Мільярд удараў
Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 324с.
Мінск 2008
— Дык што нам тут — падыхаць?
Ігнат Канюкоў міжволі задумаўся. Сапраўды, перспектыва заставацца тут на ўсё жыццё ім, бязбацькавічам ды яшчэ дзецям рэпрэсаваных, нічога вартага не абяцала. Наперадзе былі непасільная праца, голад, холад, адзінота і марна страчаны час.
— Трэба чакаць, быць мудрымі, зарабіць грошай.
— Дзе зарабіць? Я, можа, і хачу, а не даюць магчымасці.
— Там, дзе пашанцуе.
Варгуліс нервова падхапіўся з крэсла. Новая ідэя раптоўна натхніла яго.
— Мы запамятавалі, што каб выжыць, трэба скарыстаць і хітрасць. А што калі падаць заяўку на марш-кідок міру, ну, прыкладам, па Еўропе? На веласіпедах, з адпаведнымі лозунгамі: «Мнр, труд, май»?.. Яны ж абажаюць гэтую херню...
У краіне сапраўды ў разгары была так званая хрушчоўская «адліга», пра якую яны, нягледзячы на глушылкі, слухалі па прымачах. Моднымі, адпаведна, сталі і ўсялякія «мірныя» рухі, дзеянні і ўчынкі самых розных энтузіястаў. Пра гэта казалі па тэлебачанні і ў кінахроніках, пісалі ў газетах.
— I што?
— Як толькі нас выпусцяць за мяжу, мы і ўцячом.
У гэтым наіўным і дастаткова вар’яцкім плане Варгуліса была нейкая нязначная рацыя, і Ігнат сказаў, што абдумае ўсё дома, але на работу ўладкоўвацца прыйдзецца ўсё роўна — так да іх будзе менш падазронасці.
Ліст у Маскву яны пасля ваганняў усё-такі адаслалі. Ігнат, які пісаў без памылак, сам склаў яго па-расейску.
2
Праз тыдзень Вітас Варгуліс уладкаваўся падсобнікам на завод аўтаабсталявання і пачаў выконваць там самую чорную работу: абточваць загатоўкі, прыбіраць і цягаць да станочнікаў балванкі.
Ігната Канюкова па пратэкцыі ўладкавалі на фабрыку скалочваць скрыні, паабяцаўшы, што праз месяц-другі, напэўна, перавядуць вучнем у цэх. Ён трапіў у брыгаду некалькіх змрочных, раўнадушных да ўсяго, акрамя гарэлкі, дзядзькаў. Яны ўручылі Ігнату малаток, шынку і паказалі, дзе браць дошкі і цвікі.
Вячэрніх школ у горадзе было некалькі, і ён разам з Варгулісам пробна, больш дзеля разведкі, панеслі дакументы ў бліжэйшую. Але там іх згадзіліся прыняць не ў дзесяты, а зноў у дзевяты клас — пэўна, ужо дзейнічала адпаведная інструкцыя ў сістэме адукацыі. Заставалася адно — падрабіць даведкі, што яны і зрабілі на кватэры ў Варгуліса.
Паколькі ім выдалі і яшчэ адны даведкі — з месцаў работы, то абодвух адразу і залічылі ў дзесяты клас. Вячэрняя школа на базе дзённай была побач з вакзалам. На занятках Ігнат з Варгулісам па звычцы селі за апошнюю парту, з цікавасцю аглядаючы незнаёмае «дарослае» асяроддзе. Некаторыя вучні мелі ўжо лысіны, іншыя — сівізну, але былі і маладзейшыя на выгляд. На сяброў таксама звярнулі ўвагу, бо заняткі ішлі ўжо амаль тыдзень і яны аказаліся ў ролі навічкоў. Аднаго з вучняў іх дзесятага класа Ігнат з Вітасам адразу пазналі: гэта быў майстар з завода агрэгатаў, на якім яны, яшчэ ў дзённай школе, праходзілі абавязковую вытворчую практыку. Майстар быў невялікага росту, у гадах, з
вострым тварыкам і ўхілістымі вочкамі, якія нейкі час здзіўлена і падазрона свідравалі хлопцаў.
— Як ты думаеш: пазнаў ён нас ці не? — змрочна спытаў Вітас у Ігната.
— А якая розніца?
— А такая, братка, што калі пазнаў, то нашы справы — гамон. He падабаецца ён мне. I на заводзе ад яго на ваніты цягнула. Дастаў, вылучэнец хрэнаў. Халоп. Як ты думаеш: «заложыць» ён нас ці не?
— А навошта гэта яму? Мужык жа, быццам. Якая яму карысць?
— He, тут небяспека, — не згадзіўся Варгуліс. — Я нутром адчуваю гэтую гніду. Хоць бы далі які месяц—два павучыцца, а там мо ў іншую школу далей перавесціся можна было б, у завочную, напрыклад.
Прайшоў урок, другі, і хлопцы паспакайнелі. На перапынку нават збегалі ў вакзальны буфет за пончыкамі. Але ў пачатку чарговага ўрока ў клас зайшоў дырэктар школы — хваравітага выгляду мужчына гадоў пяцідзесяці.
— Канюкоў Ігнат, Варгуліс Вітас, устаньце! — загадаў ён.
Сябры падняліся з-за парты.
— За падман адміністрацыі і махлярства вы выключаецеся са школы. Забярыце вашу «ліпу», — дырэктар кінуў на стол іх паперы — і каб мы вас больш не бачылі. Тут вучацца сур’ёзныя людзі. Зараз жа пакіньце клас, а то я выклічу міліцыю.
Унурыўшыся, абодва забралі са стала даведкі і пайшлі да дзвярэй. Апошняе, што ўбачыў Ігнат, быў радасны тварык майстра з завода агрэгатаў. Вочкі яго трыумфальна блішчэлі.
*
На фабрыцы Ігнат моцна стамляўся. У тарным цэху стаяў пастаянны грукат малаткоў і віск цыр-
кулярнай пілы. Ад скразнякоў часта прастуджваўся, але малады і моцны арганізм не даваў захварэць. Пра школу ён пакуль не думаў, а ў вольны час прыахвоціўся да кніжак, да якіх меў цягу з дзяцінства.
Недалёка ад дома, дзе ён жыў, яшчэ значна раней Ігнат заўважыў невялічкую бібліятэку з даволі прыстойным наборам кніг па замежнай, беларускай і рускай літаратуры. «Адліга», пра якую штодня ўспаміналі варожыя радыёстанцыі з Захаду, нечакана дазволіла шматлікім увішным літаратарам перакласці сур’ёзных заходніх пісьменнікаў, асобныя кніжкі якіх аселі на палічках гарадскіх бібліятэк. Вядома, яны былі не надта запатрабаваныя, але ацаніць для сябе сам гэты факт Ігнат здолеў толькі пазней, калі пачаў фарміравацца яго літаратурны густ. У бібліятэку прыходзілі літаратурныя часопісы, сярод якіх ён аддаваў перавагу «Нностранной лнтературе» і «Новому мпру». Ігнат адкрыў для сябе Дастаеўскага, Чорнага, Гарэцкага, Фіцтджэральда, Фолкнера, Хемінгуэя, Голсуорсі, братоў Манаў, Гамсуна і яшчэ многіх якіх пісьменнікаў. Урэшце, гэта была не яго віна, што частку жыцця ён пазнаваў спачатку па кнігах: ва ўсякім разе яны хаця б выхавалі яго густ.
3
Варгуліс паведаміў Ігнату, што плануе занесці дакументы ў завочную школу, толькі не гарадскую, a раённую. Там таксама дзесяцігодка, бярўць усіх, і стукачоў там, напэўна, няма, ну, можа, менш, чым у гарадской. Толькі ездзіць далекавата.
— Пойдзем? — прапанаваў ён.
— He пайду, — адказаў Ігнат. — Вельмі стамляюся на рабоце і далёка ездзіць не здолею. Ну, хіба пасля, калі мяне перавядуць у цэх.
У выхадны ён схадзіў да Гурскага. Той расказаў яму, што ўжо лічыцца нейкім лабарантам, а вучыц-
ца пайшоў у дваццаць шостую вячэрнюю школу адразу ў дзесяты клас. «Там мая старэйшая сястра матэматыку выкладае», — шматзначна дадаў ён.
Дваццаць шостая школа знаходзілася ў ваенным гарадку.
Маці Гурскага прынесла гарбаты, а потым у пакой зайшла і яго сястра-настаўніца, даволі прыгожая маладая жанчына.
— Чаму ж вы не вучыцеся? — пацікавілася яна ў госця.
Ігнат адказаў, што яшчэ паспее. А пакуль не выпадае, гэта значыць — не шанцуе.
— Але ж вы добра вучыліся ў дзённай школе, — заўважыла яна. — Фіма кажа, нават без троек.
— Я б здолеў лёгка дагнаць дзесяцікласнікаў па іх праграме і ў вячэрняй школе, але там мне не спадабалася.
— Дзе гэта — там? У якой менавіта?
— У гарадской вячэрняй рабочай моладзі, ля вакзала. Атмасфера не тая, асяроддзе, — Ігнат пераводзіў усё на жарт.
— А што кажуць дома? — спытала Яфімава сястра. — Вам жа трэба думаць пра інстытут.
— Бацькі ў мяне няма, а свае справы я вырашаю сам, — незалежна адказаў Ігнат.
Яфімава сястра скрушна пакруціла галавой і пакінула іх.
Яны згулялі з Гурскім партьпо ў шахматы, і Ігнат пайшоў дадому. 3 раніцы назаўтра трэба было скалочваць скрыні. Рукі ў яго былі ў сіняках і дробных гематомах: ружовых — свежых і чорных — старых.
А праз дзень, увечары, Гурскі сам прыйшоў дамоў да Канюкова. Шчокі яго ззялі румянцам, на вуснах блукала загадкавая ўсмешка.
— У школу яшчэ не ўладкаваўся? — спытаў ён Ігната.
— He.
— Чаму так?
Той паціснуў плячыма.
— Дэпрэсія. Я, можа, і хачу вучыцца, а народ супраць.
— He напускай туману. Ідзі да нас, у дваццаць шостую.
I тут Ігнат збольшага расказаў яму пра тое, як яны з Варгулісам былі выкрытыя, і пра падробленыя даведкі.
— Разгаданыя і адрынутыя — гэта пра нас, — падвынікаваў Ігнат свой аповед. — Чаму ў той дваццаць шостай мне пашанцуе? Даведкі назад не адновіш — там усё пашкрабана. Убачаць. I ў мяне няма там сястры-настаўніцы.
— Затое ёсць у мяне, — усміхнуўся Яфім. — Карацей, прынось дакументы. Да-моў-ле-на... Цябе аформяць, толькі... нікому, зразумеў? Будзем, спадзяюся, вучыцца разам.
На другі дзень Ігнат павёз дакументы ў ваенны гарадок. Дырэктарка дваццаць шостай вячэрняй школы — сярэдніх гадоў жанчына з простым тварам і гладка забранымі ў вузел на патыліцы валасамі — уважліва агледзела просьбіта і спытала:
— Дзе працуеце?
Ён адказаў.
— Давайце дакументы.
Яна нейкі час вывучала падробленыя даведкі.
— I вы спадзяваліся, што гэта не заўважаць? — яна памахала паперкай у паветры. — У вас ёсць бацькі?
Ігнат раптам еказаў праўду, што бацька прапаў у лагерах, а ёсць толькі маці.
Дырэктарка падумала і вырашыла:
— Добра. Бяром вас у дзесяты, выпускны, клас, але з дзвюма ўмовамі.
— Гэта якімі? — пацікавіўся ён.
— Першая: я вашым даведкам... паверыла. Разумееце? I другая: будзеце вучыцца нармальна і заняткі не прапускаць. Дарэчы, я б вас не прыняла, калі б вы былі адстаючым ці двоечнікам. А вы ж у сілах падцягнуцца па праграме. Да таго ж, я сазванілася з вашым былым школьным дырэктарам,
ён станоўча ахарактарызаваў вас. Вам падыходзіць тое, што я прапаную?
— Так, так. Дзякуй Вам!
— I яшчэ зазначу. Ваш узрост, можа, самы цяжкі і небяспечны. Вытрымаеце, не пахіснецеся — значыць, адваюеце сабе месца ў жыцці.
4
Ішла ўжо восень. Ігната так і не перавялі ў цэх, і ён па-ранейшаму скалочваў скрыні. 3 першых невялікіх заробленых грошай набыў сабе світэр і нават, у растэрміноўку, прыстойны плашч. Світэр, даволі танны, але прыгожага колеру, прадала яму маці Яфіма — яна працавала загадчыцай секцыі ў прамтаварнай краме.
Пасля работы ён ехаў дадому, але доўга адпачываць не выпадала: трэба было збірацца ў школу. Першы вечар там, на новым месцы, занялі ў асноўным знаёмствы. Будучыя выпускнікі дзесятага класа ўяўлялі сабой стракатую сумесь з вайскоўцаў і цывільных самага рознага ўзросту і полу: за партамі сядзелі пасівелыя маёры і радавыя, старшына і лейтэнант, жонкі афіцэраў і некалькі рабочых, дзяўчаты і сацыяльна неакрэсленыя асобы сталага і маладога ўзросту. Ва ўсіх іх, як урэшце і ў Ігната з Гурскім, была адна мэта: атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі.
На першую вызначальную сходку іх выпускнога 10 «А» Ігнат Канюкоў прыехаў разам з Гурскім. Той курыў зрэдку і таму адразу пайшоў у клас, а Ігнат апынуўся ў курыльні — пакойчыку з адчыненай форткай, адны з дзвярэй якога вялі ў прыбіральню. Перад ім адзінока дакурваў папяросу сярэдняга росту, цёмны з твару, вусаты жаўнер, паходжаннем яўна з Каўказа. Урэшце так і аказалася.