Мастацтва Беларусі XX стагоддзя. Парыжская школа
Адам Глобус, Лявон Вольскі, Андрэй Хадановіч
Выдавец: Медысонт
Памер: 112с.
Мінск 2018
Тут нібы ёсць нейкая таямніца!
Гэтая карціна адносіцца да цыклу жывапісных твораў, прысвечаных выдатным помнікам сярэднявечнай архітэктуры Францыі. Мон-Сэн-Мішэль — гэта невялікі скалісты востраў на ўзбярэжжы Францыі ў праліве Ла-Манш.
Здаецца, што колеры на карціне таксама ствараюць магічную атмасферу: сіне-зялёны, ліловы, блакітны.
С. Царфін. Букет з белых кветак. Каля 1950
КАЗКА
Адам Глобус
Белыя кветкі
Казка пра нацюрморт, напісаны мастаком Сэмам Царфіным
У майстэрню да мастака Сэма Царфіна завітала Люба Дук. Завітала не проста так. У жанчыны быў план, быў намер заказаць у Сэма Царфіна карціну. Яна хацела, каб мастак напісаў для яе букет белых кветак у шкляной вазе. Люба прынесла ў майстэрню і белыя кветкі, і шкляную вазу, і нават зялёны абрус, на якім, па яе задуме, мусіла стаяць ваза з кветкамі.
Сэм Царфін прапанаваў Любе Дук выбраць карціну з тых, што ўжо стаялі ў майстэрні. Іх было шмат, яны былі самыя розныя. Можна нават сказаць, што ў майстэрні былі карціны на любы густ. Але жанчына не пагадзілася:
— Мне трэба нацюрморт з белымі кветкамі, якія я вам прынесла. Яны павінны стаяць у шкляной вазе, а ваза мусіць стаяць на зялёным абрусе...
— Добра, я напішу такую карціну. Я буду пісаць яе доўга і старанна. Яна будзе каштаваць удвая даражэй за мае звычайныя карціны, гэта па-першае; а па-другое,
я хачу ведаць, чаму вам патрэбна менавіта карціна з гэтымі белымі кветкамі.
I тады Люба Дук расказала мастаку Сэму Царфіну цудоўную гісторыю пра букет белых кветак...
Аднойчы пасля цяжкага працоўнага дня Люба Дук вярнулася дамоў. На палавічку пад яе дзвярыма ляжаў цудоўны букет белых кветак. Жанчына ўзяла яго і занесла ў кватэру. Там яна набрала ў шкляную вазу вады, паставіла на стол, апусціла ў ваду букет. Кватэра, дзякуючы кветкам, набыла святочны выгляд. У Любы з’явіўся добры настрой. Яна села ў крэсла, стала любавацца букетам, стала гадаць і думаць... Хто мог ёй падараваць такія цудоўныя кветкі? Колькі Люба ні гадала, колькі ні думала, але так і не змагла прыдумаць, хто мог падараваць ёй белыя кветкі.
Цэлы тыдзень Люба Дук расказвала ўсім сваім знаёмым пра цудоўны букет. Знаёмыя, як і жанчына, спрабавалі гадаць і думаць, хто мог пакінуць пад дзвярыма белыя кветкі, але так і не змаглі нічога прыдумаць.
Праз тыдзень Люба знайшла пад дзвярыма новы букет свежых белых кветак. Яна трымала яго на стале, а потым паставіла на лядоўню. Упрыгожаная кветкамі, яна выглядала цудоўна. Люба Дук нават сказала ўслых:
— Лядоўня, з кветкамі ты выглядаеш цудоўна!
— Прыемна такое пачуць, — раптам адказала старая лядоўня сваёй гаспадыні.
— Лядоўня, можа, ты ведаеш... Хто нам дорыць белыя кветкі?
— He ведаю, але я магу прасачыць, калі нехта прынясе і пакладзе пад нашы дзверы яшчэ адзін букет.
— Дарагая лядоўня, калі ласка, прасачы і раскажы пра чалавека, які прыносіць кветкі...
Дзень і ноч лядоўня прыслухоўвалася да крокаў за дзвярыма. Кожны раз, калі крокі набліжаліся да самых дзвярэй, лядоўня пазірала ў дзвярное вочка. I вось у адзін будзённы вечар яна ўбачыла, як нейкая жанчына кладзе кветкі пад дзверы. Калі незнаёмка ўзняла галаву, лядоўня пабачыла яе твар і пазнала найлепшую сяброўку Любы Дук — Ліду Лазар.
Лядоўня расказала Любе пра Ліду. Пра тое, як сяброўка крадком зайшла ў пад’езд і ціхенька, каб ніхто не пачуў, паклала кветкі пад дзверы.
Люба тры дні думала, што добрага яна можа зрабіць для сваёй сяброўкі Ліды Лазар, як аддзячыць ёй. I прыдумала зрабіць святочную вячэру, на якую запрасіла Ліду. Жанчыны разам частаваліся рознымі смачнымі стравамі, а потым доўга моўчкі любаваліся букетам белых кветак.
А яшчэ Люба Дук вырашыла заказаць у мастака Сэма Царфіна карціну і падарыць яе сваёй найлепшай сяброўцы Лідзе Лазар на дзень нараджэння.
3 біяграфіі
Мастак, як і Хаім Суцін, нарадзіўся ў мястэчку Смілавічы. Яго бацька, уладальнік гарбарнай майстэрні, быў чалавекам адукаваным, таму прыняў жаданне сына займацца маляваннем.
Царфін вучыўся ў Віленскай мастацкай школе, потым у іерусалімскай школе мастацтваў і рамёстваў «Бецалель». У 1923 годзе ён прыехаў у Берлін, дзе вучыўся пад кіраўніцтвам Макса Лібермана, а ў 1924 годзе назаўжды пераехаў у Францыю. Царфін наведваў музеі і галерэі, увайшоў у кола папулярных у той час мастакоў, сябраваў з Хаімам Суціным.
У пасляваенны перыяд да мастака прыйшла вядомасць. У 1947 годзе Царфін пераехаў у маленькі горад Рані-су-Буа пад Парыжам, дзе застаўся жыць да канца сваіх дзён. Ён шмат падарожнічаў па Францыі, часта бываў у Нармандыі, ездзіў у Брэтань, Савой, дзе шмат працаваў, пісаў пейзажы і нацюрморты.
С. Царфін. Закат. Каля 1950
С. Царфін. Парк. Каля 1950
ГУЛЬНЯ
Здаецца, нібы мастак надзеў акуляры, якія дазваляюць яму бачыць свет як чароўны вітраж.
С. Царфін. Пейзаж з трыма дрэвамі. Каля 1950
?
А хочаш і ты прымерыць такія «акуляры»? Паглядзі ў акно або лепш схадзі з кнігай у найбліжэйшы парк і паспрабуй заўважыць, а потым і замаляваць пейзаж з чароўнымі колерамі.
Каб зразумець, як гэта атрымлівалася ў Царфіна, прыглядзіся больш уважліва да яго прац. Які колер выбірае мастак? Светлы або цёмны? Як ён іх спалучае? Якіх колераў больш, а якіх менш? Якія з іх больш яркія?
Верш
Царфін
Сэм Царфін зваўся ў Смілавічах — Шрага. Сусед быў Хаім Суцін, стуль і прага: «Малы, жыві ў мастацтве, нібы ў казцы, Малюй святло ў пажарнікаў на касцы!»
У Вільні, Палесціне і Берліне На палатне тварыў і на тканіне. Дабраўся да Парыжа, а чаму так? Паводле чутак, добра плёў абутак.
Гуаш прыдумаў змешваць і алей, Чым добры шлях праклаў сабе далей. Празваны быў алхімікам за творы: Пейзажы, нацюрморты і саборы.
Нямала твораў знішчыла вайна, Ды рос мастак, і слава, і цана. А шмат ці мала? Хопіць для душы. Бягуць дзве каляіны па «Шашы»...
Андрэй Хадановіч
С. Царфін. Шаша. Каля 1955
Міхаіл KlKOIH
Мастак, прадстаўнік Парыжскай школы, сябар Хаіма Суціна і Пінхуса Крэменя. Кікоін пісаў пейзажы, партрэты, нацюрморты, ню, быў стылістычным паслядоўнікам Суціна. Эфектна выкарыстоўваў колер і дамагаўся мастацкай выразнасці з дапамогай накладання яркіх фарбаў і гульні святлаценю.
Шэдэўр і
M. Кікоін. Букет. Каля 1920
Паглядзі на гэты букет.
Што ў ім незвычайнага? Што прыцягвае тваю ўвагу?
Такі інтэнсіўны, поўны нюансаў колер выкарыстоўвае мастак і так шырока і густа кладзе фарбу, што здаецца, быццам самі прадметы змяняюць свае формы пад цяжарам фарбы і колеру.
М. Кікоін. Жанчына ў чырвоным
КАЗКА
Адам Глобус
Шэрая галубка
Казка пра карціну мастака Міхаіла Кікоіна «Жанчына ў чырвоным»
Усе любяць адпачываць.
Цэлы год мы звычайна збіраемся ў адпачынак. Строім планы. Выбудоўваем маршруты. Выбіраем месца. Заказваем гатэль. Купляем білеты на самалёт. Пакуем чамаданы. Заводзім будзільнік, каб прачнуцца ў час і не праспаць вылет. Мы едзем на таксі ў аэрапорт і расказваем вадзіцелю пра свой выбар, пра сваё месца для адпачынку. Вадзіцель расказвае пра свае адпачынкі. Успамінае, як ён лавіў рыбу ў Нарвегіі, як цудоўна правёў час у Беларусі на Браслаўскіх азёрах...
У аэрапорце мы здаём багаж, ідзём на пасадку, сядаем у самалёт і ляцім. Мы ляцім над аблокамі, над гарамі, палямі і азёрамі, пралятаем розныя краіны і гарады, вялікія ды малыя. Палёт доўгі, але ён не стамляе, бо гэты палёт ужо ў адпачынку. Мы прылятаем у сонечную краіну. 3 аэрапорта едзем і селімся ў гатэль. А там...
Ва ўсіх бывае па-рознаму.
Гэтым разам я раскажу пра адпачынак Разалінды.
Жанчына пасялілася ў гатэлі на трэцім паверсе. У Разалінды быў выдатны нумар з балконам, які выходзіў на маленечкую вуліцу, што вяла на пляж. 3 балкона можна было любавацца морам. А яшчэ вялікай пальмай. Лісты яе павольна пахістваліся на марскім ветры. Усе лісты пальмы пахістваліся, акрамя аднаго. Ён бы нерухомы. Менавіта на яго прыляцела шэрая галубка. Яна прайшла па сярэдзіне ліста ў бок ствала і там села ў гняздо. Разалінда ўбачыла, як галубка села ў гняздо і знесла два яечкі.
3 таго моманту кожную раніцу і кожны вечар Разалінда выходзіла на балкон і віталася з птушкай.
Дзесяць дзён шэрая галубка прасядзела ў гняздзе. На дзясяты дзень увечары птушка прыляцела на балкон да Разалінды і пракрычала:
— Больш не магу сядзець! Сіл больш няма. Я амаль нічога не ем і не п’ю. Зараз я палячу і разаб’ю свае яйкі...
Разалінда не ведала птушынай мовы і нічога не магла адказаць галубцы, якая паскардзілася на лёс. Але жанчына адчула, што трэба птушку падтрымаць, і сказала:
— Ты такая мужная і моцная, ты дзеля сваіх птушанятак дзесяць дзён прасядзела ў гняздзе! Патрывай яшчэ крышачку — і з тваіх яечак абавязкова вулупяцца птушаняткі.
Шэрая галубка не ведала чалавечай мовы, яна пераляцела з балкона на пальмавы ліст, прайшла да гнязда і прадзяўбла дзіркі ў яечках. На нейкае імгненне Разалінда падумала, што шэрая галубка страціла розум. Слёзы з'явіліся на вачах Разалінды. Праз слёзы яна і пабачыла,
як з прабітых яечак пачалі вылузвацца шэранькія маленечкія птушаняткі.
Узрадаваная Разалінда пайшла ў краму, накупіла розных смачных рэчаў. Яна набыла свежы хлеб і шмат садавіны, ліманад, а таксама крупы для шэрай галубкі. А яшчэ жанчына купіла чырвоную святочную сукенку.
Разалінда вырашыла адзначыць на балконе каля пальмы нараджэнне маленечкіх галубоў. Жанчына апранула чырвоную сукенку, наліла ў келіх ліманаду, ела садавіну і ўсхваляла шэрую галубку і яе птушанятак. Галубка нават крышачку падзяўбла крупы, якіх на сподачак насыпала ёй Разалінда.
Вярнуўшыся з адпачынку, Разалінда расказала гісторыю пра шэрую галубку мастаку Міхаілу Кікоіну. Ён папрасіў жанчыну апрануць святочную чырвоную сукенку і напісаў з яе патрэт.
Калі ты падыдзеш у музеі да таго партрэта блізкаблізка і прыслухаешся, дык можаш пачуць, як Разалінда расказвае гісторыю пра гняздо шэрай галубкі на пальме.
3 біяграфіі
Мастак Міхаіл Кікоін нарадзіўся ў сям’і банкаўскага служачага ў горадзе Гомелі. Калі Міхаіл быў маленькім, яго сям’я шмат пераязджала: яны нейкі час жылі ў горадзе Рэзекне, што ў Латвіі, а з 1904 года перасяліліся ў Мінск.
3 1905 года Міхаіл Кікоін вучыўся ў камерцыйным вучылішчы ў Мінску і паралельна наведваў заняткі ў прыватнай мастацкай школе Якава Кругера. Там ён пазнаёміўся і пасябраваў з Хаімам Суціным.