Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Сцямнела — пайшлі. Дожджык цярушыць, гразнота, вецер. Нешта пачатак лістапада, а халадэча сабачая. Дамовіліся з напарнікам, што я зайду, а ён мяне пачакае ў загуменні ля кусцікаў. Чакаць будзе гадзіну He прыйду — значыць, справа кепская, нешта здарылася. Ну але, думаю, за гадзіну ўпраўлюся. Ужо я разгадаю душу гэтага Мароза.
Так пракурор застаўся за пунькай, а я ўзмежкам — да хаты.
Цёмна. Ціха. Адно дождж большае ды шамаціць па саломе на стрэхах. За плотам вобмацкам дабрыў да варотцаў на падворак, паспрабаваў расчыніць, а яны дротам завязаныя. Я так і гэтак — нічога не выходзіць. Трэба цераз плот пералазіць, а плот высакаваты, слізкі. Наступіў ботам ды як пакаўзнуўся, грудзьмі аб жардзіну, тая хрась напалам, а я носам у гразь. I тут сабака. Так заліўся брэхам, што я ляжу ў гразі, баюся крануцца і не ведаю, што лепей: уцякаць або клікаць каго.
Але, чую, нехта выходзіць на ганак, бразнуў дзвярыма, слухае. Пасля пытаецца ціха так: «Хто тут?» I да сабакі: «Гулька, прэч! Прэч, Гулька!» Ну ведама, гэта ж школьны сабачка, той трохлапы, што некалі інспектара ўкусіў. А чалавек — Мароз, знаёмы голас. Але як адазвацца? Ляжу і маўчу. А сабака зноў у брэх. Тады ён саступае з ганка, кульгаючы так (чутно па гразі: чучвяк) ідзе да плота.
Устаю і проста кажу: «Алесь Іванавіч, гэта я. Былы твой загадчык». Маўчыць. I я маўчу. Але што тут рабіць — назваўся, дык, мусіць, трэба вылазіць. Устаю, пералажу плот. Мароз ціха так: «Тут лявей трымайся, a то карыта ляжыць». Уціхамірвае сабаку і вядзе мяне ў хату.
У хаце гарыць капцюшка, акно занавешана, на табурэтцы раскрыта кніжка. Алесь Іванавіч падстаўляе табурэт бліжэй да печы. «Сядайце. Пальто зніміце, хай сохне». — «Нічога, — кажу, — паліто маё яшчэ высахне»,— «Есці хочаце? Бульба ёсць». — «Не галодны, еў ужо». Адказваю быццам спакойна, а ў самога напружанне ў нервах — да каго трапіў? А ён нішто, спакойны, быццам мы толькі ўчора разышліся: ніякіх пытанняў, ніякай няёмкасці. Хіба толькі залішні клопат у голасе. I погляд не такі адкрыты, як быў раней. Бачу, няголены, мусіць, дзён пяць — русявая бародка на твары.
Сяджу мокры, не знімаючы армяка, і ён урэшце прысеў на лаўцы. Капцюшку паставіў на табурэт. «Як жывем?» — пытаюся. «Ведама як. Кепска». — «А што такое?» — «Усе тое ж. Вайна». — «Аднак, чуў, на табе гэта мала адбілася. Усё вучыш?» Ён кісла, адным бокам твару, усміхнуўся, паўзіраўся ўніз на капцюшку. — «Трэба вучыць». — «А па якіх
праграмах, цікава? Па савецкіх ці па нямецкіх?» — «Ах, во вы пра што!» — кажа ён і ўстае. Пачынае хадзіць па хаце, a я незнарок, пільна так сачу за ім. Маўчым абодва. Пасля ён спыняецца, нядобра зырае на мяне і кажа: «Мне некалі здавалася, што вы — разумны чалавек». — «Магчыма, і быў разумны». — «Дык не задавайце тады неразумных пытанняў».
Сказаў, як адрэзаў, і змоўк. I, ведаеш, мне стала трохі не па сабе. Адчуў, што, мабыць, даў маху, змарозіў глупства, Сапраўды, як я мог сумнявацца ў ім! Ведаючы, як ён тут жыў і чым быў раней, як можна было падумаць, што ён у тры месяцы перарадзіўся. I, знаеш, я адчуў без слоў, без запэўнення і бажбы, што ён наш — чэсны, харошы чалавек.
Але ж гэтая школа! I з дазволу нямецкіх улад...
«Калі вы маеце на ўвазе маё цяперашняе настаўніцтва, дык адкіньце вашы сумненні. Благому я не вучу. А школа патрэбна. He будзем вучыць мы — будуць абалваньваць яны. А я не затым тут два гады ачалавечваў гэтых рабят, каб цяпер іх расчалавечылі. Я за іх яшчэ пазмагаюся. Наколькі змагу, вядома».
Так ён гаворыць, шкандыбаючы па хаце, і не глядзіць на мяне. А я сяджу, грэюся і думаю: а што, калі ён і сапраўды правы? Немцы ж таксама не дрэмлюць, сваю атруту ў мільёнах лісткоў і газет сеюць па гарадах і вёсках, сам бачыў, чытаў што-кольвечы. Так складна пішуць, так зманліва хлусяць. I нават партыю сваю як назвалі: нацыянал-сацыялісцкая рабочая партыя. I быццам гэтая партыя змагаецца за інтарэсы германскай нацыі супраць капіталістаў, плутакратаў, яўрэяў ды бальшавіцкіх камісараў. А моладзь ёсць моладзь. Яна, брат, як малеча на дыфтэрыт: заразлівая на розныя незразумелыя штучкі. Старэйшыя — тыя ўжо разумеюць такія хітрыкі, рознага нагледзеліся ў жыцці. А маладзейшым?
«Цяпер усе хапаюцца за зброю, — кажа Мароз і ўсё ходзіць па хаце. — Патрэба ў зброі, як, мусіць, і заўжды ў вайну, стала большая за патрэбу ў ведах. I гэта зразумела: увесь свет узброіўся. Але каторым патрэбна вінтоўка, каб страляць у немцаў, а каторым — каб перад сваімі выпендрывацца. Але ж перад сваімі зброяй фарсіць куды больш бяспечна
ды і прымяніць яе можна беспакарана, вось і знаходзяцца, што ідуць у паліцыю. Думаеце, усе разумеюць, што гэта значыць? Далёка не ўсе. He задумваюцца многія, што будзе далей. Як далей жыць. Ім бы толькі атрымаць вінтоўку. Вунь у раёне ўжо і паліцыю набіраюць. I з Сяльца двое туды падаліся. Што з іх будзе — не цяжка сабе ўявіць».
I гэта праўда, думаю сабе. Але ўсё ж такі гэты Мароз добраахвотна працуе пад нямецкай уладай. Як тут быць?
I раптам, памятаю добра, падумалася неяк само сабой: ну і хай! Хай працуе. He важна дзе — важна як. Хоць і пад нямецкім кантролем, але, напэўна, ужо ж не на немцаў. На нас працуе. Можа, не так на наша цяперашняе, дык на наша будучае. Бо будзе ж і ў нас будучае. Павінна быць. Іначай навошта тады і жыць? Адразу галавой у прорву і — канец.
Але, аказваецца, Мароз гэты працаваў не толькі дзеля будучага.
Гадзіна, мусіць, ужо мінула, я пабаяўся за пракурора, выйшаў паклікаць яго. Той спярша ўпіраўся, не хацеў ісці, але сцюжа даняла, пабрыў следам. Павітаўся з Марозам стрымана, не адразу ўключыўся ў размову. Але спакваля асмялеў. Яшчэ пагаварылі, затым распрануліся, сталі сушыцца. Марозава бабка нешта паставіла на стол, і нават бутэлечка, мутнай, праўда, знайшлася.
Так парадкам мы пасядзелі тады, пагаварылі па шчырасці аб усім. I трэба сказаць, мабыць, тады ўпершыню я адкрыў, што Мароз гэты — не нам раўня, разумнейшы за нас абодвух. Вось так здараецца, што калі часам усе робяць разам, па адных правілах, дык здаецца тады, што і на розум усе аднолькавыя. Але калі жыццё развядзе па сваіх розных сцежках, ва ўсе бакі і раптам неспадзявана нехта вырываецца, вылучаецца ад іншых, тады мы здзіўляемся: глядзі, а быў як усе. Здаецца, і не разумнейшы за іншых. А як падскочыў.
Вось тады і я так адчуў, што Мароз сваім розумам бярэ шырай за нас, глыбей. Пакуль мы шасталі па лясах ды дбалі аб самым надзённым — пад’есці, перахавацца, узброіцца ды якога немца падстрэліць,— ён думаў, паглыбляўся, асэнсоўваў гэту вайну. Ён і на гэтую акупацыю глядзеў як бы знутры і бачыў такое, што мы не заўважылі. Галоўнае, ён яе болей
маральна адчуваў, з духоўнага боку, ці што. I знаеш, нават пракурор мой гэта адчуў. Калі мы ўжо добра нагаварыліея, зусім збліжэлі адзін да аднаго, я і кажу Марозу: «А можа, кідай усю гэту шарманку ды айда з намі ў лес. Партызаніць будзем». Памятаю, Мароз насупіўся так, зморшчыў лоб, a пракурор тады і кажа: «Не, не трэба. Які з яго, кульгавага, партызан! Ён тут нам болей патрэбны». I Мароз з ім пагаджаецца: «Цяпер, мусіць, мне тут болей да месца. Усё ж мяне тут кругом ведаюць, памагаюць. Хіба калі ўжо нельга будзе...»
Ну і я пагадзіўся. Сапраўды, нашто ўсім у лес? Ды яшчэ з такою нагой. Мусіць, і нам выгадней мець свайго чалавека ў Сяльцы.
Во так мы тады пагасцявалі ў яго і са спакойнай душой развіталіся. I скажу табе, гэты Мароз стаў для нас самым дарагім памагатым з усіх нашых памагатых у вёсках. Галоўнае, як пасля аказалася, прыёмнік дастаў. He сам, вядома, — мужыкі перадалі. Так яго паважалі ў вёсках, так лічыліся з ім, што, як і раней, не да папа ці ксяндза ішлі з чым благім ці харошым, а да яго. I калі во недзе аказаўся гэты прыёмнічак, дык найперш перадалі настаўніку свайму Алесю Іванавічу. А той паціхеньку пачаў яго пакручваць у асеці. Увечары, бывала, раскіне антэну на грушыне і слухае. А затым запіша, што чуў. Галоўнае — зводкі Саўінфармбюро, на іх быў самы вялікі попыт. У нас у атрадзе нічога не мелі, а ён во — займеў. Селязнёў, праўда, як дазнаўся, дык хацеў адабраць для сябе, але перадумаў. У нас бы тыя навіны чалавек трыццаць пяць слухала, а так уся акруга карысталася імі. I зрабілі так, што разы два ў тыдзень Мароз перадаваў зводкі ў атрад — была там каля леснічоўкі такая дуплянка на хвоі, туды ягоныя хлопцы клалі, а нашыя забіралі ўначы. Памятаю, сядзелі мы тою зімою на сваіх ямах, усё скрозь пазамяло снегам, халадэча, глухата, са жратвой тугавата, і толькі радасці, што гэтая Марозава пошта. Асабліва калі немцаў зпад Масквы пагналі — кожны дзень тады бегалі да яліны... Стой, здаецца, хтось едзе...
3 начной цемрадзі ззаду праз лёгкія павевы свежага ветру данёсся знаёмы пошчак конскіх капытоў, бразнулі цуглі.
Колаў, аднак, не было чутно на гладкім, падмецепым аўтамабільным віхрам асфальце. Цёмная восеньская ноч ужо зусім ахінула зямлю, толькі наперадзе, куды імкнула шаша, разрознена ззялі электрычныя агні недалёкай прыдарожнае вёскі Будзілавічы. 3-за пагорка ад яе жвава стрыглі ў небе стромкія ножніцы святла з фараў.
Мы прыпыніліся, крыху счакалі, і сапраўды з ночы, пастукваючы падковамі, вытупаў ціхі рахманы конік з адзінокім седаком у возе, які лена патузваў лейцамі. Згледзеўшы нас двух на ўзбочыне, возчык насцярожыўся, углядаючыся і чакаючы якога пытання.
— Во хто нас падвязе, — без прывітання лёгка сказаў Ткачук. — Мусіць жа, пусты, га?
— Пусты. Мяхі адвозіў, — глухавата пачулася з воза. — A вам далёка?
— Ды ў горад. Але хоць бы да Будзілавіч давёз.
— Ну, гэта можна. Якраз у Будзілавічы еду. А там на аўтобус сядзеце. У дзевяць аўтобус. Гродзенскі. Цяпер каторая?
— Без дзесяці восем, — сказаў я, так-сяк разгледзеўшы стрэлкі свайго гадзінніка.
Фурманка спынілася. Ткачук, крэкнуўшы, узлез на яе, я прыткнуўся ззаду. Сядзець тут было не надта каб зручна, нешта муляла на голых са смеццем дошках, але я ўжо не хацеў адставаць ад майго спадарожніка, які з салодкаю зморай уздыхнуў і звесіў цераз край ногі.
— А ўсё ж, знаеш, замарыўся. Што значыць — гады. Эх, гады-гады...
— А здалёк ідзяцё? — спытаў возчык. Мяркуючы па яго глухаватым голасе, быў ён таксама не маладога ўжо веку, паводзіў сябе зважліва і як бы чагось чакаў.