Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Цяпер ужо пэўна вядома, як усё атрымалася. Аказваецца, Бародзіч даўно быў на падазрэнні ў гэтага Каіна, да таго ж нехта з паліцаяў убачыў тады яго ў раўку. He пазнаў, але ўбачыў, што пабег падлетак, юнак — не мужчына. Ну, мусіць, пагаварылі там, у раёне, успомнілі Бародзіча і вырашылі ўзяць. Ноччу прыкацілі пад яго хату. А той, дурань, якраз абувае чуні. Цэлы дзень бадзяўся па лесе, а пад ноч прытаміўся, згаладнеў, ну і вярнуўся ў бацькаву хату. Спярша ў кагось запытаў на вуліцы, сказалі: усё, маўляў, ціха, спакойна. Рашучы быў хлопец, смелы, а засцярожлівасці не хапала. Мусіць, падумаў: усё шыта-крыта, ніхто нічога не ведае, яго не шукаюць. А ўвечары якраз прыбягае Смурны: так і так, Алесь Іванавіч кліча. Толькі хлопцы пачалі збірацца ў Сяльцо да Мароза, як тут машына. Так і схапілі абодвух. Нават з хаты не паспелі выскачыць.
А схапіўшы двух, няцяжка было пабраць і астатніх. Часам так думаецца толькі: як гэта следчы знайшоў злачынцу, калі ніхто нічога не бачыў, нічога не ведаў? Можа, гэта і сапраўды нялёгка, асабліва калі трымацца нейкіх там правілаў юрыспрудэнцыі. Толькі немцы ў такіх выпадках чхалі на юрыспрудэнцыю. Каін ды іншыя разважалі іначай. Калі дзе што здаралася, яны прыкідвалі паводле верагоднасці: хто можа? Выходзіла: той або той. Тады і хапалі ўсіх разам з іх сваякамі ды дружбакамі. Маўляў, адна шайка. I, знаеш, рэдка памыляліся, халеры. Так і было. А калі і памыляліся — усё роўна не перайначвалі, назад нікога не выпускалі. Каралі ўсіх — і вінаватых і невіноўных.
Дагэтуль невядома дакладна, як таму Лаўчэню ўдалося папярэдзіць Мароза. Мусіць, спярша яны там не планавалі хапаць настаўніка, а зрабілі гэта імправізавана, па ходзе справы. Мусіць, Каін гэта дапетрыў, што калі хлопцы, дык
і настаўнік таксама. I вось гэты Лаўчэня, якога мы лічылі падлюгам, выбраў момант, літаральна якіх дзесяць хвілін, і забег, папярэдзіў. Уратаваў Мароза. Во як яно атрымалася.
А ў лагер на другі дзень прыехаў Селязнёў. Прывезлі пару скрынак намоклых гранат — ведама, з вады. Удача не вялікая, хлопцы натаміліся, камандзір злы. Я расказаў пра Мароза: так і так, што будзем рабіць? Трэба, мусіць, браць настаўніка ў атрад, не прападаць жа чалавеку. Кажу так, a Селязнёў маўчыць. Ведама, баец з гэтага настаўніка не надта зайздросны, але нічога не зробіш. Падумаў маёр і загадаў выдаць вінтоўку з чорным прыкладам, без мушкі (ніхто яе не хацеў браць, бракованую) і залічыць Мароза ва ўзвод Пракапенкі байцом. Сказалі аб тым Марозу, той выслухаў без усякага энтузіязму, але вінтоўку ўзяў. А сам нібы ў ваду апушчаны. I вінтоўка ніяк не падзейнічала. Бывала, калі каму ўручаеш зброю, дык столькі жвавасці, амаль дзіцячага захаплення. Асабліва ў маладых хлопцаў, для іх уручэнне зброі — найбольшае свята. А тут нічога падобнага. Чалавек жыў сваім і не меў нават намёку на якую вайсковую хвацкасць. Два дні прахадзіў з гэтай вінтоўкай і нават почапкі не зрабіў, усё насіў у руках. Як ламачыну якую.
Так мінула яшчэ два ці тры дні. Памятаю, хлопцы капалі трэцюю зямлянку на краі нашага стойбішча, пад ельнічкам. Народу пад весну пабольшала, у дзвюх стала цеснавата. Я сяджу сабе над ямай, гутарым пра тое-гэта. I тут прыбягае партызан, што быў днявальным у лагеры, кажа: «Камандзір кліча». — «А што такое?» — пытаюся. Кажа: «Улляна прыйшла». А Улляна — гэта наша сувязная з леснічоўкі, харошая была дзеўка, смелая, баявая, на язычок — не дай бог, як брытва. Колькі хлопцы да яе ні падкатваліся — нікому ніякай паблажкі, любога адбрые, толькі трымайся. А смелая. Пасля, улетку сорак другога, з Марыяй Казухінай ледзь камендатуру ў мястэчку не ўзарвалі, ужо і зарад падклалі, ды нейкі падлюга заўважыў, данёс. Зарад тут жа вынялі, a яе дагналі на конях, схапілі і расстралялі неўзабаве. А Казухіна неяк уратавалася, у блакаду паранена была, ды пераседзела ў балоце. Цяпер у Гродні працуе. Нядаўна вяселле спраўляла, сына жаніла. I я быў запрошаны, а як жа.
Да. Прыбегла, значыць, Улляна. Я, як пачуў пра гэта, дык зразумеў адразу: справа кепская. Кепская, бо мы Улляне катэгарычна забаранілі з’яўляцца ў лагеры. Што трэба было, перадавала цераз сувязных разы два на тыдні. А самой было дазволена прыбегчы толькі ў самым крайнім выпадку. Дык вось, мусіць, гэта і быў той самы край ні выпадак. Інакш бы яна не прыйшла.
Значыць, я — да камандзіравай зямлянкі і ўжо на прыступках чую: размова сур’ёзная. Болей дакладна — гучная размова. Селязнёў крые матам, а Улляна таксама не адстае. «Мне сказалі, а я што, маўчаць буду?» — «У аўторак бы перадала!» — «Ага, да аўторка ім усім галовы паадкручваюць!» — «А я што зраблю? Я ім галовы папрыстаўляю?» — «Думай, ты камандзір». — «Я камандзір, ды не бог. А ты мне во лагер дэмаскіруеш. Я цябе назад цяпер не пушчу». — «Не пушчай, чорт з табой. Мне тут горай не будзе».
Заходжу, абодва сціхаюць. Сядзяць, адно на аднаго не пазіраюць. Пытаюся як мага ласкавей: «Што сталася, Уллянка?» — «А што сталася? Дрэнь сталася. Патрабуюць Мароза, іначай, сказалі, хлопцаў павесяць. Мароз ім патрэбны».
«Ты чуеш? — крычыць камандзір. — I яна з гэтым прымчала ў лагер! Так ім Мароз і пабяжыць. Знайшлі дурня!»
Улляна маўчыць. Яна ўжо накрычалася і, мусіць, болей не хоча. Сядзіць, папраўляе пад барадой хустку. Я стаю ашаломлены... Бедны Мароз! Памятаю як цяпер, менавіта гэтак падумаў. Яшчэ адзін камень на яго душу. Вярней, шэсць камянёў — ёсць ад чаго чарнець. Вядома, ніхто тады з нас і думкі не меў, каб пасылаць Мароза ў вёску. Здурнелі мы, ці што! Пэўна ж, яны і мальцоў не пусцяць і яго кокнуць. Ведаем мы гэтыя штучкі. Як-ніяк, дзевяты месяц пад немцам жывём. Нагледзеліся.
А Улляна расказвае:
«Я што, хіба жалезная? Прыбягаюць ноччу цётка Тацяна і цётка Груша — валасы на сабе рвуць. Ведама, маці. Просяць Хрыстом-богам: «Улляначка, родненькая, памажы! Ты ведаеш як». Я ім талкую: «Нічога я не ведаю. Куды я пайду?» А яны: «Ідзі, ты знаеш, дзе Алесь Іванавіч, хай ратуе мальцоў. Ён жа разумны, ён жа іхні настаўнік». Я сваё вяду:
«Адкуль мне ведаць, дзе той Алесь Іванавіч? Мусіць, уцёк куды, дзе я яго шукаць буду?» — «Не, золатка, не адмаўляйся, ты з партызанамі знаешся. А то ж заўтра павядуць у мястэчка, мы ж іх болей не ўбачым». Ну што мне было рабіць?»
Да. Ось такая наспела сітуацыя. Невясёлая, прама скажу, сітуацыя. А Селязнёў пагарачыўся, накрычаў ды і змоўк. Зацяўся, нахмурыўся. I я маўчу. А што зробіш? Прапалі, мусібыць, хлопцы. Гэта так. Але як жа маткам? Мусіць жа, ім жыць яшчэ трэба. I Марозу таксама.
Мы маўчым, як пні, а Улляна ўстае. «Рашайце, як хочаце, я пайшла. I хай правядзе хто. A то ля кладкі нейкі ваш дурань чуць не застрэліў».
Зразумела, дзяўчыну трэба праводзіць. Яна выходзіць, я за ёю. Вылажу з зямлянкі і тут жа hoc у нос — з Марозам. Стаіць ля ўвахода, трымае ў руцэ сваю вінтоўку без мушкі, а ў самога твар, нібы смерць. Зірнуў на яго і адразу бачу: ён усё чуў. «Зайдзі, — кажу, — к камандзіру, справа ёсць». Ён палез у зямлянку, а я павёў Улляну. Пакуль знайшоў, каго вылучыць ёй у праважатыя, пакуль даваў заданне таму, пакуль развітваўся — мінула хвілін дваццаць, калі не болей. Вяртаюся ў зямлянку, там камандзір, як тыгр, бегае з кутка ў куток, гімнасцёрка расшпілена, вочы гараць. Крычыць на Мароза: «Ты з глузду з’ехаў, ты дурань, псіх, ідыёт!» А Мароз стаіць ля дзвярэй і паныла глядзіць у зямлю. Здаецца, ён нават і не чуе таго камандзіравага крыку.
Я саджуся на нары, чакаю, пакуль яны мне вытлумачаць, у чым справа. А яны на мяне нуль увагі. Селязнёў усё ярыцца, грозіцца Мароза да яліны паставіць. Ну, думаю, калі ўжо да яліны дайшло, то справа сапраўды сур’ёзная.
А справа сапраўды далей некуды. Камандзір выкрычаў сваё і да мяне: «Чуў, хоча ў вёску ісці!» — «Чаго?» — «А гэта ты яго запытай». Гляджу на Мароза, а той толькі ўздыхае. Тут ужо і я пачаў абурацца. Трэба быць круглым ідыётам, каб паверыць немцам, што яны выпусцяць хлопцаў. Значыць, ісці туды — самае бязглуздае самагубства. Так я і сказаў Марозу. Як думаў. Той выслухаў і раптам кажа гэтак спакойна: «Гэта праўда. I ўсё ж трэба ісці».
Тут мы ўжо абодва ўтрапелі: што за дзівацтва? Камандзір кажа: «Калі так, я цябе пасаджу ў зямлянку. Пад варту». Я таксама раю: «Ты падумай спярша, што гаворыш». А Мароз маўчыць. Сядзіць, угнуўшы галаву, і не варушыцца. Бачым — такая справа, трэба, мусіць, параіцца нам удвух з камапдзірам, што з ім зрабіць. I тады Селязнёў, натаміўшыся ад спрэчкі, кажа: «Ладна, ідзі падумай. Праз гадзіну прадоўжым гаворку».
Ну, Мароз устаў і, накульгваючы, вылез сабе з зямлянкі. Мы засталіся ўдвух. Селязнёў сядзіць злы ў кутку, бачу, на мяне зуб мае — маўляў, твая кадра. Кадра сапраўды мая, але, адчуваю, я тут ні пры чым. Тут у яго свае нейкія прынцыпы, у гэтага Мароза. Хоць я і камісар, але ён за мяне не дурнейшы, Што я магу з ім зрабіць?
Пасядзелі так, Селязнёў і кажа са строгасцю ў голасе, да якой я ўсё яшчэ не мог да канца прывыкнуць: «Пагавары з ім. Каб ён гэтую дурату выкіпуў з галавы. А не, дык на Шчару паганю. У сцюдзёнай вадзе пабоўтаецца — паразумнее».
Думаю, ладна. Трэба неяк пагаварыць, адвесці ад яго гэты бязглузды намер. Вядома, я разумеў: шкада хлопцаў, шкада мацярок. Але, мусіць, ім ужо не паможаш. Пагібнуць хлопцы. Ды хіба адны Марозавы хлопцы гінуць? Вайна, паміраюць мільёны. I не такія арлы, як гэтыя падшыванцы.
Да, я чэсна збіраўся пагутарыць і адгаварыць яго нават і думаць нра яўку ў Сяльцо. Але вось не пагаварыў. Я прамарудзіў. Можа, прытаміўся, а можа, проста не сабраўся з духам зрабіць гэта зараз жа пасля гаворкі ў зямлянцы. А далей здарылася адна мітрэнга, стала не да Мароза.
Сядзім, маўчым, думаем і раптам чуем галасы непадалёк, ля першай зямлянкі. Нехта бягом пратупацеў ля акенца. Услухаўся — голас Браневіча. А Браневіч толькі ўранку адправіўся на адзін хутар з сяржантам ІІекушавым — было заданне наконт сувязі з мястэчкам. Пайшлі на тры дні, і раптам ужо ўвечары яны тут.
Першы, учуўшы нядобрае, выскачыў камандзір, я ўслед. А што ж бачым? Сядзіць перад зямлянкай Браневіч, а побач у доле ляжыць Пекушаў. Я зірнуў і бачу адразу: мёртвы. А Браневіч расшкуматаны ўвесь, потны, мокры па пояс, з
акрываўленымі рукамі, заікаючыся, расказвае. Аказваецца, кепская справа. Ішлі і каля аднаго там хутара наскочылі на паліцаяў, тыя абстралялі і вось забілі сяржанта. А харошы быў хлопец, з пагранічнікаў. Добра яшчэ, Браневіч неяк выкруціўся і прывалок цела. У самога куляй прабіта на плячы ватоўка.