як яна здзеквалася з мовы, з гутаркі па-белпруску, тут у яе проста талент быў сатырычны. У бацькі было шмат знаёмых — вяскоўцаў — ну, там як ездзілі ў экспедыцыі, дык ён усім даваў наш мінскі адрас, і вось калі зімой пад’язджаюць сані, прыходзіць мужык ці двое адразу — у кажухах, лапцях, ды яшчэ мокрыя, у снезе. Бацька іх распранае, вядзе ў кабінет, у лапцях, вядома, там доўгая размова, ну, і чарку калі возьмуць. Але мама туды ні нагой — бацька сам іх частуе. Малую маці мяне яшчэ пускала туды паглядзець-паслухаць, а як падрас-