• Газеты, часопісы і г.д.
  • Навелы  Штэфан Цвэйг, Томас Ман

    Навелы

    Штэфан Цвэйг, Томас Ман

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 319с.
    Мінск 1996
    128.68 МБ
    бокам далоні з дошкі ўсе фігуры. Мы не адразу зразумелі, што Чэнтавіч здаў партыю. Ен капітуляваў, ён не жадаў, каб мы сталі сведкамі яго канчатковага паражэння. Адбылося нечаканае: чэмпіён свету, пераможца незлічоных турніраў, спусціў сцяг перад незнаёмым, перад чалавекам, які дваццаць ці дваццаць пяць гадоў не дакранаўся да шахмат. Наш сябар, безыменны, у адкрытым баі дабіўся перамогі над мацнейшым шахматыстам свету!
    Самі таго не заўважаючы, мы ўсхвалявана паўскоквалі адзін за адным з месца. У нас усіх было адчуванне, што мы павінны неяк выказаць радаснае здзіўленне, якое авалодала намі, павінны нешта сказаць або зрабіць. Адзін толькі чалавек застаўся нерухомым і спакойным — Чэнтавіч. Пачакаўшы нейкі момант, ён падняў галаву, скіраваў на нашага сябра позірк і спытаўся:
    — Яшчэ адну партыю?
    — Канечне! — адказаў доктар Б. з ажыўленнем, якое непрыемна ўразіла мяне. Потым ён сеў і, перш чым я паспеў нагадаць яму аб яго ўмове — згуляць толькі адну партыю, пачаў з ліхаманкаваю паспешнасцю расстаўляць фігуры. Ен так нерваваўся, калі ставіў іх на месца, што пешка двойчы выслізгвала з дрыготкіх пальцаў і падала на падлогу. Непрыемнае пачуццё, якое авалодала мною ўжо раней, ператварылася з-за яго ненатуральнай усхваляванасці ў страх. Бо гэты раней ціхі і спакойны чалавек быў, відавочна, у нейкім экстазе, ён увесь дрыжаў як у ліхаманцы.
    — He трэба,— шапнуў я яму,— не трэба! На сёння хопіць. Для вас гэта надта вялікае напружанне.
    — Напружанне? Ха-ха! — гучна і пагардліва засмяяўся ён.— Пакуль мы тут валаводзіліся, я мог бы згуляць семнаццаць партый. Адзінае, што мне цяжка, гэта старацца не заснуць пры такіх тэмпах. Ну, дык вы калі-небудзь пачняце?
    Апошнія словы былі сказаны рэзкім, амаль грубым тонам і датычыліся Чэнтавіча. Той паглядзеў на праціўніка спакойна і абыякава, але яго змрочны, каменны позірк нагадваў удар кулаком. Паміж гульцамі ўзнікла адразу ж нешта новае — небяспечнае напружанне, пякучая нянавісць. Гэта не былі болей партнёры, якія жадалі праверыць майстэрства сваё і другога, а ворагі,
    якія пакляліся знішчыць адзін аднаго. Чэнтавіч доўга марудзіў, перш чым зрабіць першы ход, і ў мяне склалася цвёрдае перакананне, што марудзіў ён наўмысна. Несумненна, гэты выпрабаваны ў баях стратэг ужо даўно зразумеў, што яго маруднасць стамляе і раздражняе праціўніка. He менш чатырох мінут спатрэбілася яму для таго, каб зрабіць самы звычайны дэбютны ход — перасунуць каралеўскую пешку на два палі наперад. Наш сябар адразу ж перасунуў каралеўскую пешку са свайго боку, і зноў Чэнтавіч нязносна доўга марудзіў з ходам у адказ: гэтак бывае, калі з дрыготкім сэрцам чакаеш удару грому пасля яркай успышкі маланкі, а грому ўсё няма. Чэнтавіч не варушыўся. Ен абдумваў хады спакойна і няспешна, і ў мяне ўсё болей расло перакананне, што робіць ён гэта наўмысна; яго маруднасць дазваляла мне добра назіраць за доктарам Б. Ен толькі што выпіў трэцюю шклянку вады, і я міжвольна ўспомніў яго расказ аб няўтольнай смазе, якая мучыла яго ў камеры. Выразна выявіліся ўсе адзнакі ненармальнага стану: лоб яго пакрыўся потам, шрам на руцэ пачырванеў і стаў значна болып прыкметны. Але ўсётакі ён трымаў сябе яшчэ ў руках. Толькі пасля чацвёртага ходу, калі Чэнтавіч зноў паглыбіўся ў бясконцы роздум, доктар Б., ускіпеўшы, усклікнуў:
    — Пойдзеце вы, нарэшце, ці не?
    Чэнтавіч холадна паглядзеў на яго.
    — Як. мне помніцца, мы згадзіліся, што абдумваць кожны ход можна дзесяць мінут. Я прынцыпова буду прытрымлівацца гэтага тэрміну.
    Доктар Б. прыкусіў губу. Я заўважыў, што ён з усё болыпым нецярпеннем пастуквае нагою па падлозе, і сам ужо не мог саўладаць з трывогаю — я ўсё болей адчуваў, што з ім вось-вось здарыцца нешта неверагоднае. I папраўдзе: на восьмым ходзе зноў адбылася сутычка. Доктар Б., хваляванне якога ўвесь час расло, не мог схаваць нервовага раздражнення; ён ні хвіліны не сядзеў спакойна на месцы і пачаў цяпер неўсвядомлена барабаніць па стале пальцамі. Чэнтавіч зноў падняў сваю цяжкую мужыцкую галаву.
    — Mary я папрасіць вас перастаць барабаніць па стале? Мне гэта перашкаджае. Я так не магу гуляць.
    — Ха!.. Яно і відаць.
    Лоб Чэнтавіча пачырванеў.
    — Што вы хочаце гэтым сказаць? — спытаўся ён рэзка, са злосцю.
    Доктар Б. зноў коратка, пагардліва засмяяўся.
    — Нічога, акрамя таго, што, відаць, вы вельмі хвалюецеся.
    Чэнтавіч змоўчаў і зноў схіліўся над дошкаю.
    Толькі праз сем мінут ён зрабіў наступны ход. Гульня працягвалася ўсё ў тым жа пахавальным тэмпе. Чэнтавіч быццам ператварыўся ў статую; цяпер, перш чым перасунуць фігуру, ён поўнасцю вытрымліваў вызначаны максімум, а паводзіны нашага сябра з кожным ходам рабіліся ўсё болей дзіўнымі. Здавалася, ён перастаў цікавіцца гульнёю і заняты чымсьці зусім іншым. Ен больш не бегаў усхвалявана з месца на месца, а сядзеў нерухома і, скіраваўшы кудысьці ўдалячынь адсутны, амаль вар’яцкі позірк, мармытаў сабе нешта пад hoc; або ён быў паглыблены ў абдумванне нейкіх бясконцых камбінацый, або — і я моцна падазраваў, што гэта менавіта так,— разыгрываў у галаве зусім другія партыі. Што б там ні было, кожны раз, калі Чэнтавіч рабіў ход, яго трэба было вяртаць да рэчаіснасці. Тады яму заўсёды патрэбна была мінута, каб зноў разабрацца ў становішчы; я ўсё больш пераконваўся, што ў доктара Б. пачаўся прыпадак ціхага вар’яцтва, які ў любы момант мог перайсці ў буйны. Ен быццам забыўся і пра нас, і пра Чэнтавіча. I папраўдзе, на дзевятнаццатым ходзе выбухнуў крызіс. Ледзь толькі Чэнтавіч зрабіў ход, як доктар Б., кінуўшы мімалётны позірк на дошку, раптам прасунуў свайго слана на тры палі наперад і гучна закрычаў:
    — Шах! Шах каралю!
    Чакаючы чагосьці незвычайнага, усе ўтаропіліся вачамі ў дошку. Але праз мінуту адбылося тое, чаго мы ніяк не чакалі. Вельмі павольна Чэнтавіч падняў галаву, чаго ён не рабіў яшчэ ні разу, і абвёў усіх нас поглядам. Нешта, здавалася, прынесла яму надзвычайную асалоду, губы яго паступова расцягнуліся ў задаволенай, прыкметна пагардлівай усмешцы. Толькі калі ён да канца здаволіўся сваім трыумфам, прычына якога была нам пакуль што невядомая, ён з прытворнаю ветлівасцю звярнуўся да прысутных:
    — Прабачце, але я не бачу, дзе тут шах. Можа, хтонебудзь з вас, панове, бачыць шах майму каралю?
    Мы паглядзелі на дошку, а потым з трывогаю на доктара Б. Кароль Чэнтавіча быў абаронены ад слана пешкаю — гэта заўважыла б і дзіця,— і ні пра які шах не магло быць і гаворкі. Мы занепакоіліся. Можа, наш сябар, у хваляванні перасунуў фігуру на поле далей або бліжэй, чым належала? Наша маўчанне прыцягнула цяпер і ўвагу доктара Б., і ён сказаў:
    — Але кароль жа мусіць быць на «f7»... ён стаіць няправільна, зусім няправільна. Вы зрабілі няправільны ход! Усе фігуры стаяць не на сваіх месцах.. гэтая пешка павінна быць на «g5», а не на «g4»... гэта зусім другая партыя... гэта...
    Ен раптам асекся. Я моцна схапіў яго за руку, дакладней, проста ўшчыпнуў з такою сілаю, што нават ён у сваім ліхаманкавым замяшанні адчуў гэта. Ен павярнуўся і, як самнамбул, паглядзеў на мяне:
    — Што... вам трэба?
    — Remember!1 — сказаў я толькі адно слова і лёгенька пагладзіў пальцам шрам на яго руцз. Ен механічна паўтарыў мой жэст і шклянымі вачамі ўтаропіўся на крывава-чырвоную паласу. Раптам ён задрыжаў усім целам, быццам па скуры прабег мароз.
    — Богам прашу,— прашаптаў ён бледнымі губамі,— няўжо я сказаў ці зрабіў якое-небудзь глупства?.. Няўжо магчыма, што я зноў?..
    — He,— ціхім голасам адказаў я,— але вы павінны спыніць гульню зараз жа. Неадкладна! Успомніце, што сказаў вам урач!
    Доктар Б. рэзка ўскочыў з крэсла.
    — Прашу прабачэння за недарэчную памылку,— сказаў ён сваім ранейшым ветлівым голасам і пакланіўся Чэнтавічу.— Я, канечне, сказаў абсалютнае глупства. Зразумела, гэтую партыю выйгралі вы.
    Потым ён звярнуўся да нас:
    — I ў вас, панове, я таксама прашу прабачэння. Але я папярэджваў загадзя, што не трэба ўскладаць на мяне вялікіх спадзяванняў. Прабачце, што я вось так ганебна скончыў гульню. Гэта апошні раз, што я спакусіўся гуляць у шахматы.
    Ен пакланіўся і пайшоў з тым жа сціплым і загадкавым выглядам, з якім упершыню з’явіўся сярод нас.
    Успомніце! (Англ.)
    Я адзін ведаў, чаму гэты чалавек ніколі болей не дакранецца да шахмат, астатнія ж збянтэжана стаялі навокал, няясна здагадваліся, што нешта цёмнае і грознае пранеслася міма і ледзь не закранула іх.
    — Damned fool!' — расчаравана прабурчаў Мак Конар.
    Апошні ўстаў са свайго крэсла Чэнтавіч і кінуў яшчэ адзін позірк на незакончаную партыю.
    — Шкада,— велікадушна сказаў ён.— Атака была зусім няблага задумана. Як на аматара гэты чалавек гуляе на рэдкасць таленавіта.
    1 Пракляты дурань! (Англ.)
    ЗМЕСТ
    ТОМАС MAH
    Пераклад Васіля Сёмухі
    Вундэркінд	 6
    Дарога на могілкі	15
    Марыё і штукар	22
    ШТЭФАН ЦВЭЙГ
    Пераклад Уладзіміра Чапегі
    Пякучая таямніца	71
    Гувернантка	130
    Амок	144
    Дваццаць чатыры гадзіны з жыцця жанчыны	193
    Лепарэла	246
    Шахматная навела	270
    Ман Т.
    М 23 Навелы /Т. Ман; Пер. з ням. В. С. Сёмухі. Навелы: Для сярэд. і ст. шк. узросту/ Шт. Цвэйг; Пер. з ням. У. П. Чапегі; Да зб. у цэлым: Маст. I. Г. Баранаў.— Мн.: Юнацтва, 1996.— 319 с., іл.— (Школьная бібліятэка).
    ISBN 985-05-0068-9.
    У кнігу ўвайшлі найболып значныя навелы, што адлюстроўваюць розныя этапы творчасці пісьменнікаў, якія працавалі ў гэтым жанры: класіка нямецкай літаратуры Томаса Мана (1875—1955) і аўстрыйскай — Штэфана Цвэйга (1881 —1942).
    8300000000 — 044
    М 	 69-95	ББК 84(4Г)
    М 307(03)—96
    Школьная бібліятэка
    Літаратурна-мастацкае выданне
    МАН Томас
    ЦВЭНГ Штэфан
    НАВЕЛЫ
    Для сярэдняга
    і старэйшага школьнага ўзросту
    Рэдактар Л. М. Цяляк. Мастацкі рэдактар К. С. Ракіцкі. Тэхнічны рэдактар Г. Ф. Дуброўская.
    Карэктар Дж. Р. Лосік.
    Здадзена ў набор 03.01.95. Падпісана да друку 13.09.96. Фармат 84Х108'/з2. Папера друкарская. Гарнітура школьная. Высокі друк з ФПФ. Ум. друк. арк. 16,80. Ум. фарб.-адб. 17,22. Ул.-выд. арк. 17,21. Тыраж 15 000 экз. Зак. 1580.
    Выдавептва «Юнацтва» Дзяржаўнага камітэта па друку Рэспублікі Беларусь. Ліцэнзія ЛВ № 7. 220600, Мінск, Машэрава, 11.
    Мінскі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга паліграфкамбінат імя Я. Коласа. 220005, Мінск, Чырвоная, 23.