Навелы
Штэфан Цвэйг, Томас Ман
Выдавец: Юнацтва
Памер: 319с.
Мінск 1996
даць турэмнае зняволенне, як свядомасць мая быццам зацямнялася. I толькі праз колькі тыдняў на параходзе я знайшоў у сабе мужнасць асэнсаваць перажытае.
Цяпер вы, мусіць, разумееце, чаму я так дзіўна, не зусім звычайна паводзіў сябе з вашымі сябрамі тады, у час гульні. Я выпадкова праходзіў праз курыльню, калі вашы сябры сядзелі за шахматнаю дошкаю. Убачыўшы іх за гульнёю, я ад здзіўлення і страху проста аслупянеў. Бо я зусім забыўся, што можна гуляць у шахматы за сапраўднаю дошкаю і сапраўднымі фігурамі, забыўся, што ў гэтай гульні ўдзельнічаюць два зусім розныя чалавекі, што яны сядзяць адзін насупраць другога. Уласна, мне спатрэбілася некалькі хвілін, перш чым я зразумеў, што гэтыя людзі гуляюць у тую ж самую гульню, у якую я гуляў сам з сабою месяцамі, калі быў у бездапаможным стане. Значыцца, шыфр, з дапамогаю якога я гуляў на памяць, быў эрзац, сімвал вось такіх рэальных фігур; я быў уражаны, убачыўшы, што фігуры на дошцы і іх перамяшчэнне цалкам адпавядаюць тым уяўленням, якія я выпрацаваў у сабе і якія жылі ў маёй галаве. Так, мусіць, бывае ўражаны астраном, які шляхам складаных матэматычных вылічэнняў тэарэтычна даказаў існаванне новай планеты і раптам бачыць яе на свае вочы на небе, выразна бачыць, як белую зорку, ва ўсёй яе рэальнасці. Я, як зачараваны, глядзеў на дошку і бачыў там мае дыяграмы — каня, туру, караля, ферзя і пешкі — усе рэальныя, выразаныя з дрэва фігуры; каб зразумець пазіцыю, мне міжвольна прыйшлося спачатку перанесціся з абстрактна-матэматычнага шахматнага поля на дошку, на якой перасоўваліся фігуры. Паступова мною авалодала цікаўнасць, мне захацелася паназіраць за сапраўднаю гульнёю двух партнёраў. I тут здарылася тая непрыемнасць, калі я забыўся пра ўсю далікатнасць і ўмяшаўся ў вашу гульню. Але памылковы ход вашага сябра быў як удар у сэрца. Я спыніў яго інстынктыўна, як неўсвядомлена затрымліваюць рукамі дзіця, якое перагнулася цераз парэнчы. Я толькі потым усвядоміў усю недарэчнасць свайго грубага ўмяшання.
Я паспяшаўся запэўніць доктара Б., што ўсе мы вельмі рады гэтаму здарэнню, яно дазволіла нам пазнаёміцца з ім, і дадаў, што пасля ўсяго пачутага мне
будзе ўдвая цікава прысутнічаць на заўтрашнім імправізаваным турніры.
Доктар Б. зрабіў неспакойны рух.
— Далібог, вы не павінны чакаць надта многага. Для мяне гэта будзе проста проба... проба, ці магу я... магу я наогул гуляць у шахматы нармальна, седзячы за шахматнаю дошкаю насупраць сапраўднага жывога партнёра, перасоўваючы сапраўдныя фігуры... бо я пачынаю ўсё болей і болей сумнявацца, ці гуляў я гэтыя сотні або нават тысячы партый па правілах. А можа, яны проста вынік маёй хворай фантазіі? Ці мо гэта было проста трызненне, шахматная ліхаманка, калі чалавек, як у сне, няспынна ідзе наперад скачкамі? Бо вы ж не думаеце сур’ёзна, што я магу памерацца сіламі з майстрам, ды яшчэ з чэмпіёнам свету па шахматах, і гуляць з ім, як з роўным? Адзінае, што мяне цікавіць і падштурхоўвае гуляць,— простая цікаўнасць. Мне хочацца высветліць заднім днём, што ж папраўдзе адбывалася са мною ў зняволенні: гуляў я ў шахматы ці быў вар’ятам, быў блізкі да вар’яцтва ці ўжо пераступіў мяжу.
У гэты момант на другім баку парахода прагучаў гонг, які склікаў пасажыраў на вячэру. Размова наша працягвалася амаль дзве гадзіны: доктар Б. расказваў мне сваю гісторыю значна болып падрабязна, чым я перадаў яе тут. Я сардэчна падзякаваў яму і развітаўся, але не паспеў яшчэ прайсці палубу, як ён дагнаў мяне; ён быў яўна ўсхваляваны і гаварыў крыху заікаючыся:
— Яшчэ адно. Я не хачу быць няветлівым у адносінах да вашых сяброў, таму, калі ласка, папярэдзьце іх загадзя, што я згуляю толькі адну партыю. Галоўнае — раз і назаўсёды вырашыць сабе гэтае пытанне, так сказаць, падвесці канчатковы вынік. Я зусім не збіраюся пачынаць усё спачатку. Я не магу дазволіць сабе другі раз захварэць на гэтую шахматную гарачку, пра якую я і цяпер успамінаю з дрыжыкамі... I акрамя таго... акрамя таго, мяне папярэджваў доктар, ён настойліва папярэджваў мяне. У чалавека, які быў адзін раз ва ўладзе маніі, заўсёды існуе небяспека рэцыдыву, і таму мне, хвораму на «шахматную атруту», нават калі мяне лічаць цалкам вылечаным, трэба трымацца ад шахматнай дошкі далей... Таму вы разумееце: толькі адна пробная партыя, і ніводнай болей.
Назаўтра дакладна ў вызначаны час, у тры гадзіны, мы сабраліся ў курыльні. Наш гурток папоўніўся яшчэ двума аматарамі каралеўскай гульні — афіцэрамі парахода, якія спецыяльна папрасілі перанесці ім гадзіны вахты, каб атрымаць магчымасць прысутнічаць на гульні. Чэнтавіч на гэты раз таксама не прымусіў сябе чакаць, і пасля абавязковай жараб’ёўкі пачалася незвычайная гульня: «Homo obscurissimus»' супраць славутага чэмпіёна свету. Вельмі шкада, што адзінымі сведкамі гэтай партыі былі такія маладасведчаныя ў шахматах людзі, як мы, і што яна незваротна страчана для аналаў шахматнага мастацтва, як страчаны для гісторыі музыкі фартэпіянныя імправізацыі Бетховена. Праўда, на другі дзень мы разам паспрабавалі ўзнавіць яе па памяці, але марна; відаць, мы ўсе ў час гульні занадта захоплена глядзелі на шахматыстаў, замест таго каб сачыць за ходам гульні. Бо розніца ў інтэлектуальным узроўні партнёраў рабілася ўсё болып бачнай і адчувальнай па меры таго, як развівалася гульня. Вопытны Чэнтавіч увесь час сядзеў нерухома, як статуя. Позірк яго быў прыкаваны да шахматнай дошкі; абдумванне ходаў, здавалася, каштавала яму амаль фізічных намаганняў і вымушала да надзвычайнага напружання ўсё цела. Доктар Б., наадварот, трымаўся вольна і натуральна. Як сапраўдны дылетант у лепшым сэнсе гэтага слова, як аматар, для якога ўвесь сэнс і задавальненне ад гульні зводзіліся да самой гульні, «diletto», ён, здавалася, адпачываў. У пачатку гульні ён размаўляў з намі, тлумачыў свае ходы, элегантна закурваў цыгарэту і, калі прыходзіла яго чарга рабіць ход, кідаў кароткі позірк на дошку і перасоўваў фігуру. Здавалася, ён кожны раз дакладна прадбачыў ход свайго праціўніка.
Першыя агульнавядомыя ходы ў дэбюце былі разыграны хутка. Пэўны план пачаў намячацца толькі пасля сёмага ці восьмага ходу. Чэнтавіч пачаў даўжэй абдумваць свае ходы; з гэтага мы зрабілі вывад, што цяпер пачалася сапраўдная барацьба за ініцыятыву. Але, шчыра кажучы, паступовае развіццё партыі, тыповае для партый у сур’ёзных турнірах, нас, непрафесіяналаў, бадай што нават расчаравала. Чым больш
Невядомы чалавек (лац.).
ускладняўся малюнак гульні, чым больш дзіўны арнамент утваралі на дошцы фігуры, тым больш незразумелымі рабіліся нам пазіцыі праціўнікаў. Нам было не пад сілу не толькі зразумець іх намеры, але нават разабрацца, хто ж з іх дабіўся перавагі. Мы толькі бачылі, як паасобныя фігуры прабіраліся наперад, дзейнічалі, як тараны, і імкнуліся прарваць фронт праціўніка, але мы не маглі зразумець стратэгічнай задумы ў перасоўванні фігур, бо ў гэтых выдатных шахматыстаў кожны ход быў часткаю камбінацыі і дасканала прадуманы наперад. Потым намі паступова пачала авалодваць цяжкая стомленасць, якую выклікала галоўным чынам тое, што Чэнтавіч бясконца доўга абдумваў кожны свой ход; гэта яўна пачало нерваваць і нашага сябра. 3 трывогаю заўважыў я, што чым даўжэй цягнулася гульня, тым неспакойнейшы ён рабіўся: круціўся ў крэсле, нервова закурваў адну цыгарэту за другою, час ад часу хапаўся за аловак і нешта запісваў, заказваў мінеральную ваду і прагна піў шклянку за шклянкаю. Было відавочна, што ён прадумваў камбінацыі ў сто разоў хутчэй за Чэнтавіча. Кожны раз калі той пасля бясконцага роздуму нязграбна браў фігуру і адважваўся перасунуць яе, наш сябар, усміхнуўшыся, як усміхаецца чалавек, які даўно чакаў чагосьці такога і нарэшце яго дачакаўся, адразу ж рабіў ход у адказ. Відаць, ён са сваім жывым і рухомым розумам паспяваў загадзя разлічыць усе магчымасці, якія былі ў праціўніка; чым даўжэй абдумваў кожны свой ход Чэнтавіч, тым нецярплівейшы рабіўся доктар Б., тым больш злосна і амаль варожа сціскаў ён губы. Чэнтавіч, аднак, не хацеў спяшацца. Ен думаў моўчкі, зацята, і чым менш заставалася на дошцы фігур, тым даўжэйшыя рабіліся паўзы. На сорак другім ходзе, пасля бітых дзвюх гадзін і сарака пяці мінут, мы ўсе сядзелі знясіленыя, амаль абыякавыя да таго, што адбывалася на шахматнай дошцы. Адзін афіцэр пайшоў ужо, другі чытаў кніжку і кідаў позірк на дошку толькі тады, калі хто-небудзь з гульцоў рабіў чарговы ход. Але раптам пасля ходу Чэнтавіча адбылося нешта нечаканае. Доктар Б., заўважыўшы, што Чэнтавіч падрыхтаваўся зрабіць ход і ўжо ўзяўся за каня, сціснуўся, як кошка перад скачком. Ен увесь дрыжаў, і ледзь толькі Чэнтавіч зрабіў ход канём, як доктар Б. энергічна прасунуў
наперад свайго ферзя. Потым ён адкінуўся ў крэсле, скрыжаваў рукі ка грудзях і з выклікам паглядзеў на Чэнтавіча. У вачах у яго нечакана бліснуў гарачы агеньчык.
Мы ўсе міжволі схіліліся над дошкаю, спрабуючы зразумець ход, які суправаджаўся такім пераможным воклічам. На першы погляд непасрэднай пагрозы каралю не было відаць. Вокліч нашага сябра тычыўся, мусіць, развіцця камбінацыі, якой мы, блізарукія дылетанты, зразумець яшчэ не маглі. Адзін толькі Чэнтавіч не зварухнуўся; ён застаўся зусім спакойны, быццам і не пачуў зняважлівай заўвагі «канец». Нічога не адбылося. Але ўсе затаілі дыханне, і ў раптоўнай цішыні стала чуваць, як цікае гадзіннік на стале, прынесены спецыяльна для кантролю часу. Прайшло тры мінуты, сем мінут, восем — Чэнтавіч сядзеў нерухома, і толькі па тым, як надзімаліся яго тоўстыя ноздры, было відаць, што ён моцна напружваецца. Здавалася, наш сябар, як і мы, з цяжкасцю пераносіў гзтае маўклівае чаканне. Ен раптам рыўком устаў з месца і пачаў хадзіць з кутка ў куток, спачатку павольна, а потым усё паскараючы і паскараючы хаду. Усе прысутныя глядзелі на яго са здзіўленнем, але ніхто не быў гэтак устрывожаны яго паводзінамі, як я; бо мне кінулася ў вочы, што, нягледзячы на хваляванне, якое валодала ім, ён хадзіў па зусім дакладна абмежаванай прасторы, нібы кожны раз натыкаўся на нябачную сцяну, і яна прымушала яго паварочваць назад. Я здрыгануўся, бо зразумеў, што ён несвядома як бы крочыць па сваёй былой камеры: гэтак, менавіта гэтак, з нерухомым позіркам вачэй тысячы разоў за месяцы зняволення ён бегаў там з кутка ў куток, як звер у клетцы, наперад і назад, згорблены, з сутаргава сціснутымі кулакамі, дакладна, як цяпер; і ў ліхаманкава-бліскучых вачах яго ўспыхвалі чырвоныя агеньчыкі вар’яцтва. Але ягоны розум быў, відаць, яшчэ ў поўным парадку, бо час ад часу ён нецярпліва паварочваўся да стала, каб паглядзець, ці надумаўся зрабіць свой ход Чэнтавіч. А час ішоў — дзевяць мінут... дзесяць. Потым адбылося тое, чаго ніхто з нас не чакаў. Чэнтавіч паволі падняў цяжкую руку, якая дагэтуль нерухома ляжала на стале. Напружана глядзелі мы на дошку, чакаючы яго рашэння. Але Чэнтавіч не зрабіў ходу. Няспешна, але рашуча ён ссунуў тыльным