Мільярд удараў
Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 324с.
Мінск 2008
I зноў ужо на выдыху:
« Дапамажыце!»
Адказам было маўчанне. Мужчына сцішыўся і прыслухаўся. Цішыня. Страх з новай сілай накаціў на яго, і ён з адчаем зразумеў, што калі не возьме сябе ў рукі і не здолее супакоіцца — будзе горш. Тым больш, што ён ужо мае праблемы з сэрцам і
гіпертэнзію, хоць і ў пачатковым стане, але ад таго не менш небяспечную.
Мужчына намацаў пульс і паднёс да вачэй гадзіннік. У цьмяным святле з аплаўленага запалыгічкамі і недакуркамі плафона, ён пачаў лічыць.
Ён налічыў амаль трыццаць цыклаў, пакуль секундная стрэлка гадзінніка прайшла чвэрць цыферблата.
«Амаль сто дваццаць, — у думках запанікаваў ён. — Тахікардыя на мяжы зрыву, і да таго ж у патыліцы сціскае. Ціск».
Але тут жа ён пачаў супакойваць сябе: напрыклад, у амерыканскіх астранаўтаў, калі яны спускаліся ў модулі на Месяц, а потым выходзілі з яго на яго паверхню, іх пульс, як адзначылі ў Цэнтры палётаў, быў каля ста дваццаці цыклаў у мінуту. Дык тое ж адбывалася на Месяцы, а ён знаходзіцца на Зямлі, нават непадалёку ад свайго дому, усяго некалькі прыпынкаў. Ну а што загразнуў у ліфце, дык гэта такая дробязь, вартая хіба што смеху. У рэшце рэшт ліфтам увесь час карыстаюцца, людзі выявяць, што кабіна не працуе, паведамяць каму трэба, і яго вызваляць.
Мужчына нават роблена ўсміхнуўся, і раптам успомніў пра таблеткі ад ціску, якія апошнім часам раз-пораз насіў з сабой у кішэнях. Ён абмацаў іх: адну, друтую, трэцюю, але нічога такога, акрамя сцізорыка і партатыўнага калькулятара, які немаведама як у іх апынуўся, не выявіў. «Пэўна, таблеткі засталіся ў іншай вопратцы», — падвынікаваў ён, і зноў адчуў, як халадзеюць спіна і далоні.
Сэрца білася з ранейшай хуткасцю. Чалавек па імені Павел Дук неспадзявана прыгадаў вядомыя яму факты, якія цяпер чамусьці ўсплылі ў памяці. Праведзеныя разлікі па частаце сардэчных скарачэнняў для розных відаў жывёл супадаюць з фактычнымі велічынямі іх працягласці жыцця. Сэрцы жывёл за перыяд жыцця робяць прыкладна аднолькавы лік скарачэнняў — у межах аднаго мільярда.
Але ж і чалавек, як сцвярджае сучасная навука, — жывёла, хоць і ўчарашняя.
Мільярд удараў.
Каб заняць свае думкі і супакоіцца, а гэтага трэба было дабіцца любымі шляхамі, мужчына ўспомніў і выцягнуў калькулятар і пачаў падлічваць: у адной хвіліне — шэсцьдзесят секунд, піто прыблізна адпавядае такой жа колькасці цыклаў сэрца, у гадзіне іх тры тысячы шэсцьсот, у сутках — восемдзесят шэсць тысяч чатырыста, у месяцы — два мільёны пяцьсот дзевяноста дзве тысячы, у адным годзе — трыццаць адзін мільён сто чатыры тысячы цыклаў, у шасцідзесяці гадах — ... атрымлівалася крыху болып мільярда, але ж працягласць жыцця сучаснага чалавека штучна павялічваюць гігіена і медыцына, а раней людзі ўвогуле не жылі больш як сорак год, — меркаваў ён.
Маніпуляцыі з лічбамі тым не менш не далі аніякага выніку. Страх з новай сілай працяў яго. Мужчына пачаў біць у сцены кабіны кулакамі, а потым і нагамі, пакуль сапраўдны прыпадак удушша не спыніў яго. Ён скінуў долу пінжак і рвануў кашулю на грудзях.
«Клаўстрафабія?»
Ці сапраўды ён пакутуе на клаўстрафабію? Чалавек па імені Павел Дук пачаў ліхаманкава перабіраць у думках мінулае — магчыма, з ім ужо здаралася нешта падобнае? На першы погляд, быццам нічога такога не выяўлялася. Але ж і сітуацыі, з якой сутыкнуўся зараз, ён таксама не мог прыгадаць у сваім ранейшым жыцці. Праверыць гэта не было выпадку, хоць... хоць вось яно: неспадзявана ўспамін трыццацігадовай даўніны паслужліва ўсплыў з падсвядомасці. Так, гэта было даўно, у студэнцкія гады, калі ён жыў у інтэрнаце. Ён прывёў дзяўчыну, такую ж самую студэнтку, як і сам, нават з аднаго з ім факультэта, да сябе ў пакойчык, але, акрамя яго, там жылі яшчэ трое яго аднакурснікаў, і пакідаць яе на ноч не выпадала. «Камен-
данцкая якраз свабодная, — параілі яму, — сам камендант у адпачынку. Толькі вось замок там цяжка адмыкаецца, ледзь ключ падабралі». Урэшце, пра ўсё гэта ён ведаў і сам.
Яны выпілі з дзяўчынай віна, выпалілі па цыгарэце, і ён дапамог ёй распрануцца. Але тут яна раптам успомніла, што забыла ў яго пакойчыку «касметычку».
«Потым забяру, там усё роўна нічога такога няма», — сказала яна.
«Я прынясу», — паслужліва давёў ён, адчуўшы і патрэбу збегаць у туалет. Сказаць пра гэта пасаромеўся, балазе тут прычына знайшлася сама: схадзіць па пакінутую «касметычку».
Але дзверы не адчыніліся. Ключ наглуха заблакавала з замка.
I тут жа ён адчуў страх. Ён нахлынуў быццам з ніадкуль: пакойчык, які хвіліну назад нагадваў яму ўтульнае сховішча, раптам імгненна ператварыўся ў небяспечную пастку. Ключ упарта не праварочваўся, рукі трэсліся, а рухі сталі мітуслівымі, як у вар’ята.
«Ды кінь ты, — параіла яму дзяўчына, — пасля адчынім, ідзі да мяне».
Перасільваючы сябе, ён вярнуўся ў ложак, распрануўся, але жаданне, якое хвіліны назад ледзь не спальвала яго — прапала. Замест яго з новай сілай наваліўся страх.
Тады ён ускочыў і не звяртаючы ні на што ўвагі: ні на свае рукі, ні на з’едлівую ўсмешку дзяўчыны, ні на тое, што падымае залішні шум, пачаў выбіваць дзверы.
I як толькі яны расчыніліся, страх знік, быццам яго і не было.
Цяпер мужчына ўжо цьмяна памятаваў, чым скончылася тая яго любоўная прыгода. Хутчэй за ўсё, а пэўна так яно і было, дзяўчына адразу сышла, а ён пакрочыў да сябе, дзе паваліўся на ложак і заснуў цяжкім сном.
«Жах».
Чалавек па імені Павел Дук адчуў, як яму становіцца па-сапраўднаму блага. Рукі ў яго пахаладзелі, а ногі сталі няздольнымі трымаць вагу цела, і ён, спінай да сцяны, з’ехаў уніз, на падлогу ліфта.
«Небяспека».
Велічыню гэтай небяспекі ён прыгадаў толькі цяпер. Так, ён ужо не малады, як і мноства людзей у яго ўзросце пакутуе на розныя хваробы, некаторыя з якіх ужо ўвачавідкі праявілі сябе, а іншыя яшчэ толькі знаходзяцца ў зародкавым стане. Шмат мужчын у яго ўзросце раптоўна паміраюць, на здзіўленне тых, хто іх ведаў, і сваякоў. Памерці нескладана. Што такое існаванне чалавека? Як ён калісьці вычытаў, а цяпер успомніў, тонкая чырвоная ніць, якая адразу рвецца, калі сіла жыцця пераважыць. А чырвоная таму, што жывая: чырвоны колер — колер крыві.
У рэшце рэшт у яго становішчы гэта не што іншае, як рытарычныя, высакамоўныя меркаванні, — абарваў ён сябе. Калі дзверцы гэтай пасткі расчыняцца, то яго, цалкам магчыма, знойдуць на бруднай, пахнучай мачой, запляванай падлозе, у ванітах, з сінім, збрыджаным тварам, пад сценамі, ушпілянымі нават у сваёй межавай брыдкасці гнюснымі словамі — можна толькі ўявіць якія псіхічныя адхіленні вадзілі рукой тых, хто на іх пісаў. Выклічуць «хуткую дапамогу», потым жонку, падключаць незадаволеных, затарможаных міліцыянтаў. Цікава, што падумае жонка, калі выявіць яго цела ў гэтым раёне, у незнаёмым ёй доме — месцы, ніколі дагэтуль ім не прыгадваным? Дарослыя дзеці? Урэшце, тады яму будзе на ўсё гэта глыбока напляваць. Бадай, што так.
Новая хваля страху накаціла на яго.
«Дапамажыце!» — зноў закрычаў ён што сілы.
Маўчанне.
Урэшце ён цяпер якраз у тым узросце, калі яго сэрца ўжо адпрацавала свой мільярд скарачэн-
няў, — думаў мужчына, — а гэта значыць, што трэба быць напагатове і сустрэць непазбежнае без залішніх хваляванняў і скаргаў на лёс. Хіба смерць, якая,як ён аднойчы вычытаў у Кастанэды, заўсёды знаходзіцца з намі побач, за спінай з левага боку, на адлегласці ў метр-паўтара, — можа адчуць да каго цікавасць, спачуванне, літасць, яшчэ якія-небудзь пачуцці акрамя абыякавай варожасці? Вядома, не. Але ж чалавеку, калі ён прадбачлівы і не пазбаўлены інтуіцыі, варта не крыўдаваць на гэту спрадвечную варожасць, не баяцца, не варагаваць у адказ, а наадварот паспрабаваць пасябраваць з ёй і паразумецца.
«Не баяцца?»
Мужчына быў гатовы прысягнуць, што яго цяперашнія пачуцці якраз не з’яўляюцца бояззю смерці. Тут нешта зусім іншае, малавытлумачальнае, магчыма, нейкая паталогія, што на працягу гадоў драмала ў ім, не маючы адпаведнага моманту, каб вызначыцца, — ліхаманкава меркаваў ён. Баяцца ж некаторыя людзі цемнаты, замкнёнай прасторы, ці наадварот, вялікай і адкрытай, маланак, павукоў, мышэй, шумных гукаў, выгляду крыві, глыбокай вады, паўзуноў, яшчэ шмат і шмат чаго. Мажліва, і ён з такіх? На фабіі пакутуюць амаль усе. Але ж не, тут не зусім дакладна, — спрабаваў ён аналізаваць і даказаць сам сабе. — Менавіта чаго ён баіцца? Замкнёнай прасторы? Ці толькі? Гэты фактар, вядома, прысутнічае, але наўрад ці ён мае істотнае значэнне, не — тут не тое. Тады што?
Адказ быў быццам просты. Ён баіцца загінуць вось так па-дурному, зусім недарэчна, і не выканаць сваёй мэты. У кожнага чалавека — свая мэта. Можна стаць вельмі багатым, удала ажаніцца, ці, як кажуць у простанароддзі, — высока ўзляцець, выхаваць і добра ўладкаваць дзяцей, але пры ўсім тым не быць шчаслівым у гэтым канфармісцкім свеце. Шчаслівым можна быць толькі тады — калі дасягнеш мэты. «А ён дасягнуў сваёй мэты? Уво-
гуле, якая яна ў яго? — думаў чалавек па імені Павел Дук, перабіраючы ў галаве асобныя факты з жыцця, нейкія неістотныя намаганні, спробы, памкненні. — Ці задаволены ён сваім цяперашнім становішчам. I чаго канкрэтнага ён жадаў, адлічваючы ад свядомага ўзросту — прыкладна дваццаці год — да цяперашняга часу? Гэтыя пажаданні спраўдзіліся?»
Ці была ўвогуле ў яго мэта?
Мужчына прыгадаў хіба што асобныя фрагменты нечага аморфнага, бязформавага. Спачатку яго мэтай было стаць студэнтам, потым скончыць інстытут, і ён гэтага дасягнуў, нягледзячы на галечу, голад, адзіноту. Потым, з цяжкасцю пераносячы ўціск сістэмы, ён выраіпыў збегчы за мяжу, але ўцёкі ў выніку здрады тых, нешматлікіх, каму давяраў, не адбыліся. Яго наступнай мэтай стала каханне, але і тут яго чакала звычайнае непаразуменне, а потым і здрада. Урэшце ён вырашыў, што яго мэта пасля шлюбу з жанчынай, якая даверылася яму, гэта дасягнуць пэўнага дабрабыту, выхаваць дзяцей, але вось дзеці выраслі, а ён павінен, як кажуць, сысці са сцэны, бо біялагічны бар’ер ужо пярэйдзены, і прыродзе ён, адпрацаваўшы свой мільярд цыклаў сэрца, ужо не патрэбны.
Неспадзявана мужчына жахнуўся. У яго не было мэты. «Але я адплочваў дабром тым, хто мне давяраўся», — у думках апраўдваўся ён. «I само жыццё — хіба яно мае мэту?»