Мільярд удараў
Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 324с.
Мінск 2008
Неяк у пачатку лета Хутканог зноў апынуўся ў горадзе. Стаяла спёка, сонца павісла ў зеніце. Яму хацелася піць. 3 бутэлькай мінералкі Хутканог уладкаваўся на лаўцы ў скверы, дзе і быў заўважаны некалькімі дзяўчатамі прыкладна яго ўзросту. Хутканог быў у шортах і мокрай ад поту майцы. На дробным, дзіцячым твары адлюстроўваліся спакой і задаволенасць. Да пачатку дзённага кінасеанса было яшчэ з гадзіну, і Хутканог адпачываў.
3 чыста жаночай інтуіцыяй у ім адразу выявілі слабае месца: ён быў імгненна «пралічаны» і абраны як аб’ект забавы. Дзяўчатам было сумна. Да Хутканога, перамігваючыся, падселі з абодвух бакоў і папрасілі запалак, каб прыкурыць.
— Я не палю, — патлумачыў, як умеў, Хутканог.
— Ну, а віно вы п’яце? Вы такі файны...
Хутканог адмоўна пакруціў галавой.
— Дык, можа, нас пачастуеце? Грошы ў вас ёсць?
— Ёсць. — Хутканог бязхітрасна выцягнуў з кішэні грошы і паказаў. Вялікай радасці ад агульнай увагі адразу некалькіх дзяўчат ён, як аўтык, не адчуваў, але іх постаці ў лёгкіх летніх сукенках, аголеныя рукі і ногі хвалявалі яго.
— А ў нас не хапае. Ты нам пазыч на бутэлечку, — белазуба ўсміхаючыся, звярнулася да яго ўжо на «ты» адна з дзяўчат і прадставілася: — Мяне завуць Маша, а цябе?
— Хутканог.
— О-о, які самавіты мужчына, якое прыгожае імя, ха-ха...
Дзяўчаты былі ў захапленні і, адкідваючыся на лаўцы за яго спіну, рабілі адна адной знакі, красамоўна круцілі ля віска пальцамі і курчылі пыскі.
Хутканог, які нічога гэтага не бачыў, аддаў грошы. Усе, што меў.
Прынеслі дзве бутэлькі віна. Пілі проста з рыльца, запалілі па цыгарэце. Далі глынуць і Хутканогу: ён, можа, упершыню, не адмовіўся.
— Слухай, Хутканог, а ты жанаты? — дапытвалася Маша.
— He, — сказаў Хутканог. Яму раптам стала лёгка на душы і зусім бесклапотна.
— А ты вазьмі мяне замуж. Возьмеш?
— Так, — адразу згадзіўся Хутканог.
— Хі-хі-хі, ха-ха-ха, — радаваліся дзяўчаты. Хутканог быў усцешаны.
Маша села яму на калені і пусціла ў твар струменьчык дыму.
— А ты мяне будзеш любіць?
— Буду, — ахвотна згадзіўся Хутканог.
— А ты ўмееш? Ну, гэта — як мы з табой ляжам у ложак? Што рабіць там і ўсё такое?
Запанавала паўза. Усе з нецярпеннем чакалі адказу. Хутканог разгублена ўсміхаўся.
— Ну, ты рабіў з жанчынамі такое? — дапытвалася Маша.
Хутканог быў відавочна збянтэжаны.
— He, — шчыра прызнаўся ён.
Маша раптам віскнула і са смехам саскочыла з каленяў юнака.
— Ай, дзеўкі, у яго эрэкцыя. Ну, малаток!
— Хі-хі-хі, ха-ха-ха!
Прысаромлены Хутканог не ведаў куды дзявацца, але ўсё роўна ў глыбіні душы яму было чамусьці радасна.
— Паслухай, Хутканог, — не дала яму апамятацца Маша, — я пайду за цябе, але ты павінен будзеш мяне забяспечыць па жыцці, разумееш? Ну, на пачатак ты дасі мне, скажам, э-э, тысячу долараў. На гаспадарку. У цябе ёсць тысяча долараў?
— He, — шчыра сказаў Хутканог.
— Дык вось, калі ты іх здабудзеш, а гэта, згадзіся, ужо твая праблема, прыходзь сюды. Мы тут штодня тусуемся. Зразумеў?
— Так, — згадзіўся Хутканог.
Дадому ён прыбег амаль на паўгадзіны хутчэй. Усю дарогу радасць перапаўняла яго, прыгожы Машын тварык паўставаў перад вачыма.
Хутканог аб’явіў бацькам, што намераны ажаніцца і на гаспадарку яму трэба тысячу долараў. Ён збольшага расказаў усё, што з ім адбылося ў горадзе.
Бацька Хутканога зацята маўчаў, а потым выйшаў на ганак і там закурыў. Маці, употай выціраючы з вачэй слёзы, растлумачыла сыну, што тысячы долараў у іх няма, тым не менш ён можа іх пакрысе зарабіць, але на гэта трэба час, а ўжо потым добра сам падумае: жаніцца яму ці яшчэ пачакаць.
* * A
Калі нехта ўпарта нечага хоча, то ў рэшце рэшт здараецца так, што ў нябачны нам пазаматэрыяльны працэс уключаюцца невядомыя сілы, і адбываецца дуд. Такі цуд нечакана зваліўся і на Хутканога.
Якраз у гэты час мясцовая студыя гарадскога тэлебачання і філіял кампаніі па вытворчасці і продажы піва задумалі грандыёзнае шоу: з выступленнямі артыстаў, песнямі, танцамі і гуляннем. Завяршыць усё гэта павінна было нешта незвычайнае. Тады і ўзнікла ў тэлевізіёншчыкаў думка арганізаваць рэкламны прабег. Пасля, калі ўніклі ў дэталі, здалося ўсё дарагім і патрабуючым шмат высілкаў, але тут хтосьці і прапанаваў: не трэба масавага спа-
борніцтва, а лепш зрабіць, каб спаборніцтва было ну, напрыклад, аднаго чалавека з машынай ці чалавека з жывёлай.
Нехта дасведчаны, як па натхненні, успомніў пра Хутканога.
Далей былі арганізацыйныя клопаты. Распрацавалі план. Згодна з ім Хутканог, калі ён, вядома, пагодзіцца, павінен быў на адрэзку каля сарака кіламетраў бегчы навыперадкі з электрычкай. Ад прапановы перайшлі да падлікаў: па раскладзе адбывалася так, што ў адзіны на дзень рэйс цягнік заганялі на запасны пуць, дзе ён прастойваў больш за паўгадзіны, каб прапусціць таварняк. Яіпчэ былі восем прыпынкаў, на кожны з якіх машыністамі затрачвалася каля дзвюх—трох хвілін. Астатні час цягнік рухаўся дзесьці каля гадзіны, пакуль дасягаў канечнага прыпынку ў горадзе. Такім чынам, усяго выходзіла каля дзвюх гадзін. Каб абагнаць электрычку, рухаючыся па шапхы, якая ішла паралельна чыгунцы, бегуну трэба было бегчы хутчэй за сусветны рэкорд.
Прапанову тэлевізіёншчыкаў Хутканог выслухаў і не пярэчыў. Яго знялі дома відэакамерай на рэкламны ролік і дамагліся згоды бацькоў. Урэшце Хутканог ужо дасягнуў паўналецця і мог вырашаць пытанні самастойна. Ён доўга не мог зразумець, чаго ад яго хочуць, а калі дапяў, то сказаў:
— Тысяча долараў.
Тэлевізіёншчыкі былі здзіўлены, паўпіраліся, але згадзіліся, дамовіўшыся, што, у выпадку перамогі, Хутканогу заплацяць тысячу долараў. Абагнаць цягнік? Хіба ён прастаіць на запасных пуцях дзве гадзіны, замест трыццаці хвілін. Але ж гэтага не магло здарыцца ніколі: на чыгунцы існавала такая рэч, як расклад руху.
— Чаму менавіта тысяча? — пацікавіліся ўвішныя госці з горада.
— Каб ажаніцца, — сарамяжліва паведаміў Хутканог, які ніколі не маніў. — На гаспадарку.
Госці пераглянуліся і ўдарылі па руках.
* * *
У святочны дзень з раніцы ішло гулянне. Пра забег з удзелам Хутканога, якога ў горадзе ніхто і не ведаў, было аб’яўлена напярэдадні. Яго прывезлі да месца старту, дзе прадстаўнікі кампаніі па вытворчасці піва ўручылі яму новую майку і трусы з рэкламай сваёй прадукцыі. Адзін аўтамабіль з аператарам суправаджаў Хутканога на шашы, другі аператар з відэакамерай заняў месца ў электрычцы: з акна, калі не перашкаджалі дрэвы, ён добра бачыў магістраль. Аператары і рэжысёр у студыі трымалі паміж сабой сувязь праз мабільныя тэлефоны.
Ад усеагульнай увагі, тлуму і мітусні вакол яго Хутканог моцна хваляваўся і пачуваў сябе ніякавата. Але, калі прыйшла электрычка, і яму зрабілі знак, а потым цягнік крануўся з месца і пасунуўся наперад, паціху набіраючы хуткасць, — Хутканога піхнулі ў спіну, крыкнулі нешта абнадзейваючае, і ён пабег.
Спачатку ён з лёгкасцю абагнаў электрычку, але праз хвіліну-другую састаў насунуўся на яго з левага боку — там ішла чыгунка, — нейкі час яны паралельна рухаліся разам, а потым цягнік вырваўся наперад, прамільгнуў за дрэвамі яго апошні вагон, і — знік. Хутканог апынуўся на шашы ў адзіноце.
Яму шанцавала: вецер, хоць і слабы, дзьмуў у спіну. Шаша была напаўпустая, бо ў выхадныя дні грузавікоў на ёй заўсёды няшмат. Ззаду рухалася аўто з аператарам, зрэдку яго машына выходзіла наперад, і тады Хутканога здымалі ў фас.
Адносная адзінота, рытм бегу, у які ён адразу ўцягнуўся, звыклыя краявіды па баках ад дарогі, сонца над галавой — усё напоўніла яго пачуццём неасэнсаванай гармоніі. Але Хутканог, нават са сваёй інфантыльнасцю падсвядома разумеў, што, нягледзячы на гэтую гармонію, жыццё запоўнена хаосам і варожымі яму сіламі.
Думкі яго, тым не менш, былі простыя, — абстрагавацца ён не ўмеў, і тычыліся цяпер толькі аднаго: дагнаць на перастанку электрычку, і, скарыстаўпіыся тэрмінам, пакуль яна будзе стаяць, прапускаючы грузавыя саставы, як мага далей вырвацца наперад і дасягнуць горада раней. Хутканог думаў і пра грошы, якія ён мусіць зарабіць, калі пераможа, і пра дзяўчыну Машу, а ён бачыўся з ёй яшчэ раз, калі зноў пабываў у горадзе. Маша, як і раней, сядзела з дзяўчатамі ў скверыку — усе яны вельмі абрадаваліся, калі ўбачылі яго — Хутканог быў у гэтым ўпэўнены. Ён зноў частаваў усіх танным віном, Маша пыталася ў яго пра грошы і ці не перадумаў ён з ёй ажаніцца, можа, знайшоў іншую, і ён горача запэўніваў яе, што не перадумаў, а як толькі заробіць грошай, то яны і ажэняцца. I вось цяпер яго мара павінна была спраўдзіцца, анягож.
Час, між тым, ішоў. Аператары ў электрычцы і на шашы перагаворваліся з рэжысёрам, вядучы ў студыі аб’яўляў усе звесткі ў эфір. Пачаліся званкі зацікаўленых людзей. Шматлікія заўзятары «хварэлі», вядома, за Хутканога і з нецярпеннем чакалі, што будзе далей.
3 шашы перадалі хвіліны і секунды, за якія Хутканог пераадолеў першыя дзесяць кіламетраў, але ніхто не паверыў, бо хвіліны тыя і секунды былі надта хуткія. Аператар з шашы сам вырашыў, што памыліўся і звязаўся са сваім калегам з электрычкі — яна ўжо стаяла, прапускаючы таварнякі. Той адказаў, што пакуль нічога не ведае: будуць чакаць Хутканога.
Яшчэ праз дзесяць кіламетраў Хутканог пераадолеў прыкладна палавіну ўсёй дыстанцыі і «дастаў» электрычку. Тая ўжо хвілін дваццаць «адпачывала» на перастанку. На бягу юнак, нібы марафонец, выпіў з пласцікавага кубачка прапанаваны яму напой з глюкозай і, не збіваючы тэмпу, рушыў далей. Бег Хутканога быў па-ранейшаму ўпэўнены, моцны, прыгожы і сведчыў, што сілы ў яго, і немалыя, яшчэ засталіся.
Цяпер ён ужо быў наперадзе і вёў рэй. Яго сапернік — металічная грамада электрычкі — заставаўся ззаду і быў пакуль нерухомы. Нерухомы? 3 кожным метрам дыстанцыі, якая імкліва скарачалася і набліжала яго да фінішу, упэўненасць у гэтым слабела. Што там, за спінай? Ён павялічыў тэмп бегу.
Між тым аператар з шашы далажыў у студьпо, што Хутканог значна перакрывае графік. 3 электрычкі ж паведамілі, што яны ўсё яшчэ стаяць на месцы.
— Пагаварыце з машыністам, — тэлефанавалі са студыі. — Няхай адпраўляецца на некалькі хвілін раней і не затрымліваецца на прыпынках. Ці вы там думаеце, што ў нас тысячы долараў валяюцца пад сталамі?