Дэмакратыя i этычнае жыццё
Клаэс Г. Рын
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, Беларускі Фонд Сораса
Памер: 256с.
Мінск 1996
Такім чынам, грамадства скажае натуральную дабрадзейнасць чалавека і пазбаўляе яго натуральнай свабоды, прычым Русо не верыць у магчымасць вяртання лепшых бакоў чалавечай прыроды. На што ж тады людзі могуць яшчэ спадзявацца? У «Грамадскім пагадненні» Русо развівае ідэі грамадства і культуры новага тыпу, якія павінны быць па-спартанску простыя і скіраваныя, наколькі гэта магчыма, не на штучнасць у адносінах і пыхлівасць, а на сапраўдную прыроду чалавека. Вось як апісвае праблему Касірэр: «Як можна стварыць сапраўды гуманную супольнасць і абмінуць пры гэтым зло і разбэшчанасць грамадства, заснаванага на пагадненні?»1’. Такі спосаб ёсць — гэта захаванне ў супольным жыцці, якога немагчыма пазбегчы, прыроднай чалавечай дабрадзейнасці і напаўненне гэтага жыцця, у тым ліку навук і мастацтваў, натуральнымі імкненнямі чалавека. Лео Штраўс адзначае, што для Русо «дабрадзейнае жыццё заключаецца ў максімальным набліжэнні да прыроднага стану, магчымага на пэўным узроўні гуманнасці грамадства»12.
Тэарэтычная мэта «Грамадскага пагаднення» вызначаецца яшчэ ў «Першым трактаце», дзе Русо скардзіцца на адсутнасць у сучасным грамадстве такой дабрачыннай якасці, як адданасць «радзіме». «У нас ужо няма грамадзян;
ёсць толькі фізікі, геаметры, хімікі, астраномы, паэты, музыкі, мастакі»”. Патрэбна нешта новае, што магло б аб’яднаць грамадства. «Грамадскае пагадненне» ўтрымлівае спробу Русо прадэманстраваць, якім чынам натуральная свабода чалавека можа быць адноўлена ва ўмовах грамадскай супольнасці, калі кожны яе член далучаецца да агульнае мэты. «Як знайсці такую форму супольнага жыцця, пры якой на варце асобы і дабрадзейных якасцяў кожнага члена грамадства будзе стаяць калектыўная сіла і кожны індывідуум, нават далучыўшыся да іншых, не падпарадкоўваецца нікому, акрамя сябе, і застаецца па-ранейшаму свабодным?» Гэта фундаментальная праблема, якую вырашае «грамадскае пагадненне»14. Вось як сваю задачу разглядаў сам Русо: «На чым павінен грунтавацца ўрад, найбольш спрыяльны для стварэння найбольш дабрадзейнага, найбольш адукаванага, найбольш разумнага і, увогуле, найлепшага чалавека, калі слова «найлепшы» выкарыстоўваць у найвышэйшым сэнсе?». Мне здавалася, што існуе цесная сувязь паміж гэтым пытаннем і вельмі блізкім, але крыху іншым яшчэ адным: «Які ўрад па прыродзе сваёй у найбольшай ступені імкнецца кіравацца законам?»15.
Як робіцца відавочным з «Грамадскага пагаднення», для Русо закон, які вызначаецца грамадствам для сябе і для кожнага свайго члена, ёсць агульная воля. Гэта і ёсць адказ на яго рытарычнае пытанне аб тым, «якім неймаверным шляхам былі знойдзены сродкі зрабіць чалавека свабодным праз яго падпарадкаванне»16.
Роўнасць ці нявольніцтва
Аналіз агульнай волі ўскладняецца ледзь не на кожным павароце абстрактным і ўтапічным паходжаннем значнай часткі ідэй Русо. Ягоную схільнасць рабіць высновы, не зважаючы на факты рэчаіснасці, можна прасачыць на прыкладзе канцэпцыі нявольніцтва, якое ён меў на ўвазе, калі сказаў сваё славутае «чалавек нарадзіўся свабодным і ўвесь аблытаны ланцугамі»”.
Па вызначэнні Русо, з нявольніцтва вынікае «абсалютнае панаванне аднаго боку і абсалютнае падпарадкаванне другога». Нявольніцтва азначае, што больш слабы бок «пазбаўлены ўсялякай свабоды волевыяўлення». Калі карыстацца гэтым вызначэннем, то паўстае пытанне, ці мела калі-небудзь месца сапраўднае нявольніцтва. Ці ёсць у рэчаіснасці прыклад такіх адносін, якія ўвасабляюць поўную ўладу аднаго чалавека над другім? Здавалася б, што пры жыцці паднявольны чалавек ніколі цалкам не губляе свабоду супрацьстаяць свайму прыгнятальніку ў думках ці ўчынках. У крайнім выпадку ён можа прыняць смерць, каб пазбегнуць падпарадкавання волі другога чалавека. У адносінах нявольніцтва гаспадар мае толькі абмежаваную ўладу. Калі ён хоча пазбегнуць нянавісці з боку нявольніка ці дамагчыся якога-небудзь старання ў працы, ён павінен неяк улічваць яго жаданні і патрэбы. Іншымі словамі, адносіны паміж нявольнікам і гаспадаром утрымліваюць, на справе, нават элемент «узаемнага абавязку», усведамленне «правоў», што Русо начыста адхіляе сваім вызначэннем. Для яго словы «нявольніцтва» і «права» ўзаемавыключныя і ўзаемаскасавальныя»18.
Тая ж абстрактнасць мыслення характарызуе крытыку Русо «права дужэйшага». Ен перакананы, што на такім прынцыпе не можа грунтавацца паслушэнства палітычнаму ўраду, які, каб быць легітымным, павінен быць заснаваны на непрымусовай згодзе людзей яму падпарадкоўвацца. «Прымус, — сцвярджае Русо, — ёсць сіла фізічная; я не бачу, якім чынам яе ўплыў можа нараджаць маральнасць. Падпарадкаванне сіле ёсць акт неабходнасці, а не волі»19. Мы ўжо выказалі сумненне ў тым, што падпарадкаванне сіле ёсць «неабходнасць». Сцвярджэнне Русо спрэчнае яшчэ і ў наступным: у ім штучна звужана паняцце таго, што можа складаць «прымус» у людскіх адносінах. Ен ігнаруе такія неадчувальныя, але тым не менш вельмі важныя крыніцы прымусу, як розум, прыгажосць і божы дар. Ніякай увагі Русо не звяртае і на тыя тыпы прымусу, якія ў розных
грамадствах у рознай ступені лічацца за талент і непасрэдна ўплываюць на разуменне людзьмі таго, што павінна маральна ўпарадкоўваць грамадства. Разважанні Русо наконт правоў маюць на ўвазе тую ідэю, што любая законная палітычная ўлада павінна грунтавацца на абстрактнай эгалітарнай маралі. Права не мае нічога агульнага з прымусам, лічыць Русо. Незалежна ад фізічных і іншых паказчыкаў індывідуумаў, якія спрачаюцца ці спаборнічаюць паміж сабой, права заўсёды застаецца катэгорыяй маральнасці.
Але Русо вядзе размову аб тым, што ляжыць у аснове законнага палітычнага ўкладу. А як наконт сапраўдных законных правоў, якімі мы карыстаемся ў грамадстве? Ці не рэзультат яны, хоць бы ў пэўнай ступені, раўнавагі палітычнай улады, кампрамісу ў выніку больш ці менш адукаванага эгаізму? I ці не з’яўляюцца яны пераважна рэзультатам усведамлення сацыяльнай каштоўнасці пэўных тыпаў «прымусу»? Здаецца, што прыстасаванне да «прымусу», калі разумець апошні як тыя ці іншыя здольнасці і якасці, з’яўляецца непазбежным кампанентам любога заканадаўства — нават заканадаўства, якое натхняецца маральнымі матывамі. На справе, маральнасць хутчэй варта разглядаць як пэўную форму велікадушнасці ў адносінах паміж людзьмі з рознымі здольнасцямі, якая грунтуецца на пачуцці адзінай усёпранікальнай мэты. У людзей з меншымі здольнасцямі такая велікадушнасць праяўляецца ў добраахвотным прызнанні імкненняў іншых да справядлівай перавагі, а ў людзей больш таленавітых — у добраахвотным абмежаванні імкнення атрымаць заслужаную ўзнагароду за свае намаганні20. У сваіх разважаннях наконт палітычных правоў Русо папросту адхіляе магчымасць таго, што законы знаходзяць сваё абгрунтаванне ў кампрамісе паміж людзьмі рознай «сілы». 3 яго пункту погляду, для прыняцця палітычнай улады грамадзянамі дастаткова, каб яна грунтавалася на эгалітарнай маральнасці, чаго магчыма дасягнуць шляхам добраахвотнага грамадскага пагаднення, якое замяшчае «роўнасцю перад мараллю і законам тую фі-
зічную няроўнасць, якую прырода надала чалавецтву»21.
Тое, як Русо з поўнай адарванасцю ад рэчаіснасці апісвае права і прымус, выключае існаванне на працягу гісторыі легітымных урадаў і дае падставы ў якасці адзінага сапраўднага, на яго думку, ладу разглядаць утопію, ідэал, які цалкам разыходзіцца з гістарычным досведам чалавецтва. Для Русо палітычная легітымнасць ёсць сінонім чыстай маральнасці ў яго разуменні.
Пад уплывам «галавы» Русо прызнае, што нават у заснаваным на грамадскім пагадненні грамадстве цалкам магчыма, што амаральная грамадская воля, воля ўсіх, заснаваная, як мяркуецца, толькі на «сіле», будзе іншы раз супрацьстаяць агульнай волі. Але «сэрца» не саступае. Яно перашкаджае Русо ўбачыць мэтазгоднасць пэўнага палітычнага прызнання волі ўсіх, якая не павінна, на яго думку, мець месца. Ён дапускае існаванне грамадскай волі, якая з’яўляецца выражэннем чыста эгалітарнай маральнасці і ўжо з гэтай прычыны заслугоўвае разгляду. Я ўжо казаў, што цывілізаваная дзяржава не можа быць пабудавана выключна на матывах своекарыслівасці, якімі б вытанчанымі яны ні былі. I тым не менш, рэальная людская прырода робіць, здаецца, непазбежным прынцыпам палітыкі ўраўнаважванне супрацьлеглых інтарэсаў. Утапічная скіраванасць мыслення Русо пазбаўляе яго неабходнасці займацца вырашэннем гэтага важнага пытання. Для яго выбар відавочны: роўнасць ці нявольніцтва.
Сацыяльная свабода
Аднак утапічны характар той ці іншай ідэі ў палітычнай філасофіі не пазбаўляе яе адразу ўсякага сэнсу. Яна можа ўтрымліваць дзейсны крытэрый ацэнкі недасканалай рэчаіснасці і, такім чынам, натхняць на палітычныя змены. Мы павінны вырашыць, ці трапляе ў гэтую катэгорыю канцэпцыя агульнай волі Русо.
Агульная воля ёсць рэзультат акта супольнасці, ва ўмовах якой кожны індывідуум добраахвотна адмаўляецца ад
сваёй прыроднай свабоды. Кодэкс супольнасці, па словах Русо, «зводзіцца да адзінага патрабавання: поўнай перадачы кожным чалавекам сябе і сваіх правоў усяму грамадству». Русо асабліва падкрэслівае той факт, што «індывідуум павінен перадаваць сябе поўнасцю», каб больш не прэтэндаваць на ніякія правы. Праз грамадскае пагадненне ягоныя правы перадаюцца калектыву і ўвасабляюцца ў агульнай волі, якая ператвараецца ў неаддзельнага і непаддзельнага суверэна. Русо гаворыць аб узнікненні «штучнага калектыўнага арганізму», які «атрымлівае сваё адзінства, сваё агульнае ego [moi commun], сваё жыццё і волю»22. Гэты арганізм, які «нагадвае арганізм чалавека»23, ён называе «грамадскай асобай»24. Гэта «маральная існасць, да якой далучаюцца добраахвотна; і гэта агульная воля, якая заўсёды накіравана на захаванне і дабрабыт цэлага і кожнай яго часткі і з’яўляецца крыніцай усіх законаў, з’яўляецца для ўсіх суб’ектаў дзяржавы правілам таго, што ёсць справядліва, а што не — у адносінах да яе і паміж сабой»25. Удзельнічаючы ў гэтай волі, індывідуум набывае сацыяльную свабоду. «Грамадская асоба», па сцвярджэнні Русо, абсалютна свабодная, паколькі «для суверэна паставіць вышэй за сябе непарушальны закон будзе супраць самой прыроды палітычнага арганізму»26. Суверэн сам у сабе ёсць закон.