• Газеты, часопісы і г.д.
  • Мільярд удараў  Юры Станкевіч

    Мільярд удараў

    Юры Станкевіч

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 324с.
    Мінск 2008
    75.5 МБ
    «Забярыце», — сказаў ён і працягнуў ёй яе зброю.
    Дзяўчына імклівым рухам выхапіла з яго рукі нож. Яна ўся дрыжэла.
    «Супакойцеся. Я вам не вораг».
    Сонечныя блікі скакалі па яе целе, прабіваючыся скрозь лісце бяроз. У вачах дзяўчыны па-ранейшаму тлела нянавісць.
    «Нам варта пагаварыць, і я сыду», — сказаў ён.
    Але замест адказу яна зрабіла знак рукой, быццам камусьці за яго спінай, і ён інстынктыўна павярнуўся, каб паглядзець, каго гэта там яна ўбачыла. I ў тое ж імгненне зразумеў, што гэта не што іншае, як выкрут, каб адцягнуць увагу, рэзка адхіліўся, але запознена — лязо слізнула па яго перадплеччы, болю ён не адчуў, а другая падсечка зноў зваліла дзяўчыну на зямлю.
    Ён адразу заламіў ёй кісць болевым прыёмам, і яна мусіла выпусціць нож, які, як і раней, апынуўся ў яго руках. Ад неглыбокага парэзу, які ён убачыў на сваім перадплеччы, заструменіла кроў. Ён сарваў нейкую расліну і прыклаў да раны. Дзяўчына з зямлі сачыла за тым, што ён робіць.
    «Уставайце, — сказаў ёй Слядак. — Болып вы мяне не падманеце. Я — не вораг, зразумейце гэта».
    Упершыню яна расцяла вусны.
    «Ідзіце адсюль. Уцякайце».
    «Але чаму?»
    «Я тут не адна. Сюды прыйдуць».
    3 паўхвіліны ён думаў над яе словамі, а потым выказаў сваю здагадку:
    «Я ведаю, што вас расшукваюць і што вы з тых траіх, хто аб’яўлены ў вышук. Гэта вы спілавалі бранзалеты, калі хаваліся ў доме старога Крэза?»
    Дзяўчына імклівым рухам ускочыла на ногі.
    «Чаго вы хочаце?» — спытала яна.
    «Я хачу знаць праўду, і я пайду».
    Ён у другі раз працягнуў дзяўчыне яе нож.
    «Больш не рабіце глупства!»
    Яна выхапіла з яго рукі зброю.
    «Уцякайце, пакуль не позна».
    Слядак ужо быў упэўнены ў слушнасці сваіх здагадак. Гэтая дзяўчына, безумоўна, адна з тых самых траіх уцекачоў, пра якіх яму расказваў стары апантаны. Дык гэта іх ён хаваў у сваім жытле, a пасля дапамог знікнуць? Так. Але, чаму яны не сыходзяць з гэтых месцаў назаўсёды?
    «Чаму вы не сыходзіце адсюль? — спытаў ён. — Хутка пачнецца сезон дажджоў, тут усё залье, а потым увогуле прыйдзе зіма».
    «Яшчэ зарана».
    Слядак на секунду-другую адвёў позірк, каб агледзецца — ён інтуітыўна адчуў, што агрэсія яе пайшла на спад, — і раптам убачыў на вяроўцы, працягнутай ад дрэва да дрэва, нешта накшталт карнавальнай маскі. Сапраўды, гэта была менавіта маска, пэўна, яна сушылася. Маска ўяўляла сабой не што іншае, як птушыную галаву.
    Ён ужо адчуў, што яго здагадкі набываюць зусім новы сэнс і напрамак.
    «Гэта вы ўтраіх забілі Зураба?»
    Адказам яму было маўчанне.
    «А Ларыёна?»
    Дзяўчына кінула на яго позірк, поўны нянавісці.
    «I мімаходам злягчалі маньяка?»
    Маўчанне дзяўчыны было ўжо занадта красамоўным. Зрэшты, ён і не чакаў адказу.
    «Я не данясу на вас — хорь у гэта вы можаце паверыць?» — спытаў ён.
    «Хго вы?» — нечакана выявіла цікаўнасць дзяўчына.
    «Я — чалавек з Мегаполіса. I заўтра туды вярнуся. Я вам не вораг — зразумейце».
    «Хутчэй плывіце назад і з’язджайце».
    Слядак памацаў руку. Кроў ужо амаль спынілася. Ён агледзеўся па баках.
    «Вашы сяброўкі дзесьці паблізу? — спытаў ён. — Ну што ж. Няхай так. Я зараз паплыву назад, але напаследак вам параю: вяртайцеся ў Мегаполіс. Там вы згубіцеся ў натоўпе, і вас урэшце пакінуць шукаць. Цяпер такі час, што кожны сам за сябе, і, можа, вы ўратуецеся».
    Дзяўчына раптам неяк з горыччу ўсміхнулася, паказаўшы роўныя белыя зубы.
    «Можа, яшчэ і пакаяцца за грэх у якой падпольнай царкве ці касцёле?»
    «Знойдуцца людзі, якія вам дапамогуць».
    «Ідзіце хутчэй, a то будзе позна».	,
    Слядак выхапіў з вогнішча абгарэлую галінку.
    «Вось, — сказаў ён, адшукаўшы пятак утаптанай глебы, — тут я напішу вам нумар абанентнай скрыні ў Мегаполісе. Як толькі вы з’явіцеся там, дайце мне ведаць, і вам дапамогуць. Я адказваю. Бачыце? Запомніце гэты нумар».
    «Уцякайце».
    Ён кінуў галінку ў вогнішча, павярнуўся і, не азіраючыся назад, рушыў прэч.
    Сонца ўжо ў поўную моц вывяргала спёку. Хадзіць па балоце — гэта не тое, што плыць па вадзе. Ногі яго часам загразалі ў твань па пахвіну, з бруднай жыжкі выскоквалі смярдзючыя пухіры і лопаліся сярод тысяч дробных вадзяных істот, якія, пэўна, адчувалі сябе тут з камфортам.
    Урэшце ён з палёгкай дасягнуў вады. Рана на перадплеччы была яшчэ адкрытая, але ўжо не кроватачыла. Ён глыбей удыхнуў паветра, спыніўся на кароткае імгненне і пайшоў у глыбіню, а потым паплыў, вызначыўшы напрамак.
    Хвілін праз пятнаццаць ён лёг на спіну, каб адпачыць. Сонца стаяла амаль у зеніце, і яго бязлітасныя промні сляпілі вочы. Вада прыемна халадзіла цела і вяртала бадзёрасць.
    Цень імкліва прамільгнуў перад яго вачыма. «Адкуль яму ўзяцца?» — падумаў ён. Сонца паліла твар, на небе не было ні адзінай хмаркі. Ён прыўзняў галаву, каб агледзецца, і ў гэты момант пачуў характэрны посвіст, які ён ужо чуў раней, калі далёка заплыў на возеры, і ў той жа момант рэзкі крык і ўдар па галаве нібы нечым вострым. Ад нечаканасці ён перакуліўся і глынуў вады. Страх міжволі працяў яго. Посвіст над галавой паўтарыўся, і ён уяўна пачуў смех. Смех? У тое ж імгненне адчувальны ўдар у патыліцу збіў яму дыханне і зноў прымусіў глынуць вады. «Што гэта і наколькі небяспечна? — пранеслася ў яго галаве. — Неабходна ўбачыць тую небяспеку, каб ведаць, як ад яе ўберагчыся».
    Ён сабраў сілы і рэзка выскачыў з вады амаль па пояс.
    Птушкі! Дзве вялізныя птушкі рабілі разварот і, нібы знішчальнікі, пачыналі пікіраваць на яго. Чайкі! Ён успомніў радок з Сеціва, дзе гаварылася пра гэтых птушак і пра небяспеку сустрэчы з імі ў вадзе. «Толькі без панікі», — падумаў ён. Усё залежыць цяпер ад таго, які спосаб абароны ён знойдзе. Але які? Павярнуцца да іх тварам і паспрабаваць схапіць рукамі? Дык без дапамогі рук ён пойдзе на дно. Ці яму выдзяўбуць вочы. Плыць хутчэй? Але ў яго засталося не так ужо і шмат сіл, каб імчаць, як спрынтэр. Да таго ж чайкі ўсё роўна будуць у такой гонцы спрытнейшыя.
    Ён зноў атрымаў адчувальны ўдар, на гэты раз крылом. За ім павінен быць і другі, бо птушак дзве, мільганула ў яго галаве. Ён захапіў у лёгкія паветра і нырнуў. Над галавой па вадзе адчувальна ляснула, і ён зразумеў, што птушка прамахнулася. Але ж як доўга ён здолее так плыць, а чайкі — пудлаваць? Максімум хвіліну, нягледзячы на тое, што ён лічыўся калісьці выдатным плыўцом. А такі рваны рытм для плыўца згубны, бо можа хутка знясіліць яго. Да таго ж пасля ранення і аперацыі сілы ў яго ўжо далёка не тыя, што ў маладосці.
    Ён выдыхнуў паветра ў ваду і вынырнуў на паверхню, зноў перайшоўшы на вольны стыль. Ногі яго звыкла запрацавалі, ствараючы руху моц. Бераг. Як хутка павінен быць бераг?
    Ён павінен спяшацца, бо птушкі, а такіх вялікіх ён ніколі ў сваім жыцці не бачыў, чымсьці вельмі ўзвар’яваныя і поўныя лютасці.
    Зноў удар па галаве. Ён не паспеў нырнуць, як яму апякло шчаку — пэўна, тая чайка, што заходзіла на яго пасля першай, пусціла ў ход кіпцюры. Ён зноў даў нырца. Праз хвіліну вынырнуўшы, ён паплыў так, каб вада болып не трапляла ў вушы і ён мог пачуць набліжэнне небяспечных істот. Гэтая тактыка прынесла яму нейкую надзею: як толькі ён чуў над галавой свіст крылаў, то адразу набіраў як мага больш паветра і пагружаўся ў ваду з галавой.
    Бераг ужо быў побач — ён адчуваў гэта, а калі на імгненне прыўзняўся, каб зірнуць, то ўбачыў, што ён ужо нарэшце блізка да мэты.
    Якраз у гэты момант ён адчуў моцны ўдар і потым другі, зноў глынуў вады і з цяжкасцю выплюнуў яе, каб прачысціць лёгкія.
    «Йа-ха-ха! Йа-ха-ха!» — пачуў ён пранізлівы крык і — раптам стала ціха. Ён плыў наперад, і было ціха. Птушкі пакінулі яго.
    Ён амаль выпаўз на бераг і доўга ляжаў так, не маючы сіл узняцца на ногі. Сонца пераваліла зеніт, і цела яго хутка абсохла, мухі абляпілі рану на руцэ і ўзбуджана гудзелі над галавой — адчувалі пах крыві.
    Урэшце ён з цяжкасцю падняўся, знайшоў у хмызняку схаваныя раней шорты і красоўкі, апрануўся і паволі рушыў у Паселішча.
    Навокал ужо ўсё даўно абудзілася. Насустрач яму цяпер траплялі ў асноўным жаўтаі цемнаскурыя постаці, як звычайна, жукаватыя і гучнагалосыя. Крочылі яны ўпэўнена і не саступалі дарогі, бачы-
    лі, што нешта з ім не так, ён змораны і сілы яго на зыходзе. Таму і не саступалі. Адзін раз яму ўслед шпурнулі каменнем, але ён спадзяваўся, што сустрэчы з абколатымі і азлобленымі падлеткамі на гэты раз мінуе.
    Крэза дома не аказалася. Слядак знайшоў кавалак люстэрка, агледзеў твар і збольшага галаву. Твар быў апухлы ад укусаў жамяры, з вялізнай драпінай на іпчацэ, а на галаве ён намацаў некалькі гузакоў і неглыбокіх ран з ужо запечанай крывёй.
    Ён знайшоў рэшткі віна ў бутэльцы, якая, пэўна, засталася нейкім чынам па-за ўвагай Крэза, выпіў з рыльца, дабраўся да ложка і адразу праваліўся ў сон.
    Прачнуўся ён толькі апоўначы. У прыбудове было душна, і ён выйшаў на падворак. Неба, усыпанае зоркамі, раз-пораз засцілалі пасмы дыму з тарфянікаў. Там-сям з далёкіх і блізкіх дамоў гучала музыка, рытмічна білі барабаны, даносіліся няўцямныя крыкі і брыдкая лаянка. Ён успомніў Шэрыфа, які казаў, што кожную ноч тут кагосьці калечаць ці забіваюць. У рэшце рэшт тое ж самае адбывалася і ў Мегаполісе. Гора чалавеку, калі ён застаецца адзін і не знаходзіцца нікога, хто б прыйшоў яму на дапамогу.
    A * *
    Разбудзіў яго Крэз. Ужо, пэўна, даўно развіднелася, сонечны прамень прабіваўся праз запыленае шкло. Крэз сказаў, што назбіраў тое-сёе на стол.
    «Вас, я бачу, падмаладзілі», — дадаў ён іранічна.
    «На беразе я зваліўся з абрыву. Толькі і ўсяго», — не стаў развіваць далей гэтую тэму Слядак.
    «Вы калі едзеце?» — спытаў стары нерашуча.
    «Што, надакучыў?»
    «Ды не. Жывіце. Тут і пагаварыць няма з кім».
    «Значыць, еду сёння, — падвынікаваў Слядак. — Якраз пасля абеду тут пройдзе цягнік».
    «У вас сабачая работа», — заўважыў стары.
    «Затое я многа бачу».
    «Жыццё — гэта бруд. Няма чаго і бачыць».
    «Я чуў, што вас пагражалі падпаліць, — сказаў Слядак. — Вы б асцерагаліся».
    «Не мае сэнсу. Мяне абкрадвалі некалькі разоў, забіралі апошняе, а калі вырашаць пусціць «чырвонага пеўня», то ўсё роўна не ўберажэшся».
    «Займелі б якую зброю».
    Крэз махнуў рукой.
    Праз гадзіну Слядак пайшоў з мэтай забраць з сейфа свой рэвальвер і развітацца з Шэрыфам. Той сядзеў у сваім крэсле і начыняў пісталетную абойму патронамі.