Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
3 сямёх гэткім вось цудам уцалеў адзін Міклашэвіч. Толькі здароўя так і не было ў чалавека. Малады быў — усё хварэў, пасталеў — хварэў. Прыкінуліся сухоты. Ведама, мала што такая рана ў грудзях, дык яшчэ столькі ў вясновай вадзе праляжаць. Амаль кожны год у бальніцах лячыўся, усе курорты аб’ездзіў. Але што тыя курорты! Калі свайго здароўя няма, дык ніхто ўжо не дасць. Праўда, апошнім часам яму стала лепей, здаецца, няблага сябе адчуваў. Ды во знянацку стукнула. 3 таго боку, адкуль не чакаў. Сэрца! Пакуль лячылі лёгкія, сэрца і падпала. Як ні ратаваўся ад праклятай, а праз дваццаць год усё ж дагнала. Даканала нашага Паўла Іванавіча. Во якая, браце, гісторыя.
— Да, невясёлая гісторыя, — сказаў я.
— Невясёлая — што! Гераічная гісторыя, во! А ты думаў? — Можа быць.
— He можа быць, а пэўна. Ці ты не згодзен? — утаропіў у мяне позірк Ткачук. Ён нечакана загаварыў гучна, расчырванелы твар яго стаў гняўлівы, як там, у Сяльцы за сталом. Буфетчыца з пагардлівай падазронасцю паглядзела на нас цераз галовы двух падлеткаў з транзістарам, што куплялі там цыгарэты. Тыя таксама азірнуліся. Ткачук заўважыў на сабе чужую ўвагу і нахмурыўся.
— Ладна, пайшлі адсюль.
Мы выйшлі на ганак. Ноч, здаецца, яшчэ пацямнела, ці толькі здалося так пасля светлага. Рыжы лапавухі сабачка дапытлівым позіркам акінуў нашыя твары і асцярожна прынюхаўся да Ткачуковых ботаў. Той спыніўся і з нечаканай для яго ціхай добрасцю загаварыў да сабакі:
— Што, есці? Нічога няма. Няма, брат. Пашукай дзе яшчэ.
I па тым, як ён хістка і грузна сышоў з прыступкаў, таксама як і па яго нечаканай злосці на мяне, я здагадаўся, што ўсё ж, мабыць, ён перабольшваў свае сілы. He трэба было нам заходзіць у гэтую чайную. Тым болей па такім часе. Цяпер ужо была палова дзесятай, аўтобус, пэўна, даўно прайшоў, чым дабірацца ўначы да горада — было невядома. Але гэты клопат толькі слізгануў паціху ў вяршках свядомасці, ледзь крануўшы яе, — думкамі ж цалкам валодала тое даўняе здарэнне ў Сяльцы, да якога сёння далучыўся і я. Так многа і рознага пераплялося тут у адзін зблытаны клубок узаемаадносін, што цяжка было адразу правільна вызначыць да яго свае ў многім супярэчлівыя адносіны. Тым не менш логіка гэтага здарэння вымушала на нейкую пэўнасць у адносінах да яго прычын і вынікаў, хацелася ўсё абдумаць і дакапацца да ўсіх тонкасцяў, дайсці розумам да іх складанае сутнасці. Што ж да пачуццяў, дык яны незалежна ад розуму былі нагатове прыняць сэнс гэтай гісторыі з усёй яе супярэчлівасцю — мусіць, пачуцці падрыхтаваў за вечар і падначаліў сваім расказам гэты чалавек, мой неспадзяваны сённяшні спадарожнік.
Здаецца, ён зноў закрыўдаваў на мяне і ціха ішоў, як і там, па алеі ў Сяльцы, наперадзе, і я моўчкі цягнуўся ўслед. Мы сышлі з асветленага месца каля чайной, па чорным гладкім асфальце пайшлі краем вуліцы. Я не ведаў, дзе быў
аўтобусны прыпынак і ці можна было яшчэ чакаць якога аўтобуса, але цяпер гэта не здавалася мне важным. Пашанцуе — пад’едзем, а не — дык будзем тупаць да горада, засталося нямнога.
Але мы не прайшлі, мусіць, і палавіны вуліцы, як ззаду з’явілася машына. Шырокія плечы Ткачука засвяціліся ў змроку ад яе далёкіх яшчэ фараў. Неўзабаве два нашы цені стромна пабеглі ўдалячынь па зашарэлым асфальце. Машына хутка набліжалася, пасоўваючы гэтыя цені ўбок і ломячы іх у канаве, на платах, шалёваных сценах і шыферных, бляшаных паддашках дамоў.
— Мо прагаласуем? — сказаў я, беручы ўбок з асфальту.
Ткачук азірнуўся, і я ўбачыў яго незадаволены, як бы нават засмучаны твар, на якім нечакана штосьці бліснула пад электрычнай яркасцю промняў. Праўда, ён тут жа спахапіўся і рукой выцер вочы, і мяне працяло новае пачуццё да яго, якое з’явілася ўпершыню за сённяшні вечар. А я, дурань, думаў, што справа толькі ў чырвоным-моцным.
Я разгубіўся на момант і не падняў рукі, машына з ветрам прамільгнула поруч, і нас зноў ахінула цемра. На фоне хісткага пука святла, які яна несла перад сабой, стала відаць, што гэта быў «газік». I раптам ён спыніўся, ледзь падаўшыся да краю дарогі, нейкае адчуванне падказала — гэта па нас.
I сапраўды, спераду адтуль пачуўся голас, ён, безумоўна, адносіўся да Ткачука:
— Цімох Цітавіч!
Ткачук прабурчэў нешта, але не набавіў кроку, і я аббег яго, баючыся ўпусціць гэтую нечаканую магчымасць паехаць. Нейкі чалавек вылез з кабіны і, прытрымліваючы адчыненымі дзверцы, сказаў:
— Залазьце ўглыб. Там свабодна.
Я, аднак, памарудзіў, чакаючы Ткачука, які нетаропка і валюхаста падыходзіў ужо да машыны.
— Што ж вы так запазнелі? — сказаў да яго гаспадар «газіка», і я толькі цяпер пазнаў у ім загадчыка райана Ксяндзова. — А я думаў, даўно ўжо ў горадзе.
— Паспеем у горад,— буркнуў Ткачук.
— Ну дык залазьце, я падвязу. A то аўтобус прайшоў, сёння болей не будзе.
Я ўлез у цёмную прасмярдзелую бензінам сярэдзіну кузава, намацаў лаўку і сеў за нерухомай спіной шафёра. Здалося, Ткачук не адразу рашыўся лезці за мной, але ўрэшце, нязграбна хапаючыся за спінкі сядзенняў, увапхнуўся і ён. Загадчык райана лязгнуў дзверцамі і гукнуў да шафёра:
— Паехалі!
3-за шафёравага пляча было зручна і прыемна пазіраць на пустую чорную стужку шашы, абапал якой ляцелі назад платы, дрэвы, хаты, слупы. Збочылі, прапускаючы нас, хлопец з дзяўчынай. Яна засланіла даланёй вочы, а ён смела і прама глядзеў у яркае святло фар. Вёска канчалася, шаша выходзіла на палявы прастор, які звузіўся поначы да нешырокай стужкі дарогі, абмежаваны з бакоў дзвюма прапыленымі канавамі.
Загадчык райана павярнуўся на паўабарота і сказаў, звяртаючыся да Ткачука:
— Дарма вы там, за сталом, наконт Мароза гэтага. He прадумана.
— Што не прадумана? — адразу з нядобрасцю напяўся на сядзенні Ткачук, і я зразумеў, што не варта цяпер пачынаць гэтую, мабыць, не лёгкую для абодвух гаворку. Ксяндзоў, аднак, павярнуўся і яшчэ болей — здаецца, у яго быў свой нейкі намер.
— Вы зразумейце мяне правільна. Я нічога не маю супраць Мароза. Тым болей цяпер, калі яго імя, так сказаць, рэабілітавана.
— А яго і не рэпрэсіравалі. Яго проста забылі.
— Ну хай забылі. Забылі, бо іншыя былі справы. А галоўнае, былі большыя, чым ён, героі. Ну на самай справе, — ажывіўся Ксяндзоў,— што ён такое зрабіў? Ці забіў ён хоць аднаго немца?
— Ніводнага.
— Вось бачыце. I гэта яго заступніцтва не зусім ладнае. Я б сказаў, нават бязглуздае.
— He бязглуздае! — абрэзаў яго Ткачук, і па яго нервовым парывістым голасе я яшчэ болей адчуў, што цяпер гаварыць
ім не трэба. Але, відаць, у Ксяндзова таксама нешта накіпела за вечар, і ён хацеў у што б там ні стала пакарыстацца выпадкам і давесці сваё.
— Абсалютна бязглуздае. Што ён — абараніў каго? Пра Міклашэвіча не будзем гаварыць — Міклашэвіч выпадкам застаўся жывы, ён не ў лік. Я сам некалі займаўся гэтаю справай і, ведаеце, не бачу асаблівага подзвігу за гэтым Марозам.
— Шкада, што не бачыце! — зусім ужо варожа адрэзаў Ткачук. — Бо, мусіць, слепаваты! Душэўна слепаваты!
— Гм... Ну хай слепаваты, — згадзіўся загадчык райана. — Але ж не я адзін так думаю. Ёсць і другія...
— Сляпыя? Безумоўна! I глухія. Нягледзячы на пасады і рангі. Ад прыроды сляпыя. Во як! Але ж... Вось вы мне скажыце, колькі вам год?
— Ну, трыццаць восем, дапусцім.
— Дапусцім. Значыць, вайну вы па газетах ды па кіно ведаеце. Так? А я яе сваімі рукамі рабіў. Міклашэвіч у яе кіпцюрах пабываў ды во так і не вырваўся. Дык чаму ж вы нас не запытаеце? Мы ж нейкім чынам спецыялісты. А цяпер жа скрозь спецыялізацыя. Дык мы ж інжынеры вайны. I пра Мароза ў нас спярша запытаць трэба было...
— Што пытаць? Вы ж самі той дакумент падпісалі. Аб палоне Мароза, — загарачыўся і Ксяндзоў.
— Падпісаў, бо дурны быў, — кінуў Ткачук.
— Ось бачыце! — нядобра ўзрадаваўся загадчык райана. Ён сядзеў, павярнуўшыся да нас тварам, імпэт спрэчкі захапляў яго ўсё болей. — Ось бачыце! Самі і напісалі. I правільна зрабілі, бо... Вось цяпер вы мне скажыце: што было б, калі б кожны партызан так зрабіў, як Мароз?
— Што?
— У палон здаўся.
— Дурань! — раўнуў Ткачук. — Бязглузды дурань! Спыніце машыну! Чуеш, спыні машыну! — закрычаў ён да шафёра. — Я не хачу з вамі ехаць.
— Mary і спыніць, — раптам кінуў гаспадар. — Калі нельга без асабістых зняваг.
Шафёр, здаецца, і сапраўды прытармазіў. Ткачук зрабіў
спробу ўстаць і ўхапіўся за спіну сядзення. Але гэта было ўжо занадта. Я нават спалохаўся за Ткачука і моцна ўзяў яго за локаць.
— Цімох Цітавіч, пастойце. Навошта так...
— Сапраўды, — сказаў Ксяндзоў і адвярнуўся. — Цяпер не час. Пагаворым у іншым месцы.
— Што ў іншым! Я не хачу з вамі пра гэта гаварыць! Вы чуеце?! Ніколі! Вы глушэц! — Во ён — чалавек. Ён разумее! — кіўнуў Ткачук у мой бок. — Бо ён слухаць умее. Ён хоча разабрацца. А для вас загадзя ўсё ясна. Раз і назаўжды. Але хіба так можна? Жыццё — гэта мільёны сітуацый, мільёны характараў. I мільёны лёсаў. А вы ўсё хочаце ўкласці ў дзветры схемы. Каб прасцей! Ды меней турбот. Забіў немца ці не забіў?.. Ён болей зрабіў.
Штосьці ў Ткачуку надарвалася. Захлынаючыся, нібы баючыся не паспець, ён стараўся выкласці гэта сваё набалелае і, мабыць, цяпер самае для яго галоўнае.
— Мароза няма. He стала Міклашэвіча — ён-то разумеў выдатна. Але я застаўся. Дык што ж вы думаеце, я змоўчу? Чорта з два! Пакуль я жывы, я давяду, што такое Мароз! Увяду ў самыя глухія вушы. Чакайце! Во і ён паможа, і другія... Ёсць яшчэ людзі! Я дакажу! Думаеце, стары? Не-е, памыляецеся...
Ён гаварыў нешта яшчэ. Гэта быў яго непадкантрольны парыў, выбух пачуцця, можа, насуперак яго жаданню. Але, не сустрэўшы пярэчання, Ткачук усё ж выдыхся і змоўк. Сціх і адчужана сцяўся ў кутку на сядзенні. Ксяндзоў, мабыць, не чакаў гэтага запалу і таксама змоўк, засяроджана ўзіраючыся на дарогу. Я таксама маўчаў. Мы пад’язджалі к гораду, шафёр развіў добрую хуткасць на пустой уначы дарозе. Асфальтка шалёна бегла пад колы машыны, з віхрам і шалясценнем ірвалася з-пад іх назад, фары лёгка і ярка рассоўвалі змрок. Па баках бясконца мільгалі белыя ў промнях святла слупы, дарожныя знакі, вербы з пабеленымі камлямі. Роўна і дужа вурчаў матор.
На душы было тлумна і прыкра — нядоўгая сутычка з Ксяндзовым нічога для мяне не праясніла і ні ў чым не пераканала. Мне яшчэ трэба было шмат у чым разабрацца.