Навелы  Штэфан Цвэйг, Томас Ман

Навелы

Штэфан Цвэйг, Томас Ман

Выдавец: Юнацтва
Памер: 319с.
Мінск 1996
128.68 МБ
ва ўсёй гэтай вар’яцкай блытаніне; разыгрываючы ў абстрактнай прасторы фантастычныя партыі, я мусіў разлічваць некалькі хадоў наперад за белых і столькі ж хадоў за чорных, мусіў узважваць усе камбінацыі то з пункту гледжання чорных, то з пункту гледжання белых, іншьімі словамі, спалучаць у адным сваім розуме і розум чорных і розум белых. Але самая сур’ёзная небяспека гэтага жудаснага эксперыменту заключалася не ў раздваенні майго «я». Яна была ў тым, што я мусіў самастойна разыгрываць мною ж прыдуманыя партыі і раз за разам траціў усякую глебу пад нагамі і быццам падаў у нейкую прорву. Пакуль я аіюшнія тыдні разыгрываў партыі майстроў, усё было добра: я проста паўтараў тое, што ўжо аднаго разу мела месца. Менавіта таму, што разыгрыванне чужых партый ніяк не закранала майго «я», яно дабратворна і супакойліва ўздзейнічала на мае разладжаныя нервы. Мне было абсалютна ўсё роўна, хто выйграе, чорныя ці белыя, бо за пальму першынства змагаліся Алёхін з Багалюбавым, у той час як я сам, мой розум, мая свядомасць толькі смакавалі тонкасці паядынку. Але як толькі я пачаў гуляць супраць сябе, я несвядома пачаў сапернічаць сам з сабою. Mae «Я» — белае і чорнае — павінны былі спаборнічаць адно з адным, і кожным з гэтых «я» валодала нецярплівае і славалюбнае жаданне выйграць, перамагчы; зрабіўшы ход за чорнае «я», я ліхаманкава чакаў, што адкажа маё белае «я». Абодва «я» папераменна трыумфавалі, калі другое «я» рабіла няправільны ход, і злаваліся, калі самі рабілі промах.
Усё гэта выглядае зусім недарэчна, і, канечне, такая штучна створаная шызафрэнія, такое наўмыснае раздваенне свядомасці з усімі яго небяспечнымі вынікамі былі б немагчымыя ў чалавека ў нармальных абставінах. He забудзьце, аднак, што з нармальных абставін я быў вырваны сілаю, бязвінна кінуты за краты, шмат месяцаў мяне вытанчана катавалі — катавалі адзінотай; злосць, якая сабралася, мусіла рана ці позна неяк выліцца. Але таму што маім адзіным заняткам была гэтая бяссэнсавая гульня з самім сабою, то злосць, прага помсты фанатычна вылівалася менавіта ў гэтай гульні. Я заўсёды хацеў узяць верх, але ўзяць верх я мог толькі над другім «я», з якім быў у стане пастаяннай барацьбы; вось чаму ў час гульні мною авалодвала амаль
маніякальнае ўзбуджэнне. Спачатку я яшчэ гуляў спакойна і разважліва, рабіў перапынкі паміж партыямі, каб адпачыць. Але паступова мае хворыя нервы не маглі болей вытрымліваць гэтай перадышкі. Варта было беламу «я» зрабіць ход, як чорнае «я» ўжо ліхаманкава перасоўвала фігуру, і, як толькі канчалася адна партыя, я тут жа патрабаваў ад сябе наступнай, дакладней, кожны раз, калі адно маё шахматнае «я» цярпела паражэнне, яно неадкладна патрабавала ў другога «я» рэваншу. Я нават прыблізна не магу сказаць, колькі партый супраць сябе самога я згуляў, апанаваны гэтаю ненаеднаю прагнасцю, за доўгія месяцы зняволення,— можа, тысячу, а можа, і болей. Гэтае вар’яцтва запаўняла не толькі час, калі я не спаў, але пранікала потым і ў сон. Я мог думаць толькі пра шахматы, пра шахматныя хады, пра шахматныя задачы; часам я прачынаўся ў халодным поце і адчуваў, што гульня неўсвядомлена працягваецца і ў сне. Калі я бачыў у сне людзей, яны хадзілі, як слон ці тура, скакалі наперад і назад, як конь. Нават калі я быў на допытах, я ўжо забываўся пра адказнасць за свае словы і ўчынкі; мусіць, я выказваўся блытана і цьмяна: следчыя часам неяк дзіўна пазіралі адзін на аднаго. На самай жа справе, пакуль яны задавалі пытанні і думалі над маімі адказамі, я проста з нецярпеннем чакаў, каб мяне хутчэй вялі назад у камеру, дзе я зноў мог бы вярнуцца да свайго вар’яцкага занятку: пачаць новую гульню, потым яшчэ і яшчэ адну. Перапынкі ў гульні ўсё болей злавалі мяне. Нават у тыя пятнаццаць' мінут, калі наглядчык прыбіраў у камеры, у тыя дзве мінуты, калі ён аддаваў мне ежу, мяне мучыла нецярпенне; часам абед заставаўся некрануты да вечара, бо я, захоплены гульнёю, забываўся пра яго. Адзінае фізічнае пачуццё, якое валодала мною, была страшэнная смага; мусіць, тут выяўлялася ліхаманкавае адчуванне пастаяннага разумовага напружання і гульні. Я двума глыткамі выпіваў бутэльку вады і маліў наглядчыка прынесці яшчэ адну, але праз якую хвіліну ў роце ў мяне зусім перасыхала. Нарэшце я пачаў прыходзіць у час гульні ў такое ўзбуджэнне — тады я з раніцы да ночы ўжо не думаў ні аб чым іншым,— што болей ні мінуты не мог заставацца спакойным; абдумваючы ход, я няспынна хадзіў па камеры — туды і назад, усё хутчэй і хутчэй, наперад і на-
зад, наперад і назад. I чым хутчэй набліжалася развязка, тым імклівей лётаў я з кутка ў куток. Прага перамогі, перамогі над самім сабою, прыводзіла мяне ў шаленства, я дрыжаў ад нецярпення, бо адно з маіх шахматных «я» заўсёды адставала ад другога. Адно «я» падганяла другое, і — я разумею, што вам гэта здасца ідыёцтвам,— калі адно з маіх «я» недастаткова хутка рэагавала на ход, зроблены другім «я», то я злосна крычаў «хутчэй, хутчэй!» або «далей, далей!». Нарэшце насланнё пачало разбуральна ўздзейнічаць не толькі на мой мозг, але і на маё цела. Я моцна схуднеў, сон стаў трывожны; прачнуўшыся, я ледзь падымаў цяжкія павекі; часам я адчуваў сябе такім слабым, што, калі браў у рукі шклянку з вадою, дык ледзьве мог паднесці яе да вуснаў — так моцна дрыжалі ў мяне рукі. Але як толькі пачыналася гульня, мяне перапаўняла шалёная энергія. Я бегаў па пакоі, сціснуўшы кулакі, і часам да мяне даносіўся голас, які хрыпла крычаў «шах!» ці «мат!».
He ведаю, як гэты жудасны, неапісальны стан скончыўся крызісам. Ведаю толькі, што аднаго разу раніцаю я прачнуўся, і абуджэнне было зусім незвычайнае. Знік цяжар ва ўсім целе, мне было лёгка і спакойна. Прыемная стомленасць, якой я не адчуваў ужо шмат месяцаў, ляжала на павеках, і мне было так утульна і добра, што я проста не мог прымусіць сябе расплюшчыць вочы. Нейкі час я ляжаў і цешыўся адчуваннем млявасці.
Раптам мне здалося, што я чую побач жывыя чалавечыя галасы, словы, якія гучалі ціха і асцярожна; вы можаце ўявіць сабе маё захапленне — бо мінула шмат месяцаў, можа, цэлы год, як я не чуў нічога, акрамя рэзкіх, жорсткіх, злых слоў маіх катаў.
«Ты спіш,— сказаў я сабе,— ты спіш. Нізавошта не расплюшчвай вачэй, хай гэты сон цягнецца як мага даўжэй, інакш ты зноў убачыш праклятую камеру, з крэслам, умывальнікам, сталом, шпалеры з нязменным малюнкам. Ты спіш — і спі далей».
Але цікаўнасць перамагла. Павольна, асцярожна расплюшчыў я вочы. I ўбачыў цуд: я быў у другім пакоі, больш прасторным, чым мая камера ў атэлі; на акне не было кратаў, у яго вольна лілося святло, за акном замест цаглянага муру відаць былі дрэвы, зялё-
ныя дрэвы, і вецер хістаў іх галіны, сцены ў пакоі былі белыя і бліскучыя, і столь — белая і высокая. Я ляжаў на новым, незнаёмым ложку, і — не, гэта не сон — побач са мною па-ранейшаму чуваць быў шэпт. Здзіўлены, я міжвольна зрабіў рэзкі рух і адразу пачуў, як нехта лёгкаю хадою накіраваўся да майго ложка. Падышла жанчына ў белай наколцы — сядзелка, сястра. Я ледзь ачуўся ад шчасця: цэлы год я не бачыў жанчын. Неадрыўна глядзеў я на гэты дзіўны прывід, і, мусіць, у маім позірку было такое шалёнае хваляванне, што яна спыніла мяне: «Спакойна, ляжыце спакойна!» Я слухаў толькі яе голас: няўжо са мною размаўляў чалавек? Няўжо на зямлі яшчэ ёсць людзі, якія не збіраюцца мяне дапытваць і катаваць? I потым — недаступны розуму цуд! — гэта быў жаночы голас, мяккі, сардэчны, я б сказаў, нават ласкавы. Я неадрыўна, прагна глядзеў на яе губы — пасля года ў пекле мне здавалася неверагодным, што адзін чалавек можа ласкава гаварыць з другім. Яна ўсміхнулася мне, так, яна ўсміхнулася! Значыцца, на свеце яшчэ ёсць людзі, якія могуць прыветліва ўсміхацца. Потым яна прыклала палец да вуснаў і бясшумна адышла. Але паслухацца яе я не мог. Я яшчэ не насыціўся сузіраннем цуда. Мне захацелася сесці і праводзіць вачамі гэтае дзіўнае ласкавае стварэнне. Але калі я паспрабаваў абаперціся на край ложка, я не мог гэтага зрабіць. Замест правай рукі з далонню, пальцамі і кісцю я ўбачыў нешта чужое — вялікую, тоўстую белую выпукліну. Мая рука была моцна забінтавана. Я няўцямна глядзеў на вялікае патаўшчэнне і спачатку не зразумеў, што са мною; толькі потым я паволі пачаў здагадвацца, дзе я і што са мною здарылася. Мяне, мусіць, паранілі, і я ў бальніцы.
Апоўдні прыйшоў доктар, прыемны чалавек у гадах, Ен ведаў пра маю сям’ю, і мне адразу чамусьці здалося, што ён хоча паказаць сваю схільнасць да мяне, бо ён вельмі пачціва адазваўся пра майго дзядзьку — лейб-медыка імператара. Потым ён задаў мне некалькі пытанняў, адно з іх асабліва здзівіла мяне: хто я — матэматык, хімік? Я адказаў, што не.
— Дзіўна,— прамармытаў ён,— калі вы трызнілі, то ўвесь час выкрыквалі нейкія незразумелыя формулы ♦ сЗ», «с4». Мы нічога не маглі зразумець.
Я спытаўся ў яго, што здарылася са мною.
— Нічога сур’ёзнага. Вострае расстройства нервовай сістэмы.— Ен азірнуўся навокал і ціхенька дадаў: — Гэта, зрэшты, і зразумела. Вы ж з 13 сакавіка тут, так?
Я кіўнуў.
— Чаго тут здзіўляцца пры іх метадах,— прамармытаў ён.— He вы першы. Але не турбуйцеся.
Яго зычлівы тон і спачувальная ўсмешка пераканалі мяне, што я ў добрых руках.
Праз два дні доктар сам даволі адкрыта расказаў мне, што адбылося. Наглядчык пачуў у маёй камеры крыкі і спачатку падумаў, што я, мусіць, спрачаюся з кімсьці, хто прабраўся да мяне ў пакой. Але ледзь ён ступіў на парог, як я кінуўся на яго з кулакамі і зароў на ўсё горла нешта, што гучала, як: «Рабі хутчэй ход, нягоднік, баязлівец!» Потым я схапіў яго за горла і з такою злосцю пачаў душыць, што яму прыйшлося клікаць на дапамогу. Я бушаваў і, калі мяне цягнулі на медыцынскі агляд, у калідоры вырваўся і паспрабаваў выкінуцца з акна, разбіў шыбу і моцна парэзаў руку — вось тут яшчэ застаўся глыбокі шрам. У першыя дні ў шпіталі ў мяне было нешта накшталт запалення мозгу, але цяпер, на думку дактароў, мой розум і пачуцці ўжо ў поўным парадку.
«Але,— ціха дадаў ён,— я не буду расказваць пра ўсё гэтым панам, бо тады яны прыйдуць сюды і забяруць вас. Даверцеся мне, я зраблю ўсё».
Што сказаў маім мучыцелям добры доктар, я не ведаю. Ва ўсякім разе, ён дабіўся таго, чаго хацеў: мяне вызвалілі. Можа, ён заявіў, што цяпер я не магу адказваць за свае ўчынкі. Магчыма і другое: гестапа страціла цікавасць да мяне, бо тым часам Гітлер захапіў ужо Багемію і на гэтым для яго аўстрыйская справа была скончана. Мне прыйшлося толькі падпісаць абавязацельства, не пазней як праз два тыдні пакінуць радзіму. Гэтыя два тыдні цалкам пайшлі на выкананне тысячы фармальнасцей, якія сёння патрэбны былому грамадзяніну свету, каб выехаць за мяжу: трэба было атрымаць дазвол ваенных улад і паліцыі, заплаціць падаткі, аформіць пасведчанне аб здароўі, пашпарт, візу,— і таму думаць аб мінулым мне не было калі. Мусіць, нейкія таямнічыя сілы рэгулююць дзейнасць чалавечага мозгу і аўтаматычна выключаюць небяспечныя для яго псіхікі ўспаміны; бо варта было мне прыга-