Навелы
Штэфан Цвэйг, Томас Ман
Выдавец: Юнацтва
Памер: 319с.
Мінск 1996
Пасля гэтага пачалася сур’ёзная нарада. Строга кажучы, новы чэмпіён не быў жыхаром мястэчка, тым не менш мясцовы патрыятызм быў закрануты за жывое. Можа, у малюсенькага мястэчка, якое наўрад ці было адзначана на карце, нарэшце-такі з’явіцца шанц на-
звацца радзімаю славутасці. Імпрэсарыо па прозвішчы Колер, які забяспечваў шансанеткамі і спявачкамі мясцовае афіцэрскае казіно, заявіў, што ён згодзен арганізаваць хлапцу на працягу года ўрокі ў свайго венскага знаёмага, неблагога знаўцы шахматнай гульні, калі знойдуцца грошы, каб заплаціць за навучанне. Грошы адразу ж згадзіўся даць граф Зімчыц — бо за шэсцьдзесят гадоў штодзённай гульні ў шахматы яму ні разу не даводзілася змагацца з такім надзвычайным сапернікам. 3 гэтага дня пачалася кар’ера сына дунайскага лодачніка.
Праз паўгода Мірка авалодаў усімі сакрэтамі шахматнай тэхнікі; праўда, адно яму не давалася — гэта пазней было заўважана спецыялістамі і часта выклікала іх насмешкі. Ніводнай партыі Чэнтавіч не мог запомніць,— кажучы на мове прафесіяналаў, не мог гуляць усляпую. Ен быў абсалютна няздольны ўзнавіць у сваім уяўленні шахматную дошку. Яму абавязкова трэба было мець перад вачамі сапраўдную дошку з шасцюдзесяццю чатырма чорнымі і белымі квадратамі і трыццаццю дзвюма фігурамі; нават калі ён зрабіўся сусветнаю славутасцю, ён нязменна насіў з сабою складныя кішэнныя шахматы, каб мець магчымасць у любы момант наглядна ўзнавіць патрэбную яму класічную партыю ці рашыць цікавую задачу. Хоць сам па сабе гэты дэфект не быў асабліва важны, ён тым не менш сведчыў пра недахоп фантазіі і выклікаў ажыўленую гаворку ў колах дасведчаных людзей — такая гаворка ўзнікае, напрыклад, у асяроддзі музыкантаў, калі выяўляецца, што выдатны віртуоз або дырыжор не можа іграць ці дырыжыраваць па памяці, без нотаў. Але гзтая дзіўная ўласцівасць не перашкодзіла надзвычайнаму поспеху Міркі. У семнаццаць гадоў у яго ўжо было з дзесятак розных прызоў, у васемнаццаць ён стаў чэмпіёнам Венгрыі і, нарэшце, у дваццаць — чэмпіёнам свету. Самыя выдатныя шахматысты, якія, бясспрэчна, далёка перавышалі яго розумам, палётам фантазіі і смеласцю, не змаглі супрацьстаяць яго жалезнай, халоднай логіцы, як не мог Напалеон супрацьстаяць цяжкаму на пад’ём Кутузаву і Ганібал — Фабію Кунктатару, у якога, па сведчанні Лівія, рысы апатыі і прыдуркаватасці выразна выяўляліся ўжо ў раннім дзяцінстве. I таму атрымалася, што ў бліскучай плеядзе выдатных шахма-
тыстаў, сярод якіх былі значныя прадстаўнікі ў самых розных галінах інтэлектуальнай працы — філосафы, матэматыкі, людзі з мастацкім чуццём, вынаходніцкімі здольнасцямі і нярэдка творчым талентам,— упершыню аказаўся абсалютны чужаніца — хмурны, маўклівы неразвіты вясковы хлапец. Самыя спрытныя журналісты не маглі выцягнуць з яго ні слова, якое можна бьіло б скарыстаць для якога-небудзь артыкула. Калі Чэнтавіч быў вінен газетам вострыя словы, то замест іх ён даваў шчодрую спажыву мноству анекдотаў пра сябе. Варта яму было толькі ўстаць з-за шахматнай дошкі, дзе ён не ведаў сабе роўных, як ён адразу ж рабіўся забаўнаю, ледзь не камічнаю фігураю. Нягледзячы на бездакорны гарнітур, шыкоўны гальштук і шпільку з занадта кідкаю жамчужынаю і старанна наманікюраныя ногці, ён заставаўся ў паводзінах і манерах такім жа, як і раней — абмежаваным вясковым хлапцом, які яшчэ нядаўна падмятаў кухню ў святара. Выкарыстоўваючы свой талент і славу, ён стараўся зарабіць як мага болей грошай, праяўляў пры гэтым дробязную і нярэдка грубую прагнасць. Рабіў ён усё гэта з бессаромнаю адкрытасцю, якая выклікала раздражненне і пастаянныя насмешкі ў калег. Цадарожнічаючы з горада ў горад, ён спыняўся ў самых танных гасцініцах, згаджаўся гуляць у любым шахматным клубе, які гатовы быў заплаціць яму ганарар, прадаў фабрыканту мыла права змяшчаць свой партрэт на рэкламных аб’явах і, не звяртаючы ўвагі на пагардлівыя насмешкі сапернікаў, якія ведалі, што ён няздольны напісаць без памылак тры сказы, выдаў пад сваім імем кнігу «Філасофія шахматнай гульні» — напісаў яе бедны галіцыйскі студэнт па заказе аднаго прадпрымальнага выдаўца. Як звычайна бывае з людзьмі такога складу, Чэнтавіч цалкам быў пазбаўлены пачуцця гумару; стаўшы чэмпіёнам свету, ён пачаў лічыць сябе самым важным чалавекам на свеце. Усведамленне таго, што ён здолеў перамагчы ўсіх гэтых разумных і культурных людзей, бліскучых прамоўцаў і пісьменнікаў на іх уласным полі, і перш за ўсё той відавочны факт, што ён зарабляе болып за іх грошай, ператварылі яго ранейшую няўпэўненасць у халодную, адкрыта паказную ганарыстасць.
— Ці ж дзіўна, што лёгка здабытая слава закружыла вось такую пустую галаву,— скончыў мой сябар і
прывёў некалькі класічных прыкладаў амаль дзіцячага славалюбства Чэнтавіча.— Чаму ж дваццаціаднагадоваму хлапцу з Баната не стаць звышпыхлівым, калі, рухаючы на дошцы фігуркі, ён можа за тыдзень зарабіць болей, чым уся яго вёска за цэлы год на лесапавале ці на якіх-небудзь іншых цяжкіх работах. I потым, шчыра кажучы, вельмі лёгка лічыць сябе вялікім чалавекам, калі ў тваёй галаве няма і следу думкі пра тое, што на свеце жылі калісьці Рэмбрант, Бетховен, Дантэ і Напалеон. Гэты хлапец ведае ў сваім абмежаваным мозгу толькі адно: ужо каторы месяц ён не прайграў ніводнай партыі. А не маючы аніякага ўяўлення пра тое, што на свеце існуюць іншыя вартасці, апроч шахмат і грошай, ён мае ўсе падставы быць у захапленні ад уласнае асобы.
Сябраў расказ, вядома, выклікаў у мяне вялікую цікавасць. Я ўсё жыццё цікавіўся рознымі відамі манаманаў — людзей ва ўладзе адной-адзінай ідэі, бо чым вузей рамкі, якімі абмяжоўвае сябе чалавек, тым болып ён у пэўным сэнсе набліжаецца да бясконцасці. Якраз такія вонкава абыякавыя да ўсяго на свеце людзі ўпарта, як мурашкі, будуюць з нейкага асаблівага матэрыялу свой ні на што не падобны маленькі свет, які здаецца ім паменшаным адлюстраваннем сусвету. Таму я не схаваў ад сябра свайго намеру — пастарацца за час дванаццацідзённаіа падарожжа да Рыо бліжэй пазнаёміцца з гэтаю асобаю, надзеленаю такімі аднабаковымі здольнасцямі.
— Але наўрад ці гэта вам удасца,— папярэдзіў мяне сябар.— Наколькі я ведаю, яшчэ нікому не ўдалося вывудзіць з Чэнтавіча хоць крыху матэрыялу, прыдатнага на псіхалагічныя вывады. Пры ўсёй сваёй неверагоднай абмежаванасці гэты хітры селянін дастаткова разумны, каб не паказваць сваіх слабасцяў. Спосаб у яго просты: за выключэннем землякоў, дый то людзей свайго ўзроўню, з якімі ён сустракаецца ў танных гасцініцах, Чэнтавіч пазбягае пачынаць з кім-небудзь размову. Адчуўшы, што перад ім адукаваны чалавек, ён адразу, як смоўж, хаваецца ў сваю ракавіну; таму ніхто не можа пахваліцца, што чуў ад яго нейкае глупства і здолеў ацаніць усю глыбіню яго невуцтва.
Мой сябар, здавалася, меў рацыю. Завязаць знаёмства з Чэнтавічам у першыя дні нашага падарожжа аказа-
лася немагчыма — хіба толькі трэба было праявіць нахабства,— але я не прыхільнік такіх метадаў. Часам ён выходзіў на верхнюю палубу і гуляў там, заўсёды з рукамі за спінаю, паглыблены ў горды роздум, зусім як Напалеон на вядомым партрэце; але, гуляючы па палубе, ён заўсёды так спяшаўся, што мне, каб дасягнуць свае мэты, прыйшлося б бегчы за ім трушком. Ен ніколі не паказваўся ў гасцінай, у бары ці ў курыльным салоне; сцюард, ад якога я даведаўся пра гэта пад сакрэтам, сказаў мне, што большую частку дня ён праводзіць у сябе ў каюце за вялікаю шахматнаю дошкаю, разбірае згуляныя партыі ці рашае шахматныя задачы.
Праз тры дні я пачаў ужо сапраўды злавацца, што абарончая тактыка Чэнтавіча аказалася мацнейшай за маё жаданне як-небудзь да яго дабрацца. Дагэтуль мне не даводзілася сустракацца з выдатнымі шахматыстамі; і чым больш я стараўся зразумець гэты тып людзей, тым недаступнейшаю майму розуму здавалася праца чалавечага мозгу, якая цалкам сканцэнтравалася на невялічкай прасторы, раздзеленай на шэсцьдзесят чатыры чорныя і белыя квадраты.
3 асабістага вопыту я быў знаёмы з таямнічаю чароўнасцю «каралеўскай гульні», адзінай з гульняў, прыдуманых чалавекам, якая не залежыць ад капрызу выпадку і ўвенчвае лаўрамі толькі розум, ці, дакладней, асобую форму разумовай адоранасці. Але ці ж не з’яўляецца вузкае азначэнне «гульня» абразаю шахматам? А можа, яны навука, нейкае мастацтва, нешта прамежкавае, што лунае паміж гэтымі двума паняццямі, як лунае паміж небам і зямлёю Магаметава труна; у гэтай гульні спалучаюцца самыя супярэчлівыя паняцці: яна і старажытная, і вечна новая; механічная ў сваёй аснове, але прыносіць поспех толькі таму, у каго ёсць фантазія; абмежаваная нерухомай геаметрычнай прасторай — і разам з тым бясконцая ў сваіх камбінацыях; яна няспынна развіваецца — і ўсё-такі зусім бясплодная; думка без вываду, матэматыка без выніку, мастацтва без твораў, архітэктура без камянёў. I тым не менш гэтая гульня вытрымала выпрабаванне часам лепей, чым усе кнігі і ўсё створанае людзьмі, гэта адзіная гульня, якая належыць усім народам і ўсім эпохам, і ніхто не ведае імя боства, якое прынесла яе на зямлю, каб развейваць нуду, удасканальваць розум, весяліць
душу. Дзе пачатак яе і дзе канец? Яе простыя правілы можа вывучыць кожнае дзіця, у ёй спрабуе свае сілы любы аматар, і ў той жа час у яе нязменна цесных квадратах нараджаюцца зусім адметцыя, ні з кім не параўнальныя майстры — людзі, адораныя выключна шахматнымі здольнасцямі; гэта асаблівыя геніі, якім палёт фантазіі, настойлівасць і майстэрства дакладнасці ўласцівыя не менш, чым матэматыкам, паэтам і кампазітарам — толькі ў іншым спалучэнні і з іншаю накіраванасцю. Раней, у час захаплення фізіянамічнымі даследаваннямі, які-небудзь Галь мусіў бы ў першую чаргу даследаваць галаўны мозг такіх геніяльных шахматыстаў, каб выявіць, ці няма ў шзрым рэчыве мозгу асаблівай звіліны, ці няма там якога-небудзь асаблівага шахматнага нерва або шахматнай шышкі. I якую цікаўнасць выклікаў бы ў фізіянаміста такі індывідуум, як Чэнтавіч, у каго гэтая асаблівая геніяльнасць угняздзілася ў мозгу, зусім некранутым і вялым,— як у глыбе пустой горнай пароды хаваецца адна-адзіная залатая жылка. У прынцыпе я разумеў, што такая па-свойму адзіная геніяльная гульня не магла не спараджаць і адпаведных славутасцей, і ўсё-такі мне было заўсёды цяжка, амаль немагчыма ўявіць сабе жыццё чалавека з дзейным розумам, які абмежаваў бы свой свет невялікаю бела-чорнаю прастораю і задаволіўся б толькі тым, што радасць у жыцці знаходзіў бы адно ў перасоўванні сюды і туды трыццаці дзвюх фігур. Я не мог зразумець псіхалогіі чалавека, які верыць у тое, што ход канём, a не пешкай у новым дэбюце можа прынесці яму славу і забяспечыць месцейка сярод бессмяротных,— хай толькі ў кароценькай заўвазе дзе-небудзь у настаўленні па шахматнай гульні,— чалавека, мыслячага чалавека, які, не будучы вар’ятам, на працягу дзесяці, дваццаці, трыццацф сарака гадоў зноў і зноў аддае ўсю сілу свайго розуму бязглуздаму занятку — загнаць у вугал драўлянай дошкі драўлянага караля.