• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нічые  Андрэй Федарэнка

    Нічые

    Андрэй Федарэнка

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 430с.
    Мінск 2009
    91.17 МБ
    Цяпер усе гэтыя людзі паўкругам стаялі вакол камісара Жаўрыда, і ў вачах іхніх свяціліся поўная да яго вера, нейкая непарушная, нават святая ўпэўненасць, што вось ён прачытае чарговую дэпешу-данясенне, падумае, памазгуе, абагульніць усё і тады растлумачыць усё коратка і ясна — так, як адзін ён умее. Пасля чаго яны ўздыхнуць з палёгкаю, у галовах праясніцца і ўсе яны разам, адкінуўшы абрыдлыя міжсабойныя звадкі, з новай сілай і імпэтам возьмуцца за справу...
    Яшчэ б! Каму, як не яму, трыццацігадоваму Павалу Жаўрыду, было ім верыць? На каго, акрамя яго, спадзявацца?
    Гэтыя, як дзень белы, ведалі, што калі б не ён, «жалезны» Жаўрыд, не сядзелі б яны тут цяпер і не пісалі б пра іх газеты і не йшоў бы пра іх розгалас у свеце. Хто-хто, а яны не маглі не ведаць і не цаніць ролю яго асобы ва ўсёй гэтай гісторыі (у прамым і пераносным сэнсе), не маглі
    не адчуваць, што абавязаны яму і фактам самой акцыі і, галоўнае, цяперашняму нечаканаму поспеху яе.
    Яшчэ зусім свежая была памяць пра славуты, перш трагічны, а тады трыумфальны для іх з’езд Случчыны, з якога ўсё і пачалося. Калі яны, жменька эсэраў-незалежнікаў і бээнэраўцаў, са скуры вылузваліся, з усіх сіл стараліся надаць хоць які толк гэтаму стыхійнаму, пры такіх варунках ад пачатку асуджанаму на няўдачу «народнаму ўздыму», праўдамі і няпраўдамі, абяцанкамі і ўгаворамі, мальбою і гразьбою (але і гразьбою мяккаю, асцярожнаю, каб, не дай бог, не адпужнуць ад сябе яшчэ больш) да хрыпаты даказвалі, што нельга верыць ні палякам, ні чырвоным, што трэба як найхутчэй афіцыйна аформіцца ў вайсковую адзінку незалежнай Беларусі, што хаўрус з Балаховічам, Савінкавым і Алексюком — гэта пагібель, прамая і ўскосная, бо ў гэтых авантурыстаў няма і быць не можа яснай, зразумелай, даступнай кожнаму сярэдняму беларусу ідэі, «а нас можа выратаваць,— даказвалі яны,— толькі высокая агульная мэта. Калі вы таргуецеся на базары, вы ж заўсёды просіце большую цану, каб атрымаць жадаемае, так і мы давайце... Давайце называць самую высокую цану. У нашым выпадку гэта просты, натуральны, зразумелы і разам з тым святы лозунг — вызваленне ўсёй Беларусі ад любога чужаземнага захопніка і ад сваіх прыблудаў...»
    Ім не верылі. Іх выступленні засвіствалі, заглушвалі тупатам ног. Дэлегаты, падбухтораныя запісачкамі, якія падкідвалі ім прыхільнікі Балаховіча і палякаў (польскае войска яшчэ не пакінула Слуцк, прадстаўнікі іхніх органаў прысутнічалі на з’ездзе, ход яго цалкам іх задавальняў, што, праўда, не перашкодзіла ім адразу ж, проста тут, у залі, на ўсіхных вачах арыштаваць аднаго з выступоўцаў-незалежнікаў, Марка Асвяцымскага, у нявінным выказванні якога: «Нам, беларусам, усё адно, з каго выбіраць: што з чорта, што з д’ябла, што з сатаны!», палякам чамусьці ўбачылася паралель паміж імі, непераможнымі ў баях і высакародна-шляхецка-справядлівымі ў міры жаўнерамі «Жэчы Паспалітае» і бальшавікамі — «гэтым тупым, труслівым, жорсткім быдлам»; пазней, дзякуючы зноў-такі Жаўрыду, беднага Асвяцымскага ледзь удалося ўратаваць ад расстрэлу, і пражыве ён яшчэ аж васемнаццаць гадоў, пакуль не будзе расстраляны ўжо бальшавікамі, і ўжо аніяк не зможа памагчы яму Жаўрыд, бо ў гэты час сам будзе паміраць у адным з паўночных канцлагераў...),— дэлегаты крычалі, самі не разумеючы што: «Якая яшчэ Беларусь?!», «Досыць, наслухаліся!», «Далоў бальшавіцкі прэзідыум!».
    Бальшыню ў зале складалі сялянскія сыны, якія паспелі паслужыць у чырвоных і паспытаць, што гэта за мёд, бацькі якіх на свае вочы пераканаліся, што за шчасце польскія «рэквізіцыі» і бальшавіцкія «харчнарыхтоўкі»,— дэлегаты, якія ненавідзелі «камунякаў» (як, зрэшты, і «пшэкаў») лютай нянавісцю і гатовыя былі рынуцца ў бой хоць цяпер, проста з гэтай залі, з голымі рукамі,— ды нават не ад нянавісці, а з-за таго толькі, каб змыць з сябе таўро «дэзерцір», саромнае, несправядлівае таўро, бо ніякімі дэзерцірамі, што значыць здраднікамі, яны сябе не лічылі ды і на самай справе не былі імі, а проста хацелі ведаць, за якую трасцу, за каго яны павінны складаць свае галовы?
    Гэта была цёмная стыхійная маса. Многія з іх нават чуць не чулі, што ёсць нейкі «ўрад» нейкай «беларускай рэспублікі» (мінскіх Кнорына з Чарвяковым-марыянеткаю ніхто за людзей не ўспрымаў), а калі й чулі, не верылі гэтаму, не маглі ўспрымаць гэта ўсур’ёз. Атрымлівалася, ён, гэты «ўрад», сядзеў невядома дзе, як мыш пад венікам, і не заяўляў аб сабе ані піскам.
    Яны ведалі тры рэальныя сілы: палякі, Саветы і БулакБалаховіч. Першыя і другія, само сабою, адпадаюць, застаецца трэці. Дарма што «бацька», пашкамутаны пад Мозырам бальшавікамі, ужо не той, дарма што пагадзіўся на інтэрніраванне сваёй арміі палякамі — не такі гэта чалавек, каб скласці пакорліва лапкі: вунь і сам раз’язджае, дзе хоча, і атрадамі яго забіта-нашпігавана ўсё Палессе.
    Выдатна ведалі пра гэтыя настроі і самі балахоўцы. Адчуваючы сваю моц, не сумняваючыся ў сваёй хуткай перамозе на з’ездзе, яны паглядалі на кучку незалежнікаў паблажліва, амаль са шкадаваннем, як дарослыя на дзяцей,— што ж, пагуляйце трохі ў сваю Беларусь, пацешцеся — абы не плакалі...
    Сярод нямой цішыні, якую адно час ад часу перарывалі воклічы адабрэння і плясканне ў ладкі, выступіў Юзэф БулакБалаховіч, такі ж статны, такі ж маладцаваты, наўздзіў — як двайняк — падобны на свайго легендарнага стрыечнага брата тварам. Брат Юзэф растлумачыў, што брат Стась «афіцыйна з’яўляецца галоўнакамандуючым усімі ўзброенымі сіламі на тэрыторыі Беларусі, што яго народная добраахвотніцкая армія на цяперашні час налічвае 60 тысяч чалавек, добра ўзброеная, мае артылерыю, кавалерыйскія аддзелы, багатую амуніцыю, і ўсё гэта з кожным днём большыцца; што Станіслаў Булак-Балаховіч выступае ў саюзе з Расійскім Палітычным Камітэтам,
    які ўзначальвае Савінкаў, і з Беларускім Палітычным Камітэтам на чале з Вячаславам Адамовічам і Алексюком»... Выступіў нядаўні дэлегат да «бацькі» — Самусевіч, пацвердзіў усё, дадаў, што «Балаховіч сапраўдны беларус па паходжанні і па духу, ідзе пад лозунгамі незалежнай Беларусі і за “зямлю і волю сялянству”», затым расправіў і без таго шырокія плечы, дрыготкім ад гонару і аказанага яму даверу голасам аб’явіў, што «менавіта мне Балаховіч даручыў фарміраванне палка на Случчыне — вось, калі ласка, асігноўка!» — выцягнуў з кішэні кіпу нейкіх пракламацый і здалёк, ад трыбуны, памахаў адной з іх перад народам.
    Ужо адны лічбы (гэта ж падумаць страшна, «шэсцьдзесят тысяч войска», ды конніца, ды артылерыя!) аглушылі, ашаламілі, загіпнатызавалі... А гэтыя строгія, не зусім зразумелыя і ад таго магічна-ўладныя словы — «афіцыйна», «патранаж», «асігноўка»?.. А прысутнасць самога генерала Юзэфа, вядомасць якога ненамнога меншая, чым у генерала Станіслава?..
    Было ад чаго ім, жменьцы незалежнікаў-бээнэраўцаў, прыйсці ў адчай. 3 вінаватымі, разгубленымі ўсмешкамі на тварах ім заставалася адно сядзець, слухаць і адчуваць, як з кожным словам таго ж Самусевіча нарастае і нарастае, проста ў паветры вісіць пагарда да іх, слабенькіх, нічога за душой не маючых «нацыяналістых»...
    I вось, калі здавалася — усё, крах, пахаваная яшчэ адна надзея неяк утаймаваць, абразуміць гэтую стыхію, пераламаць яе на свой лад, калі сярод іх саміх пачаліся сваркі (напрыклад, ужо і старшыня прэзідыума Пракулевіч пагаджаўся, каб увесь «супраціў» бальшавікам абмежаваць стварэннем і дэманстрацыяй беларускіх міліцэйскіх атрадаў у Слуцку), калі амаль змірыліся з тым, што ў лепшым выпадку яны сваім вайсковым аддзелам адродзяць, як Фенікса з попелу, тую самую клятую і імі, незалежнікамі, і тутэйшым людам Добраахвотніцкую Народную Армію Балаховіча «пад патранажам Савінкава», і тады ў іх — нуль шанцаў на падтрымку, аніякае надзеі на афіцыйнае прызнанне іх кім бы там ні было, тады і падняўся з першага рада і выйшаў сюды, да прэзідыума, малады высокі чалавек у чорным франтаватым паліто і з модным белым шалікам на шыі. Можна было падумаць, што гэта якісь замежны госць вырашыў ні з таго ні з сяго зрабіць візіт з’езду і прэцца зараз на сцэну... але дэлегаты — людзі спрактыкаваныя, шыкоўным палітонам падмануць іх было цяжка, дужа выдавалі маладога чалавека і касалапая
    «кавалерыйская» хада, і сама пастава яго, чалавека ваеннага, прывычнага да выпраўкі і дысцыпліны. He міргаючы, ён уперыў вочы ў залю, ужо адной сур’ёзнасцю, суровасцю на твары ўсяляючы ў дэлегатаў павагу да сябе — маладога, дужага, упэўненага,— паказваючы, што збіць яго з панталыку, а тым больш запалохаць чым-небудзь цяжка. Упёрся магутнымі кулакамі ў абцягнуты кумачом стол, счакаў, пакуль настане цішыня. Цвёрдым голасам прамовіў:
    — Я, Паўла Жаўрыд, урадам Беларускай Народнай Рэспублікі прызначаны камісарам на ўсю Случчыну, вось мой мандат,— выцягнуў з кішэні паперчыну,— Улада тут належыць толькі кіраўніцтву БНР у асобе Найвышэйшай Рады, і я як упаўнаважаны яе не дапушчу тут якіх бы там ні было атрадаў прадстаўніка «еднной н неделнмой» Савінкава, палітычнага трупа Балаховіча, жуліка-спекулянта на беларускім пытанні Алексюка і іншай навалачы!
    He верачы сваім вушам, яны, жменька незалежнікаў, услухоўваліся ў мёртва-пачцівую цішыню, якая раптам запанавала ў залі. Рэзкія, непамысна смелыя словы Жаўрыда падалі ў гэтую цішыню — кожнае як удар малатка аб брусок медзі.
    Апамяталіся, самі цяпер разгубленыя і спалоханыя, балахоўцы: «Адкуль ён узяўся?!», «Хто даў слова?!», «Няма ў рэгламенце!». Але на іх цыкнулі і ззаду, і з бакоў (а раз’ятранага доктара Паўлюкевіча, заламаўшы яму рукі, проста выставілі за дзверы, «на ўсялякі выпадак, бо чалавека паслухаць не дасць!»).
    — Прапаную неадкладна прыняць рэзалюцыю аб мабілізацыі,— тым часам біў у медзь малаток,— а таксама аб нашых адносінах да Саветаў і да Польшчы. Пры складанні гэтай рэзалюцыі абавязкова прыняць пад увагу, што нават калі мясцовыя сялянскія сілы і будуць нязначнымі для перамогі над бальшавікамі, дык у кожным разе пачатая беларускімі масамі барацьба пакажа народам усяго свету, што беларускі народ прачнуўся і змагаецца за сваю незалежнасць!
    1 далей тэатральным, эфектным (хутчэй за ўсё загадзя прадуманым) рухам імператара Пятра, які тыцнуў пальцам у непралазную твань і дэклараваў, што на гэтым месцы будзе закладзены горад, закончыў, як шабляю секануў: