Мільярд удараў
Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 324с.
Мінск 2008
— Ты чуў? — звязаўся аператар з электрычкі са сваім калегам на шашы. — Шэф, пэўна, вырашаў «кінуць» нашага імбецыла.
— А, чорт. Ты б паглядзеў, як ён бяжыць. Гэта ж геній бегу. Мне шкада.
— Шкада і мне, ды грошыкі важней. I наша кантора не лепшая за іншыя. Дэфіцыт сумлення.
— Ведаю, анягож.
Адзінокі бягун тым часам пераадолеў ужо больш як трыццаць кіламетраў і набліжаўся да горада. Але следам за ім, імкліва скарачаючы адлегласць, ужо імчаў цягнік.
Стома абрынулася на яго нечакана. Хутканог раптам адчуў, як сілы пакідаюць яго. Ногі станавіліся непаслухмянымі, а мышцы іх наліліся цяжарам. Магутным яго лёгкім ужо не хапала кіслароду. У грудзях пякло. Рукі ў лакцях разгіналіся ўсё больш і больш, быццам важылі кілаграмы, у галаве пачаўся незразумелы звон. Хутканог не ведаў, што ў бегуноў на стаерскія дыстанцыі дзесьці пасля трыццаці кіламетраў бегу пачынаецца збой у рабоце ўсяго арганізма — так званая «мёртвая кропка». У гэтыя хвіліны чалавечае цела прагне аднаго — спыніцца няглядзячы ні на што, паваліцца на зямлю і адпачываць. Многія знакамітыя спартсмены ў
такія хвіліны сыходзілі з дыстанцыі, іншыя намаганнем волі і рызыкуючы жыццём працягвалі бег. За дзень Хутканог іншым разам прабягаў па трыццаць, сорак і больш кіламетраў запар, але ён заўсёды мог знізіць тэмп бегу ці проста перадыхнуць. Цяпер гэтага не выпадала.
Ён сцягнуў з сябе мокрую майку, але палёгкі не наступіла. «Спыніцца, спыніцца, бегчы цішэй,» — свідравала неадчэпная думка. Вушы яго чуйна лавілі гукі за спінай, з таго боку, адкуль па рэйках павінна была імчаць электрычка. Скрозь прасветы паміж дрэў абапал дарогі Хутканог калі-нікалі бачыў чыгуначны пуць. Потым ён пачуў шум цягніка, але калі азірнуўся, то з некаторай палёгкай упэўніўся, што яго даганяе таварняк.
3 машыны суправаджэння яго падбадзёрвалі, нешта крычалі, ён не разумеў, потым здагадаліся і працягнулі праз вакно шклянку вады. Хутканог прагна выпіў, але адчуў сябе горш.
«Грошы... Ён павінен зарабіць іх»...
Раптам Хутканог убачыў рэкламныя шчыты. Гэта была гарадская ўскраіна, і ён прыбавіў хуткасці.
Між тым аператары вялі ажыўленую гутарку са студыяй. На апошні прагон кранулася электрычка, але апошнія лічаныя кіламетры заставалася пераадолець і Хутканогу.
Дырэктар студыі і адказны за шоу кансультаваўся з жукаватымі на выгляд памочнікамі-зухамі.
— Калі ўбогі выйграе, то будзеце плаціць яму са сваіх кішэняў, — быў прысуд. — Урэшце, хто ўсё падлічваў і заверыў мяне, што на гэтым адрэзку цягнік абагнаць не па сілах нават чэмпіёну свету?
— Ён і не абгоніць. Электрычка ўжо ўязджае ў горад.
Памочнікі, тым не менш, пра нешта зашапталіся. Адзін з іх быў нязгодны, на яго ціснулі і ён урэшце махнуў рукой і змоўк.
Апошні кіламетр Хутканог павінен быў бегчы ўздоўж пуцей па сцяжынцы, бо шаша ішла ўбок, a
фінішаваць ён мусіў на вакзале, дзе ўжо сабраліся суддзі, гледачы і проста разявакі.
Ён цярпеў. Перад вачыма, нібы ў тумане, плылі чыесьці твары, вобразы, сцежка была няроўная, з рассыпаным там-сям жвірам, адзін раз ён паслізнуўся і ледзь не ўпаў на зямлю, але ўстаяў на нагах. Сонца выпальвала з яго цела апошнія кроплі вільгаці.
Цягнік даганяў. Але перад тым, як спыніцца, на канечным прыпынку яму трэба было затармазіць, што і пачалі рабіць машыністы.
Хутканог зразумеў, што пераможа, як толькі хуткасць цягніка, які быў ужо ўпоравень з ім і хуткасць яго бегу зраўняліся.
Ён фінішаваў першым. Хістаючыся, Хутканог зрабіў па інерцыі яшчэ некалькі крокаў і — паваліўся на асфальт. Стома апанавала цела. Студыйцы падбеглі да яго, пачалі паднімаць, але іх апярэдзіў адзін з памочнікаў. У руках у яго было вядро з вадой.
— Горача? — спытаў ён.
Хутканог не разумеў.
— Ахаладзіць?
I, не чакаючы адказу, жукаваты памочнік выліў на пераможцу вядро ледзяной вады.
Хутканог удыхнуў паветра, але выдыхнуць яго ўжо не здолеў. Цела яго працяла сутарга, спіна выгнулася дзіўным чынам, пальцы рук зашкраблі асфальт, а святло дня перад вачыма пачало гаснуць.
Урач хуткай дапамогі засведчыў, што смерць наступіла ад раптоўнай спазмы сасудаў і спастычнага тэрмашоку. Міліцыянты накрылі цела хусцінай.
Гарадская апазіцыйная газета паведаміла пра здарэнне двума дзесяткамі пафасных радкоў.
Мільярд удараў
Пацучыха не адзін раз вандравала на ліфтавым канаце з паверха на паверх, бо дом быў стары, і ў пошуках ежы ў яе было шмат канкурэнтаў. Ёй пераваліла за два гады і, як яна беспамылкова адчувала, жыць заставалася ўжо няшмат.
Цяпер яна ўчапілася кіпцюрамі за рэльефныя выпукласці тросікаў і замерла ў чаканні: днём, асабліва раніцай і ўвечары, ліфт рухаўся ўверх-уніз амаль бесперапынна, заміраючы хіба што толькі ноччу. Пацучыха крыху расслабілася, доўгі голы хвост яе звесіўся долу, толькі сэрца працавала аднолькава роўна — дзесьці шэсцьсот цыклаў у хвіліну.
Урэшце ў ліфт зайшлі. Чалавек, як яна машынальна вызначыла падсвядомасцю, быў адзін. Чалавек націснуў кнопку, у ліфце шчоўкнула, загудзела, і ён крануўся ўніз. Невялікі блок абмежавання хуткасці пачаў варочацца і закруціўся на поўную магутнасць: звыклая з’ява, каб не адзін быццам малазначны нюанс, які тычыўся самой пацучыхі і разам непрадказальна змяніў усю сітуацыю. Справа закранала ўзрост жывёлы, яе рэакцыю на небяспеку, сілу мышцаў, вастрыню слыху і зроку.
Раптам яе хвост зацягнула спачатку блокам, а потым імгненна ўсю і — пацучыху раздушыла. Трос аўтаматычна скінуўся.
Ліфт спыніўся.
* * *
Чалавек па імені Павел Дук спяшаўся. У пярэдняй, на выхадзе з кватэры палюбоўніцы ён мельгам зірнуў у люстэрка, крытычна ўсміхнуўся сам сабе і прыгладзіў валасы. Ён быў далёка не малады, яўна з лішняй вагой, але шыракаплечы і вузкі ў клубах, што скрадвала ягоныя не вельмі істотныя, як ён лічыў недахопы. У люстэрку ў адказ на свой позірк ён пабачыў нічым не адметны твар лысеючага мужчыны з прамым носам, шэрымі вачыма і запалымі шчокамі.
Каханка — жанчына каля сарака год, мажная, але без прыкметных тлушчаадкладанняў на целе, цёмнавалосая, з пажадлівым ротам, апранаючы халат, выйшла праводзіць яго і зачыніць дзверы. Яе шырока расстаўленыя, аголеныя грудзі цяжарам звісалі з-пад крысаў халата. Яна была басанож і галава яе, калі жанчына да яго прыхінулася, даставала яму амаль да падбародка. Мужчына раптам адчуў, як у ім зноў варухнулася жаданне, але заглушыў яго і таропка развітаўся праз пацалунак.
«Стэлефануемся», — сказаў ён і выйшаў вонкі. Гэта быў апошні дзевяты паверх, і чалавек па імені Дук пасунуўся да ліфта. Ён націснуў кнопку выкліку, дзверы расчыніліся — ліфт аказаўся побач.
Ужо ў кабіне, адшукваючы пад слабым, мігатлівым святлом плафона патрэбную яму кнопку першага паверха, ён у думках зыоў вярнуўся да тых дзвюх—трох гадзін, праведзеных у кватэры палюбоўніцы. Іх сувязь цягнулася ўжо некалькі год. Мужчына іншым разам задаваўся пытаннем: чаму яго праз пэўны час зноў і зноў цягне да гэтай жанчыны, хоць яго жонка нічым ёй не саступіць — і больш прыгожая, і з нашмат больш вытанчаным душэўным складам. Палюбоўніца ж была калі-нікалі нават вульгарная, нястрыманая ў пяшчотах, іншым разам да краю юрлівая, але шчырая ў сваіх
пачуццях, і не саромелася іх. Пракручваючы цяпер у галаве хвіліны, праведзеныя з ёй у ложку, мужчына аблізаў раптам асмяглыя губы і зноў адчуў, як яго пакрысе апаноўвае жаданне, нават эрэкцыя з’явілася. «Хіба гэтая жанчына, калі б ён, напрыклад, з ёй ажаніўся, заставалася б штодня такой жа прыцягальнай? — думаў ён. — Цалкам верагодна, што ўсё магло быць наадварот: яна стала б для яго абыякавай, а цяперашняя жонка, сустрэнь яе на той час, ператварылася б у заўсёды жаданую палюбоўніцу».
Кабіна ліфта здрыганулася і кранулася ўніз. У сваіх хуткаплынных думках мужчына, між тым, вярнуўся да звычайнага: як ён з’явіцца дадому і патлумачыць жонцы сваю запозненасць, а потым згадаў работу — з раніцы трэба было ўзгадніць шэраг пытанняў з базавай фірмай. Чалавек па імені Павел Дук працаваў начальнікам аддзела па маркетынгу медпрэпаратаў вузкага профілю. Раптам у кабіне яго пад нагамі глуха шчоўкнула, і ліфт спыніўся. Мужчына пачаў устрывожана шукаць вачыма панэль і націскаць кнопкі руху, але безвынікова. Яго неспадзявана кінула ў гарачыню. Слабая, пакуль яшчэ запозненая хваля страху, лёгкім дотыкам казытнула яго.
«Без панікі, — загадаў сабе чалавек па імені Павел Дук і агледзеў усе чатыры сценкі кабіны, а таксама столь і падлогу пад нагамі. — Урэшце, нічога не здарылася, ён пэўна завяз, але праз секунду, другую, выкліча дзяжурнага дыспетчара ці яшчэ там каго, і яго вызваляць. Праўда, гэта здарылася з ім упершыню, але ж пра такія выпадкі ён ведаў, нават бачыў у нейкім камедыйным фільме ці чуў у гумарыстычных капусніках з удзелам знакамітых камічных акцёраў».
Але ўжо першы, не вельмі пільны агляд яго камеры часовага зняволення абудзіў у чалавека новую, непажаданую хвалю страху. Кнопка выкліку дзяжурнага дыспетчара была выдраная з усім сваім
унутраным змесцівам, выдраная была і таблічка з нумарамі аварыйных тэлефонаў.
Але мужчына звыкла нырнуў далонню ў кішэню, дзе заўсёды месціўся цёплы прамакутнік мабільніка, і — пахаладзеў. Твар яго пакрыўся потам.
Мабільніка не было. Ён абачліва і з намерам пакінуў яго дома, каб жонка не назаляла званкамі. Мала прыемнага, калі ў момант інтымных ласкаў «труба» раптам пачынае наігрываць зазыўную мелодыю. Так, зараз трэба было, па-першае, не паддавацца паніцы, а па-другое, спакойна адшукваць выйсце. Павінна ж быць у яго сітуацыі нейкае выйсце?
«Вентыляцыя, — падумаў ён. — Яму патрэбна свежае паветра, бо невядома колькі часу ён прасядзіць у гэтай скрыні, можа нават да раніцы».
Ён зноў жахнуўся: падлеткамі вентыляцыя была скрозь забітая і зацэментаваная жованкай, і мужчына адразу ўяўна адчуў, як яму не хапае кіслароду і вось-вось наступіць ітрыпадак удушша. «Але ж гэта ўсяго толькі ўнушэнне, — пераконваў ён сябе, — паветра прасочваецца праз розныя непрыкметныя шчыліны, пад дзверы, а ён у кабіне адзін і яму будзе дастаткова кіслароду».
Чалавек па імені Дук набраў у грудзі як мага болей гэтага самага паветра і крыкнуў:
«А-а-а-а-а!»
I зноў:
« Д апамажыце!»
А потым загрукаў у сцены кабіны і ў дзверы нагамі:
«Ліфт спыніўся! Чуеце, хто-небудзь!?»