Поўны збор твораў. Том 6
Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Памер: 560с.
Мінск 2006
Міклашэвіч расказваў, што пасля таго, як Мароз забараніў чапаць гэтага Каіна, яны пасядзелі крыху ды ўзяліся за сваю задуму цішком, патаемна нават і ад настаўніка. Доўга меркавалі, прыглядваліся і ўрэшце надумалі такі план.
Я, здаецца, казаў ужо, што гэты Каін жыў з бацькам на хутары цераз поле ад Сяльца. Увогуле ўвесь час ён аціраўся ў мястэчку, але калі-нікалі прыязджаў дадому — пап’янстваваць ды пазабаўляцца з дзеўкамі. Прыязджаў рэдка адзін, a болей з такімі ж, як сам, здрайцамі, а то і з нямецкім начальствам. Тады ў туташнім краі было яшчэ ціха. Гэта пасля ўжо, з лета сорак другога загрымела, і яны не дужа паказвалі носа ў вёскі. А ў першую зіму паводзілі сябе нахабна, адчайна, нічога не баяліся. Часам гэты Каін і ўноч заставаўся на хутары, пераначуе, а назаўтра ранічкай коціць сабе ў раён. Вярхом, на санях, a то і на нямецкай машыне. Калі з начальствам. I вось хлопцы аднаго разу падпільнавалі момант.
Усё сталася нечакана, неспадзявана, як след не арганізавана. Вядома, хлапчукі — малыя, нявопытныя. Ды і адкуль той вопыт? Адна прага помсты, і болей нічога. Памятаю, была вясна. 3 палёў сышоў снег, у лесе, праўда, па равах ды ямах яшчэ ляжаў бруднымі пластамі. У балацявінах, на пожнях было сыра і хлюпка. Ручаі беглі поўныя, мутныя. Але дарогі падсыхалі, пад ранак часам здараўся невялікі маразок. Атрад наш пабольшаў, набралася паўсотня чалавек: вайскоўцы і мясцовыя напалам. Мяне паставілі камісарам. To быў радавы, a то адразу начальства — клопату нахлынула, не дай бог. Але быў малады, энергіі хапала, стараўся, спаў па чаты-
ры гадзіны ў суткі. У той час мы ўжо зналі, прадбачылі: увесну загрыміць, а зброі ў нас было малавата, на ўсіх не хапала. Дзе маглі — усюды здабывалі, шукалі зброю. Пасылалі за ёй, памятаю, аж за сто кіламетраў на дзяржаўную граніцу. Аднаго разу нехта сказаў, быццам на пераездзе праз Шчару нашы мінулым летам, адступаючы, увалілі два грузавікі з боепрыпасамі. I вось Селязнёў загарэўся, рашыў выцягнуць. Сарганізаваў каманду з пятнаццаці чалавек, нарыхтаваў пару фурманак, узяўся кіраваць сам — ведама, надакучыла сядзець у лагеры. А мяне пакінуў тут за галоўнага. Першы раз начальнікам над усімі, ноч напралёт не спаў, два разы правяраў пасты — на просецы і дальні, ля кладкі. Уранку толькі задрамаў у зямлянцы — будзяць. Ледзьве падняўся з свайго хваёвага ложка, гляджу — стаіць Віцюня, наш партызан, даўгалыгі такі саратавец, нешта талкуе, а я са сну ніяк не магу ўцяміць. Урэшце зразумеў: вартавыя затрымалі чужога. «Хто такі?» — пытаюся. Кажа: «А чорт яго ведае, але вас пытаецца. Кульгавы нейкі».
Пачуўшы такое, я, прызнацца, спалохаўся. Адразу адчуў: Мароз. Значыць, штось сталася. Праўда, спярша чамусьці падумаў пра селязнёўскую групу — здалося: з ёй нешта, таму і прыбег Мароз. Але чаму сам Мароз? Чаму не прыслаў каго з хлопцаў? Хоць каб на цвярозы розум, дык якія Мароз меў адносіны да групы камандзіра? Яна нават і не ў той бок выправілася.
Устаў, надзеў боты, кажу: «Вядзіце сюды». I точна, уводзяць Мароза. У кажушку, цёплай шапцы, але на нагах туфлі ледзь не на босую нагу і мокрыя да каленяў штаніны. Што здарылася — не цямлю, а што здарылася кепскае — ужо ведаю пэўна: увесь выгляд Мароза пра гэта сведчыць. Ды і яго гэтае нечаканае з’яўленне тут, дзе ён ніколі яшчэ не быў. Жарты, кіламетраў дванаццаць адмахаць па такой дарозе. Вярней — без усякай дарогі.
Мароз пастаяў крыху затым апускаецца на нары і глядзіць на Віцюню — маўляў, ці не лішні. Я даю знак, хлопец зачыняе з другога боку дзверы, і Мароз кажа такім голасам, быццам пахаваў родную маму: «Хлопцаў пабралі». Я не зразумеў спярша: «Якіх хлопцаў?» — «Маіх, — кажа. — Шас-
цярых чалавек сёння ноччу схапілі, сам ледзь вырваўся. Адзін паліцай папярэдзіў».
Прызнацца, тады я чакаў горшага. Я думаў, што сталася штось куды болей страшнае. А то — хлопцаў! Што яны маглі зрабіць, тыя яго хлопцы? Можа, сказалі што? Ці пасварыліся з кім? Ну, дадуць па дзесяць бізуноў і адпусцяць. Такое ўжо было. Тады я яшчэ не прадбачыў усяго, што станецца праз гэты арышт Марозавых хлопцаў. А Мароз крыху супакоіўся, аддыхаўся, нават закурыў самасейкі (раней не курыў быццам) і мала-памалу пачаў расказваць.
Высвятляецца такая карціна.
Бародзіч усё ж дамогся свайго: хлопцы падпільнавалі Каіна. Якраз пару дзён таму паліцай гэты на нямецкай машыне з немцам-фельдфебелсм, салдатам ды двума паліцаямі прыкаціў да бацькі на хутар. Як было ўжо не адзін раз, на хутары заначавалі. Перад тым заехалі ў Сяльцо, узялі парсюкоў у Хведара Бароўскага і глухога Дзянішчыка, нахапалі па хатах з дзесятак курэй — назаўтра меліся везці ў мястэчка. Ну, хлопцы ўсё выгледзелі, разведалі і, як сцямнелася, гародамі — на дарогу. А на дарозе гэтай, калі памятаеш, недалёка ад таго месца, дзе яна выходзіць на шашу, у раўку невялікі такі масток. Масток-то невялікі, але высокі, да вады метры два, мусіць, хоць вады той па калена, не болей. Да мастка крутаваты спуск, а потым пад'ём, таму машына там ці падвода, калі едуць, дык бяруць разгон, іначай на пад’ём не вылезеш. О, гэтыя падшыванцы, яны ўсё ўлічылі, тут яны былі майстры. Тут у іх усё было зроблена тонка. Дык вось як сцямнела, усе шасцёра з тапарамі і піламі — да гэтага мастка. Відаць, папацелі, але ўсё ж падпілавалі лагі, не зусім, а так, напалову, каб для відавоку трымалася і чалавек там ці конь маглі прайсці, а машына — не. Машына, вядома, пераехаць гэты масток ужо не магла. Зрабілі ўсё ўдала, ніхто ім не перашкодзіў, не застукаў, радасныя выбеглі з раўка. Але не ўсе. Як жа ўсім спаць у такі час, калі будзе ляцець дагары нагамі нямецкая машына! I двое засталіся дзеля такога моманту — Бародзіч і Смурны Яўген. Знайшлі сабе месцейка зводдаль у кустах і заселі пільнаваць. Астатніх адправілі дамоў.
Увогуле ўсё адбывалася так, як і было прадугледжана, апроч драбязы нейкай. Але, мусіць, гэтая драбяза іх і загубіла. Па-першае, Каін прыпазніўся, мусіць, заспаў пасля п’янкі. Развіднелася, у вёсцы паўставалі людзі, пачалася звычайная гаспадарчая цяганіна — сюды-туды. Міклашэвіч пасля казаў, што яны дома за ўсю ноч не заплюснулі вока і што далей — усё болей трывожыліся: чаму не прыбягаюць дазорныя?
А дазорныя ўпарта чакалі машыну, а машыны ўсё не было. Замест яе на дарозе ранічкай з’явілася фурманка. Дзядзька Яўмен, нічога сабе не падазраючы, коціць у равок па дровы. Давялося Бародзічу вылезці са свае сховы і страчаць дзядзьку. Кажа: «Не едзьце, пад мастом міна». Яўмен спалохаўся, не стаў дужа цікавіцца той мінай і павярнуў у аб’езд.
Нарэшце гадзін, мабыць, у дзесяць на дарозе паказалася машына. На жаль, дарога была кепская, у выбоінах, хуткасці не было ніякай, дык яна і паўзла паціху, валюхаючы з боку на бок. He было і разгону ў раўку. Паціху спаўзла пад ухіл, на мастку шафёр яшчэ прымарудзіў, стаў пераключаць хуткасць, і тады папярэчына адна надламалася. Машына пахілілася і бокам павалілася пад мост. Як пасля аказалася, седакі і свінні з курамі проста ссунуліся ўбок, у ваду, але тут жа паўскоквалі. He пашэнціла толькі аднаму немцу, што сядзеў ля кабіны — якраз трапіў пад борт, і яго задушыла да смерці. Выцягнулі з-пад машыны ўжо мёртвага.
А хлопцы як згледзелі, чаго дамагліся, — ашалелыя ад шчасця і хвалявання шыбанулі па кустоўі да вёскі. На радасці, мабыць, здалося, што ўсім фрыцам і паліцаям капут, машыне таксама. I няўцям было нікому з двух, што Каін ды іншыя тут жа паўскоквалі, пачалі паднімаць машыну, і нехта тады ўгледзеў, як у кустах мільганула постаць. Постаць малога, хлапчука — болей нічога не ўдалося ўбачыць. Але і гэтага было даволі.
У вёсцы кожная чутка лятае маланкай. Праз якую гадзіну ўжо ўсе ведалі, што здарылася на дарозе ў раўку. Каін прыбег за падводай везці труп немца ў мястэчка. Мароз як пачуў пра гэта — адразу кінуўся ў школу, паслаў па Бародзіча, але таго не аказалася дома. Затое Міклашэвіч Паўлік,
бачачы, як затрывожыўся іх настаўнік, не вытрымаў і расказаў яму пра ўсё.
Мароз не мог знайсці сабе месца, але заняткі ў школе не адмяніў, пачаў толькі з малым спазненнем. Хлопцы, што вучыліся, таксама ўсе папрыходзілі. He было аднаго Бародзіча, хаця Бародзіч у той час ужо ў школу не хадзіў. Мароз усё паглядваў у акно, казаў, усе ўрокі правёў ля акна, каб убачыць, калі хто чужы паявіцца на вуліцы. Але ў той дзень ніхто не паявіўся. Як скончыліся заняткі, Мароз другі раз паслаў Смурнага за Бародзічам, а сам стаў чакаць. Як ён сам мне прызнаўся, становішча яго было да дзікасці недарэчнае. Ведама, хлопцы больш-менш паклапаціліся пра тое, што датычыла самой дыверсіі, але як быць далей, калі дыверсія ўдасца, яны проста аб тым не думалі. I настаўнік таксама не ведаў, што рабіць. Вядома, ён разумеў, што немцы гэтую справу так не пакінуць, пачнецца вэрхал. Магчыма, западозраць і хлопцаў, і яго таксама. Але ж у вёсцы тры дзесяткі мужыкоў, думаў, не так проста між іх знайсці менавіта таго, каго трэба. Калі б ён загадзя ведаў, што рыхтавалі гэтыя падшыванцы, дык, мабыць, нешта б прыдумаў. A цяпер усё абрынулася на яго так знянацку што ён не ведаў, як ратавацца. Ды і якая пагражае ім небяспека, таксама было невядома. I каму яна пагражае найперш. Мусіць, трэба было ў першую чаргу пабачыць Бародзіча, усё ж той старэйшы, разумнейшы. Зноў жа, з суседняе вёскі, можа, быў сэнс да часу перахаваць у яго хлопцаў. А можа, наадварот, найперш яго трэба было недзе схаваць.
Пакуль ён сядзеў у тую ноч у свае бабулі і чакаў Смурнага з Бародзічам, перадумаў, ведама, рознае. I вось недзе пад поўнач чуе: стук-стук у дзверы. Ды стук не дзіцячай рукі — гэта ён зразумеў пэўна. Адчыніў і аслупянеў: на парозе стаяў паліцай, той іх Лаўчэня, пра якога я ўжо казаў. Але чамусьці адзін. He паспеў Мароз што прыдумаць, як той яму і выпаліў: «Уцякай, настаўнік, хлопцаў пабралі, за табой ідуць». I назад, не павітаўшыся, не развітаўшыся. Мароз расказваў, спярша яму падумалася: правакацыя. Але не. Выгляд, тон і ўсё такое гэтага Лаўчэні не пакідалі сумнення: кажа праўду. Тады Мароз за шапку, кажушок, за сваю
палку і гародамі — у лясок на выгане. Ноч там пераседзеў пад хваінай, а пад ранак не вытрымаў, пастукаў да аднаго дзядзькі, якому верыў, дазнацца каб, што ўсё ж такі здарылася. А дзядзька як убачыў настаўніка, аж задрыжэў. Кажа: «Уцякай, Алесь Іванавіч, ператрэслі ўсю вёску, цябе шукаюць». — «А хлопцы?» — «Хлопцаў пабралі, запёрлі ў стараставым свірне, адзін ты астаўся».