Нічые
Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
Так арыштант, які па сто разоў на дзень чуе на калідоры крокі наглядчыка і пазвоньванне ключоў, беспамылкова ўгадвае, што на гэты раз — крокі па яго і ключы звоняць — для яго, каб адамкнуць імі праклятыя дзверы з «вочкам» і выпусціць яго на волю. Так матрос на нелюдзімым востраве, прачакаўшы год, ведае, што сёння, вось цяпер падплывае да берага жаданы карабель.
Васкевіч выйшаў на вуліцу і ўбачыў залітую сонцам Надзюпаштальёнку, якая набліжалася да іхняй хаты. Сонца свяціла за ёю, сляпіла Васкевічу вочы, і ён, як ні прыкладаў да лба далонь, не мог разгледзець, што ў яе ў руках. Яна параўнялася з ім і моўчкі, не вітаючыся, піхнула яму ў руку два канверты і газету-раёнку. Васкевіч прыкрыў павекі пальцамі, счакаў, пакуль вочы пасля сонца будуць бачыць нармальна, зірнуў і хуценька, крыва разадраў канверт з надрукаваным машынкаю адрасам. Выхапіў маленькі, бы тэлеграма, казённы бланк і ўпіўся ў яго вачыма. Потым глянуў услед Надзі-паштальёнцы, згорбленай, пастарэлай за гэтае лета,— глянуў, і яе чорная жалобная хустка здалася яму пераможным сцягам...
Падышла маці, босая, з пустым кашом:
— Што там?
— Вось,— паказаў ёй канверт і бланк Антон і не стрымаўся, радасць перла з яго, пажартаваў: — Назначаюць паслом у Варшаву.
— А гэта напраўленне? — ані не здзівілася маці: відаць, як і для кожнай маткі, яе сын быў усё ж разумнейшы, лепшы
за ўсіх, і яго ў любы час маглі запатрабаваць куды хочаш і на якую хочаш пасаду.
— Ды я смяюся. 3 Менска, узнавілі мяне! — і Антон абняў яе.
— А калі ехаць? — зусім будзённа спытала яна.— Што ж ты возьмеш...— пачала ўжо прыкідваць: — Вазьмі сала той большы кусок, яец дзесяткі два возьмеш...
He, так было нецікава. Антон забраў у яе кош, забег на двор, потым убачыў, што нават не глянуў, што за другое пісьмо. Зайшоў за хату, дзе любіў грэцца на сонцы і кідаць у пеўня кавалкамі сланечніку, прысеў. Кот і цяпер ляжаў тут. Перш чым чытаць другое пісьмо, Васкевіч агледзеўся. За поплавам, недалёка, жаўцеў незгарэлы ў гэтым баку лес. Ад вуліцы ў плоце бялелі высахлыя за лета жэрдкі, прыбітыя Васкевічам яшчэ тады, зімою. Пад скірдай паколатых і складзеных ім дроў грэбліся куры, побач хадзіў нахабны певень і з пагардаю касіўся на Васкевіча, потым цяжка ўзляцеў на плот і моцна, бы цецярук, залопаў крыламі.
Другое пісьмо было ад Рамановіча. Сябар пісаў, што ў інстытуце, як і паўсюль у Мінску, пасля жніўня ўсё кіпіць і бурліць, выказваў надзею, што «цябе, магчыма, вось-вось павінны вярнуць у інстытут, і не думай, што я да гэтага не прыклаў рукі. Экзамены здасі экстэрнам, бо, у прынцыпе, прапушчана ўсяго дзве сесіі, але лепш было б, каб ты астаўся яшчэ на год на другім курсе, бо свае людзі цяпер больш чым калі патрэбны на ўсіх курсах і патоках...» «У інстытуце цяпер безуладдзе,— паведамляў Алесь,— старога рэктара турнулі, а новага яшчэ няма. Наш «блюстнтель нравственностн», добрай памяці камуніст-інтэрнацыяналіст рэктар, як аказалася, разам са сваім братцам, саўмінаўскім чыноўнікам, займаліся спекуляцыяй машынамі-іншамаркамі, і цяпер нібыта абодвума займаецца пракуратура. Калі гэтая гадзіна і пазбегне турмы з канфіскацыяй (вядома, пазбегне, адкупіцца), дык за адно тое, што яго ногі не будуць больш шаркаць па інстытуцкім паркеце, трэба выгравіраваць на залатой таблічцы — «21 жніўня 1991 года» — і прымацаваць яе над дзвярыма яго былога кабінета, кабінета — зборні стукачоў і пляткарак, кабінета — штаба, дзе распрацоўваліся планы ўдушэння ўсяго жывога, сапраўднага, беларускага, дзе на сталах, як карты баявых дзеянняў, раскладаліся папкі з нашымі біяграфіямі!..
Жартую, вядома,— таблічка залатая, адразу сапруць.
...Кланяйся сваёй маці, я ўспамінаю яе і твой аповед пра ўюноў».
XXVII
Яшчэ з раніцы пачалі з маткаю пакаваць сумку, спрачаліся, сварыліся, маці бегла то ў камору і выносіла яшчэ адзін кус сала, то кідалася на агарод, у пограб, і несла качан капусты, пук морквы, закручвала ў газету і піхала ў сумку. Васкевіч моўчкі, але ўпарта выцягваў усё назад. I так ад аднога адзення сумку так расперла, што не закрывалася.
Пад вечар прыйшоў Пульс, прыкаціў у руках веласіпед. Далі яму паесці, налілі чарку. Антон сядзеў побач і не еў і не піў ні грама. Маці пераапраналася ў большай хаце. Пульс выпіў, Васкевіч наліў яму яшчэ. Выйшла маці, у сіняй ваўнянай кофтачцы, падвязаная новай пуховай хусткаю, у сваіх старэнькіх, але «чыстых» сандалях.
Пульс без тостаў піць не мог:
— Хай у вас, цётка, каб картоплі штоб добрэ раслі!..
— Хай каб штоб Антон добрэ заехаў, я кажу!..
— Пі ты хутчэй, ды ну цябе ў баню,— сказала маці, увесь час зіркаючы на будзільнік на падаконніку.— Яйцо вунь яшчэ выпі. Кура тая твая нясецца?
— He нясецца, ёпа-маць, я кажу! Зарэзаць трэба.
— Будзем ісці назад, дык напомні, дам які з дзесятак яец. Хоць яечні паспытаеш. Ты ж мне неяк каліну даваў?
— Добрэ, атлічно, харашо, напомню!
Прыселі перад дарожкай. Выйшлі на двор, маці прымкнула хату, Пульс паклаў на багажнік упоперак шырокую дошку, спрытна ўладкаваў, увязаў сумку і, буркаючы, быццам вёў у руках заведзены матацыкл, пакаціў веласіпед на вуліцу.
Вёска патанала ў раннім восеньскім прыцемку, але яшчэ жыла. Цётка Маня, пачакаўшы каля калодзежа, знарок перайшла ім дарогу з поўным вядром. Сям-там у дварах корпаліся людзі; пабачыўшы працэсію, голасна жадалі Антону добрай дарогі і глядзелі ўслед. Так мінулі вёску і ўвайшлі ў зусім ужо цёмны лес. Маці ўключыла ліхтарык, з якім хадзіла гэтай жа дарогаю на працу.
Васкевіч азірнуўся.
Ззаду ў паўзмроку ляжала вёска, свая, любімая — і настолькі ж чужая. Неразгаданая, непазнаная ім. He разгадаў — а які быў шанс! Пражыў амаль год чужаком, сам у сабе, і вось едзе, а гэтыя хаты, платы, калодзежы, людзі — астаюцца. Астаюцца Пульс з маткаю, якія, правёўшы яго, вернуцца, пакормяць кабаноў, лягуць у халодныя ложкі, будуць глядзець рэкламу ў тэлевізарах, а думаць нешта зусім іншае, сваё.
Была ў тым, што ён едзе, а матка, Пульс, вёска -— астаюцца, нейкая несправядлівасць, нейкая страшная тайна. Антону ўспомніліся матчыны словы: «Прайшла жызнь так — цьфу! рваліся-рваліся, ірвалі жылы — і ўсё без толку!»
Быццам вёска была ідалам, молахам, і людзі пакаленне за пакаленнем клалі на алтар гэтаму молаху ўсе сілы, усе свае радасці, жыцці свае,— самі не ведаючы, нашто, для каго?
«Ты шкадуеш іх, а яны — цябе,— думаў Антон, не спускаючы вачэй з задняга кола Пульсавага веласіпеда.— Цябе лічаць больш абдзеленым. Значыць, усё правільна, несправядлівасці ніякай няма: табе — адно, ім — другое, сваё. Але яны цябе кормяць, значыць, яны вышэй за цябе? He, яны цёмныя, як і вякі назад, бязлітасныя да слабых. Я — вышэй за іх, дабрэй. Але кормяць... а галоўнае, хіба яны вінаваты ў тым, што такія?! Хіба ім не хочацца ЖЫЦЬ?»
Думкі круціліся, як гэтае веласіпеднае кола, і здавалася, не магло быць тут ніякай разгадкі.
«Ты, разумны, вышэйшы за іх, чаму ж ты тады не навучыў іх гэтаму ЖЫЦЬ? Калі апраўданне, што раней не ведаў як, а цяпер дайшло, дык яшчэ не позна, не едзь, аставайся і вучы іх!»
«Не магу».
«Тады едзь, але едзь, як тыя разы, радасна, бестурботна, насустрач новаму жыццю, прымай усё за нармальнае!»
«Не магу, бо ведаю: буду ў горадзе вучыцца, пісаць рэфераты, здаваць курсавыя, піць гарэлку, гуляць, ездзіць на метро і на таксоўках, разважаць пра вызваленне Беларусі, спрачацца пра Борхеса і Чэхава, а матка будзе ўздыхаць цёмнымі вечарамі і глядзець па тэлевізары рэкламу, а Пульс будзе сядзець каля грубкі і глядзець перад сабою, успамінаючы свой Новы год, а Ручка, вярнуўшыся з ЛПП, нап’ецца і прыйдзе ў бібліятэку прасіць «Яму» Купрына, а Валер будзе ляжаць пад акацыямі, там жа, дзе і Ірэнін бацька, а Надзя-паштальёнка будзе насіць мае рэдкія, два-тры словы, пісьмы, а...»
Страшна было ехаць, яшчэ страшней — аставацца. Васкевіч думаў, што ён захварэў тут, заразіўся і ўжо не зможа зайсці ў аўдыторыю тым вясёлым, бестурботным хлопцам, якім быў усяго год назад, што цяпер ён будзе цягаць за сабою, як чарапаха панцыр, сваю вясковасць, адчуванне нейкай вялікай несправядлівасці, ненармальнасці ўсяго і цяпер — не дай бог, давядзецца — за сваю родную вясковую беларускую мову ён будзе стаяць насмерць, трымацца будзе за яе як за апошняе, як за адзіны карэньчык, што жывіць яго, звязвае
вось з маткаю, Пульсам, з гэтым лесам, якім яны ідуць, з усім, што пакідае ён ззаду...
Васкевіч страсянуў галавою, спытаў:
— Помніш, як ты тут упаў? Калі шапка пакацілася?
— Помню, я кажу! — вінавата закашляў Пульс.
— Ён не помніць, што еў учора, што ты з яго хочаш,— абазвалася маці.
Замільгалі між дрэў агні станцыі.
Білет, загадзя куплены, ляжаў у Васкевіча ў кішэні, таму ў вакзальчык не заходзілі, пастаялі на пероне, Антон з Пульсам пакурылі. I вось, ці то сэрца так застукала, ці ўрэшце стукаюць колы цягніка... Цягнік! Антон прыціснуў да шчакі матчыну галаву, парукаўся з Пульсам, Пульс подбегам панёс за ім да вагона сумку. Білет... вось, дзе ж ён?.. вось квіток, калі ласка. Правадніца зусім абыякава надарвала кавалачак шэрага кардону, Васкевіч бокам-бокам, з сумкаю патэпаў у вагон. Лязгнулі буферы.
— Дзеўка, баба, хадзі ка мне, я кажу! — крыкнуў Пульс правадніцы, якая ўжо апускала накрыўку падножак, і зарагатаў.
Правадніца, стомленая старая жанчына ў чорным пінжаку, так здзівілася, што перш выглянула, а потым, зразумеўшы, што крык адрасаваўся ёй, пакруціла пальцам каля скроні.
Нічога гэтага Васкевіч ужо не чуў і не бачыў, у паўцёмным вагоне ён шукаў сваё месца.
1995
Нічые
Аповесць
14 лістапада 1920 года польскае войска, якое перад гэтым нашчэнт разбіла чырвоных пад Варшаваю і пагнала іх на ўсход такімі тэмпамі, што не больш чым эпізод успрымаўся захоп у палон усяе 4-й арміі разам з 3-м конным корпусам, якое імкліваю хваляю, змываючы на шляху любое супраціўленне, дакацілася да Мінска і, раскалоўшы магутным ударам славутую 27-ю Омскую стралковую дывізію, за некалькі гадзін заняло горад і тады толькі спынілася, не ведаючы, ні што рабіць з гэтай велізарнай захопленай тэрыторыяй, ні з трафеямі, ні з масаю палонных (так, 4-я армія і 3-і конны корпус былі проста падараваны немцам — «інтэрніраваныя германскімі ўладамі», як напісана ў савецкіх кніжках па гісторыі), спынілася, а на наступны дзень, акурат 14 лістапада, быццам тая ж хваля, што пакрысе страціла сваю раз’ятраную сілу, пачало сплываць-адкатвацца назад, гатовае, аднак, у любы момант спыніцца ізноў — як толькі атрымаюцца належныя звесткі з Рыгі, дзе («цёмных дарог махляры») Іофе з Мануільскім ад Савецкай Расіі і Украіны і Домбскі ад Польшчы каляровымі алоўкамі дзялілі мапу Усходняй Еўропы, крамсаючы імі, бы скальпелямі, жывое цела краіны — краіны, прадстаўнікоў якой — ні Ластоўскага ад «незалежніцкага» ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі, ні Тарэшчанку-Цярэшчанку ад