Поўны збор твораў. Том 6
Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Памер: 560с.
Мінск 2006
— Ну, што скажаш? — урачыста пытаўся сын, памахваючы перад бацькам свежанькім ордэрам.
— Далёка пойдзеш! — са злым захапленнем сказаў бацька.
— Цудоўна! Калі б не так подла, — кінула нявестка.
— Ну вы даёце! — здзівіўся Аркадзь. — Я вас не пайму.
Мяркуючы па ўсім, ён і сапраўды не зразумеў нічога, і Агееў-бацька не стаў тлумачыць, тым болып што маці тут жа атэставала яго з уласцівай ёй лаканічнай катэгарычнасцю: «Дурань!» Ён толькі прыпамятаў недзе пачуты ім каламбур на кватэрную тэму: «Партызаны хай пачакаюць, яшчэ партызанскія дзеці не ўсе забяспечаны».
...Агееў нетаропка працаваў у кар’еры, акуратна сачыў за часам і роўна праз сорак пяць хвілін даваў сабе адпачынак. Тры чвэрці гадзіны мернай, без асаблівага напружання пра-
цы і пятнаццаць хвілін адпачынку, якія ён скарыстоўваў тут жа, прысеўшы на кінуты кружок фанеркі — сядзенне ад старога крэсла. У небе плылі разрозненыя кучавыя аблокі, часам закрываючы гарачае сонца, і голы абрыў насупраць то нікнуў у цяні, то ярка і горача ззяў сваім вымытым, гліністым бокам. Агееў працаваў усё ў тым жа сінім трыко, якое дужа аблезла за лета. Было душна, грудзі і плечы надта пацелі, хацелася піць, але да перапынку ён наважыўся ўстрымацца ад вады, каб не перагружаць сэрца. У поўдзень смага пабольшала, і ён рашыў даць сабе перапынак на абед, а галоўнае, прынесці свежай вады і напіцца. Тая, што заставалася ў бітончыку ля палаткі, мабыць, ужо нагрэлася і гадзілася хіба што памыцца.
Уваткнуўшы ў зямлю рыдлёўку, ён выйшаў з кар’ера, і ягоную ўвагу чымсьці прыцягнулі могілкі. Паміж чорных каравых камлёў дрэў, драўляных і металічных надмагільных крыжоў, да паловы схаваных ад пагляду каменнай агароджай, у зеляніне бухматага кустоўя мільганулі непакрытыя галовы людзей, цёмныя хусцінкі некалькіх жанчын, хтось прайшоў з букетам кветак, чуліся нягучныя галасы — там кагосьці хавалі. Могілкі былі старыя і здаваліся Агееву даўно закінутымі, за лета ён ні разу не схадзіў за сцяну-агароджу і думаў, што там ужо і не хаваюць. Аднак вось хавалі. Падышоўшы да агароджы, ён з цікаўнасцю зазірнуў у іх глыбіню — невялікая кучка пажылых людзей сабралася ля свежавыкапанай магілы, труны, аднак, там не было відаць, наогул там няшмат чаго было відаць адсюль, могілкі надта зараслі кустоўем. Недзе ў купцы людзей, аднак, мільганула знаёмая постаць — адстаўнога падпалкоўніка, які нядаўна пісаў на яго акт, і Агееў адразу, неяк без дай прычыны падумаў: хаваюць ветэрана.
Палатка яго хаця і стаяла наводшыбе, але была навідавоку; ён спаласнуў рот цёплай вадой з бітончыка, паліў на рукі і падумаў, што ў такую хвіліну заставацца тут будзе няёмка, мабыць, трэба схадзіць на пахаванне. Нетаропка, адольваючы стому, пераадзеўся ў непрасаваную, але трохі чысцейшую кашулю ў дробную клетачку і пайшоў уніз на дарогу. Цераз пралом у каменнай агароджы, затулены з дарогі дзя-
доўнікам і крапівой, на могілкі прашмыгнулі знаёмыя яго хлапчукі Шурка з Артурам, ён хацеў іх гукнуць, каб запытацца, каго хаваюць, але не паспеў. Праз высокі арачны праём увайшоў у густы прахалодны цень ад старых вязаў, якія зусім самкнуліся ў вышыні, дарожкай прайшоў да блізкае павароткі паміж магіл. Самотная кучка людзей цесна стоўпілася каля свежага землянога насыпу, мабыць, ужо ў апошнія хвіліны развітання, данесліся асобныя галасы, апошнія словы пахвалы нябожчыку:
— А які ж чулы быў...
— Заслужаны быў, усю вайну прайшоў...
— He ганарысты, не... Мяккую душу меў...
— Царства яму нябеснае, — выдыхнуў немалады жаночы голас, і Агееў пашукаў вачыма, каб знайсці каго-небудзь знаёмага, лепш бы, вядома, Сямёна. Ужо ён павінен тут быць. Мяркуючы па ўсім, хавалі чалавека сталых гадоў, можа, якога адстаўніка ці настаўніка-пенсіянера — на пахаванне кіраўніка раённага звяна гэта было мала падобна — не той маштаб, не такі характар гаворкі.
Трохі не дайшоўшы да магілы, Агееў спыніўся — два мужчыны ўжо апускалі на вяроўках труну ў вузкую шчыліну магілы, здушана заплакала жынчына ў цёмнай касынцы, астатнія стаялі моўчкі, з панылай засяроджанасцю на немаладых, аднолькава журботных тварах. Ён не стаў падыходзіць бліжэй, пазіраючы збоку, і да яго не падышоў ніхто. Знаёмых тут не было відаць, ні Сямёна, ні нават таго падпалкоўніка, якога ён згледзеў з-за агароджы. Раптам усе ў гэтым натоўпе заварушыліся, па адным і па два пачалі кідаць жменькі зямлі ў магілу, і Агееву прыпомнілася такая вось сцэна на могілках у яго даўнім маленстве, як хавалі цётку. Тады гэта было ўвосень, парой лістападу, усе магілы і чорныя помнікі гарадскіх могілак былі ўсыпаны чырвона-жоўтым разлапістым лісцем клёнаў, цётчын твар у белых карунках прыгожа вылучаўся васковай схуднеласцю ў чорнай труне, і было падобна, што цётка толькі прылегла і ўсё чуе, што адбываецца навокал. Нябожчыца ўсё жыццё пражыла ў горадзе, ён яе бачыў усяго разы два да таго і цяпер вось бачыў у труне. Тады яму было ўсяго гадоў пяць, і ён упер-
шыню прысутнічаў на такой важнай падзеі, як пахаванне, дзе ўсё здавалася такім страхавіта цікавым і значным. Толькі калі цётку накрылі ў труне чорным векам і пачалі забіваць па краях даўгімі цвікамі, ён раптам заплакаў, спалохаўшыся, што цётка цяпер не вылезе з забітай труны. Маці, што трымала яго за руку, скаланулася і таксама заплакала, пакуль астатнія, як вось зараз, не пачалі кідаць жмені зямлі ў магілу. Тады яна пацягнула яго за руку — ён таксама павінен быў кінуць свае тры жменькі — каб не хварэць і жыць доўга, як цётка Вольга. Тое пахаванне было для яго першай і самай памятнай падзеяй у раннім дзяцінстве; пасля ён і хварэў, і ваяваў, сам забіваў ворагаў і яго хацелі забіць, і вось ён стаў дзедам. Колькі разоў даводзілася яму хаваць ці ўдзельнічаць у пахаванні, але заўжды ў апошні момант ён стараўся кінуць у магілу тры свае жменькі зямлі — так моцна ўвайшоў у яго свядомасць гэты старажытны звычай, які валодаў нейкаю незразумелай чароўнаю сілай.
Магілу закопвалі ў тры ці чатыры рыдлёўкі. Спярша там гулка аддаваліся цяжкія ўдары зямлі аб века труны, пасля гэтыя ўдары пачалі глухнуць і сціхлі зусім, калі магіла напоўнілася зямлёй. На тым баку нехта ўжо трымаў чырвоную пірамідку з чорнай таблічкай на баку, і Агееў раптам ірвануўся наперад. Ён нічога яшчэ не разабраў на гэтай таблічцы, здалёку яшчэ нельга было згледзець ніводнай там літары, але, адчуўшы знянацку ўдар пад сэрцам, сцяміў — гэта ж ён! Бог мой!.. Як жа так?.. Як жа?..
Ад магілы адступіліся, двое мужчын падбіралі рыдлёўкамі зямлю, трэці раўняў яе на магілцы. Штурхануўшы худога мужчыну з рудой ад загару шыяй, Агееў праціснуўся наперад і блізарука нагнуўся да пірамідкі. Зрэшты, ён ужо ведаў, што там напісана, і хвіліну пазіраў недаўменна, не ў стане засвоіць дзікі сэнс трох слоў, не надта прыгожа выведзеных белаю фарбай на чорным фоне:
СЯМЁНАЎ
Сямён Іванавіч 1916-1983 гг.
Ашаломлена замёршы каля магілы, ён не адчуваў, як з-
пад ног выграбалі рэшту зямлі і ён яўна замінаў рабочым. На хвіліну страціў сілы і — падобна — розум, так яго збянтэжыла гэтая нечаканая смерць. «Толькі ж яшчэ заўчора... Толькі тут сядзелі... Заўчора...» — праносілася ў яго збянтэжанай свядомасці.
Гэтыя ці падобныя да іх думкі авалодвалі ім не ўпершыню. Многа разоў, калі ён чуў пра нечаканую смерць знаёмага чалавека, разам з міжвольным пратэстам супраць таго паяўлялася адчуванне недарэчнасці, непаразумення, і ў глыбіні свядомасці бліскала надзея, што вось-вось нешта зменіцца, справядлівасць пераможа і вестка пра смерць акажацца фальшывай. Трохі пазней і паступова розум прывыкаў і мірыўся, але спярша, як цяпер вось, гэтае пачуццёпратэст было такім моцным, што смерць здавалася нерэальнай, нібы яна толькі прыснілася.
Але і на гэты раз смерць не прыснілася, усе дробязі гэтага пахавання былі надта рэальныя і зусім паслядоўныя. Магілу закапалі, усё зараўнялі, падчысцілі, зверху паклалі кветкі з пасялковых гародчыкаў. Ля пірамідкі барвова чырванела плюшавая падушачка з узнагародамі — адна на ўсе, заслужаныя нябожчыкам: сярод тузіна старых медалёў на заношаных стужках вылучаліся два ордэны Чырвонай Зоркі. Побач у журботна знямелых паставах стаялі два высокія маладыя яшчэ чалавекі, зірнуўшы на аднаго з якіх — у вайсковым, з пагонамі прапаршчыка, — Агееў зразумеў, што гэта — сын. Напэўна, такім жа калісьці быў Сямёнаў-бацька: хударлявы, шырокай касці, даўганогі і даўгарукі малады чалавек з трошкі плоскімі грудзямі і шырокім разваротам плячэй.
Людзі з пахавання пачалі разыходзіцца, па адным і групамі пакідаючы магілу, засталося некалькі чалавек, можа, самых блізкіх нябожчыку, і сярод іх той самы адстаўны падпалкоўнік, якога ён убачыў здаля. Спатнелы, не зважаючы на засень, у цёмным пінжаку з многімі радамі ордэнскіх планак на грудзях, ён і тут па-начальніцку распараджаўся, тупаючы каля магілы.
— А ўзнагароды чаму аставілі? He палагаецца. Таварыш Хаміч, вазьміце! — загадаў ён нізенькаму пажылому ўжо
чалавеку ў ботах, і той узяў падушку, перакінуў яе пад паху — медалі ціхенька забразгалі на яго баку. Усе з палёгкай накіраваліся да выхада. На могілках засталіся толькі дзве жанчыны, якія заканчвалі прыбіраць магілу: стараватая ў цёмнай хусцінцы і маладзейшая з тонкай, туга сцятай джынсамі таліяй. Усё пакутуючы ад нечаканасці гэтае смерці, Агееў запытаўся:
— Як гэта здарылася?
Маладая зірнула на яго і не адказала, ставячы букеты ў шкляныя слоікі, а стараватая, не адразу, памаўчаўшы, сказала, тоячы пэўнае значэнне:
— Здарылася! Даўно павінна было здарыцца...
Агееў не адчуў у яе словах ні жальбы да нябожчыка, ні належнай добразычлівасці да сябе і падумаў: жонка.
Жанчыны яшчэ заставаліся, а ён пайшоў па дарожцы з могілак, выйшаў на дарогу, падняўся па адхоне да сваёй палаткі. Рабіць тут не было чаго, блізкасць свежай магілы, а галоўнае, гэтая нечаканая смерць прыгняталі яго, і ён задуменна пабрыў далей, да самага абрыву. За тыдні ягонай працы ў гэтым кар’еры ён неяк неўпрыкмет прывык да Сямёна, яго бясхітраснай прастадушнай натуры, якой, можа, не хапала яму для дружбы ці проста прыяцельскіх узаемаадносін у яго гарадскім жыцці. Сярод саслужыўцаў па інстытуце такіх, пэўна, не было ніводнага, мабыць, такія па адным ужо выводзіліся, уступаючы месца іншым характарам з яўна выяўленым імкненнем да лідэрства, рознага роду пераваг, напоўненых клопатамі аб дабрабыце і дробязнай прэстыжнасці. Сямён жа не прэтэндаваў ні на што, апроч хіба шклянкі віна ды кароценькай увагі да яго апавяданняў пра перажытое мінулае. I трэба ж — такая раптоўная смерць! А яму нават не прыснілася ноччу нічога такога, што б прадказала гэты канец, проста ноч выдалася на рэдкасць глухой, без сноў. Ці, можа, ён забыў усё да світання?