Мільярд удараў
Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 324с.
Мінск 2008
— Вось і працуйце.
Лысаваты мужчына ў кутку раптам паваруіпыўся.
— А хто ў вас галоўны? — задаў ён нечаканае пытанне і звярнуўся ў бок Варгуліса: — Ты?
Варгуліс маўчаў. Канюкоў паціснуў плячыма.
— Мы хутка больш дакладна высветлім, хто вы, — працягваў лысаваты. — Чаму, дарэчы, вы пішаце такія лісты? Пра вашых бацькоў мы ўжо тое-сёе ведаем. Вы лічыце, што наўкол адны дурні? Нас усіх за іх трымаеце?
— Незразумела, — сказаў Ігнат, — у чым мы вінаватыя і чаму лічым вас дурнямі.
— А чаму гэта вы не ў камсамоле, хоць па ўзросце падыходзіце? — раптам злосна спытала першая сакратарка Надзя Пацюк. — Як вы растлумачыце такі факт? У камсамол не ўступілі, а за мяжу вам карціць неадкладна?
Хлопцы маўчалі.
— Досыць, — прыціснула далонню нейкія паперы на стале загадчыца аддзела прапаганды. — Мы вас больш не затрымліваем. Ідзіце і працуйце. Вашы намеры... э-э, хаця і патрыятычныя, але здзяйсняць іх у вашым узросце і становішчы яшчэ рана.
Хлопцы выйшлі з будынка гарвыканкама. Варгуліс змрочна маўчаў, а калі параўняліся з харчовай крамай, прапанаваў:
— На «сухач» скінемся?
— Так. Можна і на партвейн.
У скверы на лаўцы яны распілі бутэльку віна. Ігнат закурыў і расказаў сябру пра мост, шпіёнаўанглічан і «сваячку» Надзю Пацюк.
Варгуліс выслухаў і з горыччу адзначыў:
— Здохнем мы тут, братка, сярод гэтых чырванапузых. He бачыць нам ні волі, ні горада, ні сіл, ні Анёла...
— Анёл пры чым?
— Прытча такая ёсць, — патлумачыў Варгуліс. — Ходзіць конь вакол млынавага каменя і дзень, і ноч, і месяц, і гады, урэшце слепне, але... аказваецца на тым жа месцы, адкуль яго і вядуць на скуралупню. Так і ўсе тут. Хіба мы — людзі?
I ён перацвеліў:
— Працуйце, працуйце...
— Я вось шмат думаў пра тое, чаму тут у нас нешта накшталт гноеадстойніка, — сказаў Ігнат, — і прыйшоў да высновы. Адзінай, на мой погляд, правільнай.
— Ну, і якая тая выснова?
— Уся справа ў крыві. Я пра тое і ў вячэрняй школе нядаўна спрачаўся. На ўроку па літаратуры.
— У якой крыві? — праз паўзу спытаў Вітас.
— Ну, можа, у голасе крыві, калі больш дакладна.
Варгуліс зацікавіўся, але не падаў выгляду.
— Ты, гэта — растлумач.
— Тлумачу. У нас тут набрыдзі ўсякай панаехала, асабліва цяпер, пасля вайны. Кроў ва ўсіх розная. А яшчэ горш тое, што едуць сюды не проста прыхадні, а тыя, хто на сваёй радзіме не прыжыўся, злодзеі, прайдзісветы, люмпены адным словам. Ім усё наша — чужое: мова, звычкі, паводзіны. Аддзяліць бы нашу Беларусь ад гэтай набрыдзі. Ну, вось той масцярок-стукачок, што нас залажыў: навошта яму гэта было трэба?
— Так, — згадзіўся Вітас. — Пысу б яму начысціць. Трэба падумаць як.
* * A
У адзін з выхадных Ігнат з Варгулісам зайшлі да Міхася Астапковіча. Той жыў у невялікім прыватным асабняку. У двары бегала спушчаная з ланцуга аўчарка.
Міхась Астапковіч быў дома. Ён начапіў сабаку на ланцут, сябры зайшлі ў хату, знялі чаравікі, і гаспадар правёў іх у свой пакойчык. «Маці паехала на рынак, а бацька на нейкай нарадзе», — патлумачыў ён. Старэйшая сястра Міхася пайшла на гулянку да сяброўкі.
— Ну як ты? — спытаў Варгуліс. — Вучышся, працуеш? Расказвай!
— Усё пуцём, — адказаў гаспадар. — Я вучуся ў вячэрняй школе, толькі ў восьмай. Там дырэктар — бацькаў сябрук. I ў армію, можа, не загрымлю, у мяне плоскаступнёвасць быццам знайшлі.
— Ara. А... хітрасць у цябе не знайшлі?
— Ды годзе вам, хлопцы. Выпіць хочаце? У мяне ёсць віно — свойскае. Бацьку цэлую бутлю прывезлі.
— Давай, — згадзіўся Варгуліс, — і закуску нясі.
Ігнат з вялай цікавасцю разглядаў жытло гаспадара. Ён быў у Астапковіча ўпершыню. На століку стаяў магнітафон, збоку на падстаўцы — прымач. Крэслы, канапа, палічкі з кнігамі. Але нічога вартага сярод кніг Ігнат не выявіў: месціліся ў асноўным падручнікі і дэтэктывы.
Астапковіч прынёс віно ў літровым слоіку, шклянкі і кавалак каўбасы з салам.
— Шукай яшчэ і цыбуліну, — запатрабаваў Варгуліс. — I хлеба жытняга парэж.
Сябры выпілі па шклянцы. Віно было слабае (градусаў дзесяць—дванаццаць), але пілося прыемна. Прыняліся за каўбасу, сала.
— А дзе ты працуеш? — не адставаў ад гаспадара Ігнат. — Каб вучыцца ў вячэрняй школе, патрэбна даведка з месца працы.
— I не збіраюся. Я рыхтавацца буду. У інстытут. Тое-сёе падвучу. Бацька сказаў: калі што трэба, то нойме рэпетытара.
Ігнат ведаў, што бацька Міхася Астапковіча — старшыня аднаго з прыгарадных калгасаў, былы партызан.
Ад школьных спраў гутарка перакінулася на тое, што адбывалася ў горадзе. Астапковіч, у якога было многа вольнага часу і які чуў шмат чаго ад бацькоў, расказаў гасцям, што у выкрытага ў Маскве амерыканскага шпіёна Манькоўскага ёсць стрыечны брат, які носіць такое ж прозвішча і працуе ў іх горадзе дырэктарам прамтаварнай базы. Дык вось да яго наведаліся са сталіцы гэбісты-аператыўнікі і правялі вобыск. Ва ўсіх камсамольскіх арганізацыях, распавядаў далей Міхась Астапковіч, ідуць сходы, на якія вынесены два пытанні: першае — асуджэнне кнігі Аляксандра Салжаніцына, а другое — падрыхтоўка да хуткага юбілею, стагоддзя з дня нараджэння Правадыра, так што гэтую «адлігу» ў бліжэйшы час, паводле словаў бацькі, прыціснуць такія маразы, што ўсе толькі вішчэць будуць.
* л *
Зіма была зацяжная, з моцнымі маразамі. Праца ў тарным цэху вымотвала Ігната. Толькі на выхадны, у нядзелю, ён з асалодай адсыпаўся да абеду. Але ўжо назаўтра яшчэ ў ранішняй цемры па ўсім горадзе пачыналі раўці фабрьгчныя і завадскія гудкі — так склікалі на працу. У трухлявыя аўтобусы з незалатанымі дзіркамі на прыпынках ціснуліся і шчаміліся людзі, віселі на дзвярах і прыступках. Плацілі на фабрыцы мала, але шматлікія «аднаўсельцы», якія здолелі вырвацца з вёскі ў горад, і гэтаму былі рады. У крамах амаль нічога вартага не прадавалася: дэфіцытам было ўсё — ад чаравікаў да трусінай шапкі. На вуліцах віравалі блатныя ды прыблатнёныя.
А потым неяк раптам зіма скончылася. Надышоў Вялікдзень, стала цёпла, а зямля зазелянела неўміручымі дзьмухаўцамі.
У школе пачыналі пагаворваць пра тое, што набліжаюцца выпускныя экзамены. Бадай, менавіта ў сувязі з гэтай маючай адбыцца падзеяй актывізаваўся старшына Траўкін, які яшчэ больш лісліва запабягаў перад настаўнікамі. Капітан Дзівіцкі сарамліва прасіў у Ігната дазволу і акуратна спісваў сабе ў сшытак рашэнні задач па матэматыцы, фізіцы і слова ў слова дыктоўкі па рускай мове.
Смуглявая Аксана загадкава маўчала, толькі іншым разам млява ўсміхалася Ігнату. Калі яе напарніцы не было за партай і месца пуставала, Ігнат падсаджваўся да яе. Аксана ўсміхалася яму роўным радком белых зубоў, вусны яе пажадлівага рота былі ярка нафарбаваныя, цёмныя. Часам вочы, якія нічога не выяўлялі, глядзелі на яго з патаемным разуменнем. Так, нібы казаў іх выраз, я табе падабаюся і ведаю гэта, як ведаю і тое, што ты пра гэта ведаеш. Блізкасць яе цела хвалявала яго. Часам іх рукі сутыкаліся, a то Аксана нібы незнарок дакраналася да яго нагі сваім гарачым бядром.
Яфім Гурскі, як заўсёды румяны і свежы на выгляд, у вольны час і нават на ўроках рашаў складаныя задачы па матэматыцы і фізіцы. «Да жыцця трэба падыходзіць стратэгічна, — неяк сказаў ён Ігнату. — Цяпер у мяне адна і асноўная мэта — паступіць у політэхнічны інстытут. I паступіць я павінен буду з першага разу, бо другога можа і не быць. Таму ніякіх да сябе патуранняў — потым буду расслабляцца».
Якраз у гэты час з іх вячэрняй школы і, як яны даведаліся, са сваёй ваеннай часці знік радавы Веліеў. Паколькі зброі ён з сабой не захапіў, то аператыўных груп на яго пошукі не падымалі. Меркаванні былі самыя розныя. Веліева ў часці быццам не ўціскалі, дома, па чутках, таксама нічога кепскага не здарылася. «Шукаюць і будуць яшчэ нейкі
час шукаць, — сказаў Ігнату капітан Дзівіцкі. — Каўказцы паміж сабой варагуюць, так што яго маглі і «замачыць», да таго ж яны ў адлучках нястрыманыя, і там ад іх заўсёды чакай толькі непрыемнасцей, а ўвогуле, у іх служыць у арміі — ледзь не ганебны занятак. Іх ваенкаматы толькі дурных і бедных і засілоўваюць».
Наступіла па-летняму спякотнае надвор’е. У школе абвясцілі расклад выпускных экзаменаў, раздалі спіс пытанняў. Здаваць трэба было іспыты па рускай мове і літаратуры, гісторыі СССР і ўсеагульнай гісторыі, Канстытуцыі СССР, фізіцы, хіміі, замежнай мове.
Варгуліс, з якім Ігнат перадусім пабачыўся, сказаў, што рыхтавацца да іспытаў ён увогуле не збіраецца. «У нашай завочнай школе, — патлумачыў Вітас, — усё роўна паставяць кожнаму хоць які «траяк». He пакідаць жа нас на другі год — ха-ха. Так што вучыць нічога не буду. Зубрыць нейкую псеўдаканстытуцыю, якая ніколі не выконваецца? Іх с...ю гісторыю? Там жа ўсё — мана...»
— Але ж мне трэба хоць якія прыстойныя адзнакі ў атэстаце, — заўважыў яму Ігнат. — Гэта ўлічваецца пры паступленні.
— Тады зубры.
Рыхтавацца да іспытаў і сапраўды было цяжка. Вымотвала праца, а ў рэдкі вольны час цягнула на раку, дзе ўжо ваўсю купаліся дзеці. Ігнат распранаўся і з асалодай плаваў, потым ляжаў на траве, вяла аддаючыся думкам.
За дзень да першага экзамену па гісторыі да яго прыйшоў Яфім Гурскі — як заўсёды таямніча ўсмешлівы і загадкавы.
— Рыхтуешся? — спытаў ён.
— Большасць адказаў на пытанні не ведаю, — прызнаўся Ігнат. — Часу не хапае.
— Тады трымай, — Яфім працягнуў яму белы ліст паперы з пячаткай. — Твой білет будзе чатырнаццаты. Адказ напішаш дома і прынясеш з сабой.
Але ўсё гэта канфідэнцыяльна і — паміж намі. Зразумеў?
— Так.
— Рады, што хутка кеміш. Ну, рускую літаратуру і мову, лічы, ты ўжо здаў, а вось хімію і фізіку давядзецца падагнаць. Але ж у крайнім выпадку сястра табе паспрыяе. Тым больш што ты будзеш па гуманітарнаму профілі паступаць. Так ці не?
— Ну, дакладна куды — яшчэ падумаю. Але ж ты добра ведаеш: мне ў тэхнічных навуках нічога не свеціць.
* * *
Сапраўды, экзамены прайшлі без здарэнняў, амаль спакойна, па адпрацаваным менавіта для іх, «вячэрнікаў», сцэнарыі. Іспыты вытрымалі ўсе, нават старшына Траўкін. Ігнат здаў усё на выдатна, акрамя матэматыкі, фізікі і хіміі: па гэтых прадметах ён атрымаў адзнаку «добра».
Ужо назаўтра, а больш дакладна вечарам у вячэрняй школе мусіў адбыцца выпускны баль. 3 раніцы Ігнат пачаў ламаць галаву, што яму апрануць. Адзіны стары касцюм, які ён меў, быў, на яго погляд, недастаткова прыстойны, да таго ж з таннага матэрыялу, і, пасля роздуму, ён вырашыў яго не надзяваць. Ён нават схадзіў да Варгуліса параіцца, але таго не аказалася дома, а Яфім Гурскі сказаў, што выглядаць нармалёва можна і ў джынсах, калі яны ў яго ёсць, бо гэта таксама дэфіцыт.