Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— 3 Сяльца.
— А, дык з пахавання, мусіць?
— 3 пахавання, — коратка пацвердзіў Ткачук. Возчык патузваў лейцамі, конь рушыў барзджэй — дарога кіравала ўніз. Насустрач, па той бок змрочнай, без аніводнага аганька шырокай нізіны, усё джгала здалёк стромкае святло аўтамабільных фараў.
— Да, малады быў яшчэ чалавек, настаўнік гэты. Ведаю добра. Залетась у горадзе ў бальніцы разам ляжалі.
— 3 Міклашэвічам?
— Ну. У адной палаце. Яшчэ ён усё нейкую тоўстую кніжку чытаў. Калі дык і ўслых. Вот забыўся таго пісацеля... Помню, пісалася там, што калі няма бога, дык няма і чорта, a значыцца, няма ні раю, ні пекла, значыцца, усё можна. I забіць, і памілаваць. Во як. Хаця ён казаў, што гэта гледзячы як разумець. Гледзячы на каго.
— Дастаеўскі, — кіўнуў Ткачук і сказаў возчыку: — Ну a ты, напрыклад, як разумееш?
— Ды я што! Я цёмны чалавек, тры класы абразавання. Але так мяркую, што трэба, каб нешта было ў чалавеку. Шрубка якая. A то без шрубкі дрэнь справа. Вунь у горадзе трое наскочылі на хлопца з дзеўкай, чуць шкоды не зрабілі. Віцька наш, хлопец з Будзілавіч, умяшаўся, дык сам цяпер у больніцы трэці тыдзень ляжыць.
— Пабілі?
— He сказаць каб пабілі — усяго адзін раз ударылі кісцянём па скроні. Але і ад яго нехта дастаў. Злавілі — знатны бандзюга аказаўся.
— Гэта харашо! — ажывіўся Ткачук. — Глядзі, не спужаўся. Адзін супраць трох. Калі гэта было ў вашых Будзілавічах?
— Ну, у Будзілавічах, можа, і не было...
— He было, не было. Знаю я вашыя Будзілавічы — бедная вёска. Выселкі. Цяпер што, цяпер іншая справа: пад шыфер ды гонту ўбраліся, а ці даўно яшчэ на стрэхах мох зелянеў! Гэткая вёска пры бруку, і што дзівіла мяне — ніводнага дрэўца! Як у Сахары якой. Сапраўды, зямля — адзін пясок. Помню, неяк зайшоў — расказалі гісторыю. Аднаго будзілаўчаніна галадуха па вясне прышчаміла, дайшоў на крапіве, ну і надумаў на дарозе разжыцца. Ноччу падпільнаваў аднаго прахожага ды і стукнуў абушком. Вунь цяпер яшчэ на ваколіцы ля каменя крыж стаіць. Аказаўся жабрак з пустой торбай. А гэты катаргу атрымаў, так з Сібіры і не вярнуўся. А цяпер, глядзі ты — кавалер які знайшоўся ў Будзілавічах! Рыцар.
Ну
— А куды ў школу хадзіў? He ў Сяльцо?
— Да пятага класа ў Сяльцо.
— Ну во бачыш! — шчыра ўзрадаваўся Ткачук. — У Міклашэвіча, значыць, вучыўся. Я так і ведаў. Міклашэвіч умеў вучыць. Яшчэ тая закваска, адразу відно.
«Што праўда, то праўда, — падумаў я. — Пэўна відаць: пашэнціла гэтаму Сяльцу на настаўнікаў, дай бог паболей такіх».
— А ён, гэты Віктар ваш, хто? Робіць дзе? — яўна зацікаўлены павярнуўся да возчыка Ткачук.
— Ды малады яшчэ. На настаўніка вучыцца.
— Малайчына. Вось бы і яго ў тое Сяльцо. На змену. Трэцяе пакаленне, брат, ідзе... Хаця гэты з вышэйшай у пачатковую не пойдзе. Калі талковы, у горадзе засядзе: аспірантура, кандыдантура і так далей.
Апошнія словы Ткачука прагучалі са шкадаваннем, і мне раптам таксама дужа захацелася, каб гэты незнаёмы Віктар сапраўды трапіў у Сяльцо. Увогуле гэта было б здорава. Хоць, зрэшты, хіба так важна, куды накіруюць будучага настаўніка.
— Знаеш, я дык не згодны, — натрапіўшы на нешта сваё, пачаў разважаць Ткачук. — Навука навукай, але і чорную работу рабіць трэба. Калі разабрацца, дык яна, можа, яшчэ важней за навуку. A то як толькі дзе хто аб’явіцца лепшы, дык адразу яго ў навуку. Зноў жа, і прабіўныя, тых ад яе за вушы не адцягнеш. А кандыдата атрымаў — і не чухаецца. Усё жыццё казну доіць. А запытай: каму яна патрэбна, тая іх педнавука? У той жа час паглядзі ў школах: рэдка дзе прашмыгне мужчына. Скрозь жанчыны. Я нічога не маю проці жанчын, ёсць і сярод іх слаўныя настаўніцы. Але ж настаўніца для дзяўчат, для малых яшчэ куды ні гадзіцца, a для падлеткаў? Ды і для старэйшых мужык патрэбны. Бо што жанчына: у яе самой дзеці, гаспадарка, муж, сталаванне, уборы-прыборы. Вучням яна дай бог калі выдзеліць які мінімум. А ім, брат ты мой, калі хочаш харошым быць, аддай усяго сябе. Тады ты для іх станеш ідэалам, прыкладам, з якога робяць жыццё. Во як той Сухамлінскі з Паўлыша або як Макаранка быў. А прападавацеляў розных прадме-
таў яны і ў грош не цэняць. Цяпер між іх саміх такія знаўцы водзяцца, што не горш за настаўніка разбяруцца. I ў матэматыцы, і ў літаратуры.
Машыны хутка ляцелі насустрач і яшчэ здалёку асляпілі нас зіхоткім патокам промняў. Возчык рупна збочыў з фурманкай, конік запаволіў хаду, і яны з ровам прамчаліся міма, сцебануўшы па возе шчэбенем з-пад колаў. Стала зусім цёмна, і з паўхвіліны мы слепа ехалі ў гэтую цемрадзь, не бачачы дарогі і даверыўшыся каню. Ззаду па шашы хутка аддаляўся-меншаў магутны нутраны гул дызеляў.
— Дарэчы, вы не даказалі... Дык як яно тады з Марозам абышлося? — напомніў я Ткачуку.
— Ге, каб жа абышлося. Тут доўгая яшчэ гісторыя. Ты, дзед, Мароза не ведаў? Ну настаўніка з Сяльца? — звярнуўся ён да нашага возчыка.
— Таго, што тады ў вайну? А як жа! Яшчэ майго племяша разам загубілі.
— Гэта каго?
— А Бародзіча. Гэта ж пляменнік мой. Сястры роднай сын. Як жа, ведаю...
— Дык во я таварышу гэту гісторыю расказваю. Ты-то ведаеш, значыць? A то можаш даслухаць гісторыю, мабыць, не ўсё чуў. У лесе ж, мусіць, не быў? У партызанку?
— А як жа! Быў, — крыўдліва азваўся чалавек. — У таварыша Куруты. Вазіў раненых. Санітарам рабіў.
— У Куруты? Камбрыга Куруты?
— Ну. Ад вясновага Міколы ў сорак трэцім і да канца. Як нашыя прыйшлі. Лічы, больш года.
— Ну, Курута не нашай зоны.
— Мала што. Нашай не нашай, а быў. Медаль маю і дакумент, — ужо зусім закрыўдаваў стары. Ткачук паспяшаўся змякчыць гаворку:
— Ды я нічога, я так. Маеш — насі на здароўе. Тут мы пра іншае... Мы пра Мароза.
— На першым часе ўсё ў яго ішло добра. Немцы і паліцаі пакуль не чапляліся, мабыць, сачылі здаля. Адно, што тачы-
ла яго сумленне і што ён перажываў доўга, — дык гэта ўдовіны дочкі. Тыя во дзве дзяўчынкі, якіх ён некалі адводзіў дадому. Улетку сорак першага, якраз перад вайной, паслаў іх у піянерскі лагер пад Навагрудак — арганізоўвалі тады першы раз такія міжраённыя піянерскія лагеры. Маці не хацела пускаць, баялася — вядома, вясковая баба, далей раёна нідзе не была, а ён угаварыў, думаў дзяўчатам харашае зрабіць. Толькі паехалі, а тут вайна. I прапалі малыя. Мінула ўжо колькі месяцаў, а ад іх ні слыху ні дыху. Вядома, маці ўбіваецца, ды і Марозу праз тое не соладка. Як-ніяк, яго ўсё ж віна. Точыць сумленне, а што зробіш? Так і па сёння прапалі дзяўчаты.
Цяпер трэба табе сказаць пра тых двух паліцаяў з Сяльца. Аднаго ты ўжо ведаеш, гэта былы пракурораў знаёмы Лаўчэня Уладзімір. Аказваецца, быў ён не такі, за каторага мы яго спярша прынялі. Праўда, у паліцыю пайшоў — сам ці прымусілі, цяпер ужо не дазнаешся, — ды ў сорак трэцім зімой немцы расстралялі яго ў Навагрудку. Дзядзька ўвогуле аказаўся харошы, многа нам добрага зрабіў і ў гэтай гісторыі з хлопцамі сыграў даволі прыстойную ролю. Лаўчэня быў маладзец, хоць і паліцай. А вось другі аказаўся апошнім гадам. He памятаю ўжо ягонага прозвішча, але па вёсках яго звалі Каін. I сапраўды быў Каін, многа бяды нарабіў людзям. I адкуль што ўзялося — чорт ведае. Да вайны жыў з бацькам на хутары, малады яшчэ быў, не жанаты, хлопец як хлопец. Быццам ніхто пра яго, даваеннага, паганага слова сказаць не мог, а прыйшлі немцы — перарадзіўся чалавек. Во што значыць умовы. Мусіць, у адных умовах расцвітае адна частка характару, а ў другіх — другая. Таму на кожным часе свае героі. Дык вось і ў гэтага Каіна да вайны драмала сабе паціху нешта нягоднае, і каб не гэтая калатнеча, можа б, і не выперла з яго ніколі. А тут во палезла. Шчыра паслужыў немцам, нічога не скажаш. Ягонымі рукамі тут шмат чаго нароблена. Увосень параненых камандзіраў расстраляў. (3 лета хаваліся ў лесе чацвёра параненых, хто-ніхто з мясцовых ведаў пра іх, ды маўчаў. А гэты высачыў, знайшоў у ельніку зямляначку і з дружкамі перабіў усіх ноччу.) Сядзібу сувязнога аднаго, Крыштафовіча, спаліў. Сам Крышта-
фовіч паспеў уратавацца, а бацькі старыя, жонка з дзецьмі — усе ў агні пагарэлі. Яўрэяў у мястэчку катаваў, аблавы рабіў. Ды ці мала што! Улетку сорак чацвёртага знік недзе. Можа, дзе палучыў кулю, а можа, і цяпер на Захадзе раскашуе. Такія і ў віры не тонуць.
Дык вось гэты Каін нешта ўсё ж западозрыў каля Марозавай школкі. Які б ні быў Мароз асцярожны, а, ведама, штонішто вылезла, як шыла з мяшка. Мусіць, дайшло і да паліцэйскіх вушэй.
Аднойчы пад вясну (снег ужо стаў раставаць) з’яўляецца ён да Мароза. У таго якраз ішлі заняткі — чалавек дваццаць дзетвары ў адным пакоіку за двума доўгімі сталамі. Урываецца гэты Каін, з ім яшчэ двое і немец — афіцэр з камендатуры. Зрабілі вобыск, ператрэслі вучнёўскія торбачкі з кніжкамі, праверылі падручнікі. Ну але, ведама, нічога такога не знайшлі — што можна знайсці ў вучняў у школе? Праўда, нікога не зачапілі, не забралі. Толькі настаўніку допыт наладзілі, гадзіны дзве ганялі па розных пытаннях. Але абышлося.
I тады Марозавы хлопцы, маладзейшыя, што вучыліся ў яго, і той пераростак Бародзіч, нешта ўдумалі. Увогуле яны былі шчырыя з настаўнікам, але тут затаіліся нават і ад яго. Аднойчы, праўда, гэты Бародзіч быццам між іншым намякнуў, што не лішне б прыстукнуць Каіна. Ёсць, маўляў, такая магчымасць. Ды Мароз забараніў катэгарычна. Сказаў, што калі трэба будзе — прыстукнуць без іх. Самавольнічаць у вайну нягожа. Бародзіч не стаў пярэчыць, нібыта пагадзіўся. Але такі ўжо гэта быў хлопец, што калі браў што ў галаву, дык не хутка расставаўся са сваёй думкай. А думкі ў яго заўсёды былі адна за другую смялейшыя.
Далей мне ўжо расказваў сам Міклашэвіч, дык можна лічыць, што ўсё тут чыстая праўда.
Сталася так, што пад вясну сорак другога вакол Мароза ў Сяльцы склалася невялічкая, але адданая яму групка хлопцаў, якая ва ўсіх справах была з настаўнікам заадно. Хлопцы гэтыя цяпер вядомыя, на помніку ўсе іх імёны ў поўным складзе, апроч Міклашэвіча, канечне. Паўлу Міклашэвічу ішоў тады пятнаццаты год. Коля Бародзіч быў самы старэй-
шы, мусіць, год пад васемнаццаць бралася хлопцу. Яшчэ былі браты Кажаны — Цімка і Астап, аднафамільцы — Смурны Мікола і Смурны Андрэй, усяго такім чынам шасцёра. Самаму малодшаму з іх, Смурнаму Міколу, было якіх гадоў трынаццаць. Заўжды ва ўсіх справах яны трымаліся разам. I вось гэтыя хлопцы як убачылі, што на іх школу і на іхняга Алеся Іванавіча насеў гэты Каін з немцамі, рашылі таксама не застацца ў даўгу. Сказалася Марозава выхаванне. Але ж гэта хлопцы, амаль хлапчукі, без зброі, амаль з голымі рукамі. Дурасці ды адвагі ў іх было аж занадта, а спрыту ды розуму недахват. Ну і скончылася гэта ведама чым.