Дэмакратыя i этычнае жыццё
Клаэс Г. Рын
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, Беларускі Фонд Сораса
Памер: 256с.
Мінск 1996
Высокае і нізкае «я»
Таямнічы дуалізм чалавечага жыцця Бэбіт і Мор апісвалі як супрацьстаянне ў чалавеку ўзвышанага і больш нізкага бакоў яго прыроды. У апошнім выпадку гутарка ідзе пра чалавека, учынкамі якога кіруе не этычнае сумленне. Першае ж паняцце, сінанімічнае этычнаму сумленню, указвае на тую існасць у нашым быцці, што вядзе нас да нашае ўласнай і сапраўднай прыроды, да рэалізацыі ў поўным аб ёме нашага прызначэння, як таго патрабуе ўніверсальнае правіла. Чалавек — гэта больш чым набор імпульсаў і імкненне іх задаволіць. Яго характарызуе няспынная плынь парываў, эмоцый, уражанняў і ідэй; не аб’яднаная этычнай дысцыплінай і апанаваная настроем моманту, яна таксама атрымала ад Бэбіта назву «тэмпераментнага» «я». Але чалавеку ўласцівая і асаблівая самасвядомасць: ён не толькі здольны аналізаваць змест сваёй свядомасці, якая з’яўляецца рацыянальным працэсам (гэты працэс не выходзіць за рамкі «нізкага» ці «тэмпераментнага» «я»), але і ў стане даць сабе этычную ацэнку. Хай і схаванае глыбока, індывідуум носіць у сабе адчуванне таго, якім на справе павінна быць яго жыццё. У параўнанні з гэтым адчуваннем ён ацэньвае сваё сучаснае становішча і планы на будучыню. Здольнасць чалавека разглядаць жыццё з маральнага пункту погляду і ёсць менавіта тое, што маецца на ўвазе пад «узвышаным» «я» і з яўляецца, па маёй тэрміналогіі, этычным сумленнем.
У выніку маральнага самааналізу індывідуум можа блакіраваць нават мацнейшыя ўнутраныя імкненні і аддаваць перавагу таму, што ён лічыць этычна дапушчальнай лініяй паводзін. Найбольш сумленныя моманты жыцця характарызуюцца тым, што чалавек ставіць сваё разуменне таго, якім сапраўды павінна быць жыццё, вышэй за этычна
нявызначаныя парывы нізкага «я». Неабмежаваным магчымасцям дачынення індывідуума да недасканаласці і хаосу супрацьстаіць духоўная сіла этычнага сумлення, якое ўвасабляе шлях да сапраўды плённага існавання.
Надзвычай важна зразумець, што этычнае сумленне — гэта не адзін імпульс са шматлікіх. Бэбіт і Мор выяўляюць глыбокую праніклівасць у сутнасць этычнага сумлення, калі спасылаюцца на яго як на «ўнутранае абмежаванне», дэманструючы, такім чынам, ягоную ўпарадкавальную ролю праз абмежаванне плыні імкненняў. Маральнасць не азначае паслухмянага выканання імкненнага імпульсу, яна патрабуе задзейнічання механізму валявога рэгулявання. Паколькі яна нярэдка патрабуе адхілення ці стрымлівання моцных парываў, маральнасць можа адчувацца вельмі балюча. Адкрыццё ўласных маральных недахопаў, за якім толькі павінна ісці маральная пераарыентацыя паводзін, ніколі не будзе прыемным досведам. I далёка не выпадковая з’ява, што з ужываннем слова «сумленне» часцей за ўсё падкрэсліваецца балючы элемент цэнзуры: «Маё сумленне не дае мне спакою», «я не ў ладах з сумленнем», «мне не дазволіць сумленне».
Сэнс не ў тым, што этычнае сумленне заўсёды адчуваецца балюча; далей я буду імкнуцца даказаць, што прыхільнасць да этычнага сумлення суправаджаецца пачуццём шчасця. Што сапраўды неабходна падкрэсліць, дык гэта тое, што супярэчлівасць, якую прыўносіць у чалавека этычнае сумленне, мае асаблівую прыроду. Яе нельга змешваць з унутранымі канфліктамі, якія вынікаюць з мноства чалавечых парываў і жаданняў, чые мэты нярэдка дыяметральна супрацьлеглыя, што можа сапраўды выклікаць неспакой і іншыя формы ўнутранай напружанасці. Супярэчлівасць такога кшталту не мае ніякага дачынення да маральнай барацьбы ці пачуцця віны і не выходзіць за рамкі нізкай складовай «я». 3 этычнага пункту погляду істотным з’яўляецца супрацьстаянне бясконцай разнастайнасці чалавечых парываў, з аднаго боку, і той асаблівай волі чалавека, якая
заўсёды сарыентавана на нязменную маральную мэту, з другога. У адносінах да мноства імкненняў, якія складаюць нізкае «я», яна ўвасабляе абмежавальны, цэнзурны ўплыў7.
У адным са сваіх аспектаў этычнае сумленне ёсць сапраўдная прырода чалавека, якая паўстае супраць надання перавагі спантанным імпульсам. Бэбіт і Мор вельмі жорстка крытыкуюць тых, хто экспансіўнасці чалавечай натуры надае вяршэнства ў пытаннях маралі. «Насуперак экспансівістам розных масцей, — пісаў Бэбіт, — я без ваганняў бяруся сцвярджаць, што рысай, уласцівай выключна чалавеку і боскай адначасова, з’яўляецца пэўная якасць волі, якая ў дачыненні да звычайнага «я» азначае самаабмежаванне»8.
Тут неабходна зноў звярнуць увагу на тое, што мы зараз разглядаем этычнае паходжанне парадку, якому супрацьпаставілі «імпульсы», «спантаннасць» і звычайна недысціплінаваную прыроду нізкага «я» чалавека. Як ужо адзначалася, чалавечае жыццё ўтрымлівае не толькі парадак этычнага паходжання, але і пэўную паслядоўнасць нават у выпадку самага несумленнага і несвядомага індывідуума, які, згодна з нашым вызначэннем, будзе цалкам кіравацца нізкімі імкненнямі. Дзеля ажыццяўлення сваіх сумніўных з пункту погляду маралі мэтаў ён можа дзейнічаць эфектыўна і ўмела, надаючы, такім чынам, свайму існаванню пэўную зладжанасць і складнасць. Адносна ж этычнага прызначэння, галоўнага крытэрыя ацэнкі дзеянняў чалавека, яго жыццё дэзарганізавана і пазбаўлена дысцыпліны. I хоць у пэўным сэнсе ўчынкі гэтага індывідуума нельга лічыць заснаванымі толькі на імпульсах (арганізуючую ролю ў іх адыгрывае імкненне зрабіць іх максімальна эфектыўнымі), але этычных тармазоў яны не маюць. Крыху больш зразумелым з’яўляецца ўвязванне імпульсіўнасці і тэмпераментнай схільнасці нізкага «я» са спосабам жыцця, калі ў адпаведнасці з рамантычнай і віталісцкай філасофскімі тэорыямі на першым месцы стаіць спантаннасць пачуццяў і дзеянняў. Але і ў гэтым выпадку неабходна памятаць пра тое фунда-
ментальнае адрозненне, якое існуе паміж жыццём, што кіруецца імкненнямі ніжэйшага парадку незалежна ад таго, прасякнута яно рацыяналізмам, разлікам ці рамантызмам, і этычна дысцыплінаваным жыццём.
Я ўжываю тэрмін імпульс у шырокім сэнсе станоўчай чалавечай энергіі, як назву тае сілы, з якой вынікае «разумовае» ці «фізічнае» дзеянне чалавека. Імпульс для мяне неабавязкова з’яўляецца сляпым ці неразважлівым.
«Я» чалавека змяшчае, такім чынам, дзве супрацьлеглыя волі, адна з якіх звычайна дамінуе. Тое, што чалавек зноў і зноў уганяецца ў дысгармонію і дэструктывізм, або грэх на мове рэлігіі, ёсць абуральны факт яго існавання. Але ўжо тое, што ён усведамляе наяўнасць зла, сведчыць аб дуалізме яго натуры. Толькі наяўнасць добрай волі дае магчымасць спасцігнуць, што ёсць зло. У нас ёсць не толькі тое «я», якое падштурхоўвае да здзяйснення эгаістычных і часовых мэтаў (гэта ў тым выпадку, калі яно пакінута самому сабе), але і тое, якое імкнецца да закладзеных у чалавеку вечных каштоўнасцяў. Узвышанае і нізкае «я» разам фарміруюць асобу. Парадокс дуалізму працягваецца ў тым, што толькі тая воля, якая скіроўваецца намі на дабро, ўсведамляецца як прынцып нашага сапраўднага прызначэння. Яна мае над намі асаблівую ўладу, адмаўленне ад якой нясе канкрэтныя наступствы, сярод якіх пачуццё віны.
Адной з найбольш адметных рысаў сучаснай філасофскай думкі з’яўляецца тэндэнцыя адрозніваць рэальны змест таго ці іншага чалавечага досведу і яго ўспрыманне. «Сумленне», як можна пачуць, ёсць не аб’ектыўны прынцып маральнасці, а адлюстраванне суб’ектыўных нормаў. Праблема менавіта гэтага меркавання і іншых такога ж кшталту ў тым, што для іх быццам не існуе фактаў. Яны прэтэндуюць на універсальнасць ужывання, але не тлумачаць і нават не падступаюцца да прымушальнай прыроды пачуцця маральнага абавязку, якое ўтрымліваецца ў катэгорыі сумлення. I калі як разумныя істоты мы павінны прызнаць, што сумленне, на самай справе, з’яўляецца «нічым
іншым», як уплывам «засвоеных чалавекам сацыяльных нормаў», тады чаму мы працягваем паводзіць сябе так, быццам сумленне мае сваю ўласную маральную ўладу? Чаму людзі адчуваюць віну і пагарду да саміх сябе, калі ідуць насуперак унутранаму разуменню таго, як павінен жыць чалавек? Калі прызнаць за сучаснымі сцвярджэннямі адносна сумлення справядлівасць, дык гэтыя рэакцыі толькі таго і заслугоўваюць, што кляйма іррацыянальнасці. I сцвярджаць, напрыклад, што чалавек прытрымліваецца маральных нормаў толькі з прычыны страху перад пакараннем ці асуджэннем з боку супляменнікаў, — значыць ігнараваць той факт, што этычнае сумленне вядомае менавіта дзякуючы таму, што яно натхняе індывідуум у пэўным напрамку незалежна ад яго сацыяльных спадзяванняў.
Тут, магчыма, неабходна яшчэ раз нагадаць, што прырода і напрамак маральнай улады сумлення — гэта не відавочнасць і відавочнасцю быць не можа. Этычнае сумленне нельга трактаваць як нейкі ўнутраны голас, які ёсць у кожнага чалавека і які механічна і недвухсэнсоўна падказвае пасіўна чакаючаму індывідууму маральную лінію паводзін у канкрэтнай сітуацыі. Этычнае сумленне ёсць пачуццё напрамку, якое набывае больш акрэсленую форму, г.зн. спалучаецца з канкрэтным спосабам жыцця, і выяўляе ўсё новыя бакі сваёй захапляючай прыроды толькі ў тым выпадку, калі чалавек актыўна імкнецца зрабіць гэтае пачуццё арыенцірам сваіх паводзін, што таксама робіцца часткай яго інтэлектуальнага, канцэптуальнага ўсведамлення рэчаіснасці. 3 другога боку, цалкам магчыма, што моцны наплыў жадання ці амбіцый ушчэнт заглушыць «і без таго слабы голас» этычнага сумлення ў чалавеку, які ў жыцці больш імкнецца да пачуццёвых уцех, надання выхаду сваім эмоцыям ці рацыянальнасці свайго шляху без усялякага этычнага натхнення. Нават калі прадстаўнік такой катэгорыі адчувае маральнае незадавальненне сваім жыццём, адносная адсутнасць этычна аформленых досведу і ведаў можа перашкодзіць яму ва ўсведамленні галоўнай прычыны такога не-
задавальнення. Прыроду этычнага сумлення немагчыма дакладна спасцігнуць у адрыве ад стылю жыцця, які ўжо вызначаны маральна і інтэлектуальна. Маральная віна можа быць належным чынам асэнсавана як такая толькі адносна гэтай сістэмы этычных і канцэптуальных каардынат. Гэтая сістэма ў пэўнай частцы з’яўляецца прадуктам традыцый, што ўвасабляюць доўгі працэс развіцця культуры. Іншымі словамі, прырода этычнага сумлення будзе ўспрымацца чалавекам, які адчувае маральную разгубленасць, вельмі недакладна і двухсэнсоўна. У найгоршым выпадку гэтая праблема маральна разгубленаму чалавеку будзе здавацца нават яшчэ больш складанай. Каб выйсці з такога стану, патрэбна не проста рашэнне «прыслухацца да сумлення», паколькі этычнае сумленне спасцігаецца чалавекам праз адпаведную арыентацыю волі і розуму. I хоць прысутнасць этычнага сумлення назіраецца ў шмат якіх культурах, яно спрадвеку існуе асобна ад спадчыны маральнай і інтэлектуальнай дысцыпліны. Да этычнай свядомасці неабходна ставіцца як да вянца дасягненняў усяго культурнага развіцця.