• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нічые  Андрэй Федарэнка

    Нічые

    Андрэй Федарэнка

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 430с.
    Мінск 2009
    91.17 МБ
    Вось што цяпер яму казаць? Што выгналі мяне, але нічога страшнага, галоўнае, я люблю цябе, шкадую, буду слухацца, памагаць? Ды не трэба ёй ніякай помачы! Гэтая праца — адзінае, што ў яе асталося. Яна прывыкла жыць адна, есці абы-як, мала, не паліць у грубе, шкадуючы дроў, мерзці вечна, але яна шчаслівая, бо жыве не для сябе, ведае: адзін, старэйшы, сын — у блізкім горадзе, сямейны, другі вучыцца ў Мінску, гэта для іх ёй трэба недаядаць, недасыпаць... I вось заяўляецца ён, каб памагаць ёй — адбіраць занятак, які для яе само існаванне.
    Гэты момант, калі Антон ледзь не заплакаў ад жалю, гледзячы на матку і яе жоўтае асенняе халоднае паліто, ясна паказаў яму: калі ён сапраўды так моцна любіць і шкадуе яе,
    1 Паліць у печы, варыць.
    лепш за ўсё яму не паказваць гэтага. Трэба быць або строга ўпэўненым, або насмешлівым, як з Пульсам у лесе, трэба казаць і рабіць выгляд, што яму на ўсё напляваць, у жыцці бывае не такое, ён, урэшце, жывы-здаровы, малады і не прападзе. Расслабляцца не трэба было.
    Ён сказаў:
    — Сядзь ты за стол ды паеж па-людску. Зараз картоплі зварацца.
    — Я не хачу— Але паслухалася, села, падперла рукою галаву, гледзячы на яго.— Ну, выгналі? Дапіўся? Ай-яй...
    — Ніхто мяне не выганяў. Я заваліў экзамены і ўзяў... на год ці на паўгода акадэмічны водпуск.
    — He брашы, сынок, ты два гады вучыўся на круглыя пяць.
    — Скажы лепш,— схамянуўся ён,— чаму ты раструбіла па ўсёй вёсцы, што мяне выгналі за п’янку?
    — Я раструбіла?! Я маўчала, як тая рыба ў пельцы! Гэта ж тая, на пошце, прачытала тваё пісьмо! (Маці мела зуб на Надзю-паштальёнку, некалі сама хацела прыстроіцца насіць газеты, але ўзялі Надзю як болып «граматную».)
    — Як прачытала? Чужы ліст?
    — Так, разадрала канверт і прачытала! Яна што хочаш можа! I пісьмы чужыя чытае, і што хочаш... Пабач на сам.— Маці дастала з шуфлядкі тумбачкі пісьмо, падала.
    Праўда, добра было відаць, як няўмела, грубавата падклейваўся ў другі раз верх канверта. Васкевіч пакруціў канверт у руках. «А раптам гэта не Надзя?» — падумаў ён, і знаёмы з Мінска халадок варухнуўся ў грудзях, каля сэрца.
    — А я ўжо як пабачыла,— казала далей маці,— што яе рук гэта не мінула, тады ўжо і я ў магазіне — як то сказаць, прабалтала, што, можа, Антон мой хутка прыедзе. Што, можа, ён там у Мінску трохі выпівае. А так — я ж маўчала, як рыба!
    Антон абгарнуў ручніком чыгунчык, сцадзіў у вядро, паклаў у талерку некалькі гарачых бульбін, падсунуў да маткі. Але тая не стала есці, усхапілася, выцягнула з печы вялізны чыгун са «свінячай» ежаю, у вядро з адцэджанай вадою сыпнула мукі, укінула паўкулідкі хлеба, пачала мяшаць рукою...
    — I што ты думаеш рабіць цяпер? Адзін, як гаворыцца, на ўсе дзярэўні?
    — Нічога... жыць.
    — Ну жыві. Ідзі ў які калхоз, калі шчэ возьмуць, ды сядзі тут з маткаю... Будзеце піць з Пульсам, бо той тожэ адзін сядзіць, дык той дурны, а ты ж разумны...
    Панесла вядро на двор, а Васкевіч зноў прысеў перад грубкаю, у якой даўно ўжо ўсё патухла, і паўтараў сам сабе, бы зацыклены: «Не Надзя, гэта не Надзя...»
    Вяртаючыся, маці заскочыла ў поргаб', прынесла ў хату кош, выставіла з яго слоік гуркоў, слоік памідораў, слоік белых марынаваных грыбкоў, міску квашанай капусты, пабегла ў калідор, падсмажыла хутка на газе мяса з яечняю — застаўлены аказаўся ўвесь стол. Паелі моўчкі. Раней, калі Антон прыязджаў з Мінска, заўсёды пытала, ці не вьп’е, і калі згаджаўся, ставіла пляшку куплёнай гарэлкі — цяпер нават не папыталася. Хутка Антон падзякаваў, выбраўся з-за стала, накінуў на плечы кухвайку, выйшаў на двор пакурыць. Марозу амаль не было, ледзь-ледзь мігцелі над галавой слабыя зоры. Усё навокал цёмнае, чорнае — нават плот і дрывотня здаюцца нечым чужым, фантастычным... Моцна пахла начным адліжным снегам, і проста рука не паднялася закурыць, перабіваць гэты пах. «Нічога, цяпер усё ясна. Чысты перад Богам і людзьмі».
    Спаць ляглі рана. Ціха ішоў тэлевізар. Антон пачаў быў ужо засынаць, як зусім бяссонным голасам азвалася маці:
    — Нашто ты піў?
    — Мама, я не піў. Гэта доўга расказваць. Мяне выгналі за тое, што я гаварыў так, як вы. Як у вёсцы гавораць. Пабеларуску.
    — He брашы. За гэтае нікога не выганяюць!
    — Мяне ж выгналі.
    — А яшчэ каго? — з надзеяй спытала маці.
    — Нікога больш.
    — Хіба ты адзін так гаварыў?
    — Чалавек дзесяць.
    — А цябе аднаго выгналі? Чаму?
    «Хацеў бы я гэта і сам ведаць...» Антону раптам падалося, што маці разумее нашмат больш, чым яму здаецца, можа, ва ўсялякім разе, зразумець, і зноў пяшчота і шкадаванне да яе заварушыліся ў ім, але зноў ясна было, што калі пачаць гаварыць з ёю інакш, чым ён цяпер, больш лагодна, пачаць суцяшаць — яна толькі спалохаецца, адчуўшы нешта няладнае. «Ах, дурань! — запозна падумаў ён.— Трэба было не апраўдвацца, казаць, што выгналі за п’янку, тады б і ёй, і ўсім усё было б зразумела!»
    — Валера ж вунь не выганяюць...— нібы сама сабе расказвала маці.— Вучыцца хлопчык цішком-нішком, з такой жа
    1 Пограб.
    беднай, як гаворыцца, сям’і (Валер, сын Надзі-паштальёнкі, Антонаў аднакласнік, таксама вучыўся цяпер у Мінску, у радыётэхнічным), жаніцца, тая хвалілася ў магазіне, скора будзе... Адзін ты!..
    — Нашто ты так гаварыў? — спытала зноў у Антона.— Хіба ты не ўмеў, як трэба? Ты ж разумны, у варміі служыў...
    — Мама, я хацеў гаварыць так, як ты мяне з малых гадоў вучыла, як мяне ў школе вучылі, як у нас усе гавораць! Вы такія ж людзі, як і тыя, што жывуць у горадзе, у вас такія ж галовы і такая ж культурная мова... ну, язык, як і ва ўсіх...
    — Г...0 ў нас, а не язык! У адной дзярэўні так скажуць, у нашай — яшчэ інакш, а выходзіць ні па-польску, ні паконску...
    Памаўчалі.
    — Вунь паслухай, у целявізары гавораць па-беларускаму... Антон! Чаму іх не выганяюць?
    «А чорт іх знае!» — хацеў адказаць Антон, але сказаў другое:
    — Гэта ж дыктары, гэта работа іхняя, а на вуліцы яны па-руску чёкаюць, як Надзін прымак.
    — I ты б на вуліцы гаварыў па-рускі... А пісацелі? Пісацелі ж пішуць і гавораць і ў радзьве — хіба іх хто чапае?
    — He ведаю.
    Зноў пачаў засынаць Антон, і зноў адазвалася матка:
    — Яшчэ ў якую цюрму забяруць.
    «Вось, здавалася б, самае дзікае глупства, бязглуздзіца: за тое, што гаварыў па-беларуску ў Беларусі, адлічваюць з інстытута, родная матка, вяскоўцы замест таго, каб ганарыцца, што хоць адзін знайшоўся, які любіць іх, іхнюю мову, звычкі, замест гэтага дапускаюць, што кара яшчэ замалая, што не будзе вялікага дзіва, калі яго яшчэ ўпякуць у турму! Як усё ж умее думаць вясковы практычны мозг!.. Самае цікавае, што мала памыляюцца...»
    Але ў самога Васкевіча мозг болей думаць не хацеў, дужа мякка і цёпла было ляжаць. Матка яшчэ нешта пыталася, гаварыла, але ён больш не слухаў, не адказваў — перастаў змагацца са сном, і салодкія хвалі закружылі яго, загайдалі, у вушах пачуўся перастук вагонных колаў, запішчаў снег пад Пульсавымі саначкамі... Так моцна і соладка, як у гэтую ноч, Васкевіч даўно ўжо не спаў.
    IV
    За акном трошкі развіднела. У хаце было ціха. Маці зноў пайшла на працу, яна падмяняла гэты месяц сваю хворую зменшчыцу.
    Васкевіч ляжаў, круціўся пад цёплай коўдраю, не жадаючы расставацца з лёгкай, ціхай прыемнасцю ад здаровага сну, ад родных сцен, ад таго, што ён адзін у хаце. Ён палюбіў быць адзін раніцамі яшчэ з дзяцінства, калі неяк, таксама зімою, моцна захварэў на вятранку і два тыдні сядзеў дома. Брат сыходзіў у школу, маці — у саўгас, а ён уключаў святло, бо за акном стаялі такія ж, як цяпер, прыцемкі, браў у ложак міску сухіх гарбузовых зярнят, кніжку — Мележа ці Васілевіч «Пачакай, затрымайся...» — і за некалькі гадзін перажываў некалькі чужых жыццяў, такіх яркіх, цікавых і разам з тым такіх блізкіх і падобных на сваё будучае жыццё... У Мележа Васіль абдымаў Ганну, а ён, чытаючы, думаў пра сваю новую маладую настаўніцу батанікі і ўяўляў, як ён вырасце і таксама будзе абдымаць дзяўчыну, падобную да гэтай настаўніцы. У кніжцы смалілі вепрука, а ён думаў, што і яны скора будуць біць кабана, а ён, Антон, залезе на печ, будзе пазіраць, як дзядзька Мікола-ляснік пакладзе на лаўку свой штык-нож, скіне шапку, перахрысціцца на пусты кут (абраз Міколы ў большай хаце), потым сядуць з братам за стол, вып’юць, матка будзе круціцца каля стала і прытворна дзякаваць, увесь час крадком пазіраючы на пляшку, ці не многа выпілі... А ён, глытаючы слінкі, адчуваючы страшны, да моташнасці голад, будзе пазіраць з печы, і вось урэшце матка падасць яму місачку свежаніны з лустай хлеба, шкваркі — каторая перасмажаная, аж чорная, каторая ледзь пажаўцелая, з белым салам, але ўсе да таго смачныя, што нават шкада глытаць іх, хочацца даўжэй патрымаць у роце, ды не слухаюцца і, неразжаваныя, неяк самі пракоўтваюцца...
    Тэлевізара тады не было. Антон вылазіў з-пад коўдры, бег па халоднай падлозе, уключаў радыё, стрымгалоў ляцеў назад і, лежачы, слухаў, як галасы з зусім іншага свету напаўняюць хату нейкай урачыстасцю, адчуваннем свята, быццам усё гэта для аднаго яго, хворага Антона...
    Нешта падобнае ён адчуваў і цяпер. Лёгка, прыемна, радасна было ляжаць пад коўдрай аднаму ў хаце, глядзець у акно на ранішні прыцемак, але і ўставаць было радасна, бо чакала праца, якую Васкевіч умеў і любіў рабіць. Галоўнае, сам сабе гаспадар, ніхто не будзе камандаваць: як зробіш, так і добра.
    Маці, падняўшыся ў чатыры гадзіны, паспела выпаліць у печы. На прыпечку стаяла патэльня смажанага мяса, падагрэтая ўчарашняя бульба. Васкевіч добра пад’еў — у Мінску забыў, калі ўвогуле апошні раз еў раніцай,— выйшаў на двор. Мароз яшчэ больш адлёг, усё было ў тумане. Дыхалася лёгка і здорава, як у дзяцінстве, ды ўсё вакол і было дзяцінствам: і гэтая сцяна хаты, і плот, і хлеў, і ледзь бачныя ў тумане абрысы блізкага лесу... А як добра само па сабе, смачна пад’еўшы! I гэтыя штаны байкавыя, валёнкі, кухвайка — цёпла, зручна...
    Ен залез на гарышча, скінуў вялікія санкі, пацягаў іх трохі па снезе, каб адцерці з палазоў, у дрывотні знайшоў кавалак новай аборкі, падперазаўся і засунуў пад аборку сякеру. «Паглядзелі б цяпер на мяне хто з Менска...— падумаў ён, ідучы агародамі па рыхлым снезе да пахмурнага лесу.— А можа, сапраўды, гэтая кухвайка і сякера за поясам якраз і ёсць маё, і не варта было рыпацца, шукаць нечага іншага...»