Мільярд удараў
Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 324с.
Мінск 2008
Потым надышоў час экзаменаў. Ігнат напісаў на выдатна сачыненне, здаў таксама на выдатна французскую мову, але на вусным іспыце па літаратуры атрымаў толькі добра, хаця ведаў матэрыял дасканала. Гэтага аднаго знарок пазбаўленага бала яму і не хапіла для паступлення, бо конкурс быў дастаткова высокі, а пры роўнасці балаў залічвалі, вядома, тых, за каго маглі паклапаціцца ўплывовыя бацькі.
Пасля таго як вярнуўся дамоў, Ігнат некалькі разоў тэлефанаваў у настаўніцкую дваццаць шостай вячэрняй школы, але заняткі там яшчэ не пачыналіся. Урэшце ў тэхнічкі яму ўдалося атрымаць хатні тэлефон Паліны Мікалаеўны, і ён адразу пазваніў ёй у першай палове дня, калі, па разліках, яе муж павінен быць на службе. Але незнаёмы жаночы голас адказаў яму, што Паліна Мікалаеўна тут больш не пражывае, бо яе мужа перавялі служыць у іншае месца і яны з’ехалі яшчэ тыдзень назад. Іх новага адраса яна не памятала.
А яшчэ праз некалькі дзён Ігнат атрымаў павестку з ваенкамата.
Ужо ў войску з далёкай Поўначы Ігнат Канюкоў даслаў некалькі пісем у школу з просьбай паведаміць яму пра Паліну Мікалаеўну. На два лісты адказу не было, а на трэці яму напісала настаўніца школы, сястра Яфіма Гурскага.
«Дарагі Ігнат, — чытаў ён у пісьме, — па вашай просьбе паведамляю вам усё, што ведаю. Фіма паступіў у політэхнічны інстытут (ліст ад яго я прыкладаю), a вашы некаторыя аднакласнікі пайшлі працаваць ці служыць. Так старшына Траўкін урэшце стаў лейтэ-
нантам, начальства быццам яго хваліць, але салдаты не любяць, капітан Дзівіцкі атрымаў званне маёра, радавога Веліева, па чутках, недзе злавілі і пасля суда накіравалі ў дысцыллінарны батальён. Пра Паліну Мікалаеўну, вашу настаўніцу па рускай мове і літаратуры, мы даведаліся нядаўна, што яе напаткала вялікая страта. У каравуле атрымаў смяротнае агнястрэльнае раненне яе муж. Кажуць, іпто гэта быў няшчасны выпадак. Ён чысціў сваю зброю. Паліна Мікалаеўна, a яна на гэты час была цяжарная, пасля хаўтур аформіла продаж кватэры і з’ехала, не пакінуўшы нікому адраса. Вось і ўсё, што мы можам вам паведаміць. Усе мы вельмі шкадуем, што вы не паступілі вучыцца далей, але ў вас усё яшчэ наперадзе...»
У кароткім лісце Яфім Гурскі паведамляў: «Ты, Ігнат, служы, але беражы сябе. Калі што трэба даслаць, паведамі. Спачуваю, але што зробііп. Вернешся, яшчэ паступіш. Я жыву пакуль на прыватнай кватэры, бо інтэрната не далі. Падпрацоўваю рэпетытарам.
Калі ты яшчэ не ведаеш пра нашых, то паведамляю: Міхася Астапковіча бацька ўладкаваў у сельгасакадэмію, а Вітас Варгуліс з’ехаў у Літву да сваякоў. Можа, яшчэ напіша...»
* *
Служыць Ігнату Канюкову было цяжка, амаль на мяжы чалавечых магчымасцей — нават нягледзячы на яго прыродную цягавітасць. Схільнаму да адзіноты, яму асабліва невыноснай была пастаянная прысутнасць побач падчас не вельмі разумных, нетактоўных, бяздушных, неахайных і, у большасці, амаральных людзей. Менавіта тады ён пачаў занатоўваць свае думкі і назіранні, што даводзілася хаваць, а нататнік заўсёды трымаць пры сабе: як толькі іх падымалі па трывозе, наляталі асабоўцы са шмонамі. Як і ўсе, штодня ён выкрэсліваў з каляндарыка неяк пражыты дзень. Нявыкрасленых яшчэ заставалася шмат.
Апавяданні
Пакупнік сноў
Адзін чалавек на прозвішча Кук, а ён працаваў загадчыкам аддзела ў гарадскім архіве, маючы аднойчы нейкую не вельмі істотную патрэбу, зайшоў да свайго суседа па лесвічнай пляцоўцы, якога звалі Яўген Мігель. Суседзі, як гэта звычайна бывае ў большасці выпадкаў у вялікіх гарадах, мала што ведалі адзін пра другога, хіба толькі ў агульных рысах. Так, Аляксандр Кук ведаў пра Яўгена Мігеля тое, што апошні жыў у сваёй аднапакаёўцы адзін, хаця іншым разам да яго заходзіла жанчына сярэдніх гадоў, шэрая і непрыкметная, што Мігелю за сорак, ён калісьці трапіў у аўтамабільную аварыю і меў ці мае праблемы са здароўем, нават ляжаў у стацыянары. 3 жонкай ён быў разведзены, а адзіны сын ад іх шлюбу першы год служыў у арміі. У сваю чаргу Мігель мог ведаць ці ведаў пра Кука тое, што ён сямейны чалавек, лысаваты, сталага веку, мажны, мае дваіх дзяцей, працуе служачым і жыве ў кватэры насупраць.
Дык вось Кук зайшоў да суседа ў другой палове дня, пасля работы. Мігель, хударлявы і цёмнавалосы, сустрэў яго ў дзвярах і, нібы апраўдваючыся, патлумачыў, што нечакана задрамаў на канапе, бо нядаўна вярнуўся з начнога дзяжурства. Кук папрасіў прабачэння і сказаў, што мусіць вярнуцца да сябе, але Мігель яго затрымаў.
— Справа ў тым, — патлумачыў ён суседу, — што я днём сплю мала і звычайна дваццаць—трыццаць
хвілін, што ў дастатковай ступені дазваляе мне аднавіць сілы.
— Але ж сон павінен быць працяглым і, як я ведаю, прайсці некалькі фаз, каб быць паўнавартасным, — заўважыў Кук, прысеўшы на прапанаванае гаспадаром крэсла.
— Так, — ахвотна згадзіўся Мігель, — але ў мяне пасля аварыі з’явіліся некаторыя, так бы мовіць, адхіленні ў гэтым працэсе, што памяняла і характар майго жыцця і працы.
I далей Мігель паведаміў суседу, што ён не адчувае патрэбы прытрымлівацца прыродных біярытмаў і таму выбраў сабе працу звязаную з начнымі дзяжурствамі, і якая ў сувязі з гэтым да таго ж лепш аплочваецца.
— Так, так, — сказаў Кук, — ёсць людзі, якія мала спяць і таму, пэўна, заўсёды ў выйгрышы, а яму, напрыклад, трэба спаць каля васьмі гадзін у суткі, і шкада — бо трэць жыцця чалавек ляжыць на ложку ў своеасаблівай непрытомнасці, — вочы блукаюць у розныя бакі, нібы ў вар’ята, безабаронны, а мазгі працуюць дарэмна, разглядваючы нейкія неакрэсленыя малюнкі падзей, якія не існуюць у рэальнасці.
I далей Кук, памаўчаўшы, пацікавіўся, ці бачыць сны яго субяседнік, бо той, паводле яго словаў, спіць так мала.
— I вельмі яркія і запамінальныя, — ветліва патлумачыў гаспадар кватэры на прозвішча Мігель. — Хоць і бываюць не вартыя, а то і зусім неістотныя, ну вось як, прыкладам, дзесяць хвілін таму, калі я прыснуў вось на гэтай канапе.
— I што ж вам прыснілася? — далікатна спытаў госць. — Вы запомнілі?
— А-а, дробязь, абы-што. Быццам я зайшоў у крамку «сэканд» — ну, што пад намі, у падвале нашага дзевяціпавярховіка, вы ж, пэўна, ведаеце, можа, нават і заходзілі, і разглядаў там рознае адзенне, а потым зняў з вешака ношаную скураную куртку і пачаў яе мераць у кабіне. Адчуваю — за падкладкай нешта
быццам захрусцела. Ну, я распорваю сцізорыкам, акуратна так, а там цэлафанавы пакецік, а ў ім... брыдота, тараканы, якія адразу пачалі разбягацца...
I гаспадар кватэры сарамяжліва ўсміхнуўся.
— Хіба што, — супакоіў яго Кук. — Сапраўды, іншым разам такое сасніцца, што і расказваць сорамна.
Яны паразмаўлялі яшчэ пару хвілін пра тое-сёе. Кук успомніў, што прыходзіў па сярнічкі, бо не было чым запаліць газ — ён не ўжывае тытуню і таму не мае пры сабе нават якой запальнічкі.
Мігель ахвяраваў яму карабок сярнічак, і Кук развітаўся з гаспадаром.
* * *
На другі дзень, вяртаючыся з працы пешшу, — а стаяла цёплая восень, Кук якраз праходзіў побач з падвалам, дзе знаходзілася крама па продажы ношанай і таннай вопраткі і раптам спыніўся, а потым чамусьці спусціўся па прыступках і зайшоў унутр. У краме, завешанай усялякім адзеннем, амаль не было наведвальнікаў. Паветра было цяжкае, пахла ношаным. Прадаўшчыца запрасіла Кука рухацца смялей і спытала, што яго асабліва цікавіць. Кук адказаў ёй у тым сэнсе, што паглядзіць сам і прайшоў у кут, дзе вісела мужчынскае адзенне. Увагу яго ўрэшце прыцягнула адзіная на ўвесь гэты аддзел карычневая скураная куртка на маланцы. Цьмяна адчуваючы неакрэсленую цікавасць і раптам нагадаўшы сон суседа Мігеля, Кук зняў куртку з вешака і пачаў яе спачатку разглядаць, а потым абмацваць. «Якраз на вас, — умяшалася адразу прадаўшчыца, жанчына гадоў трыццаці і слядамі злоўжывання касметыкай на бледным твары, — ды вы праходзьце ў прымерачную, там і люстэрка, і месца больш, і ніхто вам перашкаджаць не будзе.»
Кук скіраваў у прымерачную і зашморгнуў за сабой фіранку. Чамусьці ён прыслухаўся, ці не ідзе за
ім прадаўшчыца, але тая ўжо завіхалася ля нейкай пакупніцы. Кук адклаў убок вяшак і пачаў старанна абмацваць куртку рукамі. Рэч была мала ношаная, падкладка амаль не працёртая. Бліжэй да левай падпахі пад пальцамі ледзь чутна хруснула і ён відавочна намацаў быццам нейкае зацвярдзенне. Сэрца яго забілася часцей, ён нават міжвольна зірнуў на сябе ў люстэрка: твар быў усхваляваны, кроў прыліла да шчок. Ён адразу прыняўся за куртку. Маленькі складанчык, які Кук заўсёды насіў з сабой, апынуўся дарэчы. Ён успароў крыху шво, рассунуў тканку ўбакі і выцягнуў невялікі пакецік, двойчы загорнуты ў цэлафан. Кук, не разглядваючы, паклаў яго ў кішэню, вынес з прымерачнай куртку, занёс яе на месца, дзе зноў павесіў на вяшак, пасля чаго выйшаў з крамкі, ужо на парозе запэўніўшы прадаўшчыцу, што рэч яму малая.
У ліфце Кук разгарнуў пакецік. У ім цесна спрэсаваная адна да адной ляжалі дваццаць банкнот па сто даляраў кожная.
Пакінуўшы ліфт, усхваляваны Кук пасунуўся да дзвярэй суседа Мігеля, рука яго ўжо націскала кнопку званка, але ён абачліва стрымаў сябе і вырашыў усё спачатку добра абдумаць. I сапраўды, меркаваў ён, мераючы крокамі пакойчык сваёй кватэры — хаця вешчы сон Мігеля і навёў яго на вялікія грошы (а тараканы, як ён цяпер успомніў народны соннік, і значылі грошы), ці павінен ён адразу аб’яўляць пра ўсё суседу і дзяліцца з ім знойдзеным? He будучы сквапным, Кук схіляўся да таго, каб аддаць частку Мігелю, але калі той даведаёцца пра тое, што яго сон збыўся, то, хутчэй за ўсё, спачатку пазайздросціць, а потым спрацуе своеасаблівы тормаз, і той не стане дзяліцца з ім сваімі снамі, а сны яго зусім няпростыя, ці ўвогуле яго падсвядомасць дасць збой. Кук раптам успомніў інтэрв’ю з адным пісьменнікам, якое прайшло па тэлебачанні. Пісьменнік — малады і самаўпэўнены з выгляду, расказаў, што пазычаў шмат для сябе сюжэтаў з гутарак
са знаёмым па лецішчы старым, але аднойчы меў неасцярожнасць расказаць таму пра гэта, і старога адразу нібы замкнула, і больш з яго нічога выціснуць не ўдалося. Так і тут, меркаваў Кук, усё можа згаснуць, як кволы агеньчык, хаця з іншага боку павінен жа ён нейкім чынам аддзячыць суседу, хіба не так? Гэтыя грошы ён сам мог зарабіць не менш як за год стамляльнага сядзення за сталом і частых камандзіровак, якіх Кук асабліва не любіў. Да таго ж, як ён адразу вызначыў, усе прыхаваныя кімсьці на чорны дзень банкноты былі сапраўдныя.