• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 6

    Аповесці, раман
    Васіль Быкаў

    Памер: 560с.
    Мінск 2006
    148.44 МБ
    — А дзе гэта?
    — Ды тут, недалёка. Мы пакажам, — прыжмурыўся пад нізкае сонца Шурка. — Ідзёмце...
    Што ж, надта збірацца не было патрэбы, наогул Агееў быў унутрана гатовы да таго і, цяжка падняўшыся, пайшоў па адхоне за хлопцамі. Капаць сёння ўсё роўна ўжо не было настрою, і ён падумаў, што, можа, лепш будзе пасядзець з людзьмі за агульным сталом, памянуць чалавека. Аднагодкі ўсё ж.
    Хлопчыкі хутка беглі ўзбочынай вуліцы, зрэдзьчасу азіраючыся на цяжкаватага такі ў хадзе Агеева, за мастком павярнулі ў зарослы дзядоўнікам завулак, пералезлі самі і пачакалі, пакуль пералезе ён цераз жэрдку невысокага плота, затым сцежкай па краі бульбы выйшлі на незнаёмую вулічку паблізу ад узроўка. Зады тутэйшых сядзіб, як і на яго Зялёнай, упіраліся ў аўражныя зараснікі, над якімі велічна ўзвышалася некалькі вязаў — гэтаксама, як некалі панад сядзібаю Бараноўскай. Тут, у новым, нядаўна зрубленым дамку са стромкім вільчыкам і насцеж расчыненымі
    вокнамі, чуўся стрыманы гоман; у двары стаяла некалькі мужчын і жанчын, гэтыя або маўчалі з журбою на тварах, або скупа перамаўляліся каля паркана. 3 хаты якраз насустрач Агееву выйшаў разамлелы ад духаты Еўсцігнееў у сваім нязменным цёмна-сінім гарнітуры, пачаў абмахваць счырванелы твар жорсткім капелюшом з капрону.
    — Духата, як у лазні, — проста паведаміў ён. — Ведаеце, пойдзем куды на паветра. Вецер каб...
    — А вунь бугарок, — ступіўшы ад паркана, сказаў немалады мужчына ў кірзавых ботах. Еўсцігнееў падумаў, па-начальніцку агледзеўся.
    — Правільна, Хаміч! Паклічце там каго... Вунь Скарахода з Панамарэнкам, — кіўнуў ён на двух мужчын, што ціха курылі на траве пад плотам. — Усё-такі ветэраны.
    — I гэтага прыхапіць, ага? — з намёкам запытаў Хаміч, і Агееў пазнаў у ім чалавека, які на могілках нёс падушку з Сямёнавымі ўзнагародамі.
    — Як хочаце, — махнуў Еўсцігнееў. — Пайшлі, таварыш Агееў.
    Усё махаючы на сябе капелюшом, ён гаспадарскім крокам нетаропка пайшоў па падворку, каля хлявоў і дрывотні, гучна крэкнуўшы, падлез пад жардзіну ў гарод. Утаптаная сцежка між градак бегла ўніз, да рова, Агееў спаважна ішоў следам.
    — Вы гэта, таварыш Агееў, думаю, не пакрыўдзіліся на нас? — не паварочваючы да яго галавы, запытаў Еўсцігнееў. — Ну, за праверачку! Ведаеце, сігнал быў, а сігналы мы далжны правяраць.
    — Ды не, я нічога, — сказаў Агееў. — Яно панятна.
    — Ну і добра. A то некаторыя, ведаеце, крыўдуюць. Крытыка, яна, ведаеце, асабліва для маласвядомых...
    Агееў змоўчаў, іранічна падумаўшы, што ўсё ж вось не трапіў у разрад маласвядомых. I то добра.
    — А нябожчык і да вас наведваўся? — між тым прадаўжаў Еўсцігнееў. — Наўродзе сябры былі...
    — Ды так, знаеце...
    — Ну, а мы тут з ім дзесяць гадоў... Яшчэ як я ваенкомам быў.
    — Тут — ваенкомам? — перапытаў Агееў.
    — На працягу раду гадоў, — з важнасцю ўдакладніў Еўсцігнееў. — Да выхаду ў адстаўку.
    Яны перайшлі праз гарод і яшчэ раз адолелі плот — не дужа спрытна пераваліліся цераз яго верхнюю жардзіну — і апынуліся на ўзроўку. Невялічкі прыгорак-палянка з дробнай травой у цяні бухматага маладога дубка быў трохі ўтаптаны людскімі нагамі, але яшчэ меў выгляд наогул утульнага месца, адкуль адкрываўся нешырокі маляўнічы від на аўражныя зараснікі і другі, таксама густа парослы хмызняком схіл.
    — Во і прысядзем. Цяпер тут добра. I нябожчык, кажысь, любіў сюды забягаць. 3 дружкамі, канечне, — з нязлосным папрокам гаварыў Еўсцігнееў, усаджваючыся на прытаптанай траве і з палёгкай выпростваючы караткаватыя, мабыць, не дужа здаровыя ногі ў туга забэрсаных чорных гамашах. Агееў прымасціўся праз тры крокі на ўзмежку.
    — Я, ці ведаеце, чалавек прамы. Як і паложана вайскоўцу. He буду таіць — люблю парадак. А як жа інакш? Ва ўсім павінны быць дысцыпліна і арганізаванасць.
    Акругліўшы белаватыя, трохі выпуклыя вочы, ён быццам з некаторым здзіўленнем агледзеў Агеева, і той паспяшаўся згадзіцца:
    — Канечне, канечне...
    — А ў нас яшчэ непарадкаў вялікае мноства. Асабліва на перыферыі. Во і нябожчык!.. Нядрэнны чалавек, ветэран і так далей... А парадку не прызнаваў.
    — Во як?! — трохі фальшыва здзівіўся Агееў.
    — Іменна! Піў.
    — Але, ведаеце, цяпер гэта...
    — He, я не супраць. He падумайце, што я адмаўляю наогул. Атнюдзь! Але і ў выпіўцы павінен быць нейкі парадак. Калі ў суботу, нядзелю... Калі свята якое або дзень нараджэння... Але калі пачаць кожны дзень...
    — А ён што — кожны дзень?
    — Іменна! I ніякай увагі на грамадскасць. Я ўжо не кажу пра гэты бандарны цэх, дзе ён працаваў. Там яны ўсе такія... Але я сам з ім бяседаваў, можа, разоў з дзесяць...
    — I які ж вынік?
    — А ніякага! — рашуча махнуў капелюшом Еўсцігнееў.
    Цераз плот пералазіў ужо Хаміч з дзвюма бутэлькамі ў адцягнутых кішэнях штаноў. Лісліва ці, можа, вінавата ўхмыляючыся, ён паставіў бутэлькі на траву перад Еўсцігнеевым.
    — Хаця вы і проціў, Еўсцігнеевіч, але...
    — Я не проціў, — насупіўся адстаўны падпалкоўнік. — Цяпер ёсць прычына, значыць, палагаецца...
    — Канечне, канечне, — таропка пагадзіўся Хаміч і звярнуўся да Агеева: — Нябожчык таксама не проціў быў. Колькі мы з ім тут прабяседавалі!..
    — Ды і ты недалёка ад яго адышоўся, — строга перапыніў яго Еўсцігнееў.
    — Што зробіш! Такая наша судзьба!
    Усё таямніча ўсміхаючыся, Хаміч нецярпліва ашчаперыў бутэльку, вялікімі плоскімі пальцамі пачаў калупаць з рыльца бліскучы металічны каўпачок.
    — Што яны перасталі са свінымі вушкамі выпускаць? — паскардзіўся ён. — А то пакуль скалупнеш гэтую бесказырку...
    — Нічога, скалупнеш. Калі выпіць захочаш...
    — Ды ўжо як-небудзь.
    Тым часам праз гарод ужо рупна тупалі нізенькі вяртлявы брунет у сіняй з белымі палосамі на рукавах спартыўнай куртцы і даўгалыгі бландзін у шэрым гарнітуры з дзіўнаватым выразам хударлявага твару. Калі яны падышлі бліжэй, Агееў убачыў, што твар у бландзіна — на адзін бок, левая шчака была ўся зморшчаная, скура на падбароддзі туга напятая, і ўвесь твар нёс выраз спалоху або здзіўлення. Мужчыны прыйшлі пад дубок і селі побач з астатнімі — брунет каля Еўсцігнеева, а бландзін ля Агеева — выцяг у роў свае доўгія, у сандалетах, ногі і выняў з кішэні цыгарэты.
    — Курыце?
    — He, дзякуй, — кіўнуў галавой Агееў.
    — Ну, а мы закурым, — сказаў ён густым басам і азірнуўся. — Пакуль Жалудкоў закусь нясе.
    Цераз плот пералазіў з выгляду худы і невялічкі, але цвёрды, бы ядловец, жвавы чалавек з папяровымі скруткамі ў абедзвюх руках. Ён быў у зялёнай вайсковай сарочцы з
    цёмным гальштукам, кароценькі хвосцік якога матляўся на яго кастлявых грудзях.
    — Во і закусон!
    — Ну што ж, сядайце, Жалудкоў. Хаміч, налі патроху, — звыкла распараджаўся Еўсцігнееў, спатнелы мясісты твар якога ўжо трохі астыў у засені. Пакуль Хаміч разліваў, усе глядзелі на дзве скасабочаныя ў траве шклянкі, а Жалудкоў, седзячы на кукішках, разгортваў жоўтую паперу з кавалкамі селядца.
    — Значыць, за старшага сяржанта Сямёнава. За ягоную памяць! — абвясціў Еўсцігнееў, падняў шклянку і моўчкі перадаў яе Агееву. Другую шклянку ўзяў Жалудкоў.
    — Знаеце, я не магу, — сумеўся Агееў.
    — Ну, колькі можаце.
    Ён паднёс шклянку да рота, гарэлка ўдарыла ў нос амаль што агідным пахам, і ён апусціў руку. Жалудкоў спаважна, мернымі глыткамі дапіў сваю да канца. Агееў аддаў шклянку Хамічу, які без слоў узяў яе, наліў з бутэлькі спярша суседу Агеева — бландзіну з абпаленым тварам, пасля даліў троху сабе.
    — Ну, каб яму там было чым пахмяліцца!
    Еўсцігнееў незадаволена хмыкнуў.
    — Хаміч, няўжо ты думаеш, што і там гэта самае... як тут. Ніякага парадку. Усё б вам адно і тое ж...
    — He, там парадак! — зыркнуўшы яршыстым позіркам, запярэчыў Жалудкоў. — Там не тое, што тут. Там як у войску!
    — Тожа найшоў парадак! — усумніўся Хаміч.
    — А ты адкуль ведаеш, як у войску? Ты што, доўга служыў? — настырчыўся Еўсцігнееў.
    — У мяне зяць прапаршчык. Начуўся...
    — He гаварыце пра тое, чаго не ведаеце! — адрэзаў Еўсцігнееў. — У войску парадак. А во на гражданцы далёка не заўсёды.
    — Ён ведае, — падміргнуў Агееву Жалудкоў. — Дваццаць пяць год адбахаў.
    — Дваццаць восем, да вашага ведама. Год вайны лічыцца за два.
    — На тваім месцы, Еўсцігнеіч, можна было і трыццаць. Ты ж у штабе сядзеў?
    — Ну, у штабе! — падабраўся Еўсцігнееў. — А што думаеш, у штабе лёгка?
    — Дужа цяжка, — з’едліва пацвердзіў Жалудкоў і нагнуўся па кавалак сялёдкі. — Паперы заелі.
    — А думаеш, не? Колькі мне весці належала? Улік асабовага складу па пяці формах. Перамяшчэнне і перастаноўкі. Журнал беззваротных страт. Страявыя ведамасці. Загады! А матэрыял да ўзнагарод?
    — Ага, спіна не разгіналася, — ранейшым тонам сказаў Жалудкоў, жуючы хлеб з селядцом.
    — I што ж ты думаеш: было, тыднямі не разгінаўся, — усё гучней сказаў Еўсцігнееў. — У добрага работніка, які хоча выконваць усё, што паложана, заўжды плечы мокрыя. А я ніколі разгільдзяем не быў, можаш быць упэўнены.
    ^Ён абвёў усіх запытальна-насцярожаным позіркам, трохі затрымаўся на Агееве, які з некаторай нават цікавасцю слухаў грубаватую размову гэтых, відаць, даўно і добра знаёмых між сабою людзей. Ён жа тут быў чалавек выпадковы і не спяшаўся судзіць каго ці апраўдваць — хацеў толькі паслухаць, каб зразумець кожнага. Яны выпілі і яшчэ, хаця на гэты раз Агееву ўжо не прапаноўвалі, і ён быў удзячны за тое: піць ён і сапраўды не мог, тым болей гарэлку. Мабыць, пакрыўджаны чымсь Еўсцігнееў расхваляваўся і гаварыў, ні да каго не звяртаючыся:
    — Некаторыя думаюць, што толькі яны і ваявалі. Калі ён там лётчык, дык ужо і герой! Але ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны чорным па белым напісана, што перамога здабыта сумеснымі высілкамі ўсіх радоў войск...
    — Гэта мы чулі, — адмахнуўся Жалудкоў.
    — He, Еўсцігнеіч кажа праўду, — раптам уставіў паўнаваты брунет. — Мы гэта недаацэньваем.
    — Што недаацэньваем? — раптам напяўся Жалудкоў. — Ты, Скараход, кім на вайне быў?
    — Ну ваенным журналістам. А што?
    — Журналістам? У якім гэта ты журнале тады пісаў?
    — He ў журнале, а ў газеце гвардзейскай паветранай арміі.
    — А ты што — лётчык? — не сціхаў Жалудкоў.
    — Я не лётчык. Але я пісаў пра ўсё, у тым ліку і пра лётчыкаў.
    — Дык як жа ты пра іх пісаў, калі сам не лятаў?
    — 3 зямлі лепей відаць, — хітра падміргнуў Хаміч.
    — А што ж, бывае і лепей, — сур’ёзна адказаў Скараход. — Знаеш, каб ацаніць яечню, не абавязкова самому несці яйкі.