Беларускія землі ў складзе Рэчы Паспалітай: 8-ы кл
Дапаможнік для настаўнікаў
Выдавец: Асар
Памер: 100с.
Мінск 2010
У неспрыяльных умовах другой паловы XVIII ст., калі паланізацыя адцягвала ад беларускай культуры значныя разумовыя сілы, беларускамоўнай засталася пераважна народная культура. Сацыяльны статус беларускай мовы знізіўся. Яна адышла ў сферу бытавых зносін, захоўвалася і развівалася ў народных казках, паданнях, абрадавых песнях. Вёска менш за ўсё паддалася культурнамоўнай асіміляцыі. Менавіта сацыяльныя нізы, і перш за ўсё запрыгоненае і бяспраўнае сялянства, выконвалі ў тыя часы вялікую культурнагістарычную місію, зберагаючы родную мову. «Калі ў 1795 г. гістарычны лёс зліў гэты край з Расіяй, выкладаў у 1866 г. свае назіранні III аддзяленню імператарскай канцылярыі адзін чыноўнік з Беларусі, у ім усё, што насіла адбітак цывілізацыі, было ўжо чыста польскае. Урадавай, малітоўнай, літаратурнай мовай была польская. Народ захаваў сваю беларускую гаворку з дамешкамі многіх польскіх слоў. У гарадах жа, у мястэчках і панскіх дварах усе ніжэйшыя станы ўжывалі ўжо польскую мову». Але моўны ўплыў быў узаемным: так, беларуская мова аказала такі ўплыў на мясцовую пальшчызну, што выкладчык паэтыкі менскай школы М. Дудзінскі вымушаны быў у свой падручнік польскай мовы, выдадзены ў Вільні ў 1776 г., уключыць спецыяльны раздзел аб «варварызмах» (так названы шматлікія беларусізмы тыпу: хітры, гібкі, грубы, парогі, сысун, бервяно, дзяркач, ляда, ручай, шыпшына і інш.).
У той час як каталіцкая і праваслаўная цэрквы рашуча адмовіліся ад беларушчыны, носьбітам яе ў сакральнай сферы засталося ўніяцкае духавенства. У патрыятычных базыльянскаўніяцкіх колах ішло супраціўленне польскамоўнаму засіллю. Уніяты распаўсюджвалі беларускія кантычкі і катэхізісы. Ва ўніяцкім асяроддзі нараджаліся беларускія інтэрмедыі і арацыі, рэлігійныя і свецкія песні і вершы. У 17711792 гг. яны выдалі на асобных аркушах беларускамоўныя гімны «Радуйся, божы народзе, радасць з неба нам прыходзе», «Нова радасць стала, яка не бывала», «Цару Хрысце мілы, баранку доўгацярплівы », «Кажуць людзі, што я ўмру, а я хочу жыці».
На хвалі Асветніцтва адбываліся заняпад аўтарытэту царквы, секулярызацыя грамадскай свядомасці, развіццё свецкага светапогляду і далейшае абміршчэнне грамадства, у якім
83
пашырыліся рэлігійны скептыцызм і антыклерыкалізм. Рэаліі, народжаныя контррэфармацыяй, паступова змяняліся культам розуму, рацыяналізмам, грамадзянскасцю, актыўнасцю, патрыятызмам, крытыцызмам. Пад уплывам агульнапалітычнага ўздыму, які ахапіў Беларусь у апошняй трэці XVIII ст., сярод мясцовай шляхты і гараджан распаўсюджваліся перадавыя для свайго часу дэмакратычныя ідэалы.
Аднак, паводле ўяўленняў большасці, селянін быў патрэбны толькі для сахі і касы і ўспрымаўся як ніжэйшая істота. Са шляхецкіх мемуараў XVIII ст. паўстае наступны вобраз мужыка: дурны, лянівы, схільны да гарэлкі, амаральны. Зразумела, гэты вобраз далёка не адпавядаў рэчаіснасці. Сацыяльны і нацыянальны прыгнёт не змог ператварыць мужыка ў дзікуна. Наадварот, менавіта народ быў пазбаўлены маральных заган, уласцівых шляхце, беспрабуднага п'янства, марнатраўства, ляноты, пакланення перад чужаземшчынай. Народ захоўваў спрадвечныя пачаткі дабра і справядлівасці. Вучоныаграном А. Меер канстатаваў, што беларускія сяляне «адораны шматлікімі добрымі якасцямі», ціхія, цярплівыя, гасцінныя, сарамлівыя, але вельмі бедныя і неадукаваныя.
Якімі б дрэннымі ні былі ў той час умовы жыцця народа, скрозь шматлікія перашкоды прабіваліся здольныя, таленавітыя, кемлівыя самародкі, якія пры больш спрыяльных акалічнасцях, безумоўна, праславілі б сваю айчыну.
Побыт сялян і мяшчанства. Змены другой паловы XVIII ст. закранулі галоўным чынам культуру і быт пануючых саслоўяў: вышэйшыя і сярэднія пласты шляхты, багатых гараджан. Вёска ж захавала традыцыйныя тыпы планіроўкі, дваровай забудовы, будаўнічую тэхніку і канструкцыйныя асаблівасці пабудоў, інтэр’ер жылля, адзенне, стравы і інш.
Знешні выгляд вёскі і сялянскае жыллё былі вельмі «кансерватыўнымі», непадуладнымі розным павевам моды. У другой палове XVIII ст. выглядала беларуская вёска ўбога. Звычайна яна складалася з двух радоў драўляных, крытых саломай хат, роўна адна пры адной пабудаваных паабапал шырокай вуліцы. Дзеля «эканоміі» месца яны стаялі да вуліцы бокам. Чыншавыя вёскі, пастаўленыя на рыначную аснову, былі больш заможнымі, чым паншчынныя, і адрозніваліся ад апошніх большымі памерамі і грунтоўнасцю сялянскіх пабудоў.
Сялянская сядзіба складалася з хаты, хлява (аборы) і гумна (стадолы). Бяднейшыя вяскоўцы злучалі жылую пабудову з гаспадарчай пад адным дахам, заможнейшыя гаспадары ставілі іх асобна, а таксама будавалі свіран на збожжа, павець для сельскагаспадарчага інвентару і дроў. Як правіла, гэтыя
84
пабудовы ставіліся ў адзін рад, радзей квадратам, у цэнтры якога тады ўтвараўся падворак.
Хата складалася з жылой «ізбы», сенцаў і каморы. У бяднейшых сялян магло не быць каморы, сенцаў, ганку яго замяняў пляскаты камень ля дзвярэй. Жылое памяшканне было дастаткова цёмным маленькія акенцы ў сцяне, што выходзілі на вясковую вуліцу, давалі мала святла. Вокны не зашкляліся у холад бяднейшыя сяляне затыкалі іх анучамі, саломай або драўлянай засаўкай. 3 сярэдзіны XVIII ст. у вокнах сялянскіх хат усё часцей з'яўляецца шкло тоўстае і цьмянае. Асвятлялася хата лучынай, засунутай у сцяну ў жалезны лучнік. У студзёны зімовы час у адным памяшканні з людзьмі знаходзіліся маладняк хатняй жывёлы і птушка. Коміна звычайна не было дым выходзіў праз адтуліну ў столі. Два разы ў год (да Каляд і Вялікадня) сцены ў хаце бялілі вапнай, але яны хутка зноў чарнелі ад дыму. Падлога была земляная або гліняная.
У сялянскай хаце мелася нешматлікая і прымітыўная самаробная мэбля: драўляныя лавы ўздоўж сцяны, стол, скрыня (куфар) для адзення і ўпрыгажэнняў, паліца для кухоннага начыння. Гэтыя рэчы часам аздаблялі адмысловай разьбой або арнаментальным роспісам. Ля ўваходу стаяла печ. На покуці віселі абразы. Ложкаў сяляне тады яшчэ не ведалі спалі на кулі саломы на падлозе, на печы, летам на сене ў гумне. Ад сялянскага жылля мала чым адрозніваліся сядзібы дробнай шляхты.
He зведала павеваў моды і сялянскае адзенне. Жыхары вёскі пераважна апраналіся ў вопратку дамашняга вырабу. Здаўна сыравінай для вырабу адзення служылі скура, футра і воўна хатніх і дзікіх жывёл, ільняное, канаплянае валакно. Кожная вясковая жанчына ўмела прасці і ткаць. Ткалі палатно, паясы, ручнікі, абрусы, гунькі, коўдры, дываны, сукно, корт і інш. Тканіны аздабляліся арнаментам, які перадаваўся ад бабуль і маці дочкам. Ткацтва поўнасцю задавольвала патрэбы вёскі. Штодзённы мужчынскі ўбор складаўся з палатняных портак (штаноў), выпушчанай наверх кашулі, перавязанай рэмнем ці поясам, і світы. На галаве насілі магерку ці капялюш. Абуваліся ў скураныя пасталы або лапці з лыка, падвязаныя аборамі да ног. Жаночы строй складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха, світы паверх, хусткі на галаве. У штодзённым адзенні пераважалі шэры, чорны і белы колеры. У царкву і на свята апраналі больш дарагое і яркае адзенне, вышытае народным арнаментам, дапоўненае купленымі ўпрыгажэннямі поясам, каралямі, меднымі кольцамі. У святы мужчыны з больш заможных сем'яў насілі боты, а жанчыны чаравікі.
85
Асабістая гігіена вясковага насельніцтва складалася з мыцця рук і твару вадой, пераважна без выкарыстання мыла, якое ў сялянскай хаце было рэдкасцю. Штодзённае адзенне насілася без змены і хутка пакрывалася брудам. У выніку нізкага стану гігіены, дрэннага харчавання, шматлікіх хвароб і эпідэмій сярэдняя працягласць жыцця была кароткая і не перавышала 30 гадоў.
Сярэдні тагачасны селянін жыў сціпла, нярэдка на мяжы галечы. Прыгонная вёска хранічна недаядала, а ў неўрадлівыя гады галадала. Асноўнымі ў харчовым рацыёне былі прадукты расліннага паходжання: хлеб, капуста, гарох, бабы, рэпа, буракі, з сярэдзіны XVIII ст. бульба. Варылі кашы, боршч, зацірку, крупнік, жур. Стравы прыпраўлялі алеем, саладзілі мёдам, які, аднак, не быў агульнадаступным прадуктам.
Найпершай сялянскай ежай быў у асноўным хлеб. У бяднейшых сем'ях яго выпякалі, дадаючы да мукі мякіну, рабілі аўсяныя праснакі са шчаўем. Даставаўся хлеб цяжка, часта яго не хапала, таму ён вельмі шанаваўся. Малака сяляне спажывалі мала, мяса елі рэдка толькі ў святочныя дні. Пілі ваду, хлебны квас, бярозавы сок. Прадуктаў куплялі няшмат: галоўным чынам соль, селядцы, піва, гарэлку.
Ежа была аднастайнай, маласпажыўнай, нясмачнай. Найперш дбалі пра яе колькасць, а не пра якасць. Харчаваліся тры разы на дзень. Вясной, калі канчалася збожжа, сяляне елі шчаўе, крапіву, лебяду, асот. Ад такой стравы, як пісаў у 1800 г. Г. Р. Дзяржавін пра земляробаў Віцебскай губерні, усе яны былі «вялыя, худыя і бледныя, нібы мерцвякі». Пра нядужасць крычаўскіх жыхароў і бледнасць іх твараў сведчыў і А. Меер. Летам сяляне збіралі ў лясах ягады і грыбы. Больш багатым і разнастайным харчаванне было ў час свят: на Каляды, Вялікдзень, вяселлі, на якія пакідалі апошнія запасы. Посуд сяляне выраблялі з дрэва і гліны. Калі ў хаце з'яўляўся госць, стол засцілалі ручніком. Запасы прадуктаў захоўвалі ў драўляных бочках і саламяных лубках.
Сялянскія дзеці раслі ў голадзе, холадзе і брудзе. Дзяцінства ў прыгоннай вёсцы было бязрадаснае і кароткае. У пяць гадоў дзеці пасвілі хатнюю птушку, даглядалі малодшых, у сем працавалі пастухамі, падпаскамі, у дзесяць баранавалі, ішлі «на згон». Хадзілі дзеці ў адной палатнянай кашулі, босыя. Цацак не ведалі. Раслі непісьменнымі, у лепшым выпадку ўмелі крыху чытаць і лічыць.
У сямейным жыцці жонка цалкам залежала ад мужа, прыніжалася ім, не дапускалася ў мужчынскую кампанію. Яе
86
абавязкам было даглядаць дзяцей і весці хатнюю гаспадарку. Развесціся ў сялянскім і мяшчанскім асяроддзі было немагчыма.
Селянін быў вольны ад працы толькі ў нядзелю і святочныя дні. Асабістае жыццё прыгонных праходзіла ў такія дні ў дзвюх установах: царкве ці касцёле і карчме. Да паўдня селянін знаходзіўся ў царкве (у гэты час забаранялася гандляваць спіртнымі напіткамі), пасля набажэнства накіроўваўся ў карчму.