Нічые
Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
— Гу-гу-гу... Урангель!..
— Крым... Сіваш... Перакоп...
— Чырвоныя спыніліся!..
— Палякі спыніліся!..
— Лань, ад Лані нейтральны пас!..
— Грозаў — цэлы полк!..
— Глуск — шэсць тысячаў!..
— Лунінец, Пінск... склады Балаховіча!..
— Слуцк... Слонім... Баранавічы!..
— Вызна... Морач... Капыль!..
— Рыга... Крым... Лодзь... Грозаў... Слуцк... Клецк!..
— Гу-гу-гу...
А тым часам у памяшканні, у адным з класных пакояў — з абкладзенай кафляй, горача напаленай грубкаю, з ссунутымі ў кут партамі, са школьнай дошкай, на якой крыва вісела чорна-белая, вялікага маштабу карта Беларусі (з недарэчнай друкарскай пазнакаю ў левым ніжнім куточку: «Za pozwoleniem cenzury woennej 27/9 1919 г.»), y сінім дыме плавалі постаці штабных ваенных і «радаўцаў» у цывільным, усяго чалавек пятнаццаць, усе з такімі ж, як і ў тых, на плошчы, бледнымі, нявыспанымі тварамі, з ненармальным бляскам чырвоных ад гэтага дыму і ўзрушэння вачыма, з нервовымі рухамі, хрыпатымі галасамі — нібы карцёжнікі, што правялі цалюткую ноч у хмельным, азартным загуле і цяпер, на світанні, вырашылі ўрэшце разабрацца, хто каму колькі вінен; праўда, словы тут гучалі не з карцёжнага, а хутчэй з геаграфічнага лексікону,— тыя самыя і нават з тою ж інтанацыяй, што і на плошчы: «Слуцк... Варшава... Лодзь... Нейтральная зона... Урангель... Вайсковая камісія...»
Чалавек пяць стаялі каля карты, тыцкаючы алоўкамі ва ўсе яе куткі. Некаторыя схіліліся, сутыкаючыся галовамі і брылямі фуражак, над сталом, заваленым паперамі. На бліжэйшай парце ляжала некалькі нумароў аддрукаванай на таўсценнай жоўтай паперы гродзенскай газеты «Беларускае слова» — кідаўся ў вочы набраны вялікімі літарамі адразу пад загалоўкам, тлуста абведзены чырвоным заклік:
«Грамадзяне! Нясіце ахвяры рэчамі і грашмі! Складайце ахвяры ў «Гурткі беларускіх кабет» ці ў Беларускі Нацыянальны Камітэт для перасылкі іх беларускаму паўстанцу — жаўнеру на Случчыне! Наша многапакутная Маці-Беларусь вымагае гэтага ад вас!»
I ніжэй, таксама абведзена:
«3 Слуцка даляцела да нас радасная вестка. Слуцкія беларусы пачалі на сваю руку ствараць беларускае войска!..»
Дзве карасінавыя лямпы, адна на стале, другая на шырокім падаконніку, ледзь трымцелі слабымі агеньчыкамі на абгарэлых кнатах і нічога не асвятлялі, толькі дадавалі яшчэ больш смуроду і сажы, і ніхто не здагадваўся прытушыць іх.
Як толькі днявальны ўводзіў у памяшканне веставога і той, у першы момант захлынуўшыся цеплынёю, заперхаўшыся дымам, не прывыклымі яшчэ пасля вуліцы вачыма пачынаў адшукваць у гэтай смуроднай смузе старэйшага, галоўнага тут, каму можна перадаць пакет ці зрабіць вуснае данясенне, так адразу замаўкалі спрэчкі, станавілася ціха і падымаўся, упіраючыся магутнымі кулакамі ў стол, малады, тварам крыху падобны на Лермантава, высокі чалавек, перакрыжаваны партупеямі, з бел-чырвона-белымі нашыўкамі на пагонах падпаручніка. Сваім славутым «медзяным» голасам ён памагаў веставому — называўся:
— Камісар Жаўрыд!
Веставы пачціва заміраў «смірна» (Жаўрыда ведалі ўсе), браў пад казырок, другой рукою выцягваў з-за пазухі і падаваў пакет.
He адразу, а счакаўшы, пакуль веставы, а за ім і днявальны, асцярожна прычыніўшы дзверы, выйдуць, Жаўрыд разрываў шчыльную траскучую капэрту. А за яго спіною, па прынцыпу «свой да свайго», рассыпаліся на купкі-групоўкі штабныя і «радаўцы», і тыя, каму збоку відзён быў ягоны твар, не спускалі з яго вачэй, стараючыся ўхапіць хоць нязначную змену на ім і ўгадаць па гэтай змене, якога плана навіна. Але марна. Строгі, непранікальны быў твар, нічога нельга было на ім убачыць (хіба толькі, калі чытаў, верхняя губа разам з вусамі варушылася). Забыў чалавек пра ўсё і пра ўсіх на свеце, увесь у адным сабе, нішто яго больш не цікавіць, нічога не адарве ад гэтага шэранькага лістка паперы.
I, можа, з прысутных тут адзін Мірановіч — начальнік брыгаднай контрразведкі, якому сам Бог наканаваў быць назіральным, паручнік Мірановіч, які адно ў сілу спецыфікі сваёй «прафесіі» проста павінен быў заўважаць тое, чаго іншыя не бачаць,— ён ведаў аб уменні, ды што ўменні — псіхалагічным дары, рэдкім таленце Жаўрыда адчуваць людзей спіною, патыліцай — так, як чалавек з заплюшчанымі вачыма адчувае цяпло або холад.
Гэта была праўда.
Жаўрыд не адрываўся ад набранага на гектографе, ці надрукаванага на «сляпой» машынцы, ці напісанага ад рукі скупога паведамлення і ў той жа час ведаў, што робіцца ад яго і справа, і злева, і ззаду — нібы нейкія нябачныя хвалі ішлі ад людзей, што сабраліся тут разам з ім. Ён ні разу не падняў вачэй ад паперкі, але выдатна ведаў, што з правага боку (бы знарок «правыя» — таму і справа) стаіць, прыхі-
нуўшыся да грубкі, і насцярожана цікуе за ім доктар Паўлюкевіч (той самы, які ампутаваў рэўкамаўцу Кецку пальцы), палкавы лекар, начальнік шпіталя; той самы Арцень Паўлюкевіч, які двух слоў не мог звязаць па-беларуску і ганарыўся гэтым, і абураўся, калі яго высмейвалі за гэта, той самы, які жывымі слязьмі плакаў, даведаўшыся аб разгроме Урангеля («Теперь все, все пропало!»), які з пенаю на губах заклікаў яшчэ ў Слуцку да ўзброенага выступлення, а потым, калі войска пачало фарміравацца, заявіў раптам ні з таго ні з сяго: «Пакуль не прагоніце бальшавікоў, нагі маёй не будзе ў вашай брыгадзе!», нечакана знік некуды са Слуцка разам з сям’ёю і таксама нечакана аб’явіўся ўжо тут, у Семежаве, толькі без сям’і.
Цяпер ён стаяў і зіркаў то на Жаўрыда, то на сваіх аднадумцаў, бы збіраўся, калі ўзнікне небяспека, як тая квактуха куранятаў, схаваць іх пад крыло. Аднадумцы — бравы капітан-кавалерыст балаховец Самусевіч, які, відаць, знарок, дэманстратыўна, падкрэсліваючы вернасць бядоваму «бацьку», ніколі не расставаўся з рознымі савінкаўска-алексюкоўскабалаховічаўскімі пракламацыямі, усе яго кішэні былі набітыя імі (і дзе ён іх толькі даставаў); вечна пануры, немалады ўжо, падазроны да ўсіх, у тым ліку, здавалася, і да сябе самога, старшыня вайсковага суда Біруковіч; начальнік слуцкай міліцыі Мацэля з белым, як маска, доўгім бязвусым тварам — Іван Мацэля, які настойваў, каб яго звалі Лнам, а прозвішча падпісваў чамусьці ўвогуле з двума «л», на італьянскі манер — Мацэллі...
Хоць усе яны ляпіліся да самай грубкі, адтуль Жаўрыду патыхала холадам. He азіраючыся, ён выдатна ведаў, што на іхніх тварах пад знарочыстай, напускной абыякавасцю — злараднае чаканне, гатоўнасць у любы момант рынуцца ў бойку — не з ворагамі, а з кожным, хто не за іх, а значыць, і з ім, Жаўрыдам, таксама, што чакаюць яны любой каверзы, любога ягонага промаху, каб адразу ж залямантаваць: «Ну што, дагуляліся ў сваю «незалежнасць»?! А мы папярэджвалі, што толькі маці Польшча і бацька Балаховіч — тыя сілы, на якія ставіць трэба было, каб надаць хоць нейкі сэнс усяму гэтаму!..»
Крыху цяплей, але таксама бы ветрыкам цягнула на яго з левага боку (зноў-такі: «левыя» — злева). Там верхам на ссунутых у беспарадку партах сядзелі, пакурваючы, «радавец» Лістапад — адказны за брыгаднае харчаванне (Юрка Лістапад, якому, дарэчы, у гэтыя першыя дні амаль не было
работы, сяляне з ваколіцаў самі, без аніякіх рэквізітных загадаў, падвозілі як харчы, так і фураж літаральна вазамі) — і браты Дубіны, Міна і Улас, маладыя, прыгожыя, здаровыя... I гэтыя дымілі сабе цыгаркамі і рабілі выгляд, што нічога іх не тычыцца, і ў гэтых — Жаўрыд ведаў — абыякавасць была толькі знешняя, напускная, пры любой нагодзе гатовая прарвацца задзірыстым: «Ну што, даваяваліся? А мы казалі, мы ведалі, чым скончыцца, мы папярэджвалі, што не такія Саветы страшныя, як іх малююць, што якія б яны ні былі, усё бліжэй нам, чым «пшэкі»! Казалі мы, што сто разоў трэ было падумаць, перш чым пачынаць усё гэта! Казалі, што не варта было пакідаць Слуцк, а йсці ў падполле, а яшчэ лепш — на службу Саветам і тады ўжо, спадцішка, маючы ўладу, рабіць усё, што спатрэбіцца для святой справы!..»
Нічым — ні цяплом, ні холадам, не патыхала, аніякім ветрыкам не цягнула ад акна, каля якога размясціліся, седзячы побач на табурэтах, як бы таксама стварыўшы свой гурток, ваенныя: камандзір брыгады капітан Анцыповіч, камандзір батальёна падпалкоўнік Гаўрыловіч, камандзір кавалерыйскага аддзела паручнік Кернажыцкі, начальнік два дні назад створанай вайсковай брыгаднай школы паручнік Данілюк, афіцэр брыгады паручнік Капец (запомнім яго, ён яшчэ сваё слова скажа)... Гэтыя сядзелі — прамыя спіны, рукі на каленях, асалавелыя твары, сківіцы то ў аднаго, то ў другога перасмыкаюцца пазяханнем — усе падобныя чымсьці на вучняў, якіх ужо выклікаў настаўнік, яны адказалі вызубранае на памяць хатняе заданне і цяпер змушаныя даседжваць да канца нудны, нецікавы ўрок, чакаць, пакуль апытаюць іншых.
VI
Самая шматлікая група тоўпілася ў Жаўрыда за спіною, акружала яго.
Быў тут высакарослы барадаты юрыст Пракулевіч — старшыня Рады (і Жаўрыдаў швагер, дарэчы); быў тут аўтар выслоўя, якое пазней зробіцца крылатым («Чаго ты сядзіш тут, калі ў Слуцку зьбіраецца Беларусь!»), Мікола Бусел; быў Васіль Русак — кіраўнік хору «культурна-асьветнага гуртка» з нявіннай назваю «Папараць-Кветка» (кіраванне «хорам» на працягу трох гадоў дало тое, што ўся Случчына аказалася аблытанай шматлікімі, выдатна арганізаванымі, у любы час
гатовымі да збройнага выступлення ячэйкамі — «муз. філіямі»); былі «прышлыя», прысланыя з Гародні з Беларускай Вайсковай Камісіі штабс-капітан Якубецкі (пазней Галоўнакамандуючы беларускіх вайсковых сіл) і маёр Борык — начальнік аператыўнага штаба брыгады, ціхмяны, непрыкметны, коратка падстрыжаны і таму падобны крыху на бабра (за вочы яго так часта і звалі, не Борык, а Бобрык); быў сябра Рады Случчыны пінскі паляшук Мяшочак («апостал у лапцях, каторы на зьезьдзе шмат прыкрасьцяў нарабіў групе балахоўствуючых») — асоба хітрая, незразумелая, з тых, што абавязкова з’яўляюцца ў любым хаўрусе,— артысты па натуры, любяць прыкідвацца прасцячкамі, «варонамі белымі», аднак у кожным выпадку сабе наўме і, карыстаючыся тым, што іх не ўспрымаюць усур’ёз, спакойна гнуць свой абруч, паступова, да здзіўлення іншых, «разумных», выходзяць на першыя ролі — словам, пад шумок, без асаблівых намаганняў, ціхай сапаю дабіваюцца таго, чаго й хацелі (апранаўся Мяшочак заўсёды толькі ў сваё, у сялянскае: на нагах лапці, на плячах даматканая світачка, на галаве — шапка-кучомка, у руках — клуначак, з якім прайшоў ад самага Слуцка, так ні разу і не развязаўшы; калі выступаў, а выступаў ён часта, маючы, як і ўсе людзі такога складу, талент красамоўства,— любіў ужываць палескія незразумелыя слоўкі, сыпаў да месца і не да месца прымаўкі і прыказкі, калі патрабавалася — біў маленькім кулачком у грудзі, кляўся, бажыўся, умеў напусціць, калі трэба, на вочы слязіну альбо бліснуць з-пад павек прыхаваным гневам)...