• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нічые  Андрэй Федарэнка

    Нічые

    Андрэй Федарэнка

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 430с.
    Мінск 2009
    91.17 МБ
    — Так точна, таварыш нам... пам...— Мікіцін збіўся і пачырванеў, бо за тры месяцы службы так і не навучыўся вымаўляць гэтае «пам-кам-нач-узвода». Каб выправіць промах, ён кінуўся да падводы і паслужліва адгарнуў з задка край брызенту.
    Мішка па-гаспадарску акінуў вокам дабро, як бы зрабіў у думках рэвізію яму, акуратна ўладкаваў ношку сярод вялікіх і малых мяхоў, такіх жа рознакаліберных кашоў і кошыкаў... Ляпнуў даланёю па верхнім мяшку, аж жоўты пыл падняўся.
    — Вось так, таварыш баец Мікіцін,— загарнуў брызент,— А казалі, аўса няма... Шукаць трэба ўмець! На вайне, таварыш баец, галоўнае што? Соплі не жуй.
    — Так точна, таварыш пам... зам...
    — Ладна, не можаш сказаць — не тужся. Усё адно не народзіш! — I засмяяўся, і падміргнуў Мікіціну, як роўнаму.
    I Мікіцін у адказ таксама засмяяўся. Ён любіў Мішку, ды што Мікіцін, усе ў палку, можа, нават у дывізіі, ведалі і любілі яго. He так даўно, у Слуцку ўжо, сам камдыў Путна ўзнагародзіў яго маўзерам — імянным, за мужнасць пры вызваленні гарадоў Калінкавічы і Мазыр ад балахоўскіх бандаў. Ён, гэты маўзер, заўсёды пры ім, і цяпер вунь вісіць збоку на партупеі даўжэзная, амаль да каленяў, драўляная кабура.
    Падышлі астатнія: чатыры чырвонаармейцы з аховы і адзін у цывільным — вызнянскі, а гэта, лічы, тое самае, што мясцовы, рэўкамавец таварыш Кецка, які вадзіў іх, паказваў, дзе жывуць самыя багатыры, або, прасцей, звычайнае кулаччо.
    У скураным палітоне, у галіфэ і ў ботах, у афіцэрскай фуражцы з пунсовай зорачкай замест цэшкі-кукарды быў ён больш падобны на якогась важнага камісара, чым на звычайнага валаснога рэўкамаўца — былога эсэра і былога дэзерціра, прычым яшчэ з тых, першых, якіх празвалі «германцамі».
    — Ну што, байцы, перакурым — і ўпярод на міны,— сказаў Мішка.— Як жартаваў колісь наш прапаршчык, светлай памяці Матылёў Іван. На міне, дарэчы, ён і падарваўся...
    Усе, акрамя Кецкі, пачалі скручваць цыгаркі, надзіва спрытна варочаючы чырвонымі ад стылай пагоды пальцамі. Кецка, хоць і сам быў заядлы курэц, пабаяўся зняць рукавіцы. Ніхто не ведаў у сапраўднасці, а сам ён адмоўчваўся, не казаў, дзе і калі адмарозіў рукі — ды яшчэ так, што на правай засталося ўсяго два пальцы, вялікі і маленькі, а левая, хоць і ацалела, пачынала свярбець без рукавіцы нават на невялікім марозіку, не кажучы пра вецер — тады зусім не было спасу. Ведалі толькі, што здарылася гэта марозна-сіверным лютым дзевятнаццатага года, пры «першых паляках», і што ампутацыю рабіў вядомы ўсёй Случчыне доктар Арцень Паўлюкевіч — той самы, які пасля без дай, здавалася б, прычыны з паважанага чалавека зрабіўся контрыкам, круцялём-блазнам, з такімі ж, як сам, кінуўся праводзіць розныя антысавецкія зборкі, сходкі, ствараць нейкія «рады», а цяпер, калі прыйшлі яны, чырвоныя, замест таго каб ціхамірна працаваць сабе пры законнай уладзе, знік — ці то з палякамі ўцёк, ці то разам з сям’ёю падаўся ў лес, у банду; словам, скончыў тым, чым павінен быў скончыць, чаго шукаў на сваю галаву, тое й знайшоў... «Цяпер бы ён табе не пальцы, а штосьці іншае адхапіў бы!» — падколвалі часам Кецку таварышырэўкамаўцы, на што ён спакойна адказваў: «Ці я б яму».
    — He хочаце дакурыць, таварыш Кецка? — Мікіцін адарваў мокрае з цыгаркі, паднёс рэўкамаўцу недакурак да самага рота.— Цягніце, я патрымаю!
    — Хай ужо,— адмахнуўся Кецка.— He дакурыў — што з дзеўкаю не даляжаў. Потым, у цяпле, накуруся...
    Мішка скоса зірнуў на яго, тады, відаць, па аналогіі: скалечаныя рукі — антысаветчык-доктар — банда, спытаў, паказваючы на хату, каля якой стаялі:
    — Адсюль таксама?
    Кецка як бы задумаўся, адказаў не адразу:
    — Мабыць... Тут два хлопцы вялікія, старэйшы жанаты, меншы — гімназіст, у Слуцку вучыўся...
    — А цяпер у лесе вучыцца?
    Кецка паціснуў плячыма:
    — Разбярэш тут, хто ў лесе, хто дзе...
    — Разбярэмся.
    — Бацька іхні стары ўжо... I баба хворая, на печы ляжыць, год не ўстае... Нявестка з дзіцям малым таксама...
    — Што таксама? 3 печы не ўстае?
    — Ды не, проста жыве з імі...
    —Разбярэмся! — паўтарыў Мішка. Ён растаптаў недакурак. Раптам выцягнуў у Мікіціна заціснутую пад пахай пугу, размахнуўся і гучна «стрэліў».
    Шарахнуліся спужаныя коні, Мікіцін ледзь утрымаў нацягнутыя лейцы. У двары глуха і як бы здалёк адкуль забрахаў сабака. Чакаюць, значыць, раз сабаку схавалі, ведаюць, што з кім, з кім, а з сабакамі ў іх размова кароткая — расстрэл без суда і следства. Таму і ціха так — і на гэтай вуліцы, і на ўсім сяле.
    Мішка каленам піхнуў незашчэпленыя веснічкі, пайшоў на двор. За ім пацягнуліся астатнія, пакінуўшы каля падводы аднаго Мікіціна.
    У двары, акружаным хлявамі і хлеўчыкамі, дрывотняй і пуняю, не было ні душы. Толькі сабака, не зразумець дзе, скавытаў і шкробся лапамі аб дошку — прасіўся на волю.
    Ідучы паўз вокны, Мішка па чарзе пастукаў пугаўём у шыбіны, крыкнуў знарок, як часта любіў, ламаючыся пад паляка:
    — Матка, яйкі, млека нясі!
    Ён узбег на ганак і ўжо працягнуў руку, каб націснуць на клямку, як нечакана дзверы расчыніліся самі.
    — Далёка сабраўся? — спытаў чыйсьці ціхі, страшначужы голас.
    3 цёмных сенцаў на Мішку глянула круглая, як вока, дзірка рулі абрэза.
    — Стой!!! ■— хапаючыся за кабуру імяннога маўзера, адзінае, што паспеў крыкнуць Мішка, ці то чалавеку з абрэзам, ці каб папярэдзіць сваіх.
    Лопнуў стрэл, у адначассе з сянец выбліснуў да сляпучага яркі агеньчык, які навылёт прабіў Мішку грудзі, і ён адразу асеў, дзе й стаяў, на ганку, а тады скаціўся долу, пад сцяну, затрымцеў у сутаргах, заграбаючы рукамі гразкі снег. I апошняе, што ўхапілі рэшткі яго свядомасці, было адчуванне гэтага снегу пад шчакою і млявы, прыкры пах уласнае крыві.
    II
    У першы міг ашаломленыя чырвонаармейцы апамяталіся і чамусьці не ўрассыпную, а што тыя куры — усе разам — замітусіліся па двары, шчэрачыся вінтоўкамі ва ўсе пабудовы, адкуль маглі прагучаць новыя стрэлы. Толькі вопытны Кецка рвануўся быў назад, на вуліцу, але напярэймы яму з-за сцяны дрывотні выскачылі двое, у світках і са стрэльбамі, равучы ў дзве глоткі нямым крыкам, ад якога закладала вушы: «Вінты ўсім пад ногі!!! Быстра!!!» — і навялі зброю адзін на Кецку, другі — на чырвонаармейцаў, нібы сабраўшыся «зрэзаць» іх усіх адным стрэлам.
    3 сянец, трымаючы руляю ўніз абрэз, абачліва прыгнуўшыся ў дзвярах, вынырнуў метры пад два ростам велікан — у накінутым на шырозныя плечы і сцягнутым на грудзях двума гузікамі шынялі, у ссунутай на патыліцу папасе з жоўтым верхам, на якім выпукляўся самаробны знак конніка з шабляю, а за веліканам высунулася з дзвярэй перш руля вінтоўкі з прымкнутым штыком, а затым паказаўся малады зусім хлапчына, у гімназісцкім шыняльку, без шапкі, белагаловы і з палахлівай, узбуджанай цікаўнасцю ў сініх вачах.
    Велікан зірнуў перш на нерухомага Мішку пад сцяною, затым на чырвонаармейцаў Тыя са спалатнелымі тварамі збіліся ў кучу, стаялі, кінуўшы пад ногі вінтоўкі і задраўшы над галовамі рукі.
    — Стой! — паўтарыў велікан да іх Мішкава апошняе слова, толькі з іншай інтанацыяй — без адчаю, як у Мішкі, а спакойна, нават весела, нават з нейкай зухаватасцю; атрымалася, як у падпітага дзядзькі на вяселлі, што стаміўся гуляць і вось, выйшаўшы ў круг да танцораў, дае музыкам каманду: «стой!» — А то страляць буду! — прыгразіў, хоць чырвонаармейцы і так стаялі ні жывыя ні мёртвыя і не збіраліся нікуды ўцякаць.— Мікола — таго, каля падводы! — паказаў ён руляю абрэза, і адзін з дзецюкоў адразу ж кінуўся на вуліцу.— Гнат — з гэтымі разбярыся! Дзяніс,— да маладога,— вяроўку!..
    Дзяніс бы толькі гэтага і чакаў — з паспешлівай ахвотнасцю, стараючыся нават выпадкова неяк не глянуць на забітага, знік у сенцах.
    — Ану, к сцяне!.. Ды варушыся!..
    Гнат, падпіхваючы палонных прыкладам у спіны і падцягваючы за каўняры шынялёў пастроіў усіх у рад, тварамі да сцян^і.
    — Ногі шырэй, рукі вышэй!..
    Кецка, які стаяў збоку таксама з паднятымі рукамі, памкнуўся быў сам да чырвонаармейцаў, каб стаць побач, але веліканаў вокрык спыніў яго:
    — А ты куды прэшся?! Стаяць, рук не апускаць!..
    Велікан няспешна сабраў вінтоўкі, склаў каля ганка, нагнуўся над забітым, перавярнуў яго наўзніч, адшморгнуў партупею з кабурою маўзера, пачаў шнырыць у кішэнях...
    3 трафейнай вінтоўкаю на плячы, Мікола тым часам увагнаў перад сабою ў двор маленькага Мікіціна, які ад страху спатыкаўся і ледзь перастаўляў ногі. Падштурхнуў яго да сцяны, да ўсіх.
    — Ыч, шчанюкі,— прагудзеў здзіўлена. На яго шырокім, сялянскім, пабітым у чорныя кропкі вугроў твары, яшчэ чырвоным ад хатняга цяпла і выпіўкі, быў тупы выраз нейкага як бы расчаравання, што ўсё скончылася так хутка і таму нецікава... Ён цыркнуў пад ногі жоўтай слінаю курца, расцёр плявок ботам.— Ваякі — голыя сракі!
    У бліжнім да сянец акне раптам узнік прыліплы да шыбіны спалоханы мужчынскі твар.
    Мікола засмяяўся і паказаў на акно велікану з Гнатам, крыкнуў:
    — Вылазь на двор, дзядзька Карпа! Усё ўжо, вылазь!..
    3 сянец выбег Дзяніс са скручанай вяроўкаю ў руках.
    — Каму, Чуб? — задыхана, бы невядома адкуль прыбег, спытаў у велікана.
    — Дай сюды...— Чуб перавесіў вяроўку на плячо.— А ты збегай яшчэ, Дзяніска, прынясі заступ ды венік... і бацьку пакліч, скажы, хай не баіцца... Скажы, усё тут скончана.
    — He ўсё яшчэ,— сказаў Гнат, падыходзячы да Кецкі.
    Ён запанібрата паляпаў па плячы збялелага, без крывіначкі ў худым, няголеным твары рэўкамаўца, падштурхнуў бліжэй да ганка. Пасміхнуўся з’едліва:
    — Ну што, Косцік? I ўеўся ж ты тут у пячонкі ўсім... Маліся цяпер свайму карлу-марлу барадатаму, у Бога ж не верыш, прадаў Бога! — Відаць, яны з Кецкам даўнія былі знаёмыя, добра ведалі адзін аднаго.
    Кецка зглынуў камяк у горле, хрыпата выціснуў:
    — Бога я не прадаваў... і людзям не ўядаўся...
    — Яшчэ і не баіцца! Пагавары мне тут!
    — Зброя ёсць? — лагодна спытаў Чуб, падступаючыся. Як і ва ўсіх мажных, высокіх, з моцным фізічным здароўем людзей яго рухі ды і словы здаваліся нейкімі як бы расцягнутымі, задужа марудлівымі.
    — Ёсць...
    — Дык аддай нам,— працягнуў Чуб руку,— Яшчэ пальнеш са страху, бяды толькі наробіш.
    — Са страху не пальну...
    — Пагавары мне яшчэ!
    Нязграбна, непаслухмянымі пальцамі левай рукі ў рукавіцы Кецка пачаў адшпільваць гузікі на палітоне.