Нічые
Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
Гнат з нянавісцю глядзеў на яго.
— Хутчэй, чорт бязрукі! — не вытрымаў, сам залез яму за пазуху, выцягнуў з унутранай кішэні наган з барабанчыкам, падаў Чубу.
Той абыякава апусціў зброю ў глыбокую кішэню шыняля.
— Што, прымерзлі рукавіцы? — не адчапляўся Гнат.— Ану, здымай! Ды варушыся трохі!..
Крывячыся ад болю, рэўкамавец сцягнуў рукавіцы, выдаўжыў рукі — маўляў, наце, любуйцеся... I правая, з кульцямі замест двух пальцаў, і левая — не на рукі больш падобныя, а на гусіныя лапы, былі пасечаны трэшчынкамі, пакрытыя нейкімі шнарамі, крывянілі, з белымі крохкімі пазногцямі, што не адраслі яшчэ заместа сагнаных, скура лушчылася, злазіла проста шматкамі з далоняў і з пальцаў, а новая, свежая была ружовая і тонкая, не дзіва, што не зажывала, балела і трэскалася.
Чуб з Гнатам пераглянуліся.
— Аддай назад, ну яго на...— сказаў Чуб.— Яшчэ заразу якую схопіш.
— А яны яму ўжо не спанадабяцца! — умяшаўся Мікола, які пільнаваў палонных і ў адначас паспяваў слухаць і глядзець, што тут робяць з Кецкам.— На тым свеце цёпла! — і зарагатаў па-дурному.
Кецку, як ні дзіўна, сцэна гэтая памагла, ён справіўся з сабою. Быццам гэты здзек з яго, палоннага, зараз узвысіў яго, а мучыцеляў прынізіў.
— Дурань,— павярнуўся да Міколы, сказаў даволі смела:— Ды я б адно захацеў, дык і левай паспеў бы адправіць цябе туды, куды ты мяне адпраўляеш! Быў момант, вы ж усе спінамі да мяне стаялі!..
— Глянь ты на яго — герой! — здзівіўся Гнат і тут жа, заўважыўшы Кецкаў міжвольны рух, закрычаў: — Я табе дам рукі хаваць!! Хай праветрацца трохі — палезна!
— Наваюеце вы так...
— А ты за нас не перажывай,— прамовіў Чуб, аднак і яму, мабыць, зрабілася крыху ніякавата — на самай справе, за што здзекавацца з чалавека, ён жа не ўцякае, не абараняецца, без зброі... Чуб падумаў трохі і дадаў з важным выглядам, нават за вус узяўся і падкруціў: — Мы табе не балахоўцы і не нейкія там «зялёныя», мы — армія Беларускай Народнай Рэспублікі, чуў пра такую? I радуйся, што на нас напаў. 3 палонных мы не здзекуемся, а па правілах ваеннага часу здаём у контрразведку.
— Дык здавайце, а не...
— Ты што, Чуб?! — абарваў Кецку Гнат, вылупіўся на Чуба сваімі пукатымі і ўсё адно прыгожымі вачыма.— Перапіў? Ці не дапіў? Якая контрразведка?! Ты не адсюль, не ведаеш, што за ён, затое мы добра ведаем!.. Ды па ім самая сухая асіна ў тым вунь лесе плача і вяроўка вось гэтая вось!
— Аддай, аддай, кажу, рукавіцы палоннаму,— усё адно распарадзіўся строга Чуб.
Гнат хоць і не вельмі ахвотна, але паслухаўся. He падаў, а кінуў рукавіцы Кецку пад ногі. Той падняў; калі насоўваў на рукі, скасавурыўся на чырвонаармейцаў пры сцяне. He даючы ўвагі Гнату, ціха прамовіў да аднаго Чуба — як бы ў падзяку за тое, што заступіўся:
— Мне трэба да вашага камандзіра, да Чайкі... Ёсць што сказаць яму. Ён мяне добра ведае.
— Во-во! Такіх ён і ведае,— усміхнуўся Гнат.
— Пачакай,— сказаў Чуб,— да Чайкі дык да Чайкі. Можна і да Чайкі... А пакуль — тварам да сцяны, як і ўсе!
I калі Кецка-рэўкамавец паслухмяна і хуценька, нібы збавенне яму было ў тым, што ставяць яго «да сценкі», выканаў загад, Чуб нагнуўся, бо быў на паўтары галавы вышэйшы за Гната, штось шапнуў таму на вуха...
Гнат ашчэрьіўся ва ўсмешцы:
— Хіба што так!
На ганак вылецеў задыханы Дзяніс, з драўляным заступам у адной руцэ, з венікам у другой, усім сваім выглядам паказваючы, што зараз жа гатовы да любых новых даручэнняў — толькі каб не стаяць на месцы, не глядзець на гэтага забітага... А за Дзянісам асцярожліва высунуўся з сянец і неяк бокам злез з ганка мажны, хоць згорблены ўжо гадамі дзядзька, у высокіх, да каленяў, валёнках, у кароценькім кажушку з адрэзанымі чамусьці рукавамі, на галаве — аблавушка... Гэта быў гаспадар, той самы дзядзька Карпа, які толькі што
пазіраў, прыплюснуўшыся да шыбіны, з хаты на двор. Адразу ж вочы яго самі сабою стрэлілі, мімаходзь ухапілі каля ганка скурчаны труп, пад якім распаўзлася на снезе цёмная бураковая пляміна... I тады — хоць, вядома ж, ён чакаў убачыць тое, што ўбачыў,— на твары яго адбіліся перш недаўменне, затым разгубленасць і страх, акурат як у яго сына, гэтага вось Дзяніса... Ён раптам заморгаў пакрыўджана, нібы вось-вось сабраўся заплакаць, затым сарваў з галавы аблавушку і захрысціўся, хутка крыжуючы сабе лоб і грудзі вялікай рукою, што здавалася занадта доўгаю, як і ва ўсіх прыгорбленых людзей.
— Вы гэта... дзядзька Карпа,— сказаў Чуб і закашляўся, пачаў мацаць па кішэнях, шукаючы кісет з курывам,— вы адно кроў сашкрабеце пасля... А там ужо за ноч снегам засыпле, і следу не застанецца...
— Ды ўжо ж, сашкрабу!..
Карпа адвярнуўся, забегаў вачыма па двары, ізноў акурат бы сын, таксама шукаючы хоць якога сабе занятку... Пачуў, што сабака шкрабецца ў пуні, туды памкнуўся:
— Ото выпусціць трэба!..
— Я сам.— Дзяніс кінуў вобземлю заступ, венік, пабег.
Карпа сярдзіта зірнуў яму ўслед, пашкадаваў, мабыць, што выграбся з хаты,— сядзеў бы сабе, пакуль не скончыцца ўсё...
— А крывянкі — Божа ж мілы!..— міжволі ізноў злавіў краем вока нябожчыка і зноў перахрысціўся.
— Даходзіў доўга,— патлумачыў Чуб, як пра кабана сказаў, а не пра чалавека.— Камуністы, яны жывучыя, што ты!
Ён адвярнуўся ад ветру, чыркнуў сярніцаю (агеньчыка зусім не было відаць у вялізных далонях), прыкурыў тоўстую самакрутку.
Дзяніс расчыніў дзверы пуні, выпусціў сабаку. Той выскачыў — злы і нацяты, ашалелы пасля цемры ад зыркага святла, ад пахаў, ад чужых людзей, якіх трэба кусаць, ірваць, гнаць адсюль, са сваіх уладанняў... Аж раптам застыў, пацягнуўся мусаю туды, да сцяны, дзе ляжаў мёртвы, пачаў прынюхвацца, затым уздыбіў поўсць на шкірцы, разгублена азірнуўся на пуню, падціснуў хвост і заскуголіў жаласна, аж да мутарнасці, нібы прадчуваючы, што гэтым не скончыцца, нібы новую смерць наклікаючы.
— Бач, не йдзе! Крывянку чуе... Ды замаўчы ты, падла! — не вытрымаў Карпа, шукаючы што пад нагамі, каб запусціць у сабаку.
Мікола рагатнуў.
— Ну, дзядзьку... Крывянку чуе... А ты хацеў, каб і красных біць і каб кроў не йшла? To так не бывае — дзе б’юць, там і льюць! — задаволены, што так дасціпна перавярнуў прыказку, падышоў да Чуба.— Пакінь пару цягаў.
Гнат з вяроўкаю падступіўся да палонных, пачаў з Кецкі:
— Лапы давай, калека... Ды дзякуй Богу, і праўда, што нам патрапіўся — рэгулярнай арміі! — сказаў з нядобрым нейкім смехам, дыхаючы на Кецку перагарам добра знаёмай і самому рэўкамаўцу мясцовай самагонкі, зіркаючы на яго сваімі прыгожымі пукатымі вачыма, і зірканні гэтыя не абяцалі нічога добрага...
Адзін з палонных, крайні, раптам рыўком адштурхнуўся ад сцяны і матлянуў за вугал хаты, з трэскам паваліў хіленькі тын і знік з вачэй.
— Назад!
— Стаяць, курва!! — паляцела яму ўслед.
— Пільнуйце гэтых! — Чуб, выплюнуўшы цыгарку, якую Карпа адразу ж падабраў і прытушыў у снезе, ірвануўся следам, лямантуючы нечакана тонкім голасам, галосячы ледзь не па-бабску: — Гнат, давай хутчэй-чэй-чэй!!! Сюды з вінтом, абрэз не даб’е! — і ў гэтым ляманце-галашэнні чуўся азарт, была непрыхаваная радасць паляўнічага, які выцікаваў звера.
Падбег Гнат, трушчачы ботамі спарахнелыя калкі тыну.
Чуб бухнуўся на калені:
— Кладзі!
Гнат уладкаваў на яго плячы вінтоўку, прыліп шчакою да прыклада. Занадта доўга, як падалося нават марудліваму Чубу, пачаў цэліцца...
— He патрапіш — самога заб’ю,— сур’ёзна паабяцаў Чуб, аблізваючы вусны.
Уцякач, падхапіўшы аберуч крысы шыняля, нязграбна, пятляючы між абвязаных саломаю дрэўцаў, спатыкаючыся на прысыпаных снегам разорах, бег падпараным полем к далёкаму лесу. Суха шчоўкнуў стрэл. Чырвонаармеец бег як ні ў чым не бывала. Гнат перасмыкнуў затвор, вылецела і шпокнула ў снег гільза, ізноў стрэліў.
Перш падалося, прамазаў. Але Чуб, які ўвесь час стрымліваў дыханне, шумна, з палёгкаю выдыхнуў, а сам Гнат выпрастаўся.
— Я цябе навучу!..— адно прамовіў.
Уцякач спатыкнуўся, бы з разбегу наляцеў на туга нацягнуты дрот, заплёўся нагамі і грымнуўся вобземлю — тварам уніз...
Чуб устаў, абціраючы мокрыя накаленнікі. Моўчкі, з любоўю паглядзеў на Гната і паціснуў яму руку вышэй локця.
III
Дзяніс не бачыў, толькі чуў, як страляюць, чуў, як Мікола, мацюкаючыся, гнаў чырвонаармейцаў, каб хутчэй цягнулі сюды, у двор, яшчэ аднаго забітага.
Забітага чалавека! — і гэта тут, у двары, знаёмым да кожнай трэсачкі ў дошках плота, двары, дзе адно свіней пад Каляды ці авечак рэзалі, дык і тады ён, Дзяніс, усімі праўдамі і няпраўдамі стараўся схавацца, перастаяць дзе за сцяною, заплюшчыць вочы, заткнуць пальцамі вушы!.. Зрабіць тое, што ён і цяпер зрабіў — проста ўцёк, схаваўся па другі бок хаты, стаіўся ў зацішку паміж хлявом і прыбіральняю.
Як таму сабаку, яму захацелася раптам падціснуць хвост, заскуголіць і ўпароцца ў пуню, забегчы ў хату або прытаіцца хоць тут, прысеўшы на карачкі, у гэтым закутку... Хай здагадваюцца, хай расказваюць пасля ў Семежаве, у атрадзе, што ён сцыкун, што не вытрымаў, што ў яго слабыя нервы, што ён не мужчына яшчэ, а смаркач... Хай!
Яго трэсла ўсяго. Ён расшпіліў шынялёк, зачэрпнуў снегу— шурпатых уледзянелых крупак, і хутчэй разагнуўся, баючыся, каб не зблажыла сагнутага. Пацёр лоб і шыю. Халодная макрата папаўзла па твары, па грудзях, адразу стала лягчэй. Узяў раптам і крадком выглянуў з-за прыбіральні на агарод, і хоць на імгненне, на хвільку толькі зрабіў гэта, але ж угледзеў і запомніў нават, як чырвонаармейцы нясуць забітага: двое справа, двое злева, сашчапіўшы рукі «замкамі», бы насілкі зрабіўшы... Крысо шыняля валачылася па снезе, матлялася з боку ў бок нежывая галава, целяпаліся рукі, на мокрыя расквашаныя чаравікі наліплі круглякі гразі, абмотка з аднае нагі развязалася і цягнулася ззаду брудным доўгім бінтам... I кроў, зноў кроў, праклятыя чырвоныя кропелькі на снезе, як рассыпаныя брусніцы!..
За спіной пачуліся крокі. Дзяніс уздрыгнуў і не адразу, нясмела азірнуўся. Чуб стаяў побач, пад сцяною, і корпаўся ў крэсле галіфэ. Зацурчэў струмень. Чуб скасавурыўся на хлопца, толькі і сказаў:
— Калі млосна, не цярпі, засунь два пальцы ў рот -— паможа.
I пайшоў сабе.
На двары нікога ўжо не было. Адзін стары Карпа шкрабаў сухім, сцёртым да таго, што акурат у руку ўзяць, венікам каля сцяны і пры ганку, зграбаў брудна-чырвоную кашу ў кучку...