Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
ла, забараніла і заходзіць. Але, мабыць, позна. У мяне такая цікавасць з’явілася, што я гэтых дзядзькоў дагэтуль усіх памятаю. Ну, і неяк пасля шостага класа паехала з бацькам у экспедыцыю. Помню, на Палессе, да камунараў. Мама сабралася ў Сочы, мяне з сабой брала, а я ўпёрлася: хачу на Палессе. Столькі аб ім чула з размоў, ад бацькі. Скандал быў, плакала, але дабілася свайго — паехала з бацькам. A мама пакаціла на мора з сяброўкай, жонкай аднаго адказнага работніка з ЦВК.
— А як вы там жылі, у экспедыцыі?
— О, там быў рай! Дзе-небудзь у лясной вёсачцы, кватэра ў якой-небудзь цёткі Лушы або цёткі Альбіны, а ў той карова з цялушкай, конь, сабака, авечак з ягняткамі штук восем, парасяты, піскаляты. Страх як цікава было! Пасябрую, бывала, з рабятамі, на начлег ездзім, коней пасвім. У рэчцы купаемся, ракаў ловім, ну, і рыбу, вядома. А кветак колькі ў полі, на лузе. А лес! Якія лясы там — ягад, грыбоў процьма. He, я і цяпер не магу спакойна прыпамінаць усё тое. Я ж і сюды во да стрыечнай сястры прыехала — па ягады хадзіць. Так ягады люблю збіраць... I вось пазбірала...
Марыя змоўкла і трошкі ўсхліпнула — ціхенька і адзін толькі раз. Агееў далікатна правёў рукой па яе плячы, яна праглынула слёзы і хутка супакоілася, усміхнулася яму з ціхай самотнай радасцю.
— Ну ўсё, нічога... I вось, разумееш, апроч таго, бацька мяне далучыў да сваёй стыхіі — збору народнай мудрасці, розных там фразеалагізмаў, прымавак. I песень. Жніўныя, калядныя, вясельныя, абрадавыя і яшчэ бог ведае якія. Ён ведаў. Ну, і я старалася, нават некалькі песень сама запісала ад цётак і бабак на Любаншчыне. Вось, напрыклад, паслухай:
Мая матуля забедавала:
Дзе мая дочка заначавала? Заначавала ў цёмным бору Пад каліною, Пад каліною,
Белыя ручкі пад галавою.
Праспявала яна ціхенька, амаль шэптам, гаротна і меладычна.
— I яшчэ памятаю... Хочаш паслухаць?
— He, ведаеш, усё ж чутна, мабыць. А наогул добра ты гэта — па-беларуску.
— Ага, за лета так прывыкну да беларускай мовы, што, калі вярнуся ў Мінск, доўга яшчэ не магу перайсці на рускую. Мама здзіўляецца, нават сварыцца на мяне і бацьку. A я тады знарок. Мне — пажалуста, а я — калі ласка. Мне — да свідання, а я — да пабачэння. Мне — плацце, а я — сукенка. А што? Хіба горш? Такая ж славянская мова, як руская ці ўкраінская, — не лепшая і не горшая — раўназначная.
— Гэта ты малайчына, — сказаў Агееў. — А мне, ведаеш, дзеравенцу, у арміі давялося... памучыцца. Пакуль адвык ад сваёй, рускай авалодаў. I пасля яшчэ дражнілі «трапка, братка».
— Ну, у арміі, там, можа, і трэба, каб усё па-руску. А ў Мінску чаго мне саромецца? У сваёй рэспубліцы. Але ў горадзе таго не разумеюць, затое ў вёсцы было раздолле. Так любіла, як бабы спяваюць. Во як увечары з поля ідуць — чутно і тут, і там, за гарою і пад лесам, песні працяжныя такія, прыгожыя, ды так слаўненька цягнуць на два галасы.
Агееў слухаў і трохі здзіўляўся ў душы — усё тое было для яго новым і нязвыклым нават. Васемнаццаць гадоў свайго жыцця ён правёў у вёсцы ў той самай стыхіі, пра якую з такім захапленнем апавядала Марыя, але ў яго не было і ў думках захапляцца тагачасным жыццём, ён проста яго не заўважаў, як не заўважаюць паветра, якім дыхаюць. Ну, спявалі, ну, размаўлялі па-беларуску, ці, як казалі ў іх, патутэйшаму; але хіба ў тым была якая культура? Культура здавалася тады ў горадзе, дзе тэатры, кіно, дзе спяваюць расфранчаныя актрысы і розныя вучоныя людзі размаўляюць чыста па-гарадскому, а то і на замежных мовах. У арміі ж яму каштавала клопату пазбыцца звыклага акцэнту ў вымаўленні, якое адразу выдавала ў ім беларуса і часам рабілася прадметам насмешак сяброў. А яна — глядзі ты! Гараджанка, а з такой цікавасцю і нават захапленнем да ўсяго, такога для яго звычайнага, вясковага.
Ласкава абняўшы Марыю, Агееў слухаў яе ціхенькі, журботны голас, пранікаючыся яе настальгічным пачуццём
да нядаўна перажытага, а ў свядомасці яго гучалі яе словы, сказаныя без усялякай сувязі з успамінамі. Гэта ж трэба, дажыў да чаго, думаў Агееў, ён будзе бацькам — аднак выбраў жа час! А як ёй у такі час стаць маці? Гэта чорт ведае што, як яно ўсё ўскладняла, заблытвала, пагражала новымі бедамі. Але што рабіць? Калі так, дык, напэўна, нічога ўжо не зробіш, застаецца адно — чакаць.
Чаго дачакаешся толькі?
Ён і так чакаў увесь час у мястэчку, чакаў рознага. Спярша — калі загоіцца рана, калі вернецца яго Бараноўская, чакаў прыходу Кіслякова ці каго-небудзь ад Волкава, са страхам і непрыязню чакаў паяўлення Кавешкі або Драздзенкі, налёту паліцыі, выкрыцця, арышту. Увесь яго час тут мінуў у трывожным чаканні — лепшага або горшага. Але ўсё ў гэтай сядзібе нібы стаілася, сціхла, ішоў час, а ў ягоным становішчы нішто не мянялася. Можа, накоплівалася, ці што? A пасля як бы не выбухнула бядой, няшчасцем — цяпер ужо для дваіх, вось што горш за ўсё. Зрэшты, мабыць, ужо і для траіх...
Калі Марыя ненадоўга сціхла, прыслухоўваючыся да невыразных гукаў унізе, ён падхапіўся і ўстаў.
— Ты пасядзі. Я спушчуся, зірну.
Трэба было паглядзець, хоць бы дзеля перастрахоўкі, для ўпэўненасці, што ў двары ўсё ціха і няма ніякіх падстаў для трывогі, а таксама ў выпадку, калі да яго хто прыйшоў ад патрэбных людзей. Па крутой драбіне ён спусціўся ў цёмную кладоўку, выйшаў на кухню. Пасярод стала прыкрыты чыстай анучкай бялеў састаўлены Марыяй посуд — талерка, лыжка і кубак, строга на аднаго чалавека, нішто тут не павінна было навесці на думку, што ў доме яшчэ хто-небудзь жыве, за гэтым ён сачыў строга. Можа, усё было занадта старанна прыбрана, ён бы так прыбіраць не стаў, але гэта ўжо Марыя. Трохі кульгаючы, Агееў выйшаў на двор, пашукаў позіркам Гультая, ды ката паблізу нідзе не было, напэўна, згаладнеўшы дома, пайшоў кудысыді на промысел. Туман патроху радзеў, сплываў за гароды, у роў, росным дываном асядаючы на дробнай траве, брукаваным доле, на гонтавым даху дома і саламяных стрэхах хлявоў. Усё наво-
кал набрыняла гэтым туманам, яго стылай вільгаццю; было сцюдзёна, і, можа, упершыню Агееў адчуў подых блізкае восені, хуткае сцюжы і непагадзі.
Ён хацеў ужо быў вярнуцца на гарышча, як рашыў для пэўнасці зазірнуць з падворка на вуліцу, адтуль звычайна насоўвалася небяспека. I, зірнуўшы з-за вугла, мімаволі адхіснуўся — з веснічак другога ці трэцяга адсюль дома выходзіла група мужчын — тры чалавекі, іх, відаць, праводзіў гаспадар, барадаты чалавек у картузе; пярэдні, адвярнуўшыся, нешта строга выгаворваў яму, і ў гэтым пярэднім Агееў лёгка пазнаў начальніка паліцыі Драздзенку. Затаіўшыся за вуглом, ён пачакаў, услухоўваючыся і стараючыся вызначыць, куды павернуць паліцаі — па вуліцы ў мястэчка ці... Але, канечне, тры паліцэйскія хуткім крокам паўз агароджу скіравалі да сядзібы Бараноўскай, і Агееў, вылаяўшыся ў думках, выйшаў на сярэдзіну падворка.
— Здарова, сапожнік! — бадзёра і нібы нават па-свойску павітаўся Драздзенка, павяртаючы ў двор. — Ну, аброс, як дзед. Брытвы няма, ці што?
— Ды так, ведаеце... Лень галіцца, — прабурчэў Агееў.
Начальнік паліцыі быў усё ў тым жа танкісцкім фрэнчы, падперазаным шырокім камандзірскім рамянём з латуннай, без зоркі, спражкай, у шызай нямецкай пілотцы. У руках у яго замест заўсёднага дубчыка была прыгожая, аздобленая разьбой палачка, якой ён лёганька памахваў у паветры.
— Бараноўская прыбыла?
Спыніўшыся насупраць Агеева, ён настырчыў у яго выпрабавальны позірк, і Агееў заклапочана выдыхнуў.
— He, не прыбыла. He ведаю, што і думаць.
— Ах, сцерва! — з горыччу вылаяўся начальнік паліцыі. — Дрэнь гульню з намі зацеяла. Але дагуляецца пападдзя! Ужо я ёй прыпомню!.. Як нага? — раптам без усялякага пераходу запытаўся ён і зноў застыў, поўны ўвагі.
— Гоіцца, — не адразу сказаў Агееў. — Але марудна. Лякарства, ведаеце, ніякага. Нават перавязаць няма чым.
— He прыбядняйся! Вунь без палкі бегаеш, у арміі даўно б на перадавую выпхнулі. Ану, зойдзем у хату, — раптам
прапанаваў Драздзенка і рвануў дзверы на кухню. — Вы пастойце! — азірнуўся ён на двух паліцаяў з белымі павязкамі на рукавах, і тыя знялі з плячэй вінтоўкі.
Імкнучыся трымаць сябе як мага спакайней, Агееў прайшоў за ім на кухню, трохі з празмернай гасціннасцю саўгануў крэсла каля стала — каб хутчэй пасадзіць і адцягнуць яго позірк ад дзвярэй у кладоўку. Аднак, перш чым сесці, Драздзенка бегла азірнуў пліту, посуд на стале, паглядзеў у акно.
— Курыш, не?
— He, не куру.
— А я куру. Раней курыў «Беламор», а цяпер вось гэтую дрэнь, — сказаў ён, сядаючы на крэсла і дастаючы партсігар з нямецкімі цыгарэткамі. — «Беламору» няма.
— Гэта дрэнна, — чужым голасам фальшыва паспачуваў Агееў. Драздзенка грэбліва хмыкнуў.
— Калі б толькі гэта і было дрэнна! A то ўсё дрэнь! Беспарадкі, грабяжы! А на чыгунцы што робіцца!
— А што робіцца? — прастадушна пацікавіўся Агееў.
— Рухомы састаў ірвуць! Немцы ўжо трох начальнікаў станцыі расстралялі — не памагае. Думаеш, на тым яны абмяжуюцца? Яны нічым не абмяжуюцца, пакуль будуць дыверсіі. I ні перад чым не спыняцца. Сёння расстралялі сто, заўтра расстраляюць дзвесце. Пакуль не спыняцца безабразія. А не спыняюцца. Тым, мабыць, сваіх не шкада. Нікога не шкада...
«Во як! — падумаў Агееў. — Аказваецца, вінаваты тыя. He немцы, якія расстрэльваюць, а тыя, што недзе далёка адсюль».
— А куды глядзіць паліцыя?
— Драздзенка рэзка крутнуўся — усім сваім мажным целам на слабенькім хісткім крэсле.
— Паліцыя разрываецца! Але паліцыі мала. Мы не можам усё ўпільнаваць. Нам патрэбны памочнікі, людзі з мястэчка, са станцыі, з вёсак. Але тыя запалоханы бальшавікамі і не хочуць дапамагаць. I каму ад таго горш? Насельніцтву перш за ўсё. Ну, насыплюць пяску ў буксы, развінцяць рэйкавы стык — хіба гэта ўшчэрб для Германіі? Ды ў іх гэтых вагонаў
з усёй Эўропы. А вось той вёсцы, дзе крушэнне, капец! Спаляць і пастраляюць. Учці — нявінных людзей. I ніхто іх не абароніць. У мяне на ўсё сілы не хопіць.
Агееў маўчаў. Такі паварот у размове быў для яго нечаканым. Ён лічыў паліцыю карным органам акупантаў, a яна, як кажа гэты начальнік, гатова абараняць нявінных людзей, берагчы іх ад дыверсій і непазбежных затым рэпрэсій.
Скрыпнуўшы крэслам, Драздзенка ўскочыў, з цыгарэтай у зубах жвава падбег да акна, паглядзеў на двор, відаць, шукаючы позіркам сваіх паліцаяў. Але паліцаі стаялі каля дзвярэй, і начальнік вярнуўся да стала, грузна абапёрся на яго рукамі.