Мільярд удараў
Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 324с.
Мінск 2008
Я пакінуў хадзіць на заняткі. Днём я спаў, вечарамі ішоў на спатканні да сваёй каханкі, а к ночы ўжо чакаў ганца з чыгункі, каб падрадзіцца на разгрузку якога вагона.
— Мы жывём у свеце, дзе эвалюцыя пайшла ў зваротным кірунку, — змрочна развіваў я аднойчы сваю думку, седзячы з каханкай у кафэ. — Яна павінна абараняць моцных ад ніжэйшага віду, а ў нас усё наадварот. Гэта ўжо інвалюцыя. Моцных меншае, а ніжэйшых шмат і становіцца ўсё болей. Яны душаць нас сваімі рэвалюцыямі і наступным панаваннем хамства.
— Хто — яны? А болып дакладна?
Тут я своечасова ўспомніў, што жанчыны нудзяцца ад залішняга абстрагавання ў размовах і расказаў ёй пра залік.
— Выкладчык Дземеш.
— Ты павінен схадзіць да яго дамоў. Там ён будзе мягчэй і ўрэшце паставіць табе залік. Ты хоць вучыў, што трэба?
— Вучыў і ведаю. Але ад гэтага ён пластылінам не стане. Усе непаўнавартыя — злыдні. Ну, няхай не ўсе, дык болыпасць.
& * *
Але так як становішча маё толькі пагаршалася, і наступнае, што мяне чакала — адлічэнне з інсты-
тута — было ўжо побач, я, сціснуўшы зубы, пайшоў да Дземеша дадому, Ішла ўжо глыбокая восень. Падаў мокры снег. Сцямнела.
На другім паверсе інтэрната мне паказалі пакойчык выкладчыка. Ён быў вуглавы і месціўся ў нішы будынка.
Я асцярожна пастукаў у дзверы. Ніхто не адказаў. Я пастукаў зноў.
— Адчынена, — пачулася з пакойчыка.
Я націснуў на дзверы і ўвайшоў. У пакойчыку было не так ужо і прыбрана. Крэсла, ложак, стол. У крэсле сядзела дзяўчына — бялявая, з гожым, мягкіх абрысаў птушыным тварам, на мой погляд, так сабе, крыху мо пакамечаная на выгляд і паліла цыгарэту.
— Добры вечар, — сказаў я.
— Прывет.
— Мне б Дземеша Анатоля Пятровіча, — я нерашуча стаў у дзвярах.
— Каго, каго? — спытала дзяўчына. — Толіка? Ды ты сядай. Зараз Толік прыйдзе. Пайшоў чайнік набраць.
Я хацеў сесці, але не было на што.
— А па якой ты справе? — дзяўчына перасела на ложак і нагой падсунула мне крэсла. Спадніца яе загалілася вышэй каленяў.
— Залік хачу здаць. Інакш да сесіі не дапускаюць.
— Толіку здаць?
— Так.
— He прымае?
— Надта не хоча, — паскардзіўся я. — Другі месяц водзіць за нос. Хутка выключаць будуць. Стыпендыю адабралі.
Дзяўчына агледзела мяне з ног да галавы і зацягнулася цыгарэтай.
— Гэтая шмаказяўка зашмат на сябе бярэ, — сказала яна і спытала:
— Як цябе зваць?
Я прадставіўся.
— А мяне Света. Зараз мы яму зробім прачуханец, маць яго, з...ца. Эйш, унадзіўся студэнтаў мучыць, гаўнюк!
Раптам дзверы за маёй спіной рыпнулі. Я абярнуўся і ўзняўся з крэсла.
Выкладчык Дземеш з чайнікам у руцэ стаяў у пакоі і вельмі незадаволена ўзіраўся ў маю постаць, што парадкам узвышалася над ім.
— Вы хто? — варожа спытаў выкладчык Дземеш, быццам бачыў мяне ўпершыню.
Я сказаў.
— Ніякіх залікаў я прымаць не буду, — абрэзаў выкладчык Дземеш. — Я вас сюды, дарэчы, не клікаў.
Я ўздыхнуў і мусіў рушыць да выхаду.
— Гэй, пачакай!
Дзяўчына па імені Света падхапілася са свайго месца і затрымала мяне за рукаў паліто.
— Стой!
Я спыніўся.
— А-ну пастаў чайнік, гаўнюк!
Выкладчык Дземеш з нянавісцю зірнуў у мой бок і паставіў чайнік на электраплітку.
— Святланачка! — лагодна сказаў ён. — Ну што за жарты!
— Падпішы залік! — цвёрда вызначылася Святлана.
Я знерухомеў.
Выкладчык Дземеш злосна зірнуў на мяне і сказаў.
— He падпішу!
— Добра. — Святлана рашуча схапіла сваю куртку, сумку і рушыла да выхаду, кінуўшы мне:
— Пайшлі!
— Святланачка, пачакай! — неяк нават зусім пахалопску замітусіўся выкладчык Дземеш і заступіў ёй дарогу.
— Можаш піць сваю паганую гарбату сам з сабой, з ц, — сказала Святлана. — I ўвогуле, пера-
ходзь на самаабслугоўванне. Нагі маёй тут больш не будзе.
Я разгубіўся.
— Згода, — раптам з нянавісцю ў мой бок сказаў Дземеш. — Давайце сваю залікоўку і ведамасць.
Я аддаў.
Выкладчык Дземеш, па-ранейшаму заступіўшы дзверы, прыціснуў маю заліковую кніжку з ведамасцю да сцяны, распісаўся і ледзь не шваркнуў іх мне ў твар. Я падхапіў іх і паклаў у кішэні.
Святлана задаволена ўсміхнулася і вярнулася да ложка.
— Толік, маць тваю, загадала яна. — А-ну давай нам выпіць — у цябе, ведаю, каньяк ёсць, — закусіць, а гарбата ўжо гатовая. Няхай і студэнт з намі сядзе. Нябось галодны.
— He, не, не, — непахісна заўпарціўся выкладчык Дземеш. — Бачу, вы тут без мяне зрохкаліся. He ўгаворвай.
— Ну, я і кажу — ты вялікі з ц! — сказала яму дзяўчына.
Я выйшаў вонкі.
Святлана дагнала мяне, калі я ўжо спускаўся па лесвіцы.
— Пачакай! — затрымала яна мяне. — Хачу толькі табе на развітанне сказаць, што ты вельмі падобны на майго брата. Я, як цябе ўбачыла, аж скаланулася: думаю — далібог, хіба ён! А калі з гэным, — яна паказала назад, у напрамку да пакойчыка выкладчыка Дземеша, — будуць яшчэ якія праблемы — то дамовімся. Звяртайся.
— Дзякуй, Света, але ён у мяне больш нічога прымаць не будзе, бо скончыў курс, — сказаў я і спытаў:
— А брат твой — таксама студэнт?
— Забілі ў Расіі. Паехаў на заробкі.
— Бывай, Света.
Яна праводзіла мяне да дзвярэй. Я даў ёй адрас свайго інтэрната і запрасіў у госці. На вуліцы мяла
мяцеліца. У святле ліхтароў у прахожых былі бледныя твары. Я ўздыхнуў з палёгкай і паехаў у свой інтэрнат.
Праз некалькі год я выпадкова сустрэў на вуліцы выкладчыка Дземеша. Ён пасівеў і памажнеў, але ў вачах яго прыхавана свяцілася ўсё тая ж зацятая, тхаровая нянавісць. Урэшце, ён не пазнаў мяне, a можа зрабіў выгляд. Да таго часу я нічога асаблівага ў жыцці не дасягнуў, хаця і няўдачнікам, пэўна, мяне таксама лічыць было нельга. Былая мая каханка здрадзіла мне і нечакана выйшла замуж за дырэктара універсама, гвалтам падсватанага ёй ейнымі бацькамі мужчыну сталых гадоў, які і звёз яе з часам за мяжу. Я скончыў інстытут, уладкаваўся на працу, ажаніўся. Цяпер, праводзячы позіркам кульгавага выкладчыка Дземепіа, я раптам успомніў, як шмат гадоў таму ўдала здаў яму залік і чамусьці зноў падумаў пра вызначальнае значэнне выпадковасці. Калі б не тая шчырая дзяўчына, хутчэй за ўсё бяздомная, ці прывакзальная прастытутка, я б, пэўна, пакінуў інстытут, і, верагодна, няўмольна спазнаў бы жорсткую паразу ў жыцці. Хоць, магчыма, я і перабольшваю.
Я ўспомніў, што яе звалі Святлана, і яна казала, што я нагадаў ёй брата.
Так, яе звалі Святлана.
Сястра мая, Света.
Клон Чэ і яго жонка
Аднойчы, гледзячы ў люстэрка, адносна малады чалавек па прозвішчы Цвіль заўважыў у сябе падабенства з Чэ Геварам. Злёгку здзіўлены, а пасля і ўсцешаны гэтай думкай, школьны настаўнік вайсковай падрыхтоўкі, ці ваенрук, спачатку не надаў таму асаблівай увагі, але думка тая запала яму ў падсвяд омасць.
У вольны ад работы час Цвіль перыядычна наведваў мясцовую тэатральную студыю, якая існавала пры гарадскім народным тэатры, і дзе ён лічыўся як акцёр-аматар. Выпадковая роля Чэ Гевары ў невялічкай пастаноўцы, якую яму неўзабаве адмыслова даверылі, на думку тэатральнага крытыка гарадской газеты, асабліва яму ўдалася. Ваенрук Цвіль, сын ваеннаслужачага і які калісьці сам адвучыўся два гады ў вайсковай вучэльні, адчуваў з цягам часу, што неасэнсаваны ўнутраны покліч, які гучаў у ім у дзень выканання ролі палымянага рэвалюцыянера, няхай сабе і ў самым малым, але быў сугучны знакамітай асобе Чэ Гевары. Неўзабаве народны тэатр мусіў ставіць усё тую ж п’есу, прыпарадкаваную да чарговага ўрачыстага юбілею, і ў якой роля кубінскага рэвалюцыянера была значна пашырана і выкананне якой пасля перамоў са сталічным рэжысёрам, які апекаваўся тэатрам, зноў даверылі Цвілю. Спакваля Цвіль ужываўся ў ролю. Неўзабаве яго цёмнавалосую, злёгку кучаравую галаву стаў упрыгожваць адмысловы берэт, а потым адрасцілася і ўласці-
вая Чэ Гевары бародка. Змянілася вопратка. Цвіль пачаў насіць салдацкія чаравікі і штармоўку. Падабенства не засталовя без увагі, і ў Цвіля неяк незаўважна і нечакана для яго самога з’явілася і прыклеенае ад вучняў «паганяла» — «Чэ».
Цвіль быў жанаты з сваёй былой вучаніцай, якая толькі скончыла дзесяць класаў і, вядома, была значна маладзейшай за яго. Невялікага росту, цёмнавалосая, яна б выглядала зусім непрыкметнай, каб не яе стройная постаць, тонкая талія, сціснуты ў загадкавым маўчанні рот і незразумелы агеньчык, які раз-пораз прабліскваў з яе вачэй. Яна скончыла кароткатэрміновыя бухгалтарскія курсы і ўладкавалася працаваць ў дробную гандлёвую фірму, дзе яе цанілі за стараннасць і акуратнасць і нязвклую для жанчын стрыманасць у словах і нават маўклівасць — вядома ж, не сакрэт, што значную частку рабочага часу іншыя жанчыны праводзяць менавіта ў неістотных размовах.
Працуючы значна раней з выхаванцамі дзіцячага дома — а будучая жонка Цвіля была на той час ужо сіратой, ваенрук Цвіль доўта ўвогуле зусім не заўважаў дзяўчыны, пакуль аднойчы не прыкмеціў яе цікавасць да зброі, што адразу вылучыла сціплую вучаніцу з кола сябровак, якія за рэдкімі выключэннямі агулам рыхтаваліся ў прафесійна-тэхнічныя вучэльні, каб урэшце рэшт апынуцца швачкамі на мясцовай фабрыцы. Мэтаскіраванасць і прыхаваная схільнасць дзяўчыны да неасэнсаваных ім самім праяўленняў брутальнасці закранула ў ім падсвядомы інтарэс да яе. Ваенрук Цвіль ведаў пра сябе, хоць асабліва і не аналізаваў пачуцці, што яго самога цягнула і цягне да ўсяго вайсковага менавіта таму, што ў глыбіні душы ён занадта інфантыльны, праз што калісьці змушаны быў пакінуць вайсковую вучэльню, бо не вытрымліваў суровых абмежаванняў, муштры і жорсткасці будняў. Але можа якраз таму яго і цягнула да сілы ў шматлікіх яе праяўленнях.
У той жа час Цвіль лічыўся даволі зайздросным жаніхом, бо меў сваё жытло і ў гэтым сэнсе ні ад кога не залежаў, да таго ж ён быў студэнтам-завочнікам гістарычнага факультэта аднаго са сталічных ВНУ, што давала яму дадатковыя перспектывы на будучыню. Тым не менш, неяк прачнуўшыся ўначы, ён вырашыў, быццам не знайшоў сябе ў жыцці, ну, варта яму было б, напрыклад, стаць акцёрам, і не якімсьці аматарам, як цяпер, а прафесіяналам, магчыма, працаваць у сталіцы, нават здымацца ў кіно, але ж змяняць кірунак шляху, бадай, позна, — думаў ён.
Побач з ім у ложку спала чарговая кандыдатка на ролю жонкі, але Цвіль у думках ужо развітваўся з ёй — занадта падатлівая, занадта стараецца дагадзіць — пэўна, і з іншымі будзе такой жа, а гэтага яму якраз і не трэба. Такіх у яго было шмат.