Маўглі
Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 303с.
Мінск 1994
— Значыцца, Белы Клабук гаварыў праўду? — жвава спытаў Маўглі.
— Я нарадзілася ў княжацкім звярынцы ва Удайпуры і, здаецца, ведаю сёе-тое пра чалавека. Шмат хто з людзей пайшоў бы тройчы за ноч на забойства за адзін гэты чырвоны камень.
— Але ад каменя ручку толькі цяжэй трымаць. Мой бліскучы ножык куды лепшы, і — паслухай! — чырвоны камень не прыдатны для яды. Дык для чаго ж забіваць?
— Маўглі, ідзі спаць. Ты жыў сярод людзей і...
— Я памятаю. Людзі забіваюць, бо не ходзяць на паляванне,— ад няма чаго рабіць і дзеля пацехі. Прачніся ж, Багіра! Для чаго зроблена гэтая калючая штука?
Багіра прыадплюшчыла сонныя вочы, і ў іх бліснула хітрая іскрынка.
— Яе зрабілі людзі для таго, каб калоць у галовы сынам Хатхі. Мне даводзілася бачыць такія на вуліцах Удайпура перад звярынцам. Гэтая рэч пакаштавала крыві многіх такіх, як Хатхі.
— Але для чаго ж калоць ёю ў галовы сланоў?
— Для таго, каб навучыць іх Закону Чалавека. У людзей няма ні кіпцюроў, ні зубоў, таму яны і робяць вось такія штукі і нават горшыя.
— Каб я гэта ведаў, дык не ўзяў бы яго. Я не хачу яго больш. Глядзі!
Анкус паляцеў, пабліскваючы, і зарыўся ў зямлю за пяцьдзесят крокаў ад іх, сярод дрэў.
— Цяпер я ачысціў мае рукі ад смерці,— сказаў Маўглі, выціраючы рукі аб свежую вільготную зямлю.— Белая кобра гаварыла, што смерць будзе хадзіць за мною па пятах. Яна састарылася, пабя лела і выжыла з розуму.
— Смерць ці жыццё, пачарнела ці пабялела, а я пайду спаць, Маленькі Брат. Я не магу быць на паляванні ўсю ноч і выць увесь дзень, як іншыя.
Багіра ведала выгоднае логава за дзве мілі ад вадапою і падалася туды адпачываць. Маўглі,
10. „Маўглі”.
145
доўга не думаючы, залез на дрэва, звязаў разам дзве-тры ліяны, і куды хутчэй, чым можна пра гэта расказаць, пагойдваўся ў гамаку на вышыні пяці дзесяці футаў ад зямлі. Хоць Маўглі не баяўся яркага дзённага святла, ён усё ж прытрымліваўся звычаю сваіх сяброў і стараўся як мага менш бываць на сонцы. Калі яго разбудзілі гучныя галасы жыхароў дрэў, зноў змяркалася, і ў сне яму сніліся тыя прыгожыя каменьчыкі, што ён выкінуў. „
— Хоць пагляджу на іх яшчэ раз,— сказаў ён і спусціўся па ліяне на зямлю.
Але Багіра апярэдзіла яго: Маўглі было чуваць, як яна абнюхвае зямлю ў паўзмроку.
— А дзе ж калючая штука? — усклікнуў Маўглі.
— Яе ўзяў чалавек. Вось і след.
— Цяпер мы пабачым, ці праўду гаварыла белая кобра. Калі калючая пачвара і сапраўды смерць, гэты чалавек памрэ. Хадзем па следзе.
— Спачатку сходзім на паляванне,— сказала Багіра,— на пусты страўнік вочы кепска бачаць. Людзі рухаюцца вельмі павольна, а ў джунглях так сыра, што самы лёгкі след пратрымаецца доўга.
Яны пастараліся закончыць паляванне як мага хутчэй, і ўсё ж мінула амаль тры гадзіны, перш чым яны наеліся, напіліся і пайшлі па следзе. Народ Джунгляў ведае, што спяшацца ў час яды не трэба, бо тое, што прапусціш, не вернеш.
Як ты думаеш, калючая пачвара перавернецца ў руках чалавека і заб’е яго? — спытаў Маўглі. Белая кобра казала, што гэта смерць.
— Пабачым, як дагонім,— сказала Багіра. Яна бегла рыссю, угнуўшы галаву.— След адзіночны (яна хацела сказаць, што чалавек быў адзін), і ад цяжкай ношы пятка ўціскалася глыбока ў зямлю.
— Гм! Гэта ясна, як летняя маланка,— адказаў Маўглі.
I яны памчаліся па слядах дзвюх босых ног
шпаркай рыссю, трапляючы то ў цемру, то ў палосы святла месяца.
— Цяпер ён бяжыць хутка,—сказаў Маўглі,— пальцы растапыраны.— Яны беглі далей па сырой лагчыне.— А чаму тут ён звярнуў убок?
— Пачакай! — сказала Багіра і адным цудоўным скачком перамахнула цераз лужок.
Першае, што трэба зрабіць, калі след становіцца незразумелым, гэта скочыць уперад, каб не пакідаць заблытаных слядоў на зямлі. Пасля скачка Багіра павярнулася да Маўглі і крыкнула:
— Тут другі след ідзе яму насустрач. На гэтым другім следзе нага меншая і пальцы падкурчаны.
Маўглі падбег і паглядзеў.
— Гэта нага паляўнічага-гонда,— сказаў ён.— Зірні! Тут ён правалок свой лук па траве. Вось чаму першы след звярнуў убок. Вялікая Нага хавалася ад Маленькай Нагі.
— Ага, правільна,— сказала Багіра.— Цяпер, каб не наступаць адно аднаму на сляды і не блытацца, возьмем кожны па адным следзе. Я буду Вялікая Нага, Маленькі Брат, а ты — Маленькая Нага.
Багіра пераскочыла на першы след, а Маўглі нагнуўся, разглядаючы дзіўныя сляды ног з падкурчанымі пальцамі.
— Вось,— сказала Багіра, крок за крокам рухаючыся наперад па ланцужку слядоў,— я, Вялікая Нага, паварочваю тут убок. Вось я хаваюся за скалу і стаю ціха, не асмельваюся нават пераступіць з нагі на нагу. Гавары, што ў цябе, Маленькі Брат.
— Вось я, Маленькая Нага, падыходжу да скалы,— гаварыў Маўглі, ідучы па следзе.— Вось я саджуся пад скалой, апіраюся на правую руку і стаўлю свой лук паміж вялікімі пальцамі ног. Я чакаю доўга, і таму мае ногі пакідаюць тут глыбокі адбітак.
— Я таксама,— сказала Багіра, схаваўшыся за скалой.— Я чакаю, паставіўшы калючку вострым
канцом на камень. Яна слізгае: на камені засталася драпіна. Скажы, што ў цябе, Маленькі Брат.
— Адна-дзве галінкі і вялікі сучок зламаны тут,— сказаў Маўглі шэптам.— А як расказаць вось гэта? А! Цяпер зразумеў. Я, Маленькая Нага, адыходжу з шумам і тупатам, каб Вялікая Нага чула мяне.
Маўглі крок за крокам адыходзіў ад скалы, хаваючыся паміж дрэў і павышаючы голас, па меры таго як набліжаўся да маленькага вадаспада.
— Я — адыходжу — далёка — туды — дзе — шум — вадаспада — заглушае — мае — крокі — і тут — я — чакаю. Гавары, што ў цябе, Багіра, Вялікая Нага!
Пантэра кідалася ва ўсе бакі, разглядаючы, куды вядзе адбітак вялікай нагі з-за скалы. Потым сказала:
— Я паўзу з-за скалы на карачках і валаку за сабой калючую пачвару. He бачу нікога і кідаюся бегчы. Я, Вялікая Нага, бягу хутка. Дарога добра відаць. Ідзём кожны па сваім следзе. Я пабегла!
Багіра памчалася па добра бачным следзе, a Маўглі пабег па следзе паляўнічага. На нейкі час у джунглях запанавала маўчанне.
— Дзе ты, Маленькая Нага? — аклікнула Багіра.
Голас Маўглі адгукнуўся за пяцьдзесят крокаў справа.
— Гм! — буркнула Багіра, глуха кашляючы.— Абодва яны бягуць бок у бок і сыходзяцца ўсё бліжэй!
Яны прабеглі яшчэ з паўмілі, застаючыся на той жа адлегласці, пакуль Маўглі, які не прыгінаўся гэтак нізка да зямлі, не крыкнуў:
— Яны сышліся! Добрага палявання! Глядзітка! Тут стаяла Маленькая Нага, апіраючыся каленам на камень, а там — Вялікая Нага!
Менш чым за дзесяць крокаў ад іх, выцягнуўшыся на грудзе камянёў, ляжала цела селяніна
тутэйшых мясцін. Тонкая апераная страла паляўнічага-гонда пранізала яму наскрозь спіну і грудзі.
— Ці так ужо састарылася і выжыла з розуму белая кобра?— лагодна спытала Багіра.— Вось, прынамсі, адна смерць.
— Хадзем далей. А дзе ж тая, што п’е слановую кроў, дзе чырванавокая калючка?
— Магчыма, у Маленькай Нагі. Цяпер след зноў адзіночны.
Адзінокі след легканогага чалавека, што хутка бег з ношкай на левым плячы, ішоў па доўгім спадзістым адхоне, парослым сухой травой, дзе кожны крок быў нібы выпалены гарачым жалезам.
Абое маўчалі, пакуль след не прывёў іх да попела ад вогнішча на дне яра.
— Зноў! — сказала Багіра і спынілася, быццам скамянела.
Цела маленькага скурчанага паляўнічага ляжала пяткамі ў попеле, і Багіра запытальна паглядзела на Маўглі.
Гэта зроблена бамбукавым кіем,— сказаў Маўглі, зірнуўшы на цела.— У мяне таксама быў гэткі, калі я служыў у чалавечай чарадзе і пасвіў буйвалаў. Маці Кобраў — мне шкада, што я смяяўся з яе,— ведае гэтую пароду, і я мог бы пра гэта здагадацца. Хіба я не гаварыў, што людзі забіваюць ад няма чаго рабіць?
— Дапраўды, яго забілі за чырвоныя і блакітныя камяні,— адказала Багіра.— He забывай, што я была ў княжацкім звярынцы ва Удайпуры.
— Адзін, два, тры, чатыры сляды,— сказаў Маўглі, нагінаючыся над допелам ад вогнішча.— Чатыры сляды абутых людзей. Яны ходзяць не так хутка, як паляўнічыя-гонды. Ну што кепскае зрабіў ім маленькі лясны чалавек? Глядзі, яны размаўлялі ўсе ўпяцёх, стоячы вакол вогнішча, перш чым забілі яго. Багіра, хадзем назад. Страўнік у мяне поўны, і, аднак, ён скача то ўгору, то ўніз, як гняздо івалгі на канцы галінкі.
— Кепскае паляванне — выпускаць здабычу.
Хадзем за імі! — сказала пантэра.— Гэтыя восем абутых ног недалёка адышліся.
Яны беглі цэлую гадзіну моўчкі па шырокай сцежцы, пратаптанай чатырма абутымі людзьмі.
Ужо настаў ясны, гарачы дзень, і Багіра сказала:
— Я чую дым.
— Людзі заўсёды ахвотней ядуць, чым бегаюць,— адказаў Маўглі, то хаваючыся, то паказваючыся сярод невысокіх хмызнякоў, дзе яны цяпер гойсалі, абмінаючы незнаёмыя джунглі. Багіра, злева ад Маўглі, падала нейкі дзіўны гук горлам.
— Вось гэта ўжо разлічыўся з ядою! — сказала яна.
Скамечаная груда стракатага адзення ляжала над кустом, а вакол была рассыпана мука.
— Таксама зроблена бамбукавым кіем! Глядзі! Белы парашок — гэта тое, што ядуць людзі. Яны забралі здабычу ў гэтага — ён нёс іхнюю ежу — і аддалі яго на здабычу каршуну Чылю.
— Гэта ўжо трэці,— сказала Багіра.
«Я занясу свежых, вялікіх жаб Маці Кобраў і накармлю яе ўдосталь,— сказаў сам сабе Маўглі.— Гэты крывапівец — сама Смерць, і ўсё ж я нічога не разумею!»
— Хадзем па следзе!—сказала Багіра.
Яны не прайшлі і паўмілі, як пачулі гругана Кауа, які спяваў Песню Смерці на верхавіне тамарыску, у засені якога ляжала трое людзей. Амаль патухлае вогнішча дымілася пасярод круга, пад чыгуннай патэльняй з пачарнелым і абгарэлым праснаком. Каля вогнішча, пабліскваючы на сонцы, ляжаў бірузова-рубінавы анкус.
— Гэтая пачвара працуе хутка: усё канчаецца тут,— сказала Багіра.— Чаму яны памерлі, Маўглі? Hi на адным з іх няма ні ранкі, ні сіняка...
Жыхар джунгляў з вопыту ведае пра атрутныя расліны і ягады не менш, чым многія ўрачы. Маўглі панюхаў дым над вогнішчам, адламаў кавала-
чак пачарнелага праснака, паспытаў яго і выплюнуў.
— Яблык Смерці,— закашляўся ён.— Першы з іх, мусіць, паклаў яго ў ежу для тых, што забілі яго, забіўшы спачатку паляўнічага.
— Добрае паляванне, дапраўды! Адна здабыча ідзе следам за другой! — сказала Багіра.
«Яблык Смерці» — так называецца ў джунглях дурнап’ян, самы моцны яд ва ўсёй Індыі.
— Што ж будзе далей? — сказала пантэра.— Няўжо і мы з табою заб’ём адно аднаго за гэтага чырванавокага забойцу?