Нічые
Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
Абвяшчаючы аб гэтым і з’яўляючыся выказвальніцай волі народа, Рада Случчыны дэкляруе цвёрда стаяць за незалежнасць і свабоду роднае Беларусі, бараніць інтарэсы сялянства ад насілляў з боку чужаземных захопнікаў, у выпадку патрэбнасці сілаю аружжа, нягледзячы на лічбавую перавагу праціўніка, думаючы, што наша справа — праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе!
Прынята ў мястэчку Семежова 28—29 кастрычніка 1920 года».
Плошча маўчала, нават звыклага «гура» не раздалося.
Многія апусцілі галовы, як бы стараючыся лепш удумацца, якое дачыненне да іх асабіста, у цяперашнім іхнім становішчы, могуць мець, да прыкладу, пункты чацвёрты, пяты, а таксама сёмы — васьмігадзінны рабочы дзень, развіццё кааперацыі і агульнае абучэнне ў самых шырокіх маштабах...
Умомант адчуўшы гэты настрой, Жаўрыд зразумеў, што не хапае апошняга, больш «даступнага масам», акорда, і ўзяў яго:
— Грамада! Будзьма помніць, што за намі — не адно родныя загоны Случчыны, а ўся Беларусь, уся нашая дарагая Рэспубліка, народжаная, выпакутаваная і выняньчаная намі, аплочаная рэкамі крыві і тысячамі жыццяў! Бог бласлаўляе нас на святую справу, і мы пераможам, пераможам і польскага пана, і маскоўскага камісара!
(Ізноў скрывіўся Паўлюкевіч; пераглянуўся з Мацэляю і прамармытаў гучна: «Пачынаецца... няўжо нелыа без крайнасцяў?..»)
Жаўрыд сціснуў руку ў кулак:
— Жыве незалежная Беларусь!!!
I хоць вокліч гэты быў яшчэ новы, нязвыклы, хоць мала хто яшчэ ведаў, як трэба рэагаваць на яго, але з’яднаныя папярэднімі словамі, знітаваныя Жаўрыдавым гіпнатызмам людзі патрапілі адказаць. Паляцелі ўгару шапкі, ускінуліся над галовамі тысячы кулакоў, вінтовак, карабінаў і стрэльбаў, з тысячы глотак ірванулася радасным: «Жыве!!!» — і нібы зліліся на гэты міг усе ў аднаго аграмаднага чалавека, з адным грамавым голасам,— чалавека, што паміма волі змог угадаць гэтае слова як адзіна правільнае.
VIII
Камандзіры скамандавалі: «Вольна, разыдзіся!», Жаўрыд склаў лісткі, павярнуўся ўжо, каб ісці ў штаб. Але ажыўленне на плошчы не ўнімалася, галасы не сціхалі, хоць сюды, на «штабны» ганак, ніхто не глядзеў, наадварот, у другі бок усе паварочвалі галовы і спяшаліся ў той канец плошчы, дзе царква.
Незадаволены, непрывычны, калі ўвага скіраваная не на яго, Жаўрыд збег з ганка: паглядзець, што там. Мірановіч таксама пайшоў за ім.
Вайскоўцы расступаліся, даючы начальству дарогу.
— Перабежчыкі! — паведамлялі загадзя, радасна.— Кітаец нават ёсць!..
— Перабежчыкаў прывяла разведка!..
— I камандзера нават у палон узялі!..
Пры самай царкве, з краю плошчы, акружаныя вайскоўцамі і мясцовымі, пераміналіся з нагі на нагу тры чалавекі — у чырвонаармейскай форме, з вінтоўкамі; адзін, крываногі і нізкарослы, з выпукластымі скуламі і вузкавокі, і праўда падобны быў на кітайца. Збоку гарцаваў на
крутазадым коніку, белазуба пасміхаючыся, Мірончык — балаховец, потым слуцкі міліцыянер, а цяпер старшы разведкі, якая і прывяла перабежчыкаў. Палонены імі чырвоны «камандзер», таксама ў акружэнні людзей, з закручанымі назад і звязанымі рукамі, з падбітым вокам, якое ўсё заплыло сінюшнай пухлінаю, высокі, у караткаватай яму скуранцы, стаяў, прыхінуўшыся плячом да царкоўнае сцяны, і здзіўлена азіраўся вакол. На галаве яго была нейкая дзіўная, нябачаная дасюль шапка, з доўгімі вушамі, з высокай, звужанай на канцы піпкаю, падобная крыху на старадаўні славянскі шлем,— шапка гэтая, мабыць, больш за ўсё і цікавіла разявакаў.
— Дагадаўся дык дагадаўся, што на галаву ўсперці!..
— А што ты хочаш? Царскае пазношвалі, цяпер сваё выдумляюць!
— Ну-ну, хопіць у іх розуму выдумаць,— сказаў, скрывіўшы рот, адзін немалады ваяка; на аблавушцы ў яго красавалася самаробная, з бляхі выразаная «Пагоня». Патлумачыў важна, з выглядам чалавека, што даволі пабыў у свеце, усяго наглядзеўся і наслухаўся і не роўня ім, цемнаце: — Гэтыя шлёмы, запомніце, мастак яшчэ адзін выдумаў, іхні, рускі — Васняцоў быў такі! I прыдумаў восепара1, пры Мікалаю яшчэ, і нарабілі іх мо мільёны, а тут рэвалюцыя, вось бальшавічкі і прысвоілі...
— Ну дык! — дурное дзела не хітрае! — падтрымалі дзядзьку — старога салдата.— Гэта ж не шыць, а зрывай замкі, грабі награбленае, як яны кажуць!..
Чырвоны камандзір стаяў спакойна, нібы не пра яго казалі, адно часта міргаў здаровым вокам; у твары яго не было ні страху, ні спалоху —толькі здзіўленне, бы ўсё яшчэ паверыць не мог чалавек, што здарылася з ім раптам, дзе ён, чаго ён тут, ці не ёсць усё гэта толькі дурны сон?..
Пабачыўшы Жаўрыда з Мірановічам, Мірончык саскочыў з каня, правай рукой, у якой трымаў нагайку, ляніва дакрануўся да брыля фуражкі:
— Старшы разведкі Мірончык. Падчас спаўнення ўзятыя ў палон...— Азірнуўся на чырвонаармейцаў, неахвотна паправіўся: — Самі здаліся, перабежчыкі... I яго вось раззброілі,— паказаў нагайкаю на звязанага камандзіра.
Начальнік контрразведкі адразу ж узяўся за свае абавязкі. Напусціў суровасці на твар. Падступіўся да палоннага:
1 Даўно.
— Хто такі? Прозвішча, часць, званне!
Камандзір здзіўлена пазіраў на яго і маўчаў.
— 3 імі па-маскоўску, відаць, трэба, пан паручнік! — падказаў нехта.
Мірановіч паўтарыў па-руску — нуль рэакцыі.
— Лебедзеў яго зваць, пан камандзір! — выступіўшы ўперад, паслужліва ўмяшаўся адзін з перабежчыкаў, худы і абы-як паголены, з хітрымі вачыма.— Камандзір пятнаццатай стралковай роты, сорак першага палка — іх толькі надоечы што з Крыма да нас перакінулі... У Крыму яны Урангеля растаўклі,— дадаў.
— Што за галаўны ўбор? — спытаў Жаўрыд, з цікавасцю ўглядаючыся ў «шлём».
— А гэта, пан камандзір, будзёнаўкай яны завуць,— патлумачыў ахотлівы на словы перабежчык (так і сказаўшы «яны» — ці даўно сам быў «іхні»?).— Мы пра гэтыя будзёнаўкі жартуем: яны ж, бальшавікі, спяваюць «кіпіт наш разум вазмушчонный», дык гэтая піпка зверху для таго, каб пару выпускаць!
Зарагаталі ўсе, хто стаяў бліжэй і чуў, пасміхнуліся і Мірановіч з Жаўрыдам.
Стары салдат, які ведаў пра Васняцова, раптам строга загадаў чырвонаму камандзіру:
— Ану, павука сарві з будзёнаўкі гэтай сваёй! — і адразу ж сканфузіўся, зразумеў, што маху даў, бо нельга ж у прысутнасці старэйшых па званні гаварыць без дазволу, тым больш загады аддаваць... Гаваркі перабежчык ахнуў, схапіўся за сваю фуражку, з галавы сцягнуў, з мясам выдраў зорачку, расшкамутаўшы ўвесь казырок, кінуў яе пад ногі, утаптаў у гразь, яшчэ і плюнуў. Вакол ізноў засмяяліся, з адабрэннем — гэты перабежчык усім спадабаўся.
— А, успомніў!
— Адкуль будзеш? — спытаў Мірановіч.
— Свой, з-пад Капыля! — кіўнуў галавою невядома куды перабежчык.
— Ну што, паспытаў бальшавіцкай кашы?
— Яшчэ й як!..— Перабежчыку прыемная была гэтая ўвага да сябе, цешыла яго, і ён лавіў момант, каб яшчэ лепшае зрабіць пра сябе ўражанне.— I польскай паспытаў, і белагвардзейскай, і «зялёнай», і чырвонай — усялякай...
— I якая смачнейшая?
— Так думаю, пан камандзір, што свая самая смачная,— адказаў хітры перабежчык, выдатна ведаючы, якія словы
хочуць ад яго пачуць.— А бальшавіцкая дык самая горшая! Нездарма ж назваліся — балыпавікі... Усе злыя, усе абадраныя, адно лаюцца — такімі мацюкамі, што не запомніш, ды яшчэ спяваюць. У сталоўку ідуць — «Красная А-армея ўсех сільней!», рабаваць едуць на вёску — ізноў: «Віхры ўраждзебныя веюць над намі!», нават нябожчыкаў хаваюць, далібог, з песнямі! Закапаюць — без крыжа, без папа, шапкі далоў і давай: «Не пла-а-ачце над трупамі нашых байцоў, нясіце іх знам’я ўпярод!» — перадражніваючы, праспяваў, каб пасмяшыць слухачоў.
— Чаму ж ты служыў ім, такім? — сказаў, пасміхаючыся, Мірановіч.
— А во — вінтоўка! Таму і пайшоў, каб толькі вінта атрымаць. А тады адразу, значыцца, і да вас...
— Пан паручнік, дазвольце звярнуцца да перабежчыка? — выправіў на гэты раз памылку стары салдат, перапытаўшы Мірановіча.
— Дазваляю.
— Бальшавікі што ж ужо, кітайцаў мабілізуюць хіба? — спытаў салдат і пальцам паказаў на вузкавокага скуластага перабежчыка.
— Сам ты кнтаец,— нечакана на чыстай рускай мове сурова адказаў «кітаец».— Слепой, что лн? Я калмык, а ты что — калмыка от кнтайца не отлнчаешь?
Ізноў смех, а прысаромлены дзядзька толькі апраўдваўся: — Разбярэш вас, усе, што тыя картоплі ў мяху...
— Так, камандзіра — у падвал,— распарадзіўся Мірановіч,— перабежчыкаў накарміць, перапісаць... Канец прадстаўленню, разыходзімся!
Мірончык стаяў збоку маўчком, адно паляпваў нагайкаю па бруднай халяве. Штосьці карцела яму сказаць начальству не дужа прыемнае... Нарэшце, калі Мірановіч з Жаўрыдам сабраліся ўжо йсці, затрымаў Мірановіча, буркнуў:
— Тут, гэта самае... Чайку па дарозе сустрэў...
— Камандзіра палка, а не Чайку.
— Ну, камандзіра палка... Загадаў далажыць, што я арыштованы. I зброю здаць...
У яго нявыспаных, мутнаватых, усё яшчэ загульных вачах, калі ён падняў іх на Мірановіча, чыталіся і прыкрасць, і крыўда, а яшчэ больш — пагарда, пагарда да яго, Мірановіча, і да Чайкі, і да Жаўрыда, і да ўсіх гэтых ламак-«камандзераў», сцэнарыстаў камедыі, у якой ён, бравы бясстрашны Мірончык, абласканы самім Балаховічам, вымушаны
ўдзельнічаць, таксама ламацца — замест таго каб гуляць сабе на якім хутары, спяваць пад гармонік, дзевак камячыць, гарэлку піць, а потым наўскач несціся на гарачым кані за любімым «бацькам», даючы вольную волю і сабе, і вернай шаблі, хэкаць па кожнай шыі, якая пад руку, не зважаючы, паляк ці немец, белы ці чырвоны, жыд ці рускі...
— Арыштаваны, дык ідзі арыштоўвайся,— абыякава сказаў Мірановіч,— з ім вось, на пару,— кіўнуў на камандзіра ў будзёнаўцы.— Спачатку яго адканваіруеш, а потым і сам зброю здавай...
IX
He спяшаючыся камандзір палка Чайка з ардынарцам ехалі самым берагам Морачы.
У коней чвякала пад капытамі. Сыпаў снег, пакуль яшчэ рэдкі і мокры, але з ветрыкам; сівер устуджваў зямлю, і камандзірскай кабыле з яе расклешаным недзе капытом балела ступаць па цупкім. Таму і трымаліся мяккага прыбярэжжа.
Толькі што яны праверылі тры дальнія, найбольш важныя дазоры (ці «палявыя заставы»): ад Старобіна, Слуцка і ад Цімкавіч. Цяпер кіраваліся да апошняга, тылавога,— з боку Вызны. Выстаўляўся ён больш для блізіру, на выпадак, калі разведка чырвоных заблудзіцца ці якісь іхні атрад самахоць забрыдзе так глыбока ў гэтую нейтральную з пазаўчарашняга дня зону.