Мільярд удараў
Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 324с.
Мінск 2008
— Веліеў, — прадставіўся той і спытаў: — Таксама давучвацца? He служыў ягпчэ?
Ігнат кіўнуў.
— He. He служыў.
— А я вось загрымеў, ды не са сваім годам. Мне ўжо дваццаць пяць. Гэ-х-х, як мне дрэнна!
Званок перапыніў іх размову.
Калі зайшлі ў клас, Ігнат пашкадаваў, што адразу не заняў зручнага месца ля акна. Там ужо сядзелі некалькі жанчын, але па дзве. Веліеў сеў ля ўвахода з краю.
Ігнат пашукаў вачыма Яфіма Гурскага, але і побач з ім вольнага месца не было. Давялося ісці далей, дзе адзінока сядзеў лысы каігітан у летняй вайсковай форме. На выгляд яму было далёка за сорак. Урэшце, ён быццам абрадаваўся Ігнату і, схіліўшыся да таго, працягнуў руку і прашаптаў:
— Маё прозвішча Дзівіцкі.
— Канюкоў.
У клас тым часам зайшла дырэктарка, а за ёй светлавалосая, худзенькая, коратка стрыжаная маладая настаўніца ў даўгой, ніжэй каленяў, сукенцы, якая аблягала вузкія, хлапчуковыя клубы.
— А гэта ваш класны кіраўнік, — прадставіла яе дырэктарка. — Яна, дарэчы, будзе выкладаць вам рускую мову і літаратуру, а завуць яе... урэшце, хай скажа сама.
— Паліна Мікалаеўна.
Голас у класнай настаўніцы быў нізкага тэмбру, тым не менш зусім дзявочы, з нязвыклым для Ігната чыста рускім вымаўленнем. Кагосьці яна яму нагадала, падумаў ён. Каго?
Дырэктарка пайшла, а класная пачала выклікаць кожнага па прозвішчы, звяраючыся з журналам.
— Конюхаў Ігнат, — урэшце назвала яна.
Ігнат падняўся з-за парты.
— Я не конюх, — сказаў ён мякка, але рашуча.
— А як правільна? I я ж не сказала: конюх.
— Канюкоў. Націск на о. Вялікая розніца.
Класная нечакана пачырванела.
— А ў чым розніца? Патлумачце.
— Прозвішча Конюхаў мае ў сваёй аснове слова «конь», ну і адпаведную сацыяльную скіраванасць. А прозвішча Канюкоў ад слова «канюк» — гэта птушка з сям’і сакаліных, па латыні: archibuteo lagopus. Верагодна, спачатку прозвішча было прасцейшым і карацейшым: Канюк, але расейцы ўсім часта дадавалі свае канчаткі. У ходзе русіфікацыі.
— Як вы ўсё талкова растлумачылі. Асабліва пра расіян. Выбачайце.
— Ды нічога, — Ігнат раптам і сам засаромеўся.
5
На ўроках было сумнавата. Ігнат не любіў матэматыку, хімію, раўнадушна ставіўся да фізікі, але астраноміяй захапляўся. А больш за ўсё паважаў літаратуру. Праўда, беларускай мовы і літаратуры ў праграме не было ў сувязі з тым, што большасць вучняў былі ці дзеці вайскоўцаў, ці самі вайскоўцы, і ў іх вячэрняй школе пра беларускую мову і не нагадвалі.
Нягледзячы на тое, што адставанне па праграме было даволі значнае, вучоба давалася яму, як і Яфіму Гурскаму, з лёгкасцю. Побач з імі сядзелі за партамі самыя розныя людзі, але большасць з іх з вялікай цяжкасцю засвойвала праграму.
Капітан Дзівіцкі, саромеючыся, спісваў у Ігната заданні. Ігнат яго разумеў: Дзівіцкаму, каб атрымаць чарговае званне, трэба было прадставіць па месцы службы атэстат аб сярэдняй адукацыі. «А потым, — казаў капітан, — выйду на пенсію і займуся рыбалкай. Усё, братка, надакучыла».
На першай парце проста перад настаўніцкім сталом сядзеў старшына Траўкін — невысокі, з дробным зморшчаным тварам чалавек аднекуль з Расеі, мэтай жыцця якога ў апошні час было стаць лейтэнантам і атрымаць афіцэрскія пагоны. Маладыя жонкі афіцэраў, а іх у класе было трое, якія
не паспелі калісьці скончыць школу, бо рана павыходзілі замуж, пасмейваліся з яго і расказвалі розныя непрывабныя гісторыі. Казалі, што Траўкін неверагодна скупы і трымае сям’ю ледзь не ў голадзе, што салдаты прыляпілі яму мянушку «мачалка», бо ён не дае ім спакою ні днём, ні ноччу, і што Траўкін, каб дасягнуць сваёй мары, гатовы на любыя прыніжэнні. I сапраўды, Траўкін паводзіў сябе як халоп: кідаўся выціраць дошку, абмахваў перад настаўнікамі крэсла, з усімі імі адразу згаджаўся. Ён быў да таго ж неверагодна тупы. Самыя простыя заданні па школьнай праграме даваліся яму з вялікай цяжкасцю, але ні ў адной настаўніцы не падымалася рука паставіць яму «нездавальняюча»: яго шкадавалі, нібы ўбогага.
Веліеў моўчкі праседжваў урокі, а ў перапынках ішоў курыць. У курыльні ён таксама змрочна маўчаў і перакідваўся толькі двума-трыма словамі з Ігнатам, які неяк пачаставаў таго віном. Віно Ігнат калі-нікалі прыносіў у біклазе, якую трымаў у кішэні курткі, на перапьшках раз-пораз робячы глыток пад цыгарэту: так рабілі героі з прачытаных ім кніг Хэмінгуэя. Веліеў у адказ частаваў яго «траўкай», якую, з яго слоў, яму прысылалі з радзімы не толькі ў пасылках, а нават і ў канвертах. Ён выцярушваў тытунь з папяросы і спрытна набіваў яе «траўкай», потым прыпальваў, зацягваўся і паважліва казаў заўсёды адно і тое ж:
— О-о, кайф!
Маладыя афіцэрскія жонкі сядзелі за адной партай, часта цягнулі ўгору рукі і адказвалі, карыстаючыся канспектамі. Гаварылі пра «злавесны імперыялістычны альянс», «прагрэсіўных лейбарыстаў», «сяброў-камуністаў з Афрыкі» і г.д. Усе, у тым ліку і настаўнікі, ведалі, што яны карыстаюцца канспектамі сваіх мужоў, але рабілі выгляд, быццам нічога не заўважаюць.
Адна з іх — Аксана — была даволі сексапільнай: смуглявая, з акуратнай цёмнавалосай галоў-
кай, развітай і зграбнай постаццю каханкі. Яна сядзела крыху наперадзе, з краю і цераз праход. Часта не ведала элементарных рэчаў па праграме, не кажучы ўжо пра тое, што іншыя засвоілі яшчэ ў дзённай школе ці дома, мала чытала, але не саромелася гэтага, а белазуба ўсміхаючыся, тлумачыла ўсё занятасцю. Заставалася толькі здагадвацца, чым яна была занятая. Ігнату яна падабалася, і ўсё часцей яго позірк спыняўся на ёй. Пэўна, Аксана адчувала гэта: жанчыны імгненна заўважаюць такія рэчы, бо калі-нікалі яна азіралася і ўсміхалася яму, a то яшчэ мела звычку іншы раз, пэўна, наўмысна, падцягваць панчохі так, што агаляліся ногі вышэй каленяў, і глядзела пры гэтым у яго бок смела і па-змоўніцку.
Сум знікаў на ўроках літаратуры. Вучні іх выпускнога дзесятага класа мала чыталі і ўвогуле не ведалі, хто такія і што напісалі Сартр, Фолкнер, Фіцджэральд, Селін, Джойс, Голсуорсі, Камю і іншыя «вядомыя» пісьменнікі. Нават у іх маладой настаўніцы Паліны Мікалаеўны Ігнат, не жадаючы таго, выявіў прабелы. I яго адхіленні ад праграмы, вядома, не засталіся незаўважанымі на ўроках. «Ну, а што скажа на гэта Канюкоў?» — часта пыталася класная, і вяснушкі на яе твары амаль знікалі пад лёгкім румянцам. Кагосьці яна Ігнату ўвесь час нагадвала. Толькі каго?
На ўроках рускай мовы іншым разам пісалі дыктоўкі, каб пасля выявіць, разгледзець і прааналізаваць памылкі, а на ўроках літаратуры даволі часта ўжывалася такая форма, як сачыненні: па тэме і на вольную.
Першая заданая праграмная тэма — па рамане Чарнышэўскага «Что делать?» — выклікала ў Ігната ўнутраны пратэст, які ён не крывячы душой і выказаў у кароткім тэксце за сорак пяць мінут школьнага ўрока.
«Клоповоняюіцнй роман клоповоняюіцего молодого человека» — так назваў ён свой літпасаж. У Ka-
раценькім уступе Ігнат паведамляў, што рызыкоўны тэрмін «клоповоняюіцйй», вядома, належыць не яму асабіста, а пісьменніку Фёдару Дастаеўскаму, які назваў так свайго калегу па пяры. А тое, што назва і мянушка трапная, у яго, Канюкова, сумнення не выклікае. На некалькіх старонках у школьным сшытку Ігнат распавёў далей, чаму ён лічыць раман «смрадным явленнем русской действнтельностн». Аўтар рамана не толькі мазахіст, даводзіў Ігнат, а і зласлівы ненавіснік сваёй радзімы, рэнегат і графаман. Героі рамана — тупыя радыкалы і вычварэнцы, а гераіня — Вера Паўлаўна — не што іншае, як замаскіраваная німфаманка і дурнаватая феміністка.
— Канюкоў! — мякка загадала яму праз дзень Паліна Мікалаеўна. — Застаньцеся, калі ласка, пасля ўрока на некалькі хвілін!
Класная была ў вязанай аранжавай кофце і зялёнай сукенцы, якая толькі падкрэслівала яе хлапчуковую постаць. На дзявочым твары яе чыталася крыўда і, тым не менш, некаторая няўпэўненасць.
— Паслухайце, Ігнат, — пачала яна. — Чым вы растлумачыце гэты ваш опус? — Яна паклала на стол сшытак. — Я маю на ўвазе ваша сачыненне.
— Я выказаў сваё меркаванне, — паціснуў плячыма Ігнат.
— Вы і ў дзённай школе выказваліся ў такой катэгарычнай форме? Але навошта? Мяркую, гэта вам пагражае толькі непрыемнасцямі.
Ігнату сапраўды стала няёмка.
— Выбачайце мне, — запознена засаромеўся раптам ён. — Я сапраўды вінаваты, бо згодны з тым, што не ўсё трэба гаварыць як ёсць, я разумею, да таго ж я і вас мог падставіць: раптам якая праверка.
— He ў гэтым справа, Ігнат. Вы яшчэ вельмі малады і можаце пашкодзіць сабе. Вы, дарэчы, па гуманітарным профілі збіраецеся паступаць?
— Бадай што так.
— Ну і калі вы на ўступным экзамене ў інстытут напішаце, што Вера Паўлаўна з рамана Чар-
нышэўскага скрытая распусніца, то што тады будзе? Вы разумееце?
— Трэба было выказацца інакш. Німфаманка, напрыклад.
— Дзе вы толькі нахапаліся ўсяго? I ўсё-ткі вы згодны, што так нельга?
— Так. Толькі згодны з вамі.
— Яшчэ горш тое, што вы ў сваім сачыненні сумняваецеся ў рэвалюцыйнай справядлівасці, у камуністычнай ідэі...
— Я Салжаніцына днямі прачытаў. Яго аповесць у часопісе «Новый мнр» надрукавалі. Называецца «Однн день Нвана Деннсовнча». Дык у ёй ён увогуле ва ўсім сумняваецца. Пра гэтую аповесць шмат гавораць і самае рознае: і ў газетах, і па радыё, і па тэлебачанні. Вы хіба не чулі?
Класная раптам сумелася.
— Я... я яшчэ не чытала. Муж сказаў, што лухта.
— А муж у вас, прабачце, ён хто?
Паліна Мікалаеўна нечакана зачырванелася.
— Ну, ён служыць, калі вам, Ігнат, гэта цікава. Афіцэр. Вы ж таксама дзесьці працуеце? А кім?
— Наўрад ці вам гэта нешта праясніць, — сказаў Ігнат. — Я на фабрыцы рабочым працую. Пакуль, вядома. Як атэстат атрымаю, паспрабую паступіць у інстытут.
— Мне б хацелася, каб у вас, Ігнат, усё атрымалася. Вось забярыце, — яна вярнула яму сшытак.
На аўтобусным прыпынку Ігнат разгарнуў яго. У канцы пасля апошняга сказа ў яго амбіцыйным, як ён ужо і сам зразумеў, сачыненні чырвоным алоўкам была выведзена адзнака «5».
У другі раз даволі гарачая дыскусія адбылася на ўроку па тэме «Пушкін і дзекабрысты». Паліна Мікалаеўна пачала размову аб сувязі вялікага расейскага паэта са змоўшчыкамі, гаварыла пра тое, што дзекабрысты кінулі ў народ «іскру», працытавала з гэтай нагоды і Правадыра, увогуле, усё сказанае ёй можна было прачытаць і ў падручніку. Успомні-