• Часопісы
  • Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 6

    Аповесці, раман
    Васіль Быкаў

    Памер: 560с.
    Мінск 2006
    148.44 МБ
    Па той бок кар’ера ад поля расло некалькі чэзлых, абгрызеных козамі дрэўцаў, якія кідалі вузкія цені ад абрыву. Ён падышоў да іх, стомлена апусціўся на траву і пачаў задумліва азіраць зверху свой злашчасны кар’ер, могілкі, магутны заслон старых дрэў на іх, зеляніну садкоў і дахі ўскраінных
    хат пасялковай вуліцы. За аброслым крапівой і дзядоўнікам плотам насупраць ярка ззяла насустрач нізкаму сонцу некалькі жоўтых галовак сланечніку, і Агееў прыпомніў, як Сямён некалькі дзён таму абяцаў расказаць, што калісь ледзьве не атрымаў Героя. Аркадзь, мабыць, усумніўся, палічыўшы тыя словы пахвальбой, але Агееў быў гатовы паверыць. Шкада, цяпер ужо ніколі ён не раскажа пра свае ваенныя подзвігі і пра свае пакуты, што, зрэшты, на вайне адно і тое ж.
    Агееў сядзеў і думаў, што нябожчык і на самай справе мог заслужыць Героя, такія характары здольныя на самыя высокія, часта нават не зусім усвядомленыя імі подзвігі, бо ім не ўласцівы разлік, хітрасць — як дзеці, яны дзейнічаюць па першым клічы натуры. Натура ж іх недалёка адышлася ад прыроды, дзе ўсё рашаюць эмоцыі, і істота цалкам належыць віду, наследуючы ўсе яго характэрныя рысы і падпарадкуючыся яго спрадвечнае логіцы. Напэўна, таму такія рэдкія і нехарактэрныя выпадкі ўзаемазнішчэння ўнутры віду, які ўвасабляе сваю відавую мудрасць у паводзінах сваіх істот.
    Героя ён зусім мог заслужаць у баі ці разведцы, пры фарсіраванні ракі, у абароне ці акружэнні. Але гэта зусім не значыла, што заслужанае аўтаматычна ператвараецца ў заробленае і як заробленае аплачваецца. Будучы з’явай выключнай, подзвіг, можа, болей за ўсё падлеглы элементу суб’ектыўнасці ў яго ацэнцы, якая залежыць ад многіх людзей і абставін. Агееў памятаў выпадак у іх стралковым палку, калі ўзнагароджвалі групу аўтаматчыкаў за фарсіраванне Нёмана ўлетку сорак чацвёртага года. Група была невялікая, каля дванаццаці чалавек, яна першая перабралася на другі бераг і на працягу сутак абараняла плацдарм. Жывымі засталіся толькі пяць чалавек, і сярод іх сяржант Белаброўцаў, што з ручнога кулямёта адбіў восем нямецкіх атак. Усе яны былі ўзнагароджаны ордэнамі, апроч Белаброўцава, які, аказалася, год назад быў у палоне, чаго было даволі, каб узнагароду яму панізілі да медаля «За адвагу». Сямёнаў быў у палоне таксама і нават служыў у паліцыі...
    Мог ён і страціць Залатую Зорку, як знаёмы Агеева ма-
    лодшы лейтэнант Мількоў, удалы разведчык, чалавек незвычайнай адвагі. 3 якой толькі калатнечы не выбіраўся ён на фронце, плоцячы за тое хіба што лёгкімі раненнямі, адно з якіх, па сутнасці, і загубіла яго маладое жыццё. Трапіўшы з прастрэленай рукой у армейскі ГЛР, размешчаны ў недалёкім тыле, Мількоў, напэўна, рашыў, што тут ужо можна расслабіцца — немцы і начальства далёка. Набраўшыся польскага бімберу, ён учыніў п’яную бойку з прымяненнем зброі, не паслухаў старшых афіцэраў, быў арыштаваны камендантам гарнізона, аддадзены пад суд ваеннага трыбунала, пазбаўлены звання Героя і адпраўлены радавым у штрафную роту без ніводнай з заслужаных ім дзевяці ўзнагарод.
    Трохі менш сумны лёс праўдалюбца старшыны Ступакова, артылерыста-супрацьтанкіста, які, застаўшыся адзін ля гарматы, падбіў з яе восем танкаў. Праўда, спярша артылерыстаў было два, ён і ягоны зямляк, які загінуў у разгар паядынку, Ступакоў быў паранены, усе падбітыя танкі залічылі яму і прадставілі яго да звання Героя Савецкага Саюза. Аднак прэтэндэнт на Героя, любячы праўду больш, чым узнагароды, пачаў усюды пісаць, што да гэтага звання трэба прадставіць і ягонага забітага сябра, бо той падбіў пяць з васьмі танкаў і таму заслужыў яго з яшчэ большым правам. Скончылася, аднак, тым, што начальства адклікала прадстаўленне, і Героя не атрымаў ніхто. Праўда, праз месяц Ступакова ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны другой ступені.
    I вось цяпер яшчэ адзін неардынарны ваенны лёс, які пакінуў без адказу шэраг пытанняў, не праясніў многіх загадкавых абставін.
    А дзе разгадка яго шматгадовай загадкі? Разгадаецца яна калі-небудзь, ці і яму наканавана, як Сямёну Сямёнаву, пакінуць яе жывым? Або цалкам узяць у магілу?
    Зусім трохі заставалася яму працы — на дзень, не болей, і ён з чыстым сумленнем мог палічыць, што перавярнуў увесь кар’ер і не знайшоў нічога. Яе тут няма, значыць, яна магла выжыць. I з ёй магло выжыць новае, невядомае яму жыццё, якое цяпер зрабілася для яго важней за ўсё на свеце. Чамусьці на гэтым нязнаным жыцці сышоўся няскладны ягоны лёс — пралёг у будучыню. Гэта была тоненькая саломінка
    ў полі, маленькая іскрынка на ветры, але яна давала надзею. Агееў ужо выразна адчуваў, што яго існаванне без яе траціла ўсякі сэнс. 3 ёй жа — неспазнанай і загадкавай — усё рабілася інакшым, жыццё набывала сэнс, змест, а галоўнае — яно прадаўжалася. Няхай у іншых формах, у іншым аб’ёме і часе, але яно суцяшала. Іншага суцяшэння для Агеева ўжо не заставалася на гэтай зямлі, і ён вельмі шкадаваў, што надта позна зразумеў гэта.
    Тое, што павінна было стацца паміж маладымі людзьмі, сталася на трэцюю ноч іх начлегу ў застаронку, і яны апынуліся нарэшце пад адным кажушком на тапчане. Дождж на падворку ўжо не ішоў, але над сядзібай па-ранейшаму гуляў сцюдзёны восеньскі вецер, які, павярнуўшы з поўначы, наскрозь прадзімаў застаронак. I ўсё ж тут было зацішней, чым на вялізным гарышчы, а галоўнае — тут здавалася болей бяспечна. Побач быў непрыкметны ход на гарод, дзе пад каменем ляжаў пісталет. Той ноччу яны доўга не маглі заснуць і ціхенька гутарылі пра ўсё. Марыя хутка пазбылася сваіх беспадстаўных страхаў і смяшліва хіхікала пад кажушком у адказ на стрыманыя жарты Агеева, якімі той адгукаўся з сена. Абое яны быццам забыліся, дзе знаходзіліся, забыліся, што ў свеце грымела вайна і небяспека пагражала кожнаму. Ім было добра разам, і ў пачуццях Агеева тлеларасла рашучасць, якую нарэшце немагчыма стрымаць. Скінуўшы з сябе ахапак сена, ён падышоў да тапчана і прыўзняў палу кажушка. Марыя, наперакор яго спадзяванню і свайму палахліваму «не», пасунулася да сцяны.
    Тая ноч для абаіх мінула без сну, у мешаніне пачуццяў, неадольнай пяшчоце, якая нечакана авалодала імі, і толькі пад ранак яны ўсё ж забыліся ў кароткім сне. На світанні Марыя прачнулася першая, саскочыла з тапчана. Следам прахапіўся Агееў і, нібы з пахмелля, мала што разумеючы, скіраваў на яе недаўменны позірк.
    — Куды ты?
    Спярша яна ўся заўсміхалася, а пасля, насцярожаная і зваблівая ў сваёй цнатлівай збянтэжанасці, асцярожна ступіла да яго і з недзяўчачай, хутчэй мацярынскай пяшчотай пацалавала яго каля вуснаў. Прыгадаўшы ўсё, што здарыла-
    ся паміж імі ў гэтую непагодную ноч, ён паморшчыўся, падумаўшы, што, мабыць, Марыя пачне папракаць яго, можа, нават заплача. Ён не трываў папрокаў, тым болей жаночых слёз, але яна толькі гаротна ўздыхнула і сказала шэптам, поўным захаплення і ўдзячнасці:
    — Алег! Алежка... Дзякуй табе...
    — За што ж дзякуй, дзівачка?..
    Ён абняў яе за вузкія плечы, далікатна прыцягнуў да сябе.
    — За ўсё, усё дзякуй.
    Аднак ужо развіднелася, і яны спяшаліся пакінуць застаронак, удзень бяспечней было хавацца ў вялікім доме з яго кухняй, кладоўкай, гарышчам. Звычайна, пакуль Марыя гатавала што-небудзь паесці, ён хадзў па падворку, пільнаваў яе ад вуліцы, каб пры выпадку, калі хто зойдзе, затрымаць яго і даць ёй магчымасць схавацца. Дранікаў яна ўжо не пякла, скончыўся тлушч у слоіку, і Марыя варыла бульбу, якую яны елі, макаючы ў соль на талерцы. Хутаючыся ў ватоўку, Агееў стаяў ля клёнаў і пазіраў угару на дах дома, чакаў, калі з коміна пойдзе дым — значыць, Марыя запаліла ў пліце, трэба было прычакаць, калі зварыцца бульба. Усё, што здарылася ноччу, цяпер прыпаміналася з прыкрасцю ў яго неспакойных пачуццях, і на цвярозую галаву ён пачаў дакараць сябе за тое, што ў адносінах з ёю дайшоў да таго. Канечне, з гэтай дзяўчынай цяжка было ўстрымацца ад граха, але ўсё ж ён павінен быў праявіць волю і ўтрымаць сябе ад апошняга кроку. Але во не знайшоў у сабе гэтай волі, паплыў па хвалях пачуццяў ды яшчэ ў такі самы непрыдатны для таго час. На свеце грымела вайна, ягоныя таварышы гінулі на фронце, а ён чым заняўся? Ды і яна вінавата — прыйшла, падпусціла... Што цяпер будзе? Нічога, вядома, добрага — гэта ён ведаў напэўна, будзе абаім кепска. Але гэта ён думаў зараз, разважаючы халоднай галавой, а на сэрцы ў яго наперакор усяму журчэла ціхая пяшчота да гэтай мілай дзяўчыны, якая так безаглядна і даверліва аддалася яму. I ён гатовы быў яе апекаваць, дапамагаць ёй у той пастцы, куды яе загнала вайна, нават гатовы быў пацярпець за яе — ён не адчуваў у тым гнятлівасці — хутчэй рашучасць і нявыказанаю ціхую радасць.
    Праўда, радасць яго хутка міналася.
    У такія вось ціхія хвіліны, калі ён заставаўся сам-насам, у ім узнікаў і ахопліваў яго ўсё большы неспакой з тае прычыны, што ішоў час, а яго пражыванню тут не відаць канца. Hara яго спакваля ўваходзіла ў норму, рана гаілася, і ён, трохі кульгаючы, ужо без кія мог хадзіць па падворку, выходзіць на вуліцу. Яму здавалася, што ён ужо здолеў бы паціху пусціцца на ўсход, да сваіх. Але во бяда, фронт усё не спыняўся, нашы адступалі, і, мяркуючы па ўсім, баі ішлі дзесь за Смаленскам, можа, пад Масквой нават. Зрэшты, дакладна ён нічога не ведаў, усе сувязі яго парваліся, з лесу ніхто не прыходзіў. Ужо быў адрамантаваны ўвесь абутак, поўны мех якога ён запіхаў пад сена ў застаронку, каб аддаць таму, хто па яго прыйдзе. Але па абутак ніхто не прыходзіў, недзе прапаў Кіслякоў, і Агеевым усё болей авалодвала трывога ад сваёй адасобленасці, такой доўгай адзіноты. Ён пачаў ужо шкадаваць, што расказаў Кіслякову аб сваіх адносінах з паліцыяй, пра што той, вядома ж, перадаў Волкаву, і вось у выніку крыўдны недавер да яго. Вельмі падобна было на тое. Але гэта было б жахліва, гэта знішчыла б яго маральна, зусім не даўшы магчымасці што-колечы растлумачыць, у чымсь апраўдацца. Для сканчэння гэтай недарэчнасці не хапала хіба, каб яны пакаралі яго. Якая ў такіх умовах магла быць кара, ён ужо здагадваўся.
    Зашчапіўшы дзверы на кухні, яны моўчкі паелі бульбы, якая, аднак, толькі ненадоўга спатоліла голад, і Марыя штось прыкмеціла ў ягоным позірку ці, можа, адчула ў яго настроі. Яна з’ела ўсяго тры бульбіны, рэшту ў талерцы падсунула яму, і ён даеў усё.