Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Я сеў раўней і ўважліва прыгледзеўся да майго гняўлівага суседа. He, у горадзе я, здаецца, яго не бачыў, можа, ён нядаўна пераехаў адкуль. А Ткачук, ужо абыякавы да ўсяго тут, нерухома сядзеў, адваліўшыся ў крэсле, глядзеў кудысь на клятчасты бераг абруса.
— 3 горада? — раптам запытаў ён, мабыць, заўважыўшы маю да яго ўвагу.
— 3 горада.
— Чым прыехаў?
— Папутнай.
— Свае няма?
— Пакуль не.
— Ну, піце, памінайце, я пайду.
— А вы чым едзеце?
— Чым-небудзь. He першы раз.
— Тады і я з вамі, — чамусьці рашыў я. Заставацца тут, здаецца, не мела ўжо сэнсу.
Цяпер дык мне цяжка і сказаць, чаму я пайшоў з гэтым чалавекам, чаму, столькі дабіраючыся да Сяльца, так хутка і ахвотна развітваўся з гэтаю школай. Вядома, найперш таму, што спазніўся. Таго, дзеля каторага я выпраўляўся сюды, ужо не было, а іншыя людзі за гэтымі сталамі мяне мала цікавілі. Але і мой новы спадарожнік у той час зусім не здаўся мне ні цікавым, ні тым болей прывабным. Хутчэй наадварот. Я бачыў у ім добра ўжо падпітага, напэўна, прывярэдлівага пенсіянера; ад ягоных слоў пра сваё першынство над нябожчыкам нясло звычайнаю старэчай пахвальбой, заўсёды не дужа прыемнай. Нават калі ён і казаў праўду.
Тым не менш з невыразным адчуваннем палёгкі я ўстаў з-за стала і выйшаў з хаты. Ткачук быў грузнаваты, камлюкаваты чалавек у гамашах і шэрым паношаным гарнітуры з дзвюма ордэнскімі планкамі на грудзях. Здаецца, ён добра выпіў, хоць, зрэшты, у гэтым не было нічога дзіўнага — перажыў на пахаванні, трохі панерваваўся ў спрэчцы з маладым самаўпэўненым загадчыкам, прычыну якой я так і не ўцяміў. Але, відаць было па ўсім, ён не на жарт раззлаваўся і цяпер ішоў перада мной па сцежцы, усім сваім выглядам сведчачы пра сваю злосць і зацятасць.
Так моўчкі мы мінулі палац і прайшлі алею. Ткачук усё маўчаў. He даходзячы шашы, прапусцілі на ёй грузавік, здаецца, пусты і ў бок горада. Можна было б крыкнуць і трохі падбегчы, але мой спадарожнік нават не прыспешыў кроку, ну і я не праявіў асаблівага клопату за нашу дарогу. Ля слупка з аўтобусным знакам нікога не было, шаша ў абодва канцы ляжала да бляску наглянцаваная за дзень і пустая.
Мы дайшлі да раздарожжа і спыніліся. Ткачук паглядзеў у адзін бок шашы, у другі і сеў, дзе стаяў, спусціўшы ногі ў неглыбокую сухую канаву. Гаварыць са мной ён не хацеў, гэта было пэўна, і каб не назаляць яму, я адышоўся крыху, пазіраючы на дарогу. Неўзабаве з-за павароткі ў гайку паказалася легкавушка, прыватніцкі «Масквіч» з гарбатым, нагрувашчаным трантамі верхам, — абдаўшы нас пахам бензіну, пакаціў далей. У тым жа канцы шашы, які цяпер асабліва цікавіў нас, было абсалютна пуста. Над недалёкім лесам заходзіла ў хмарку вечаровае сонца. Яго нізкія разложыстыя промні сляпілі вочы, але ўглядацца туды, мабыць, і не мела вялікага сэнсу — машын там не было. Губляючы цікавасць да дарогі, я па-над канавай падаўся да помніка.
Гэта быў прысадзісты бетонны абеліск за штакетнаю абгародкай, проста і без лішняй выдумкі змайстраваны рукамі нейкіх мясцовых умельцаў. Выглядаў ён болей чым сціпла, калі не сказаць бедна, цяпер нават у вёсках ставяць куды прыгажэйшыя помнікі. Праўда, пры ўсёй яго несамавітасці не было ў ім і знаку закінутасці, хутчэй наадварот. Колькі я яго памятаў, заўжды ён выглядаў старанна прыбраным і дагледжаным: у доле было чыста падмецена, пасыпана свежым пясочкам, а на невялічкай, абкладзенай цаглянымі ражкамі клумбачцы сціпла і прыгожа стракацела штосьці з запозненай кветкавай драбнаты. Гэты трохі вышэйшы за чалавечы рост абеліск за якіх дзесяць год ужо некалькі разоў мяняў свой колер: быў то беласнежны, белены перад святамі вапнаю, то зялёны, пад колер салдацкіх прыладаў і зброі; аднойчы праездам па гэтай шашы я бачыў яго зіхотка-срэбным, як крыло рэактыўнага лайнера. Цяпер жа ён быў проста шэры,і, мусіць, з усіх іншых колераў гэты найболей ішоў да яго аздобы.
Абеліск мяняў сваё аблічча, нязменнай заставалася толькі чорная металічная шыльдачка на баку з пяццю на ёй імёнамі. Я іх ведаў на памяць, чуў пра іх вядомы ў нашай мясцовасці подзвіг у часе Айчыннай вайны. Але цяпер тут з’явілася і новае імя — Мароз A. L, якое было не дужа зграбна выведзена над іншымі белаю фарбай, і я трохі здзівіўся, убачыўшы яго тут.
На дарозе ў напрамку ад горада зноў з’явілася ад павароткі машына, на гэты раз самазвал, ён даволі шпарка прамчаў па густой шашы міма. Узняты ім пыл, аднак, падняў майго спадарожніка з яго не надта прыдатнага для адпачынку месца. Ткачук выйшаў на асфальт і заклапочана паглядзеў у далячынь дарогі.
— Чорт іх дачакаецца. Давай пойдзем. Нагоніць якая, дык сядзем.
Я быў згодны ісці, тым больш што надвор’е пад вечар і яшчэ палепшала: было цёпла, ціха, ні адзін лісцік на вязах не варухнецца, а глянцаватая стужка пустой шашы так і клікала даць волю нагам. Я перайшоў канаву, і мы з прыемнасцю пакрочылі па асфальце.
— Даўно вы ведалі Міклашэвіча? — запытаў я, проста каб запытаць аб чым-небудзь і парушыць цяжкае маўчанне, якое пачынала ўжо прыгнятаць.
— Знаў? Усё жыццё. На маіх вачах вырас.
— Я дык мала і ведаў яго, — прызнаўся я. — Так, сустракаўся некалькі разоў. Чуў, што неблагі настаўнік, добра дзяцей вучыў.
— Вучыў! Вучылі і яшчэ некаторыя не горш за яго. А ён сапраўдным чалавекам быў. I такімі дзяцей выхоўваў. Рабяты за ім табуном хадзілі.
— Цяпер гэта рэдкасць.
— Цяпер рэдкасць, а даўней так часта было. I ён таксама ў табуне за Марозам хадзіў. Як пацаном быў.
— Зрэшты, а хто гэты Мароз? Ці не той, што на помніку?
— Ну. Настаўнік з гэтай жа школы. Некалі разам тут пачыналі. Я ж сюды ў лістападзе трыццаць дзевятага прыехаў. А ён у кастрычніку школу гэтую адкрыў. Тады на чатыры класы ўсяго.
— Загінуў?
— Да, загінуў,— коратка адказаў Ткачук. Са старэчай развалкай нетаропка ён крочыў поруч па навошчанай каляіне асфальткі. Пінжак яго быў расшпілены, вузел гальштука з’ехаў набок пад ражок каўняра. На цяжкім, не дужа старанна паголеным твары прамільгнуў ледзь улоўны цень смутку.
— Мароз быў нашаю болькай. На сумленні ў абодвух. У мяне і ў яго. Ну але я што... Я здаўся. А ён не. I вось — перамог. Дабіўся свайго. Шкада, сам не ўтрываў.
Здаецца, я нешта пачаў разумець, аб чымсьці здагадвацца. Нейкая гісторыя з вайны. Ткачук надта скупа тлумачыў, можа, трэба было б папытаць настойлівей, але я баяўся зноў разгнявіць яго і толькі каб падтрымаць размову, устаўляў свае банальныя фразы.
— Так ужо заведзена. За ўсё добрае трэба плаціць. Часам дарагую цану.
— Ды ўжо ж. Куды даражэй. Шкада, харошая была пераемнасць. Цяпер жа столькі размоў пра пераемнасць традыцый бацькоў... Праўда, Мароз не быў яму бацькам, але пераемнасць была. Проста надзіва! Бывала, гляджу калі і не магу нарадавацца: ну нібыта брат гэтаму Марозу Алесю Іванавічу. Усім: і характарам, і добрасцю, і прынцыповасцю. А цяпер... Хаця не можа быць, нешта там ад яго застанецца. He можа не застацца. Такое не прападае. Прарасце. Праз год, пяць, дзесяць, а нешта праклюнецца. Пабачыш.
— Магчыма.
— He магчыма, а пэўна. He можа быць, каб праца такіх двух людзей марна прапала. Тым больш пасля такіх смерцяў. Смерць — яна, брат, свой сэнс мае. Вялікі, я табе скажу, сэнс. Смерць — гэта абсалютны доказ. Самы неабвержны аргумент. Памятаеш, як у Някрасава: «Ндй в огонь за честь отчнзны, за убежденье, за любовь, ндн н гнбнн безупречно, умрешь недаром, дело прочно, когда под шім струнтся кровь!» Bo! А тут крыві пралілося ого колькі! He можа быць, каб дарма. Ды і Мароз даказаў гэта самым красамоўным чынам. Хаця ты ж не ведаеш...
— He ведаю, — шчыра прызнаўся я. — Некалі Міклашэвіч збіраўся расказаць...
— Памятаю. Ён гаварыў. Ён тады да каго толькі не звяртаўся. I да цябе хацеў. Ды во, не паспеў.
Гэтыя яго словы адгукнуліся ўва мне непрыемнасцю, балючым дакорам сабе. Сапраўды, чула маё сэрца, што, сам таго не жадаючы, я ўсё ж дапусціў тут памылку. Ну але хто ж ведаў! Хто мог прадбачыць, што ўсё гэта абернецца такім горкім чынам.
— Ты ж з рэдакцыі? — скоса паглядзеў на мяне Ткачук. — Ведаю. Фельетончыкі пішаш і так далей. За праўду матку ваюеш. Вось ён тады і надумаў падключыць цябе да гэтае справы — заступіцца ў друку за Мароза. He, Мароз не асуджаны, не палохайся. I не які там паслугач нямецкі. Тут іншая справа...
— Цікава, — сказаў я, калі Ткачук ненадоўга змоўк. — Каб жа я раней ведаў!
— Цяпер ужо ўсё зроблена, знайшліся дзе трэба і заступнікі. Цяпер ужо можна расказваць. I напісаць можна. Нават патрэбна. Міклашэвіч дамогся праўды. Толькі вось сам... У цябе закурыць няма? — запытаў ён, лапаючы па сваіх пустых кішэнях. Я даў яму цыгарэту, мы закурылі абодва, пастараніліся, прапускаючы чорную, з нікелем «Волгу», якая порстка прашмыгнула міма. Мусіць, «Волга» ішла ў горад, але цяпер ні ён, ні я не зрабілі ніякай спробы яе спыніць — я прадчуваў, што Ткачук нешта раскажа, а той на хвіліну неяк роздумна-засяроджана паглыбіўся ў сябе, пазіраючы ўслед машыне.
— Можа б, узяла? А, ліха з ёй! Хай едзе. Пойдзем памалу. Табе колькі гадоў? Сорак, кажаш? Ну, гэта малады яшчэ век, яшчэ многае наперадзе. He ўсё, канешне, але многае яшчэ засталося. Калі здароўе, вядома, нішто сабе. У мяне здароўе таксама не сказаць каб кепскае, яшчэ і чарку магу часам узяць. Але ўжо не тое, што было раней. Раней я, брат, аўтобуса гэтага рэдка і чакаў калі. А што, у тыя, даўнейшыя, часы дык і аўтобусаў ніякіх не было. Трэба ў горад — бярэш палку і айда. Дваццаць кіламетраў — за тры з паловай гадзіны і ў горадзе. Цяпер, мусіць, болей спатрэбіцца, даўно не хадзіў. Ногі яшчэ нішто. Вот горай — нервы здаюць. Знаеш, не магу глядзець кіно, каторае жаласлівае ці пра вайну асаб-
ліва. Як убачу тое гора наша, хоць і даўно ўжо ўсё перажыта і памалу забываецца, а знаеш, душыць нешта за горла. Ды яшчэ музыка прытым. He кожная, вядома, не джазы якія, a песні, што тады спявалі. Як пачую, ну проста нервы пілой пілуе.
— Падлячыцца б трэба. Цяпер жа няблага лечаць.
— He, мае ўжо не вылечаць. Шэсцьдзесят два гады, што ж ты хочаш! Жыццё іх удрызг пашкуматала, вяроўкі з іх віло. А тым болей вучоныя кажуць, што нервовыя клеткі не аднаўляюцца... Да. А некалі таксама малады быў, нежанаты, здаровы, як Жабацінскі які. У трыццаць дзевятым пасля ўз’яднання наркамат асветы накіраваў у Заходнюю арганізоўваць школы. Арганізоўваў школы, калгасы, круціўся, матаўся, сам у школах рабіў. Тут во, у Сяльцы, пасля вайны сем год адбухаў...