Маўглі  Рэдзьярд Кіплінг

Маўглі

Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 303с.
Мінск 1994
88.88 МБ
бей у цемры пячор. Hi чалавек, ні звер, ні вада, ні агонь ні разу не асмеліліся іх закрануць. Абапал ракі цясніна на ўсю даўжыню была нібы завешана мігатлівым чорным аксамітам, і Маўглі скалануўся, калі ўзняў вочы, бо над ім віселі, счапіўшыся, мільёны пчол, якія цяпер спалі. Там былі яшчэ глыбы і гірлянды і нешта падобнае на гнілыя пні, што ляпіліся да скалаў. Гэта былі старыя соты мінулых гадоў або новыя гарады, пабудаваныя ў зацішку схаванай ад ветру цясніны. Цэлыя горы губкавых гнілых адкідаў скаціліся ўніз і заселі паміж дрэвамі і ліянамі, якімі зараслі скалы. Прыслухаўшыся, Маўглі не раз лавіў вухам шоргат і гук падзення поўных мёду сотаў, што зрываліся ўніз дзе-небудзь у цёмнай галерэі, потым — сярдзітае гудзенне крыльцаў і змрочнае «кап-капкап» мёду, што пераліваўся цераз край і густымі кроплямі павольна падаў на галіны.
На адным беразе ракі была маленькая пясчаная водмель не шырэй за пяць футаў, і на ёй грувасціліся горы смецця, што назбіралася за сотні гадоў. Там ляжалі мёртвыя пчолы, адкіды, старыя соты, крыльцы матылькоў і жукоў, што паквапіліся красці мёд. Усё гэта зляжалася ў роўныя груды найтанчэйшага чорнага пылу. Аднаго вострага паху было дастаткова, каб адпудзіць кожнага, хто не мог лятаць і ведаў, што такое Маленькі Народ.
Каа плыў уверх па рацэ, пакуль не дабраўся да пясчанай водмелі каля ўвахода ў цясніну.
— Вось здабыча гэтага года,— сказаў ён.— Глядзі!
На пяску ляжалі шкілеты двух маладых аленяў і буйвала.
Маўглі бачыў, што ні воўк, ні шакал не кранулі касцей, якія агаліліся самі сабою, ад часу.
Яны перайшлі мяжу, яны не ведалі,— прашаптаў Маўглі,— і Маленькі Народ забіў іх. Хадзем адсюль, пакуль пчолы не прачнуліся!
— Яны не прачнуцца да світанку,— сказаў Каа.— Цяпер я табе раскажу. Многа-многа даж-
джоў назад загнаны алень забег сюды з поўдня. Ен не ведаў джунгляў, а за ім па пятах гналася Чарада. Нічога не бачачы ад страху, алень скокнуў з вышыні. Сонца стаяла высока, і пчол было вельмі многа, і вельмі злосных. I ў Чарадзе таксама было шмат такіх, якія скочылі ў Вайнгангу, але ўсе яны памерлі, яшчэ не даляцеўшы да вады. Тыя, што не скочылі, таксама памерлі ў скалах наверсе. Але алень застаўся жывы.
— Чаму?
— Таму што ён бег наперадзе, скокнуў раней, чым Маленькі Народ пачуў яго, і быў ужо ў рацэ, калі яны сабраліся джаліць. А Чараду, што гналася за ім, усю чыста абляпілі пчолы, якіх спудзіў тупат аленя.
— Той алень застаўся жывы? — у роздуме паўтарыў Маўглі.
— Прынамсі, ён не памёр тады, хоць ніхто не чакаў яго ўнізе, гатовы падтрымаць на вадзе, як будзе чакаць чалавечка адзін стары тоўсты, глухі, жоўты пляскатагаловы ўдаў — так-так, хоць бы за ім гналіся сабакі ўсяго Дэкана! Што ты на гэта скажаш?
Галава Каа ляжала на мокрым плячы хлопчыка, а яго язык трымцеў каля вуха Маўглі. Маўчанне цягнулася доўга, потым Маўглі прашаптаў:
— Гэта называецца тузаць Смерць за вусы, але... Каа, ты і праўда самы мудры ў джунглях.
— Так гаварыў шмат хто. Глядзі ж, калі сабакі пагоняцца за табою...
— А яны, вядома, пагоняцца! Хо-хо! У мяне пад языком назбіралася шмат калючак, знойдзецца што ўваткнуць ім у шкуру!
— Калі сабакі пагоняцца за табою, ні на што не зважаючы, гледзячы толькі на твае плечы, яны кінуцца ў ваду або тут, або ніжэй, бо Маленькі Народ прачнецца і пагоніцца за імі. А Вайнганга прагная рака, і ў іх не будзе Каа, каб утрымаць іх на вадзе, таму тых, хто застанецца жывы, панясе
ўніз, да водмеляў каля Сіянійскіх Пячораў, і там твая Чарада можа схапіць іх за горла.
— О-о! Лепей і быць не можа, хіба толькі калі дажджы выпадаюць у сухмень. Цяпер застаюцца адны дробязі: прабег і скачок. Я зраблю так, што сабакі мяне пазнаюць і пабягуць за мною па пятах.
— А ты агледзеў скалы наверсе, з боку берага?
— I праўда, не агледзеў. Пра гэта я забыўся.
— Ідзі паглядзі. Там кепская зямля, уся няроўная, на ямах. Ступіш хоць раз сваёй нязграбнай нагой не гледзячы — і канец паляванню. Бачыш, я пакідаю цябе тут і толькі дзеля цябе перадам вестачку тваёй Чарадзе, каб ведалі, дзе шукаць сабак. Мне твае ваўкі не радня.
Калі Каа не падабаўся хто-небудзь, ён бываў няветлівы, як ніхто ў джунглях, за выключэннем, можа, Багіры. Ен паплыў уніз па рацэ і насупраць Скалы Рады ўбачыў Пхао і Акелу, якія ўслухоўваліся ў начныя гукі.
— Кшш, ваўкі! — весела аклікнуў ён іх.— Рудыя сабакі паплывуць уніз па рацэ. Калі не баіцеся, можаце забіваць іх па водмелях.
— Калі яны паплывуць? — спытаў Пхао.
— А дзе маё дзіцяня? — спытаў Акела.
— Паплывуць, калі надумаюцца,— сказаў Каа.— Пачакайце і ўбачыце. А тваё дзіцяня, з якога ты ўзяў Слова і тым самым асудзіў яго на Смерць, тваё дзіцяня са мною, і калі яно яшчэ жывое, дык ты ў гэтым не вінаваты, сівы сабака! Чакай сваіх ворагаў тут і радуйся, што мы з дзіцянём на тваім баку!
Каа зноў памчаўся стралой па рацэ і спыніўся на сярэдзіне цясніны, пазіраючы ўгору на лінію скал. Неўзабаве ён убачыў, як на зорным небе паказалася галава Маўглі; потым у паветры штосьці прашумела, і, падаючы нагамі ўперад, Маўглі шуснуў у ваду. Праз імгненне ён ужо адпачываў у зручндй пятлі, падстаўленай Каа.
— Які гэта скачок уночы!—абыякава сказаў
Маўглі.— Я скакаў у два разы далей дзеля пацехі. Толькі вось наверсе кепскае месца: нізкія кусты і глыбокія яры, і ўсё гэта бітком набіта Маленькім Народам. Я нагрувасціў вялікія камяні адзін на другі па краях трох яроў. Я спіхну іх нагою ўніз, як буду бегчы, і Маленькі Народ, узлаваўшыся, узнімецца ззаду ў мяне.
— Гэта чалавечая хітрасць,— сказаў Каа.— Ты мудры, але Маленькі Народ і так заўсёды злуецца.
— He, на змярканні ўсё крылатае засынае ненадоўга і тут і ўсюды. Я распачну гульню з сабакамі на змярканні, бо ўдзень яны лепей бегаюць. Зараз яны гоняцца па крывавым следзе за Ванталам.
— Каршун Чыль не пакіне здохлага буйвала, а Дзікі Сабака — крывавага следу,— сказаў Каа.
— Дык я павяду іх па новым следзе,— па іхняй жа крыві, калі ўдасца, і прымушу іх наесціся гразі. Ты застанешся тут, Каа, пакуль я не вярнуся з маімі сабакамі.
— Так, але што, калі яны заб’юць цябе ў джунглях або Маленькі Народ заб’е цябе раней, чым ты скочыш у раку?
— Калі я памру,— адказаў Маўглі,— тады і прыйдзе час спяваць Песню Смерці. Добрага палявання, Каа!
£н адпусціў шыю ўдава і паплыў уніз па цясніне, як плыве бервяно ў паводку, падграбаючы да далёкай водмелі і рагочучы ад радасці. Больш за ўсё на свеце Маўглі любіў «тузаць Смерць за вусы», як гаварыў ён сам, і даваць джунглям адчуць, што ён тут гаспадар. 3 дапамогай Балу ён часта апаражняў пчаліныя дуплы і ведаў, што Маленькі Народ не любіць паху дзікага часнаку. I таму ён нарваў невялікі пучок часнаку, звязаў яго палоскай кары і пабег па крывавым следзе Ванталы, што вёў на поўдзень ад логава. Час ад часу ён пазіраў на дрэвы, схіліўшы галаву набок, і пры гэтым пасмейваўся.
«Жабяняткам Маўглі я быў,— сказаў ён сам сабе,— Ваўчанём Маўглі я назваў сябе сам. Цяпер я павінен зрабіцца Малпай Маўглі, перш чым стану Маўглі Аленем. А ўрэшце я стану Чалавекам Маўглі. Хо!» — I ён правёў вялікім пальцам па доўгім лязе свайго нажа.
След Ванталы, вельмі прыкметны па цёмных плямах крыві, ішоў па лесе сярод тоўстых дрэў, якія раслі тут блізка адно ад аднаго, але на паўночны ўсход радзелі ўсё больш і больш. За дзве мілі ад Пчаліных Скалаў лес канчаўся. Ад апошняга дрэва да нізкіх кустоў каля Пчалінай Цясніны знаходзілася адкрытае месца, дзе цяжка было б схавацца нават ваўку. Маўглі бег пад дрэвамі, прыкідваючы на вока адлегласць ад галіны да галіны, іншы раз залазіў уверх па ствале і для пробы пераскокваў з аднаго дрэва на другое, пакуль не дабег да адкрытага месца, на агляд якога ён патраціў цэлую гадзіну. Потым ён вярнуўся на след Ванталы, у тым жа месцы, дзе пакінуў яго, залез на дрэва, адна з галін якога далёка вытыркалася ўперад на вышыні футаў восем ад зямлі, павесіў пучок часнаку на развіліну, спакойна ўсеўся і пачаў вастрыць нож аб босую падэшву.
Незадоўга да поўдня, калі сонца пачало моцна прыпякаць, Маўглі пачуў тупат ног і ўнюхаў агідны пах сабачай чарады, якая ўпарта і бязлітасна гналася за Ванталам.
Калі глядзець зверху, Дзікі Сабака з Дэкана здаецца ў два разы меншы за ваўка, але Маўглі ведаў, якія дужыя ў яго лапы і моцныя сківіцы.
Разглядаючы вострую рудую пысу важака, які абнюхваў след, ён крыкнуўяму:
— Добрага палявання!
Важак задзёр галаву, а яго спадарожнікі стоўпіліся ззаду, дзесяткі і сотні рудых жывёлін з падкурчанымі хвастамі, шырокімі грудзьмі і худым азадкам. Дзікія сабакі звычайна вельмі маўклівыя і няветлівыя нават у сваім родным Дэкане.
Пад дрэвам сабралася не менш дзвюх сотняў сабак, але Маўглі бачыў, што важакі прагна абнюхваюць след і стараюцца павесці ўсю чараду ўперад. Гэтага нельга было дапусціць, бо яны прыбеглі б да логаваў сярод дня, а Маўглі меў намер пратрымаць іх пад сваім дрэвам да змяркання.
— 3 чыйго дазволу вы з’явіліся сюды? — спытаў Маўглі.
— Усе джунглі — нашы джунглі,— быў адказ, і той, хто гэта сказаў, ашчэрыў белыя зубы.
Маўглі з усмешкай паглядзеў уніз, дасканала пераймаючы рэзкую траскатню Чыкаі, пацука-скакуна са стэпаў Дэкана: гэтым самым ён даваў сабакам зразумець, што лічыць іх такімі ж пацукамі. Чарада стоўпілася вакол дрэва, і важак раз’юшана забрахаў, абазваўшы Маўглі малпай. Замест адказу Маўглі выставіў уніз голую нагу і паварушыў гладкімі пальцамі якраз над галавой важака. Гэтага было дастаткова, і нават больш чым дастаткова, каб абудзіць тупую лютасць сабак. Тыя, у каго растуць валасы паміж пальцамі, не любяць, каб ім пра гэта напаміналі. Маўглі адхапіў нагу, калі важак падскочыў угору, і сказаў ласкава:
— Сабака, руды сабака! Вымятайся назад да сябе ў Дэкан есці яшчарак. Ідзі да свайго брата Чыкаі, сабака, сабака, руды сабака! У цябе поўсць паміж пальцамі! — I ён яшчэ раз паварушыў нагою.
— Спусціся ўніз, пакуль мы не замарылі цябе голадам, безвалосая малпа! — завыла чарада, a гэтага якраз і дамагаўся Маўглі.
Ён лёг, выцягнуўся ўздоўж сука і прытуліўся шчакою да кары, аслабаніў правую руку і мінут пяць выдаваў сабакам усё, што ён пра іх ведае і думае: пра іх саміх, пра іхнія норавы і звычаі, пра іх сябровак і шчанят.
Няма на свеце мовы болын ядавітай і калючай, чым тая, на якой гаворыць Народ Джунгляў, калі