Нічые  Андрэй Федарэнка

Нічые

Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
91.17 МБ
— Гут будуць сфарміраваны ваенныя сілы Беларускай Народнай Рэспублікі!
У залі стаяла такая цішыня, што, калі нехта ў першым радзе кашлянуў ціхенька, прачышчаючы горла, многія ўздрыгнулі, бы ад стрэлу...
I раптам, y адначассе, узарвалася ўсё громам апладысментаў. Уставалі і ляпалі ў ладкі стоячы, не саромеліся слёз, якія самі сабой наплывалі на вочы... Дык вось яно, аказваецца, як! У нас ёсць свой урад, свая рэспубліка, свая мова, свае вайскоўцы! — і праўда, паглядалі адзін на аднаго збянтэжана, здзіўлена: як жа мы раней не маглі датумкаць?! Гэта ж так проста, так правільна, так натуральна — з якога боку ні глянь! Якія тут могуць быць «рускія камітэты», якія палякі, якія Саветы? Мы беларусы, мы сабраліся, мы за сваю Беларусь — адно цёмныя мы, няўчоныя, пакіраваць намі трэба камусьці... дык прыходзьце і валодайце намі!..
VII
Мірановіч затушыў лямпы, адну і другую. I без іх зрабілася не цямней, а святлей. Настаў дзень.
Жаўрыд чыркнуў алоўкам па аркушыку паперы, які ляжаў перад ім на стале, пару слоў, падкрэсліў іх двойчы — нібы падагуліў усё, што выслухаў і вычытаў за раніцу. Схаваў аловак у нагрудную кішэню гімнасцёркі.
— Ну што, цяпер ясна збольшага,— сказаў.— Пайшлі, грамадзяне-панове-таварышы! — і пасміхнуўся, даючы зразумець, што выдатна ведае пра ўсе раздраі, пра ўсе згрызоты, але іншых людзей у яго няма, усе для яго аднолькавыя, нікога ён не вылучае і ўвогуле надышоў такі час, што трэба забыць на ўсё, аб’яднацца дзеля «сьвятое справы».— Зачытаем гэтую шматпакутную дэклярацыю і патлумачым людзям, што маем на сёння.
Накінуў на плечы шынель, самы першы — паўз днявальнага, які пры яго з’яўленні выпрастаўся «смірна» і прыціснуў да грудзей вінтоўку, прытуліўся да сцяны вузкага калідора,— выйшаў на ганак. За Жаўрыдам, пераглядваючыся, перамаўляючыся, хто з гатоўнасцю, паспешліва, замінаючы адзін аднаму ў дзвярах, хто неахвотна, буркаючы пад нос, што, маўляў, «камандзіраў многа — толку мала...», высыпалі астатнія.
Зусім развіднела. Кастры на плошчы свяціліся яркачырвонымі плямамі, балюча было глядзець на іх.
Жаўрыд падняў руку.
— Так, усім строіцца! Цывільным — ачысціць плошчу! — нават не крыкнуў, а проста сказаў гучней.
Але ўсе пачулі. Натоўп на нейкі час прыйшоў у хаатычны, бязладны рух, пачаў дзяліцца, рассыпацца, аж хутка ўпарад-
кавалася ўсё, вайскоўцы, пастроіўшыся, засталіся на плошчы, а семежаўцы, і разам з імі палонныя і перабежчыкі, сышлі ўбок, да царквы, і пазіралі адтуль.
-— Грамада! — нейтральна звярнуўся Жаўрыд.— Грамада, выступ мой будзе кароткі — гаварыць цяпер дужа не выпадае, час не церпіць! Я ў двух словах абрысую нашае цяперашняе становішча...
(«У двух словах»!» — іранічна шапнуў Мірановічу доктар Паўлюкевіч.)
—...Абрысую нашае цяперашняе становішча, а яно, запабягаючы наперад, як ніколі нам спрыяе! Бог нарэшце павярнуўся тварам да нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны! У Рызе нарэшце падпісана гэтак званая папярэдняя «мірная дамова»,— драпежнікі зноў падзялілі авечку, само сабою, не пытаючы яе згоды на тое! Аб нас, беларусаў, чарговы раз выцерлі ногі! Але нам не прывыкаць — хай! Хай думаюць, што і гэтым разам усё сыдзе ім з рук! Хай яны сабе б’юцца, хай сабе мірацца — мы ж спакойна будзем збіраць сілы, рыхтавацца, аж покуль не вымецем з нашай зямлі і тых, і другіх. Будзьма разумнейшыя, будзьма старацца знайсці сабе выгоды і з гэтай «рыжскай дамовы» таксама! А выгода найперш тая, што і бальшавікі, і палякі спыніліся: палякі — за Ланню, бальшавікі — на такой прыкладна лініі: Леніна — Вялікі Рожан — Вызна — Капыль і далей, пад Негарэлае! Ад Лані да гэтай уяўнай лініі — вёрстаў пятнаццаць, а ў даўжыню гэтая тэрыторыя вёрстаў сто, і, паводле змовы палякаў з бальшавікамі яна, гэтая тэрыторыя, аб’яўлена нейтральнай зонаю, ці нейтральным пасам, як каму падабаецца... Заходзіць у яе ні бальшавікі, ні палякі не маюць права, a гэта значыць, што нам зроблены вельмі дарагі падарунак! У нейтральнай зоне знаходзяцца наша Семежава, Морач, дзесяткі вялікіх сёлаў і сотні вёсак і хутароў, а самае галоўнае, у Баранавічах, пры чыгуначнай станцыі, у нас будзе свая камендатура!
Жаўрыд зрабіў паўзу, правяраючы, ці правільна выбраны зачын, ці не ўхаластую ляцяць яго словы. Ен змоўк усяго на які міг, але плошча адразу ажыла.
— Гу-у-ра! — пракацілася радаснае з канца ў канец яе.
— На гэтай падуладнай нам тэрыторыі,— працягваў Жаўрыд, упэўніўшыся, што словы яго трапляюць у цэль,— мы спакойна зможам дафарміраваць брыгаду, раздабыць зброю і як след падрыхтавацца да барацьбы! Галоўнае, што пра нас ведаюць, ведае ўся Расія, уся Еўропа, пра нас пішуць, нам
спачуваюць і ў нас вераць! Нам будзе аказана ўсемагчымая дапамога... праўда, не з боку Антанты і не з боку Польшчы! Столькі, колькі ўбухала тая ж Антанта ў войска польскае ці ў белы рух, нам, само сабою, не відаць ніколі! Тое, як нам памаглі палякі, вы ўсе таксама добра ведаеце!
— Ведаем — памаглі!
— Ганьба!
— Трыста сапсаваных вінтовак, якімі хіба што цвікі забіваць, дык і то нязручна — вось уся іхняя помач! Яшчэ лепш ведаеце, як памагае нам славуты бацька Балаховіч, у якога склады трашчаць ад зброі. Але ён не дасць ніводнага карабіна, ніводнага патрона, ніводнай гранаты, пакуль мы не прыйдзем да яго і не папросім прыехаць да нас на белым кані і кіраваць намі!
— Далоў!
— Га-а-аньба!
— Вось такія ў нас саюзнікі, такія памагатыя, такія змагары за Беларусь! Разлічваць даводзіцца толькі на сябе, на беларускі люд, які бачыць у нас сваіх адзіных абаронцаў і збавіцеляў, на наш урад Беларускай Рэспублікі, які будзе рабіць усё магчымае і немагчымае дзеля нашай падтрымкі! На закупку зброі, на іншыя патрэбы нам будзе выдзелена неабходная сума грошай. У Слоніме ў нас неўзабаве з’явіцца свая друкарня, пачне выходзіць спачатку брыгадная, а затым, магчыма, і ўсебеларуская газета! 3 усіх куткоў заходняй і цэнтральнай Беларусі да нас паступаюць ахвяраванні ад грамадзян, прыходзяць пасылкі з прадуктамі, тытунём і паперамі, компасамі, біноклямі, бялізнай, цёплымі шкарпэткамі, валёнкамі, рукавіцамі, бінтамі, дасылаюць нават кажухі і світкі — магчыма, ад сям’і адрываючы! 3 Гародні, мабілізаваныя Беларускай Вайсковай Камісіяй, ужо выехалі к нам каля паўсотні афіцэраў — кадравых камандзіраў; дарэчы, мы таксама аб’яўляем набор сваіх маладых хлопцаў, у каго стане адукацыі і фізічнай падрыхтоўкі, у школу беларускіх афіцэраў у Лодзь! Далей — шэрагі нашыя хутка папоўняцца вопытнымі ваякамі, толькі што ў штабе былі пасланцы з-пад Глуска, адтуль з баямі прарываецца да нас на злучэнне трохтысячная добра ўзброеная брыгада!
— Гу-у-ра!
— На падыходзе да Семежава цяпер Грозаўскі полк, які ў абед увойдзе ў мястэчка, а заўтра адбудзецца ўрачысты агульны малебен — асвячэнне беларускай зброі — для двух аб’яднаных палкоў!
— Гу-у-ра!
— Даеш Грозаў!
— Цяпер такі момант! — дастаў з кішэні шыняля і расправіў паперкі Жаўрыд.— Сярод чырвонаармейцаў ёсць шмат адурманеных бальшавіцкай прапагандаю, а яшчэ больш проста запалоханых людзей, якім будуць убіваць у галовы, ды і ўжо ўбіваюць, што мы — купка бандытаў, рэшткі балахоўцаў і гэтак далей! Нам трэба шырэй тлумачыць такім людзям сваю праўду, і тады, няма сумнення, бальшыня з іх падымуць на штыкі ненавісных камісараў, а самі са зброяю пярэйдуць на наш бок! Таму намі прынята спецыяльная лістоўка-адозва «Да чырвонаармейцаў», якую кожны з вас, жадаючы, можа атрымаць у штабе... Скажу больш — не толькі прыблудныя чырвонаармейскія начальнікі, а нават і мясцовыя рэўкамаўцы, не кажучы пра звычайных чырвонаармейцаў, не ўсе маюць уяўленне, што за мы, за што мы змагаемся і ў чым наша праўда! Тут, у Семежаве, мы прынялі Дэклярацыю, якую я вам зараз зачытаю. Апроч таго што яна тлумачыць нашую цяперашнюю пазіцыю, настолькі ж яна прыдасца ў будучыні, пасля перамогі! Дэклярацыя будзе разаслана ва ўсе еўрапейскія газеты, а таксама ў Маскву, асабіста Леніну і Троцкаму.
Набраў у грудзі паветра:
— «Дэклярацыя Беларускай Рады Случчыны! У момант самаадзначэння ўсіх народаў і барацьбы іх за сваю самастойнасць і свабоду Беларусі Рада Случчыны, выконваючы волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасці нашай Бацькаўшчыны-Беларусі, падымае сцяг барацьбы за свабодную незалежную Беларусь і заяўляе ўсяму свету...»
Ён зачытаў, спяшаючыся, сухія восем пунктаў, у якіх гаварылася пра законы, пра тое, каму павінна належаць зямля, пра васьмігадзінны дзень і мінімальны заробак, пра развіццё ўсіх відаў кааперацыі, пра свабоду друку, забастовак і хаўрусаў, пра агульнае для ўсіх навучанне і правы меншасцей на самавызначэнне...
— «Першае! Беларусь павінна быць Вольнай Незалежнай Народнай Рэспублікай.
Другое! Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі будуць выпрацаваны Беларускім Устаноўчым Соймам, скліканым на аснове агульнага, роўнага, простага патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права.
Трэцяе! Прызнаючы, што зямля павінна належаць працоўнаму народу і што прыватная ўласнасць на зямлю касуецца,
Рада Случчыны думае, што нормы землекарыстання маюць быць выпрацаваны толькі Беларускімі Устаноўчымі зборамі. Да развязання ж гэтага пытання ў Устаноўчым Сойме ўсе пастановы Часовай Рады павінны згаджацца з вышэйпаказанымі прынцыпамі. Усе ж лясы і нутра зямлі павінны быць уласнасцю Рэспублікі.
Чацвёртае! Да сазыву Устаноўчага Сойму павінны быць прыняты самыя шырокія меры для абароны правоў і інтарэсаў працаўнікоў, як, напрыклад, увядзення найбольшага васьмігадзіннага дня, кантроля над дабрабытам, мінімальны заробак платы і гэтак далей.
Пятае! У мэтах барацьбы з вырастаючай спекуляцыяй і ўпарадкавання тавараабмену паміж местам і вёскаю Рада Случчыны прыме меры к развіццю на шырокіх пачатках усіх відаў кааперацыі.
Шостае! Уперад да скончання развязання гэтага пытання ў Устаноўчым Сойме прызнаём на тэрыторыі Беларусі свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, рэлігій, незачэпнасць асобнасці і памяшканняў.
Сёмае! Прыдаючы першаступеннае значэнне народнай прасвеце, Рада Случчыны будзе старацца к агульнаму абучэнню ў самым шырокім маштабе.
I апошняе, восьмае! У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі прызнаюцца правы ўсіх меншасцяў на нацыянальную персанальную аўтаномію.