Навелы
Андрэ Маруа
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 237с.
Мінск 1996
Жан Манье ўзяў калоду карт і расклаў іх так, як навучыла яго Фані. Яму выпала ўдача.
* ★ ★
Падарожжа цягнулася доўга. Поезд шпарка імчаўся міма баваўняных палёў, дзе працавалі негры — чорныя кропкі сярод белай пены. Жан Манье то чытаў, то драмаў, то зноў прабаваў чытаць — так прайшлі два дні і дзве ночы. Нарэшце яны ўехалі ў горы, гіганцкія, фантастычныя, казачныя. Цягнік з гулам ішоў у цясніне паміж высачэнных скал, перасечаных упоперак фіялетавымі, жоўтымі і чырвонымі палосамі. Паміж скал, на палове іх вышыні, доўгаю белаю стужкай віселі аблокі. На дробных станцыях можна было ўбачыць мексіканцаў у шырокіх капелюшах і вышываных скураных куртках.
— Наступная станцыя — Дымінг, — папярэдзіў Жана Манье негр, праваднік спальнага вагона. — Пачысціць вам чаравікі, містэр?
Француз сабраў свае кніжкі і зачыніў чамадан. Звычайнасць гэтага, што ні кажы, апошняга пада-
рожжа здзіўляла яго. Ён пачуў шум горнага патоку. Заскрыгаталі тармазы. Цягнік спыніўся.
— У «Танатос», сэр? — аклікнуў Жана Манье насільшчык-індзеец, прабягаючы паўз вагоны. Ён пагрузіў ужо ў сваю каламажку багаж дзвюх маладзенькіх бландзінак, якія тупалі за ім услед.
«Няўжо гэтыя дзве мілыя дзяўчыны прыехалі сюды паміраць?» — падумаў Жан Манье.
Яны зірнулі на яго засмучанымі вачамі і прашапталі нейкія словы, якіх ён не разабраў.
Аўтобус атэля «Танатос» зусім не быў падобны на катафалк, як некаторыя маглі сабе ўявіць. Пафарбаваны ў ярка-сіні колер, блакітны і жоўценькі ўнутры, ён зіхацеў на сонцы сярод абшарпаных і разбітых аўтамашын, якія надавалі прывакзальнаму двару, дзе не сціхала іспанская і індзейская лаянка, выгляд рынку, заваленага жалезным ламаччам. Скалы, што абступалі дарогу, абраслі лішайнікам, былі пакрыты блакітна-шэрай смугой, a вышэй выблісквалі металічныя колеры горных парод. Шафёр, тоўсты чалавек з лупатымі вачамі, быў у шэрым форменным адзенні. Жан Манье з далікатнасці сеў побач з ім, каб не дакучаць сваім спадарожніцам. Потым, калі машына пачала пятляць, крута падымаючыся ўгору, француз паспрабаваў загаварыць са сваім маўклівым суседам:
— Вы даўно працуеце шафёрам «Танатоса»?
— Тры гады, — прабурчаў шафёр.
— Дзіўная, відаць, работа.
— Дзіўная? — паціснуў плячамі шафёр. — Чаму дзіўная? Я ваджу аўтобус. Што ж тут дзіўнага?
— Скажыце, вашы пасажыры калі-небудзь вяртаюцца?
— He часта, — крыху збянтэжана адказаў той. — He часта... Але гэта бывае. Вось, напрыклад, я.
— Вы? Сапраўды? Вы прыехалі сюды як... кліент?
— Вось што, містэр, — сказаў шафёр, — я ўзяўся за гэтую работу не для таго, каб у мяне пыталіся, дый павароты тут небяспечныя. Вы ж, мабыць, не хочаце, каб я ўкакошыў вас і гэтых дзяўчынак.
— Вядома, не хачу, — згадзіўся Жан Манье і, зразумеўшы недарэчнасць свайго адказу, усміхнуўся.
Гадзіны праз дзве шафёр моўчкі паказаў яму пальцам на сілуэт «Танатоса», які вырысоўваўся на пласкагор’і.
* * *
Атэль быў пабудаваны ў іспана-індзейскім стылі: нізкі, са ступеньчатым дахам і чырвонымі мураванымі сценамі — грубая імітацыя пад гліну. Пакоі выходзілі на поўдзень, на крытыя веранды, шчодра асветленыя сонцам. Прыезджых сустрэў парцьеітальянец. Яго чыста выбрыты твар адразу ж нагадаў Жану Манье другую краіну, вуліцы вялікага горада, бульвары ў кветках.
— Чорт вазьмі, дзе я вас бачыў? — запытаў ён у парцье ў той час, як хлопчык-слуга браў яго чамадан.
— У Барселоне, сэр, у атэлі «Рыц»... Прозвішча маё — Сарконі... Я выехаў адтуль, калі пачалася рэвалюцыя...
— 3 Барселоны ў Новую Мексіку! Нішто сабе махнуў!
— О, сэр, пасада швейцара ўсюды аднолькавая. Толькі карткі, якія я папрашу вас запоўніць, тут крыху даўжэйшыя. Вы ўжо, калі ласка, даруйце, сэр.
Ён падаў гасцям друкаваныя бланкі, дзе сапраўды было многа граф, пытанняў і падрабязных тлумачэнняў. Кліентам прапаноўвалася дакладна запісаць дату і месца свайго нараджэння, а таксама прозвішчы асоб, якіх трэба апавясціць у выпадку няшчаснага здарэння.
«Просьба прыкласці адрасы сваякоў ці сяброў (самае меншае — два) і абавязкова перапісаць уласнаручна на сваёй роднай мове наступную заяву (форма A):
Я, ніжэйпадпісаны будучы пры сваім розуме і пры цвёрдай памяці, сцвярджаю і сведчу, што
сам добраахвотна расстаюся з жыццём, а таму здымаю цалкам з дырэкцыі ўсякую адказнасць, калі са мною што здарыцца...»
Седзячы за суседнім столікам адна адной насупраць, дзве прыгожанькія спадарожніцы Жана Манье старанна перапісвалі форму. Ён заўважыў, што яны выбралі нямецкі тэкст.
* * *
Дырэктар атэля Генры Берстэкер, спакойны чалавек у акулярах з залатой аправай, вельмі ганарыўся сваім адмысловым пансіянатам.
— Гэта ваш атэль? — запытаў яго Жан Манье.
— He, сэр, — гэта ўласнасць акцыянернага таварыства, але ідэя сапраўды мая, і я прызначаны яго дырэктарам пажыццёва.
— А як вам удаецца пазбегнуць непрыемнасцей з боку мясцовых улад?
— Непрыемнасцей! — здзівіўся Генры Берстэкер, страшэнна шакіраваны. — Але ж мы не робім нічога, што супярэчыла б звычайным абавязкам гаспадароў атэля. Мы даём нашым кліентам тое, чаго яны хочуць, і толькі... Зрэшты, пан Манье, ніякіх мясцовых улад тут няма. Гэта тэрыторыя так дрэнна размешчана, што ніхто дакладна не ведае, каму яна належыць — Мексіцы ці Злучаным Штатам. Доўгі час гэта плато лічылася недаступным. Існуе легенда, што некалькі стагоддзяў таму назад сюды ўцяклі рэшткі аднаго індзейскага племені, каб памерці разам, ратуючыся ад еўрапейцаў, і тутэйшыя жыхары кажуць, што душы іх вартавалі калісьці гару, не дазваляючы нікому падняцца. 3 гэтай прычыны нам і ўдалося купіць тут зямлю па сходнай цане, каб жыць вольна і незалежна.
— А сем’і вашых кліентаў ніколі не падавалі на вас у суд?
— Падаваць на нас у суд? — абразіўся Берстэкер. — Божа праведны, а за што? Хто нас можа судзіць? Наадварот, сэр, сем’і нашых кліентаў рады, што нам без усякага скандалу ўдаецца вы-
зваліць іх ад праблем далікатных і, часта, вельмі пакутлівых. He, не, сэр, мы ўсё гэта робім хораша, карэктна, нашы кліенты — нашы лепшыя сябры... Можа, вы жадаеце паглядзець свой пакой? Калі вы не супраць, мы вас змесцім у нумар сто трынаццаты. Спадзяюся, вы не верыце ў прыкметы?
— Ніколькі, — адказаў Жан Манье. — Але я выхаваны ў строгіх рэлігійных правілах, і, шчыра прызнаюся, думка аб самагубстве мяне трывожыць.
— Што вы, сэр! Якое самагубства! Аб гэтым і размовы не можа быць, — сказаў Берстэкер такім безапеляцыйным тонам, што яго субяседнік адразу сціх. — Сарконі, праводзьце пана Манье ў нумар сто трынаццаты. А што датычыцца трохсот долараў, калі ласка, сэр, аддайце іх па дарозе нашаму касіру, кабінет якога знаходзіцца побач з маім.
Дарэмна шукаў Жан Манье ў нумары 113, цудоўна асветленым аранжавым захадам сонца, слядоў якіх-небудзь смертаносных прылад.
* * *
— Калі ў вас вячэра?
— У восем трыццаць, сэр, — адказаў слуга.
— Пераадзявацца трэба?
— Большасць джэнтльменаў трымаецца гэтага правіла, сэр.
— Добра. Я пераадзенуся. Падрыхтуйце мне чорны гальштук і белую сарочку.
Увайшоўшы ў салон, Манье сапраўды ўбачыў дэкальтаваных дам і мужчын у смокінгах.
Да яго адразу ж падышоў пан Берстэкер, прыветлівы і пачцівы.
— О, пан Манье... Вы з’явіліся... А я вас шукаў... Паколькі вы адзін, я падумаў, ці не будзе вам прыемней павячэраць у кампаніі з адной нашай кліенткай, місіс Кірбі-ІПоў.
Манье з незадавальненнем паморшчыўся:
— Я прыехаў сюды не затым, каб весці свецкае жыццё... Але ўсё роўна... Вы можаце паказаць мне гэтую даму, не знаёмячы з ёю?
— Вядома, пан Манье... Місіс Кірбі-Шоў — вунь тая маладая жанчына ў белым крэп-сацінавым плацці, што сядзіць каля піяніна і гартае часопіс. Мне не верыцца, каб яе фізічны выгляд каму-небудзь не спадабаўся... Хутчэй наадварот... Гэта — на рэдкасць прыемная дама, добра выхаваная, інтэлігентная, з артыстычнай душой...
Сапраўды місіс Кірбі-Шоў была вельмі прыгожая жанчына. Цёмныя валасы ў дробных буклях звісалі аж да патыліцы, адкрываючы высокі лоб. Вочы разумныя, цёплыя, мяккія. На якога чорта гэта мілая істота надумалася шукаць сабе смерці?
— Няўжо 1 місіс Кірбі-Шоў?.. Што, хіба і гэтая дама прыехала да вас, як і я, з той жа мэтай?
— Напэўна, — адказаў пан Берстэкер і шматзначна падкрэсліў: — На-пэў-на.
— Калі так, пазнаёмце мяне.
Пад канец вячэры, простай, але выдатнай і цудоўна сервіраванай, Жан Манье ўжо ведаў амаль усё галоўнае з біяграфіі Клары Кірбі-Шоў. Яна выйшла замуж за чалавека багатага, добрага па натуры, якога не любіла. Пакінуўшы яго паўгода назад, яна выехала ў Еўропу з адным вельмі прывабным і цынічным маладым пісьменнікам, з якім сустрэлася ў Нью-Йорку. Яна думала, што гэты малады чалавек ажэніцца з ёю, як толькі яна атрымае развод, але, апынуўшыся ў Англіі, ён даў ёй зразумець, што яна яму надакучыла і не патрэбна. Абражаная і пакрыўджаная яго жорсткасцю, яна паспрабавала растлумачыць яму, што дзеля яго ахвяравала ўсім і становішча яе жудаснае. Ён нахабна рассмяяўся.
— Клара, вы сапраўды жанчына мінулага стагоддзя, — сказаў ён, здзекуючыся. — Калі б я падазраваў, што вы так нашпігаваны віктарыянскімі поглядамі, я б не звязваўся з вамі, не забіраў бы вас ад мужа і дзяцей. Мілая мая, вам трэба вярнуцца. Ваша прызванне — мець кучу дзяцей і няньчыць іх.
Тады яна ўхапілася за апошнюю надзею — угаварыць свайго мужа, Нормана Кірбі-Шоў, каб той узяў яе назад. Яна была ўпэўнена, што, спаткаўшыся з ім вока на вока, здолее крануць яго сэрца і дабіцца свайго. Аднак Норман, абкружаны зграяй
сваякоў і кампаньёнаў, варожа настроеных супраць Клары, якія сачылі за кожным яго крокам, быў няўмольны. Пасля некалькіх дарэмных спроб, зняважапая, даведзеная да адчаю, аднойчы раніцай яна знайшла ў сваёй паштовай скрынцы праспект атэля «Танатос» і зразумела, пгго гэта адзіны спосаб, хуткі і лёгкі, вырвацца з той страшнай пасткі, у якую яна трапіла.
— А вы не баіцеся смерці? — запытаў Жан Манье.
— Вядома, баюся... Але япгчэ болып мяне пужае жыццё.
— Дасціпны адказ, — заўважыў Манье.
— Гора навучыць, — уздыхнула Клара. — A цяпер раскажыце мне, як вы тут апынуліся.
Выслухаўшы расказ Жана Манье, яна яго строга адчытала.
— He магу паверыць! — сказала яна. — Як?.. Вы хочаце памерці толькі таму, што панізілася цана вашых акцый? Няўжо вы не разумееце, што праз год, праз два, самае большае праз тры, калі ў вас хопіць мужнасці жыць, вы ўсё гэта забудзеце і, можа, нават вернеце свае страты?..