• Газеты, часопісы і г.д.
  • Мільярд удараў  Юры Станкевіч

    Мільярд удараў

    Юры Станкевіч

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 324с.
    Мінск 2008
    75.5 МБ
    Калі б хто-небудзь спытаў Цвіля, як ён упершыню сутыкнуўся са сваёй будучай жонкай, ён бы наўрад ці ўспомніў. Усё пачалося і ішло да свайго завяршэння нібы ў тумане. Цвіль нават не мог дакладна аднавіць у памяці, была яго жонка цнатлівая да першай шлюбнай ночы ці не? Увогуле, ці была цнатлівай?
    Апошнім часам яго крыху здзіўляла яе непрыхаванае жаданне ўзняць яго на прыступках сацыяльнай лесвіцы, што ён лічыў звычайным правінцыяльным снабізмам, а сваё магчымае ўзвышэнне — справай праблематычнай, хоць Цвіль і не думаў, што ён паставіў не на той нумар у жыцці і прайграў, і што ён — звычайны «лузер», хоць калі-нікалі жонка кідала яму ў твар гэтае слова. Так, не з намерам пакрыўдзіць.
    Неўзабаве пасля вяселля Цвілю, калі ён быў дома адзін, тэлефанавала нейкая жанчына. Яна адразу сказала, быццам не належыць да кола яго знаёмых, але Цвіль пасля таго як выслухаў яе, вырашыў, што пэўна, гэта адна з тых помслівых жанчын, да якіх ён калісьці паставіўся з пагардай. Жанчына тароп-
    ка паведаміла яму, што ягоная цяперашняя жонка яшчэ да знаёмства з ім была згвалчаная ў прыгараднай лесапаласе двума прыблатнёнымі, але не звярнулася ні да міліцыянтаў, ні па якую іншую дапамогу, а здолела прасачыць за імі, даведалася, дзе яны жывуць, а пасля ўжо наадварот, па сваёй ахвоце, прымусіла іх абодвух уступаць з ёй у палавую сувязь, і не аднойчы. «Ведайце, што яна за птушка», — скончыла брыдкую размову незнаёмая зласлівіца і адразу кінула слухаўку. Цвіль урэшце толькі плюнуў і хутка запамятаваў пра тую тэлефонную зайздросніцу, але аднойчы напаўжартам расказаў пра тое жонцы, і яны добра пасмяяліся разам.
    Уласны дом Цвіля дастаўся яму ў спадчыну. Дом быў вялікі, драўляны, абкладзены звонку цэглай, і дзяліўся на дзве палавіны. Яшчэ больш западаючы на сваё дзівацтва, Цвіль перанёс лішнюю мэблю ў адну з палавінаў, а ў іншай пачаў ствараць нешта накшталт музея: збіраў друкаваныя матэрыялы, прысвечаныя Чэ Гевары, муляжы асабістых рэчаў Чэ, фотаздымкі.
    На Цвіля пачалі звяртаць увагу на вуліцах і ў грамадскім транспарце, якім ён амаль увесь час карыстаўся. У аўтобусе, калі ён уваходзіў, некаторыя сталага веку людзі пачыналі з радасцю ўсміхацца, здаралася, што нехта нават уставаў і саступаў яму месца.
    — Гэй, Чэ! — крычалі яму праз адчыненыя вокны рабочыя, якіх вазілі на завод на працу, — калі будзе рэвалюцыя?
    — Змагайцеся, таварышы! — падыгрываючы ім, крычаў у адказ Цвіль, —Patria et mouerte!1 Смерць капіталу! Рэвалюцыя будзе! Абавязкова! Яшчэ пакамісарым!
    Прыкладна праз месяц пасля ўсіх гэтых падзей жонка Цвіля, у якой у сувязі з апошнімі захапленнямі і ўчынкамі мужа пачаліся непаразуменні з калегамі ў фірме, звярнулася, хоць ёй ніхто і не раіў, да гарадскога псіхіятра. Яна моўчкі, сціснуўшы вус-
    1 Радзіма альбо смерць (ісп.)
    ны, адсядзела ў чарзе, якая ўтварылася ў прыёмнай лекара, пасля чаго сціпла села на крэсла, і з большага расказала пра дзівацтвы мужа, дадаўшы, што яны пачалі, так бы мовіць, спакваля выходзіць за рамкі прыстойнага, і што муж не рэагуе ні на якія ўпрошванні і перакананні паводзіць сябе як усе, a працягвае і далей западаць на сваё адхіленне.
    Адхіленне ваенрука Цвіля, як сцісла паведаміла яго жонка, было выяўлена ім самім не на голым месцы, а мела пад сабой хаця і ўскосную, але даволі верагодную, з іншага боку нават праўдападобную на першы погляд падставу. Справа была ў тым, што ў канцы пяцідзесятых мінулага стагоддзя маці Цвіля разам са сваім мужам (а ён быў кадравым вайскоўцам) апынуліся на Кубе, дзе яны пражылі некалькі год. На выспе Свабоды яна працавала ў нейкай невялічкай дзяржаўнай краме. Гандляваць там было асабліва няма чым, працоўнае месца было хутчэй за ўсё створана штучна, як і для некаторых іншых жонак савецкіх вайскоўцаў, і калі зацяжарыла, то была скіраваная на радзіму — назад, за акіян. Бацька Цвіля, беларус, светлавалосы і беласкуры (урэпіце, якім іншым мог быць сялянскі хлопец, сын простых калгаснікаў, для якога армія і потым вайсковая вучэльня былі верхам жыццёвай кар’еры), а маці — русачка аднекуль з-пад Астрахані, заўсёды вясёлая, аматарка песень і ўсялякіх вечарынак і пасядзелак, але таксама светлавалосая, з бледнай, у рабацінні пяпічотнай скурай, якая не выносіла сонца і спёкі. Некалькі год таму ўжо тут, у Беларусі, яна спачатку пахавала мужапенсіянера, а потым амаль праз год сканала і сама, раптоўна захварэўшы на лейкемію. Ваенрук Цвіль шкадаваў, што менавіта цяпер не можа задаць ёй пытання, на якое акрамя яе ніхто яму адказаць не мог. Разглядаючы сябе ў люстэрку, Цвіль зноў і зноў адзначаў, што ён цёмнавалосы, з вельмі смуглявай скурай, амаль мурын, з цёмнымі вачыма, і што такога быць, на яго разуменне, увогуле не павінна.
    Калі б не які таямнічы выпадак. Ну, прыкладам, мог зазірнуць у тую краму, дзе працавала маці, Чэ Гевара? Вядома, мог. Маглі маладыя людзі адчуць адзін да другога раптоўны непераадольны сантымент і пачаць таемна сустракацца? Урэшце, меркаваў Цвіль, усё магло абысціся і прасцей — праз імклівае знаёмства на якім бязлюдным пляжы ці яшчэ дзе. Цвіль не раз браў аловак і падлічваў тэрміны: калі нарадзіўся бацька, маці, калі яны апынуліся на выспе Свабоды, калі маці скіравалі назад і калі, урэшце рэшт, з’явіўся ён сам. У агульным супадзенне было яўнае — вось толькі прамых доказаў ён не меў. Рабіць жа які генетычны аналіз, каб выявіць у сабе чужародныя гены, ён, вядома, не мог і нават не спадзяваўся ў будучым — гэта было надта складана і, пэўна, каштавала вялікіх грошай. Тым не менш, на падпітку, а потым і цвяроза ваенрук Цвіль не раз спрабаваў сцвярджаць, што ён сын вядомага кубінскага рэвалюцыйнага барацьбіта, паплечніка самога Фідэля, Чэ Гевары.
    Расказваючы пра ўсё гэта гарадскому псіхіятру, жонка Цвіля раз-пораз быццам нясмела пыталася ў таго, што ёй рабіць, і асабліва цікавілася, як увогуле можа развівацца далей гэта, на яе погляд, двухсэнсавая сітуацыя?
    — Я не наведваю аматарскія спектаклі, — падумаўшы адказаў лекар, — але нешта пра вашага мужа я чуў. Урэшце, наш горад не такі ўжо і вялікі. Можна сустрэць знаёмага і дзе-небудзь на вуліцах, і не аднойчы. Пакажыце мне яго.
    — Ён не згаджаецца.
    Лекар развёў рукі.
    — Завочна, на жаль, не практыкую.
    —Можа, хоць што параіце?
    Лекар сустрэўся позіркам з маладой жанчынай, раптам спатыкнуўся на словах, урэшце зноў падумаў і нечакана ўзгадаў:
    — А калі, магчыма, ён не памыляецца? Што тады?
    — He, — ветліва аспрэчыла жонка Цвіля. — Гэта трызненне. I да таго ж ён занадта ўвайшоў у ролю. Яго заўважаюць на вуліцах. 3 мяне пачалі кпіць на працы.
    — Што ж, — лекар працытаваў Ясперса, — «свет шызафрэніі шырокі...» Трэба быць гатовымі і да такога дыягназу. Але, вядома, у вашым выпадку не варта перабольшваць. Свет дзівацтваў таксама шырокі. Дарэчы, як у яго з сексуальнай арыентацыяй?
    — He разумею, — сказала жонка Цвіля. — Пры чым тут гэта? Урэшце, ён пакуль што не даваў падставы...
    — Маё пытанне не выпадковае, — патлумачыў лекар. Ён устаў з крэсла і прайшоўся ўзад-уперад па кабінеце: мажны і знешне холадна раўнадушны. — Шмат хвароб пачынаецца менавіта з парушэнняў у гэтай, так бы мовіць інтымнай сферы. А што тычыцца «арыгінала» — я маю на ўвазе баевіка рэвалюцыі Чэ Гевару, то ён, наколькі я ведаю, быў звычайны «блакітны». Ён, верагодна, усяляк заглушаў у сабе гэты цьмяны покліч — ад таго і яго псеўдасмеласць, псеўдарэвалюцыйнасць, псеўдаахвярнасць, і ў той жа час імкненне да мужчынскага кола асоб — няхай сабе і ў гарах, джунглях, у паходных абставінах: затое там ён мог выявіць сваю падсвядомую сутнасць гея. Патлумачце гэта свайму мужу.
    — Вось-вось, я ж і мяркую, — пасля паўзы ўставіла жонка Цвіля. — Калі, як вы сцвярджаеце, Чэ Гевара быў звычайным геем, то як мой муж мог апынуцца яго сынам? Гэта тым больш нерэальна.
    Лекар спыніўся і ўважліва агледзеў наведвальніцу.
    — Бісексуальнасць у шэрагу выпадкаў не выключаецца. Хоць я думаю, у вашым мае месца нязначнае праяўленне псіхозу, магчыма, анейроіднае расстройства, пакуль што зародкавае, можа, простае дзівацтва. Але напэўна сцвярджаць не магу: мне трэба пагаварыць з вашым мужам сам-насам. I, верагодна, не адзін раз.
    — Я пачала размову, але ўсё дарэмна. Ён не хоча. Катэгарычна. Толькі пасмяяўся з маіх слоў.
    — Назірайце, — падвынікаваў лекар. — Яго паводзіны могуць палепшыцца ў бок нормы, хоць паняцце нормы само па сабе адноснае, а могуць і пагоршыцца. Па сваім профілі я сутыкаюся з самымі рознымі адхіленнямі. Вось, напрыклад, я еду ў аўтобусе ці трамваі. Позні вечар, у салоне акрамя мяне — нікога. На прыпынку дзверы адчыняюцца і заходзіце вы, аглядаецеся і... сядаеце побач са мной, хоць навокал процьма вольных месцаў. Што я ў гэтым выпадку думаю пра вас? То-та... А такую жанчыну я ведаю. Іншая збірае з гарадскога асфальту чарвякоў (а пасля цёплага дажджу яны часам масава выпаўзаюць на паверхню) і вязе іх на лецішча, дзе і выпускае, бо ёй іх... шкада. Трэцяй цыганка наваражыла, што яе будучы муж прыедзе па справах да яе на працу на ўласным аўтамабілі, яны пазнаёмяцца і неўзабаве пажэняцца. I вось як толькі яна бачыць з акна кабінета чарговага «прынца» на машыне, то адразу выбягае і кідаецца да яго з абдымкамі. Чацвёрты накладае на сябе нешта кшталту епітым’і і паўзе на жываце да царквы некалькі кіламетраў, хоць мог бы лёгка дайсці туды пехам. А вось вам прыклад, калі мяжа паміж дзівацтвам і хваробай сцёртая, і паталогія вылазіць на паверхню. Год таму адзін мой пацыент мусіў сцвярджаць, што валодае таямніцай левітацыі, і на гэта доўга ніхто не звяртаў увагі, пакуль ён не вырашыў вучыць лётаць у паветры іншых. Пачаў жа чамусьці не з сябе, а з трохгадовага сына, якога выпусціў з рук з балкона дзевятага паверха. Можа вы памятаеце гэты выпадак? Пра яго пісалі ў газетах. Прымусіць падобных хворых лекавацца мы цяпер, пакуль у іх не ўсплыла яўная паталогія, не маем права, акрамя тых, хто стварае прамую сацыяльную небяспеку. Так што аніякай іншай дапамогі я вам аказаць не ў стане. Тым болып, што ваш муж, магчыма, абсалютна адэкватная асоба.
    Праўда, тут ёсць адзін нюанс: вы, часам, не ведаеце, чаму ён калісьці пакінуў вайсковую вучэльню? У чым прычына? Можа, яго адлічылі. Можа, здарылася што іншае. Часам звесткі пра такія, быццам нязначныя на знешні погляд учынкі ў мінулым, бываюць вельмі важныя.