Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
нае і недасяжнае начное жыццё. На небасхіле збоч ад дарогі ўжо выразна і спакойна гарэлі сем зор Вялікай Мядзведзіцы, над імі мільгаў коўшык Малой з Палярнай у хвасце, a наперадзе, якраз пад шашой, тоненька і востра бліскала зорка Рыгеля, нібыта штэмпель на ражку срабрыстага канверціка Арыёна. I мне міжвольна падумалася: якія ўсё ж нікчэмныя ў сваім ненатуральным прыгостве грэчаскія міфы, хоць бы во і пра гэтага прыгажуна Арыёна, каханага багіні Эос, якога забіла ад рэўнасці другая багіня, Арцяміда. Тым не менш оперна-балетная смерць гэта ўражвае і чаруе чалавецтва на працягу тысяч гадоў ягонай гісторыі. Мусіць бы, і ў наш час кожны згадзіўся на яго месцы на такую ягоную смерць і асабліва на яго касмічнае бяссмерце ў выглядзе гэтага туманістага сузор’я на краі зіхоткага начнога неба. На жаль, гэта недаступна нікому. Міфалагічныя смерці так мала падобны на нашы зямныя, як опера на само жыццё, хоць бы вось і ў тым самым Сяльцы, аб якім цяпер, нанова перажываючы ўсё, расказваў побач Ткачук.
— I тут — вайна.
Знаеш, колькі мы да яе ні рыхтаваліся, як ні мацавалі абарону, колькі ні чыталі і ні думалі пра яе, а абрушылася яна нечакана, як бура ў ясны дзень. Праз тры дні ад пачатку якраз у сераду, тут ужо былі немцы. Мясцовыя каторыя, тутэйшыя сяляне — тыя ўжо, знаеш, прывыклі за свой век да частых мітрэнг: як-ніяк пры адным пакаленні трэцяя змена ўлады. Прывыклі, нібы так і павінна быць. А мы — усходнікі. Гэта было такое няшчасце — ці ж мы думалі калі, што на трэці дзень акажамся пад немцам! Памятаю, прыйшоў загад арганізаваць знішчальны атрад, каб лавіць нямецкіх дыверсантаў і парашутыстаў. Я кінуўся збіраць настаўнікаў, аб’ездзіў шэсць школ, у абед на ровары прыкаціў у раён, а там пуста. Кажуць, толькі што пакідалі ў палутарку свае бэбахі і пакацілі на Мінск, шашу, маўляў, ужо перарэзалі немцы. Я спярша не паверыў. Калі немцы, дык павінны ж недзе адступаць нашы, ці што. A то нашых з пачатку вайны тут ніхто ніводнага салдата не бачыў. Але тыя, што казалі так, не падмапвалі — пад вечар у мястэчка напраўду ўкаціла штук шэсць вяздзеходаў на гусеніцах, і ў іх паўнютка самых сапраўдных фрыцаў.
Я ды яшчэ тры хлопцы — двое настаўнікаў і інструктар з райкома — гародамі шмыганулі ў жыта, праз яго ў лес і падаліся на ўсход. Тры дні ішлі — без дарог, праз балоты ля Нёмана, некалькі разоў пападалі ў такія перадзелкі, што не пажадаеш злодзею, думалі — каюк. Настаўніка аднаго, Сашу Крупеню, параніла ў жывот — што рабіць? А дзе фронт — чорт ведае, не дагоніш, відаць. Ужо, кажуць, і Мінск пад немцам. Бачым, не пройдзем, папрападаем усе. Заставацца — а дзе? У чужых людзей не дужа спадручна, ды і як папросішся? Рашылі вяртацца назад, усё ж у сваім раёне хоць людзі знаёмыя. За паўтара года перазнаёміліся з рознымі.
I тут, знаеш, аказалася, што кепска ўсё ж мы зналі гэтых людзей. Колькі было гаворак, сустрэч, нават і за чаркай сядзелі, здавалася, усе добрыя, харошыя, шчырыя людзі. A на справе аказалася трошкі не так. 3 раненым прывалакліся ў Стары Двор — хутары такія пры лесе, у баку ад дарог, немцаў быццам яшчэ і не было тут. Ну, думаю, самае месца пераседзець якіх пару тыдняў, пакуль нашыя турнуць немцаў. На болей тады не разлічвалі — што ты! Каб хто сказаў, што вайна на чатыры гады зацягнецца, яго б панікёрам або правакатарам палічылі.
Крупеня тым часам ужо даходзіць, далей ісці нельга. I я ўспомніў, што ў Старым Двары ў мяне знаёмы, актывіст, граматны такі чалавек, Усолец Васіль. Некалі начаваў у яго пасля сходу, пагаварылі тады ўсмак, спадабаўся чалавек: разумны, гаспадарлівы. I жонка, маладжавая такая кабетка, гасцінная, чысценькая, не як некаторыя. Грыбкамі салёнымі частавала. У хаце кветак поўна — усё застолле імі застаўлена. Ну, дык мы позна ноччу і заявіліся да гэтага Усольца. Так і так, трэба памагчы, паранены і так далей. I што, думаеш, наш знаёмец? Выслухаў і на парог не пусціў. «Кончылася тут, — кажа, — ваша ўласць!» I так ляснуў дзвярыма, што з падстрэшша пасыпалася.
Прытуліла нас на тым часе простая такая цётка — трое дзяцей малых, старэйшы хлопчык глуханямы, муж у войску. Як даведалася, што паранены (перад тым мы да другой сям’і ў крайнюю хату зайшлі), як дазналася, хто такія, — забрала ўсіх да сябе, бедалагу Крупеню абмыла, накарміла курыным
булёнчыкам ды схавала пад снапамі ў пуньцы. I ўсё памятаю вохкала: можа ж, і мой дзе, бедненькі, так мучыцца! Бо — любіла свайго бедненькага, а гэта, браце, заўжды нешта значыць. Ну, а Крупеня праз тыдзень памёр, не памог і курыны булёнчык: заражэнне пачалося. Цішком закапалі ноччу на краі могілак. Што рабіць далей? Пасядзелі яшчэ тыдзень у цёткі Ядвігі, і я пачаў намацваць сякіх-такіх партызан. Мусіць, думаю, павінны быць дзе нашыя. He ўсе ж на ўсход паўцякалі. Без партызан ні адна вайна ў нас не абыходзілася — колькі аб тым кніжак напісана.
I знаеш, натрапіў-такі на групу акружэнцаў, чалавек трыццаць. Камандзір над усімі маёр Селязнёў, з кавалерыстаў, рашучы такі мужык, родам кубанскі, майстра вылаяцца ў сем паверхаў, накрычаць, нават прыстрэліць пад гарачую руку мог. А ўвогуле справядлівы. I што цікава: ніколі не ўгадаеш, як ён да цябе паставіцца, якім бокам. Толькі што гразіўся кулю ў лабаціну загнаць за ржавы затвор вінтоўкі, а праз гадзіну ўжо аб’яўляе табе падзяку за тое, што на пераходзе першы хату ўбачыў, дзе была магчымасць падсілкавацца. A пра затвор ён ужо і забыўся. Такі быў чалавек. Спярша ён мяне здзіўляў, пасля — нішто, прывык да гэтага яго кавалерыйскага нораву. У сорак другім пад Дзятлавам ішоў першым па сцежцы, за ім ад’ютант Сёма Царыкаў ды астатнія. I трэба ж — нейкі паліцай са страху пальнуў раз ад моста і прама камандзіру ў сэрца. Во табе і лёс. У колькіх страшных баях удзельнічаў — і нічога. А тут адна за ўсю ноч куля і — у камандзіра.
Да, Селязнёў быў мужык асаблівы, але, знаеш, не без галавы. На ражон не пёр, як некаторыя. Заядлы болей на словах, а так нішто — думаў. Першыя пару месяцаў пасядзелі ў лесе, на Воўчых ямах — так мясціна тая называецца за Якімаўскай леснічоўкай. Пасля ўжо, у сорак трэцім, як мы перайшлі ў пушчу, там атабарылася Кіраўская брыгада. A тады, на пачатку, гэтыя ямы мы абжывалі. Здатнае, скажу табе, месца: лес, балота, а там то пагоркі, то ямы, увалы — чорт нагу зломіць. Ну, пагрэліся крыху ў зямлянках, абвыкліся з лясным жыццём. He ведаю, ці падказаў хто, ці маёр сам дайшоў, што вайна не на некалькі месяцаў — мабыць,
паболей прадоўжыцца — і што без мясцовых яму не абысціся. Таму і прыняў у сваё кадравае войска мяне і яшчэ некаторых: начальніка міліцыі з Пружан, студэнта аднаго, старшыню сельсавета з сакратаром. А на Кастрычніцкія святы і пракурор наш, таварыш Сівак, заяўляецца, таксама да фронту не дайшоў, вярнуўся. Спярша радавым быў, a пасля начальнікам асобаддзела паставілі. Ну але гэта пасля ўжо, пад восень, як Селязнёва не стала. А тады рашылі, што пакуль ціха, трэба агледзецца ды наладзіць сякія-такія сувязі з вёскамі, аднавіць знаёмства з надзейнымі людзьмі, памацаць па хутарах акружэнцаў, каторыя да маладзіц паўладкоўваліся. Перш-наперш разаслаў маёр усіх мясцовых, тутэйшых, — а такіх чалавек з дванаццаць тады ўжо назбіралася, — каго куды. Мяне з пракурорам, вядома, у былы наш раён. Рызыка тут нам, ведама, была большая, чым дзе ў другім месцы, — усё ж многа людзей тут нас ведалі, маглі апазнаць. Але затое і мы ведалі болей і трохі арыентаваліся ўжо, каму даверыцца, а каму не. Ды і выгляд наш быў не ранейшы, не адразу пазнаеш — абраслі бародамі, абадраліся. Пракурор у чорным чыгуначным шынялі, я ў армяку і ботах. У абодвух хатулі за плячыма. Як жабракі якія.
Найперш рашылі зайсці ў Сяльцо.
He ў маёнтак, вядома, а ў вёску, там праз паўвярсты якіх — ты ж, мабыць, ведаеш, цераз аселіцу. У вёсцы ў пракурора быў знаёмы адзін, былы актывіст, дэпутат сельсавета, дык мы да яго і кіравалі. Але спярша, знаеш, дзеля асцярогі зайшлі ў адну хату на Грынёўскіх хутарах — во тую, што пасля вайны заўмаг з Рандуліч адкупіў ды ля сельмага паставіў. Гаспадыня ў Польшчу выехала, гады тры хата стаяла пустая, дык заўмаг і купіў. А ў вайну там жылі тры дзеўкі пры маці, нявеста — сынава жонка (сын у польска-германскую вайну прапаў, пасля аж у Андэрса аб’явіўся). Дык пакуль мы гэта анучы сушылі, дзеўкі нам усё і расказалі. I пра навіны ў Сяльцы. Аказваецца, добра зрабілі, што перш зайшлі да гэтых палячак, а то б не мінуць бяды. Справа ў тым, што гэты пракурорскі знаёмец ходзіць ужо з белай павязкай на рукаве — паліцаем стаў. Пакрактаў мой пракурор ад такой навіны, а я, прызнацца, парадаваўся: было б горш, каб мы адразу
ды сунуліся ў паліцаевы рукі. Але неўзабаве прыйшла і да мяне чарга паздзіўляцца ды заклапаціцца — калі я спытаў пра Мароза. Кажа нявестка: «Мароз усё ў школе робіць». — «Як робіць?» — «Дзяцей, — кажа, — вучыць». Аказваецца, тых самых сваіх пацаноў пазбіраў па вёсках, немцы далі дазвол адкрыць школу, ну і вучыць. Праўда, ужо не ў Габрусёвым палацы — там цяпер паліцэйскі засценак, — а ў адной хаце ў Сяльцы.
Вось дык метамарфоза! Ад каго другога, а ад Мароза такога я не чакаў. Каб працаваць пры немцах?! А тут і пракурор выказваецца ў тым сэнсе, што даўно трэба было гэтага Мароза рэпрэсіраваць — не наш чалавек. Я маўчу. Думаю, думаю і ніяк не магу пагадзіцца, што Мароз — нямецкі настаўнік. Сядзім ля грубкі, глядзім у агонь і маўчым. Што рабіць? Называецца, наладзілі сувязі. Адзін — паліцай, другі — нямецкі служачы, харошыя мы кадры падрыхтавалі за два гады ў раёне.
I знаеш, думаў я думаў і надумаўся схадзіць усё ж уначы да Мароза. Няўжо, думаю, ён прадасць мяне? Ды я яго, калі так, гранатай узарву. Вінтоўкі не было, а граната была. Селязнёў забараніў браць з сабой зброю, але гранату я ўсё ж прыхапіў на які прыкры выпадак.
Пракурор адгаворваў, але я не здаўся. Мусіць, такі ўжо характар з маленства. Чым болей мне што даводзяць насуперак, тым болей мне хочацца па-свойму зрабіць. He дужа гэта спрыяе ў жыцці, але што ж. Праўда, пракурор тут ні пры чым. Проста баяўся за мяне, думаў, як бы не прыйшлося аднаму вяртацца.
Дзеўкі расказалі, як знайсці Мароза. Трэцяя хата ад калодзежа, з падворка ганак. Жыве ў старой бабулі. Цераз вуліцу ў другой хаце ягоная школа.