Мільярд удараў
Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 324с.
Мінск 2008
Крэз адразу ажывіўся, хоць і не згубіў самавітасці. Ён падняўся на ногі і сказаў:
«Думка ваша цалкам прыстойная. Што яшчэ трэба старому чалавеку ў гэтым жыцці? Глытокдругі гарэлкі і — размова з цікавым субяседнікам. Вы згодны?»
Слядак прынёс грошы і параіў старому купіць акрамя гарэлкі і што-небудзь паесці. Той ахвотна, без цырымоній згадзіўся і пайшоў.
Прыкладна праз паўгадзіны Крэз вярнуўся. Ён паставіў на стол літровую бутэльку таннага мясцовага віна, паклаў хлеб і нават бляшанку мясных
кансерваў. Слядак дабавіў да гэтай сціплай закускі свае камандзіровачныя бутэрброды, і яны селі за стол. Стары наліў віна ў шклянкі.
«Я заплыў далёка ад берага, — асярожна працягнуў напрамак гутаркі, які яго найбольш цікавіў, Слядак. — Я добра плаваю, і мне, мяркую, баяцца няма чаго».
«Ганцу — першая шклянка», — стары нетаропка праглынуў алкаголь. Праз хвіліну твар яго паружавеў, а мова стала больш гладкай і выразнай.
«Вы бачылі востраў? — спытаў стары і, не чакаючы адказу, працягнуў: — Ад берага да яго кіламетры тры — тры з паловай. Месца там гіблае, балотцы, твань, нават рыбакі там не спыняюцца, але з пачатку лета там жывуць».
«Жыве хто?» — спытаў Слядак.
«Эрыніі».
Слядак папярхнуўся.
Стары нібы са спачуваннем зірнуў на яго.
«У вас, пэўна, бракуе адукацыі, — з’едліва сказаў ён. — Вам патлумачыць, хто такія — эрыніі?»
«Не трэба, — усміхнуўся Слядак. — Калісьці я вучыўся на гуманітарным факультэце. Такія яшчэ існавалі да Катастрофы. — Потым, — ён раптам спахмурнеў, — калі ў падземцы згвалцілі і забілі маю сястру, я добраахвотна пайшоў у крымінальны вышук, а пасля таго, як мяне паранілі і выдалілі нырку, — у КрымПа.
«Выбачайце. Мне шкада, вельмі шкада».
Слядак наліў сабе і старому і адразу ж выпіў сам.
«Эрыніі, наколькі я ўспамінаю, багіні помсты, і пражывалі яны, паводле міфа, у пекле».
«А хіба тут, у нас, не пекла? — спытаў Крэз. — I хіба яны, эрыніі, не могуць існаваць і цяпер, калі наш свет, што ўжо даўно і паспяхова даказалі філосафы і навукоўцы, гэта ўсяго толькі Сімуляцыя?»
«Навукоўцаў і філосафаў менавіта за гэта і павыразалі яшчэ да Катастрофы, — перабіў яго Сля-
дак. — I галоўная праблема ў тым, што пры вашым варыянце пабудовы свету, дзе ўсё: субматэрыя і мы — віртуальныя, мы ўвогуле ніколі не атрымаем дакладны адказ на гэтае балючае пытанне. Хіба не так?»
«Ёсць шмат ускосных доказаў. Эрыніі, мяркую, адзін з такіх. Я іх бачыў».
«Вы бачылі доказы?»
«Я бачыў эрыній'»
На даўно няголеным твары Крэза з’явілася нешта накшталт пяшчотнага натхнення, а ў вачах нечакана для Следака бліснуў вар’яцкі агеньчык.
«Дзе вы іх бачылі?» — вяла пацікавіўся Слядак.
«На востраве».
«Так-так, — са скептычным недаверам азваўся Слядак і нават усміхнуўся, нібы ўбогаму, але спахапіўся і схаваў усмешку. — Дарэчы, як яны выглядалі?»
Стары задумаўся, але праз паўзу ўпэўнена сказаў:
«Звычайна, маладыя жанчыны, прыгожыя. На перадплеччы ў кожнай аднолькавая татуіроўка».
«I якая?»
«Выява птушкі ў палёце. Чайкі».
«Па-вашаму, маладыя жанчыны могуць лётаць? Эрыніі ж быццам лёталі?»
«Яны пераўвасабляюцца. Валодаюць магіяй».
«Наколькі я ведаю, эрыніі лічыліся пачварнымі старымі бабамі са змеямі ў валасах і пугамі ў руках», — не ўтрымаўшыся, зноў аспрэчыў Слядак.
«Гэта памылковасць. Вы ж іх не бачылі, а я — як вось вас цяпер. I дарэмна вы не верыце. А вось многія сустракаліся і з лесуном, і з вадзянікам, і з гномамі, дамавікамі, русалкамі, і іншымі істотамі, існаванне якіх так упарта абвяргаюць навукоўцы. Я раней шмат чытаў, тады было яшчэ многа кніг, і тоесёе памятаю і цяпер. Так, восемдзесят з гакам гадоў назад, амерыканскі заолаг Айван Сандэрсан зафіксаваў у балотах Камеруна птэрадактыля. Ля берагоў Афрыкі злавілі цэлаканта — лічылася, што гэ-
тая кісцяпёрая рыбіна вымерла яшчэ да эпохі дыназаўраў. Пілоты, якія праляталі над возерам Хайыр, разгледзелі і сфатаграфавалі плезіязаўра. На Гамбійскі марскі курорт выкінула труп пяціметровага кроназаўра. Гэта толькі з боку біялогіі. А колькі чутак, паданняў, легенд пра ўсялякіх цмокаў, гномаў, эльфаў, фей... Каб іх не існавала — пра іх бы і не ўспаміналі. He станеце ж вы аспрэчваць такія з’явы, як прагерыя, гамеапатыя, тэлегонія, партэнагенез? Іх таксама абвяргаюць навукоўцы, але яны існуюць»,
«Але ж і вы — былы навуковец. Дарэчы, чым вы займаліся, калі гэта не сакрэт?» — з максімальнай тактоўнасцю пацікавіўся Слядак.
«Я — доктар сацыялогіі. У мінулым, вядома».
«А за што, прабачце, вы жывяце? Вам жа трэба нешта есці, апранацца і сагравацца зімой...»
«У мяне ёсць у Мегаполісе дачка. Яна зрэдку дасылае мне грошы, астатнія я здабываю сам. Мне, як вы бачыце, многа не трэба. Тут каму з мясцовых іншы раз патрабуецца скласці скаргу ці напісаць ліст. Ідуць да мяне».
«А чаму вы вырашылі, што мы з Шэрыфам прыйшлі вас арыштоўваць?»
«3 Мегаполіса проста так, без нагоды, да мяне не з’явяцца».
«А што вы скажаце пра Імбэцыла? — змяніў тэму Слядак. — Я, дарэчы, у вашых месцах, каб «праехацца» па гэтым дзіўным казусе».
«Ды што тут разбірацца? Цяпер шмат падобных. Іншым разам мне здаецца, што натуралы ў галіне сексу скончыліся яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя. Вось вам наглядныя адрыжкі дэмакратыі. 3 аднаго боку, былі, груба кажучы, педэрасты, з другога — смяротнікі. Хто пераможа, можна было сказаць адразу. Успомніце, як калісьці ў сталіцу Усходняй імперыі завезлі ўжо і надзіманых кароў для заафілаў, а перад канцэртам нейкай попспявачкі з Захаду, каб не праліўся дождж, разганялі хмары з дапамогай спецыяльных летакоў. Урэшце, вы тады яшчэ толькі нарадзіліся».
«Ну і што б вы зараз параілі?» — спытаў Слядак.
«Я прысудзіў бы вычварэнцаў да лабатаміі. Яны б пераўтварыліся ў шчасліўцаў і не стваралі б нам праблем».
«А вы маргінал», — усміхнуўся Слядак.
Ад выпітага таннага віна твар Крэза хваравіта пачырванеў. Гаворка стала з болыпымі паўзамі. Бачна было, што доза старога набрана, яму цяжка дыхаць, і ён стаміўся. Слядак адразу развітаўся і сказаў, што пойдзе спаць у прыбудову, а размову яны працягнуць заўтра. Стары не пярэчыў.
* * *
Раніцай наступнага дня Слядак пайшоў да Шэрыфа, зачыніў таму ў сейф свой рэвальвер і спытаў, ці ёсць у яго бінокль. Армейскі дваццацікратны бінокль знайшоўся — Шэрыф развітаўся з ім, хоць і на кароткі тэрмін, не без шкадавання.
«Аднойчы я разглядаў у яго з сотню дзяўчат з плантацый, якіх купалі ў возеры, — юрліва паведаміў ён. — Усё было бачна быццам перад носам: суперсеанс...»
«Дарэчы, — сказаў Слядак, хаваючы бінокль у сумку, — я не супраць зірнуць на вашага асемянатара — я маю на ўвазе Імбэцыла».
Шэрыф ажывіўся.
«Можаце пазнаёміцца хоць зараз. Ён якраз паснедаў гнілой капустай і макухай — іншым зняволеных у нас не кормяць, і адпачывае, гэта значыць псуе паветра ў «малпачніку». Там ён сёння не адзін».
За кратамі так званага «малпачніка» соўгалася з кута ў кут некалькі часовых зняволеных. Гэта былі маларослыя, кволыя на выгляд, зладзеяватыя дэгенераты: з абстрыжанымі маленькімі галоўкамі, сінія ад «тату» і брудныя — мурыны і мулаты, акрамя Імбэцыла. Той быў белы.
«Усе за дробны крадзеж, — патлумачыў Шэрыф. — Каму на «дазняк» не хапала, каму на бутэльку шклоачышчальніка».
«Ён?» — спытаў Слядак, кіўнуўшы на белага.
«Падыдзі!» — паклікаў таго Шэрыф.
Імбэцыл падышоў усутыч да кратаў і спыніўся, недаверліва і з апаскай пазіраючы на наведвальнікаў. У яго былі напухлыя вочы шчылінамі, адно вока большае за другое і рознага колеру, грубы азіяцкі твар з цёмнай скурай. 3 кутка шырокага, вузкагубага рота цягнулася праз брудны зрэзаны падбародак пісага ад сліны.
«Ну што, мастурбант? — здзекліва і з непрыхаванай варожасцю спытаў Шэрыф, — хутка і ў канвертэр?»
«Не біце мяне», — папрасіў той адразу. Голас у Імбэцыла быў квакаючы і хрыпаты, як у дзеркача.
«Біць будзем, — расчараваў яго Шэрыф. — Ну, магчыма, сёння не вельмі, але заўтра дык ужо добра і дакладна».
«Я не хачу, сукі, выпусціце мяне!» — нахабна і надакучліва заенчыў вязень.
«Хацу, не хацу, — перадражніў яго Шэрыф, — а калі цябе не выпусцяць, а апусцяць датэрмінова, га? Ці, можа, гэта ўжо адбылося?»
Усцешаны каламбурам, Шэрыф аж рохкнуў ад задавальнення.
«Вось, — дадаў ён, звяртаючыся да Следака. — Хочаце што ў яго спытаць?»
Слядак падышоў бліжэй і ўключыў дыктафон надалонніка.
«Як вас зваць?» — спытаў ён.
Імбэцыл моўчкі разглядаў яго праз краты. У глыбіні яго вачэй тлелі боязь і нянавісць.
«Скажыце, — роўна і спакойна працягваў дапытвацца Слядак, — чаму вы здзяйснялі гвалт над жанчынамі такім дзікім спосабам?»
«Я іх не гвалціў», — адказаў урэшце вязень.
«Вы хацелі працягнуць свой род? Чаму вы не ажаніліся? У вас была якая сімпатыя?»
Шэрыф за яго спінай незадаволена насупіўся і іранічна хмыкнуў.
«Я не хачу гаварыць! — пачаў крычаць Імбэцыл і раптам сарваўся на істэрыку: — Пайшоў ты... сука!»
Ён павярнуўся і скіраваў у дальні кут.
«Стаяць! — зароў Шэрыф і падхапіўся на ногі. — А-ну сюды, мастурбант, маць тваю, зараз я цябе ўлагоджу!»
Ён выцягнуў з кішэні ключы, кінуўся да дзвярэй, адчыніў іх і вывалак Імбэцыла вонкі.
«А-а-а!» — узвыў той, відавочна напужаны.
«Лаў-кік» справа па вонкавай паверхні бядра прымусіў яго рохкнуць ад болю і апусціцца на падлогу. Слядак, які раней нейкі час, хоць і па-аматарску, займаўся рукапашным боем, адзначыў пэўны прафесіяналізм Шэрыфа.
«Устаць, жывёла!» — загадаў той.
Трымаючыся за сцяну, Імбэцыл падняўся з падлогі. Левая нага не слухалася яго і дрыжэла.
«Дык вось, — сказаў Шэрыф, — табе задалі пытанне: чаму ты не натурал? Можа, ты ўвогуле бертраніст, педык, стрыкер, заафіл? Гавары, вырадак, маць тваю!..»
I Шэрыф, не чакаючы адказу, правёў «лаў-кік» злева, па другой назе. Імбэцыл зноў паваліўся.
«Мне пара», — сказаў Слядак.
«Ды вы не спяшайцеся. Зараз ён пачне гаварыць. Такое вам нагаворыць, што яшчэ раз сюды прыедзеце па працяг. Падобныя на яго маньякі іншым разам становяцца горш за звера».
«Другім разам, — ветліва адмовіўся Слядак. — Магчыма, заўтра».
«Чуеш? — спытаў Шэрыф вязня. — Рыхтуйся да заўтра. Абдумай адказы, бо ты будзеш гаварыць шмат і доўга».
Слядак паціснуў плячыма і павярнуўся на выхад, бо ў ізалятары, да таго ж, адчувальна смярдзела. Ды што было тут пытаць?