Маўглі
Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 303с.
Мінск 1994
— Што ж, бі! — сказаў Маўглі на мове вёскі, а не на мове джунгляў.
I чалавечыя словы адразу спынілі Багіру. Яна адскочыла назад і, уся калоцячыся, прысела на
заднія лапы, так што яе галава апынулася на адным узроўні з галавою Маўглі. I зноў Маўглі пачаў глядзець, як глядзеў на непакорных ваўчанят, проста ў зялёныя, як смарагд, вочы, пакуль у глыбіні зялёных зрэнкаў не пагас чырвоны агонь, як гасне агонь на маяку, пакуль пантэра не адвяла позірку. Яе галава апускалася ўсё ніжэй і ніжэй, і нарэшце чырвоная тарка языка драпнула нагу Маўглі.
— Багіра, Багіра, Багіра! — шаптаў хлопчык, настойліва і лёгка пагладжваючы шыю і дрыготкую спіну.— Супакойся, супакойся! Гэта ноч вінаватая, а зусім не ты!
— Гэта ўсё начныя пахі,— сказала Багіра. Яна апамяталася.— Паветра быццам кліча мяне. Але адкуль ты гэта ведаеш?
Паветра вакол індыйскай вёскі напоена ўсякімі пахамі, а для звера, які прывык чуць і думаць носам, пахі азначаюць тое самае, што музыка або віно для чалавека.
Маўглі яшчэ некалькі хвілін супакойваў пантэру, і нарэшце яна легла, як кошка перад агнём, склаўшы лапы пад грудзьмі і прыжмурыўшы вочы.
— Ты наш і не наш, з джунгляў і не з джунгляў,—сказала яна нарэшце.— А я толькі чорная пантэра. Але я люблю цябе, Маленькі Брат.
— Яны штосьці доўга гамоняць пад дрэвам,— сказаў Маўглі, не зважаючы на яе апошнія словы.— Балдзео, мабыць, расказаў ім не адну гісторыю. Яны хутка прыйдуць для таго, каб выцягнуць гэтую жанчыну з мужам з пасткі і кінуць іх у Чырвоную Кветку. I ўбачаць, што пастка апусцела. Хо-хо!
— He, паслухай,— сказала Багіра.— Няхай яны знойдуць там мяне! Мала хто асмеліцца выйсці з дому, пасля таго як пабачыць мяне. He ўпершыню мне сядзець у клетцы, і наўрад каб ім удалося звязаць мяне вяроўкамі.
— Ну, дык будзь разумніцай! — сказаў Маўглі смеючыся.
А пантэра ўжо пракралася ў хаціну.
— Брр! — прынюхалася Багіра.— Тут пахне чалавекам, але ложак якраз гэткі ж, на якім я ляжала ў княжацкім звярынцы ва Удайпуры. А цяпер я лягу!
Маўглі пачуў, як зарыпела вяровачная сетка пад цяжарам вялікага звера.
— Клянуся зламаным замком, які вызваліў мяне, яны падумаюць, што злавілі важную птушку! Ідзі сядзь побач са мною, Маленькі Брат, і мы разам пажадаем ім добрага палявання!
— He, у мяне іншае ў галаве. Чалавечая чарада не павінна ведаць, што я таксама ўдзельнічаю ў гэтай гульні. Палюй адна. Я не хачу іх бачыць.
- Хай будзе так,— сказала Багіра.— Вось яны ідуць!
Гамонка пад смакоўніцай на тым краі вёскі станавілася ўсё больш шумнай. Пад канец узняўся крык, і натоўп паваліў па вуліцы, размахваючы дубінкамі, бамбукавымі кіямі, сярпамі і нажамі. Наперадзе ўсіх бег Балдзео, але і астатнія не адставалі ад яго, яны крычалі:
— Ведзьмара і вядзьмарку сюды! Падпаліце страху над іх галавой! Мы ім пакажам, як няньчыцца з пярэваратнямі! He, спачатку аддубасім іх! Факелаў! Болей факелаў.
Тут выйшла невялікая затрымка з дзвярной засаўкай. Дзверы былі замкнуты вельмі моцна, але натоўп вырваў засаўку, і святло факелаў заліло пакой, дзе, расцягнуўшыся на ўвесь рост на ложку, скрыжаваўшы лапы і злёгку звесіўшы іх з аднаго краю, чорная і страшная, ляжала Багіра. Хвіліну ўсе маўчалі, ахопленыя жахам; пярэднія рады з усяе сілы пачалі прадзірацца назад на вуліцу. I ў гэты момант Багіра пазяхнула, старанна і ўсім напаказ, як пазяхнула б, хочучы зняважыць роўнага сабе. Вусатыя губы прыўзняліся і рассунуліся, чырвоны язык загарнуўся, ніжняя сківіца абвісала ўсё ніжэй і ніжэй, так што відаць было гарачае горла; вялізныя іклы бялелі ў чор-
ным правале рота, пакуль не ляснулі, быццам стальныя затворы. У наступную хвіліну вуліца апусцела.
Багіра выскачыла праз акно і стала побач з Маўглі. А людзі, ашалелыя ад страху, ірваліся ў хаціны, спатыкаючыся і штурхаючы адзін аднаго.
— Яны не крануцца з месца да світання,— спакойна сказала Багіра.— А цяпер што?
Здавалася, нямая цішыня, што пануе апоўдні ў час сну, навісла над вёскай, але, калі прыслухацца, было чуваць, як перасоўваюць па земляной падлозе цяжкія скрыні са збожжам, падпіраюць імі дзверы. Багіра казала праўду: да самай раніцы ў вёсцы ніхто не пашавеліцца.
Маўглі сядзеў нерухома і думаў, і яго твар станавіўся ўсё больш змрочным.
— Што я такое зрабіла? — сказала нарэшце Багіра і прылашчылася да яго.
— Нічога, апрача добрага. Папільнуй іх цяпер да світанку, а я засну.— I Маўглі пабег у лес, паваліўся на камень і заснуў — і праспаў увесь дзень і ўсю ноч.
Калі ён прачнуўся, побач з ім сядзела Багіра і каля яго ног ляжаў толькі што забіты алень.
Багіра з цікаўнасцю пазірала, як Маўглі працаваў паляўнічым нажом, як ён еў і піў, а потым зноў лёг, абапёршыся падбародкам на руку.
— Жанчына з мужчынам дабраліся да Канхівары жывыя і здаровыя,— сказала Багіра.— Твая маці прыслала вестачку з каршуном Чылем. Яны знайшлі каня яшчэ да поўначы, у той жа вечар, і паехалі вельмі хутка. Хіба гэта не добра?
— Гэта добра,— сказаў Маўглі.
— А твая чалавечая чарада не зварухнулася, пакуль сонца не ўзнялося высока сёння раніцай. Яны прыгатавалі сабе паесці, а потым зноў замкнуліся ў сваіх дамах.
— Яны, можа, убачылі цябе?
— Можа. На досвітку я качалася ў пыле перад
варотамі і, здаецца, нават спявала. Ну, Маленькі Брат, больш тут няма чаго рабіць. Хадзем на паляванне са мною і з Балу. Ен знайшоў новыя вулеі і збіраецца паказаць іх табе, і мы ўсе хочам, каб ты, як і раней, быў з намі... He глядзі гэтак, я баюся цябе! Мужчыну з жанчынай не кінуць у Чырвоную Кветку, і ўсё ў джунглях застаецца па-ранейшаму. Хіба гэта не праўда? Забудземся пра чалавечую чараду!
— Пра яе забудуцца, і вельмі хутка. Дзе пасецца Хатхі сёння ўночы?
— Дзе ён надумае. Хто можа ведаць, дзе цяпер Маўклівы? А навошта ён табе? Што гэткае можа зрабіць Хатхі, чаго не маглі б зрабіць мы?
Скажы, каб ён прыйшоў сюды да мяне разам са сваімі трыма сынамі.
— Але, дапраўды ж, Маленькі Брат, няможна загадваць Хатхі, каб ён «прыйшоў сюды» або «пайшоў адсюль». He забывайся, што ён Гаспадар Джунгляў і што ён навучыў цябе Запаветным Словам Джунгляў да таго, як чалавечая чарада змяніла твой твар.
— Гэта нічога. У мяне таксама ёсць для яго Запаветнае Слова. Скажы, каб ён прыйшоў да Жабяняці Маўглі, а калі ён не адразу пачуе, скажы яму, каб прыйшоў дзеля вытаптаных палеткаў Бхаратпура.
— «Дзеля вытаптаных палеткаў Бхараптура»,— паўтарыла Багіра двойчы ці тройчы, каб не забыцца.— Іду! Хатхі толькі раззлуецца, і больш нічога, а я з радасцю аддала б здабычу цэлага месяца, каб пачуць, якое Запаветнае Слова мае ўладу над Маўклівым.
Яна пайшла, а Маўглі застаўся і раз’юшана дзёўб зямлю паляўнічым нажом. Маўглі ні разу ў жыцці не бачыў чалавечай крыві і — што азначала для яго куды больш — ні разу не чуў яе паху да таго часу, пакуль не пачуў пах крыві на рамянях, што звязвалі Месую. А Месуа была добрая да яго, і ён яе любіў. Але як ні былі ненавісныя для яго
жорсткасць, баязлівасць і балбатлівасць людзей, ён бы нізавошта не згадзіўся пазбавіць чалавека жыцця і зноў пачуць гэты страшны пах, чым бы ні ўзнагародзілі яго за гэта джунглі. Яго план быў куды болып просты і надзейны, і ён засмяяўся сам сабе, успомніўшы, што яго падказаў яму адзін з расказаў старога Балдзео пад смакоўніцай.
—Праўда, гэта было Запаветнае Слова,— вярнуўшыся, шапнула Багіра яму на вуха.— Яны пасвіліся каля ракі і паслухаліся мяне, як буйвалы. Глядзі, вунь яны ідуць!
Хатхі і яго тры сыны з’явіліся, як заўсёды, без адзінага гуку. Рачны мул яшчэ не высах на іхніх баках, і Хатхі ў задуменні дажоўваў зялёнае бананавае дрэўца, якое вырваў біўнямі. Але кожны рух яго велізарнага цела гаварыў Багіры, якая разумела ўсё з першага позірку, што не Гаспадар Джунгляў прыйшоў да хлопчыка-ваўчаняці, а прыйшоў той, хто баіцца, да таго, хто не баіцца нічога. Тры сыны Хатхі пагойдваліся плячо ў плячо ззаду бацькі.
Маўглі толькі крыху прыўзняў галаву, калі Хатхі пажадаў яму добрага палявання. ГІерш чым сказаць хоць слова, ён прымусіў Хатхі доўга пераступаць з нагі на нагу, пагойдвацца і ўстрэсвацца, а калі загаварыў, дык з Багірай, а не са сланамі.
— Я хачу расказаць вам адну гісторыю, а чуў я яе ад паляўнічага, на якога вы палявалі сёння,— пачаў Маўглі.— Гэта гісторыя пра тое, як стары і разумны слон трапіў у пастку і востры кол на дне ямы разарваў яму скуру ад пяткі да пляча, так што застаўся белы шрам.
Маўглі працягнуў руку, і калі Хатхі павярнуўся, пры святле месяца стаў відаць доўгі белы шрам на шэрым, як грыфель, баку, быццам яго сцебанулі распаленым бічом.
— Людзі выцягнулі слана з ямы,— гаварыў далей Маўглі,— але ён быў дужы, разарваў путы і ўцёк, і хаваўся, пакуль рана не загаілася. Тады ён вярнуўся ўночы на палеткі паляўнічых. Цяпер
я прыпамінаю, што ў яго было тры сыны. Усё гэта адбылося многа-многа дажджоў таму назад і вельмі далёка адгэтуль — на палетках Бхаратпура. Што здарылася з гэтымі палеткамі ў наступнае жніво, Хатхі?
— Жніво сабраў я з маімі трыма сынамі,— сказаў Хатхі.
— А што было з пасевам, які ідзе за жнівом? — спытаў Маўглі.
— Пасеву не было,— сказаў Хатхі.
— А з людзьмі, якія жылі на палях побач з пасевамі? — спытаў Маўглі.
— Яны сышлі.
— А з хацінамі, у якіх спалі людзі? — спытаў Маўглі.
— Мы раскідалі стрэхі дамоў, а джунглі паглынулі сцены.
— А што ж было потым? — спытаў Маўглі.
— Мы напусцілі джунглі на пяць вёсак; і ў гэтых вёсках, і на іх землях, і на пашах, і на мяккіх, узараных палетках не засталося цяпер ніводнага чалавека, які атрымліваў бы ежу ад зямлі. Вось як былі вытаптаны бхаратпурскія палеткі, і гэта зрабіў я з маімі трыма сынамі. А цяпер скажы мне, Маўглі, як ты даведаўся пра гэта? — спытаў Хатхі.
— Мне сказаў адзін чалавек, і цяпер я пераканаўся, што нават Балдзео не заўсёды хлусіць. Гэта было добра зроблена, Хатхі з белым шрамам, a другі раз выйдзе яшчэ лепш, бо распараджацца будзе чалавек. Ты ведаеш вёску чалавечай чарады, што выгнала мяне? He варта, каб яны жылі там і надалей. Я іх ненавіджу!
— А забіваць нікога не трэба? Mae біўні пачырванелі ад крыві, калі мы тапталі палеткі ў Бхаратпуры, і мне не хацелася б зноў абуджаць гэты пах.
— Мне таксама. Я не хачу нават, каб іх косці ляжалі на нашай чыстай зямлі. Няхай шукаюць сабе іншае логава. Тут ім няможна заставацца.